НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́Й (сапр.Гурка) Сямён Піліпавіч
(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),
правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр.нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЦА,
1) від прасцейшай стараж. халоднай зброі ўдарнага або кідальнага дзеяння. Вядома з эпохі палеаліту. Выраблялася з цвёрдых парод дрэў у выглядзе дубіны даўжынёй да 1,2 м, масай да 12 кг. Мела з патоўшчанага канца каменныя, потым метал. (бронза, жалеза) навершы; больш тонкі канец служыў дзяржаннем. П. былі на ўзбраенні стараж. пешых і конных воінаў. Пазней разнавіднасцямі П. сталі булава, пярнач, шастапёр і да т.п., якія служылі таксама сімваламі ўлады начальніцкіх асоб у шэрагу краін (ВКЛ, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна і інш.). Разнавіднасцю П. з’яўляюцца некат. ўзоры халоднай зброі ў абарыгенаў Паўд. Амерыкі, Аўстраліі, Афрыкі і Акіяніі (захавалася да сярэдзіны 20 ст.). З кідальных П. развіўся бумеранг — баявая і паляўнічая зброя ў Стараж. Егіпце, Паўд. Індыі, Паўд.-Усх. Азіі, Мексіцы, у многіх аўстралійскіх плямён.
2) Ромбападобная парчовая хустка, што носяць на грудзях, частка адзення архімандрытаў і заслужаных святароў.
Драўляная кідальная паліца карэнных жыхароў раёна Дэгрэй-Рывер у Паўночна-Заходняй Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЛЕ́КСІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (2.12.1880, г. Сімферопаль, Украіна — 3.2.1947),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы і радыётэхніцы. Акад.АНСССР (1939; чл.-кар. з 1931). Скончыў Страсбургскі ун-т (1904), дзе працаваў да 1914. З 1918 у Адэскім політэхн. ін-це (з 1922 праф.). З 1922 у Цэнтр. радыёлабараторыі (Ленінград), з 1935 у Фіз. і Энергет. ін-тах АНСССР (Масква). Навук. працы па радыёфізіцы, радыётэхніцы, тэорыі нелінейных ваганняў. Праводзіў даследаванні па накіраванай радыётэлефоннай сувязі, па радыёсувязі з падводнымі лодкамі і тэлекіраванні, кіраваў распрацоўкай першых расійскіх радыёлямпаў (1914—16). Сумесна з Л.І.Мандэльштамам стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей. Адзін з першых выказаў ідэю радыёлакацыі Месяца. Прэмія Дз.І.Мендзялеева 1936. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Собр. трудов. М., 1948.
Літ.:
Памяти Н.Д.Папалекси // Изв. АНСССР. Сер. физ. 1948. Т. 12, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Станіслаў Гіляравіч) (224.1902, с. Вендзічаны Магілёў-Падольскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 9.8.1973),
савецкі і польскі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1955), Герой Сав. Саюза (1945). У арміі з 1923. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). З ліп. 1940 нач. аператыўнага аддзялення штаба 162-й стралк. дывізіі БВА. У Вял.Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м і 3-м Бел. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. У 1944 адкамандзіраваны ў Войска Польскае, у якім камандаваў 2-й (вер.—снеж. 1944) і 1-й (са снеж. 1944) арміямі. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай, Берлінскай (1945) і інш. аперацый. Пасля вайны працягваў службу ў Войску Польскім, камандуючы войскамі ваен. акругі (1945—47), галоўнакаманд. сухапутнымі войскамі (1947—50), гал. інспектар баявога абучэння (1950—53), нам. міністра нац. абароны Польшчы (1949—56). З канца 1956 у СССР: 1-ы нам.гал. інспектара Мін-ва абароны СССР (1956—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял.акад.драм.т-ра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера (1986), «Дракон» Я.Шварца і «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве у Нац.акад. т-ры оперы), «Art» Я.Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),
расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар.арт.СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.
Тв.:
Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.Сухарэбскім);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭЛЕСКО́П (ад радыё... + тэлескоп) прылада для прыёму, рэгістрацыі і даследавання радыёвыпрамянення касм. аб’ектаў. Пры дапамозе Р. даследуюцца інтэнсіўнасць радыёвыпрамянення, яго спектральная шчыльнасць, палярызацыя, вызначаюцца каардынаты крыніцы радыёвыпрамянення на нябеснай сферы.
Складаецца з накіраванай прыёмнай антэны (многаэлементнай або люстраной у выглядзе парабалічнага металічнага суцэльнага ці рашэцістага люстэрка) і высокаадчувальнага радыёпрыёмнага ўстройства (радыёметра) для рэгістрацыі і вымярэння характарыстык выпрамянення. Люстэрка Р. значна большае, чым у аптычных тэлескопаў. Напр., дыяметр нерухомага люстэрка Р. пабудаванага ЗША ў кратэры вулкана Арэсіба (Пуэрта-Рыка), 305 м. Найбуйнейшы кальцавы Р. з антэнай пераменнага профілю — РАТАН-600. Найб. высокую раздзяляльную здольнасць (павялічваецца з ростам базы) маюць радыёінтэрферометры (гл.Інтэрферометр). Напр., для сістэмы двух Р. у Сімеізе (Украіна) і ў Голдстане (ЗША) — база 9485 км — дасягнута раздзяленне 0,0001″ (пад такім вуглом з Зямлі бачны след нагі касманаўта на Месяцы). Пры дапамозе радыёінтэрферометраў атрымана высокае раздзяленне многіх радыёгалактык. Гл. таксама іл. да арт.РАТАН-600.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁН (франц. rayon ад лац. radius прамень),
1) тэрыторыя, вылучаная па якіх-н. прыкметах, асаблівасцях; у шэрагу выпадкаў адна з таксанамічных адзінак (гл.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Часам ужываецца як сінонім рэгіёна.
2) У СССР была адной з адзінак адм.-тэр. падзелу ў сельскай мясцовасці, якая складала частку тэр. саюзнай (аўтаномнай) рэспублікі, краю, вобласці, аўт. вобласці, нац. акругі. Уключала тэр. сельскіх Саветаў, рабочых, курортных, дачных пасёлкаў і гарадоў раённага падпарадкавання. У гарадах Р. — адм.-тэр. адзінка з насельніцтвам больш за 100 тыс.чал. Падзел на Р. захаваўся ў краінах, якія ўтварыліся пасля распаду СССР (напр., Беларусь, Расія, Украіна). У БССР уведзены ў ліп. 1924 паводле пастановы 2-й сесіі ЦВКБССР 6-га склікання. У наш час на Р. падзяляюцца вобласці, а таксама гарады, дзе насельніцтва не менш як 100 тыс.чал. На 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь 118 раёнаў (пра кожны былы і сучасны сельскі раён гл. асобны арт.). У некат. замежных краінах Р. — адм.-тэр. адзінка рознага парадку (напр., Парыжскі раён).