САМСО́Н (стараж.-яўр. Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),

у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.​Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.​Мантэньі, статуя М.​І.​Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.​Сен-Санса і інш.

т. 14, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСЦЬЯ́НАЎ (Віталь Іванавіч) (н. 8.7.1935, г. Краснаўральск Свярдлоўскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1970, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1970). Канд. тэхн. н. (1965). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1959 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва. З 1967 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 1—19.6.1970 з А.Р.Нікалаевым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-9»; 24.5—26.7.1975 з П.А.Клімуком — палёт на КК «Саюз-18» (як бортінжынер) і арбітальнай станцыі «Салют-4». Правёў у космасе 80,7 сут. У 1975—87 камандзір атрада касманаўтаў-выпрабавальнікаў. Залатыя медалі імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР і імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1978.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРКЕБА́ЕЎ (Ермек Бекмухамедавіч) (н. 4.7.1926, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

казахскі спявак (лір. барытон). Нар. арг. СССР (1959). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1951). З 1947 саліст Казахскага т-ра оперы і балета. З 1973 выкладае ў Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1982 праф.). Дэбютаваў у партыі Абая («Абай» А.​Жубанава і Л.​Хамідзі). Сярод інш. партый: Капан («Ер Таргын» Я.​Брусілоўскага), Кажагул («Біржан і Сара» М.​Тулебаева), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Жэрмон («Травіята» Дж.​Вердзі), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ) і інш. Выступае як камерны і эстрадны спявак. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Казахстана 1972. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Е.Б.Серкебаеў.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫГА́НАЎ (Вікенцій Васілевіч) (22.6.1903, в. Надзейкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1945),

генерал-маёр (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік грамадз. вайны і баёў з інтэрвентамі на Зах. і Паўд. франтах. Да 1935 у войсках БВА. камандзір батарэі, нам. нач. штаба брыгады, нач. артылерыі палка. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах., 3-м, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір стралк. дывізіі. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам С. вызначылася на тэр. Польшчы, дзе за 11 дзён прайшла з баямі 264 км, фарсіравала Одэр. Памёр ад ран.

В.В.Скрыганаў.

т. 14, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ (Аляксандр Ермінінгельдавіч) (11.9.1877, с. Арбузава-Баран Казанскай губ. — 21.1.1968),

савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1942, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Казанскі ун-т (1900). У 1911—30 праф. гэтага ун-та, у 1930—63 — Казанскага хім.-тэхнал. ін-та. У 1946—65 старшыня прэзідыума Казанскага філіяла АН СССР. Заснавальнік хіміі фосфараарган. злучэнняў, універсальнага метаду сінтэзу гэтых злучэнняў (перагрупоўка Арбузава); адкрыў фізіял. актыўнасць фосфаразмяшчальных злучэнняў (сярод іх лекавыя сродкі і інсектыцыды), рэакцыі ўтварэння свабодных радыкалаў трыарылметылавага шэрагу, вынайшаў эталонны радыкал дывінілпікрылгідразіл. Вывучаў прыродныя крыніцы арган. злучэнняў, распрацаваў новы метад падсочкі хваёвых дрэў, тэорыю выцякання жывіцы і тэхніку яе збору, прапанаваў шэраг лабараторных прылад. Аўтар работ па гісторыі і хіміі.

Літ.:

Академик А.Е. Арбузов: [Сб. воспоминаний]. 2 изд. Казань, 1985.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАБАЛЕ́ЎСКІ (Іван Іванавіч) (9.10.1905, Масква — 21.9.1977),

савецкі вучоны ў галіне тэорыі машын і механізмаў. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1945). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1926). З 1927 выкладаў у ВНУ Масквы, у 1932—49 праф. Маскоўскага ун-та, з 1937 у Ін-це машыназнаўства АН СССР. Распрацаваў класіфікацыю прасторавых механізмаў і вызначыў метады іх кінематычнага аналізу. Вывучаў праблемы тэарэт. і эксперым. метадаў даследавання дынамікі рабочых машын, стварыў новыя метады выпрабавання машын-аўтаматаў. Прэмія імя П.​П.​Чабышова АН СССР (1946), сярэбраны медаль Чэхаславацкай АН (1966), міжнар. залаты медаль імя Дж.​Уата Ін-та інжынераў-механікаў (Англія, 1967).

Літ.:

И.​И.​Артоболевский: [Биобиблиогр.]. 2 изд. М., 1975.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

Анатоль Пятровіч Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́РАЎ (Фікрэт Мешады Джаміль аглы) (22.11.1922, г.. Гянджа — 20.2.1984),

азербайджанскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1965). Чл.-кар. АН Азербайджана (1980). Герой Сац. Працы (1982). Аўтар першых нац. лірыка-псіхал. оперы «Севіль» (1953) і сімф. мугамаў «Шур» і «Кюрд-аўшары» (1948), якія паўплывалі на развіццё сімфанізму ў Азербайджане і інш. краінах Усходу.

Сярод інш. твораў: опера «Улдуз» (1948); балеты «Насімі» (1973), «Тысяча і адна ноч» (1979); муз. камедыі «Выкрадальнікі сэрцаў» (1944), «Добрая вестка» (1946); Сімфонія Нізамі (1947); сімф. і арк. творы, рамансы, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Музычныя роздумы» (1971), «Музычныя старонкі» (1978) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1949 і 1980; Дзярж. прэмія Азербайджана 1974.

Літ.:

Виноградов В. Мир музыки Фикрета. Баку, 1983.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял. Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1984—85.

Літ.:

Коваленко Р.М. Анатолий Ананьев. М., 1985.

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭХАЎСКІ́Х (Леанід Максімавіч) (н. 23.4.1917, в. Стрункіна Архангельскай вобл., Расія),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1953). Чл. Польскай АН. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Пермскі ун-т (1939). У 1954—64 дырэктар Акустычнага ін-та, з 1969 акад.-сакратар Аддзялення акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі Рас. АН. Навуковыя працы па рассейванні рэнтгенаўскіх праменяў у крышталях і вадкасцях, акустыцы і тэорыі распаўсюджвання хваляў. Даследаваў распаўсюджванне гукавых і электрамагнітных хваляў у неаднародных асяроддзях; развіў тэорыю хвалевых палёў кропкавых крыніц у слаіста-неаднародных асяроддзях, тэорыю бакавых, або галаўных, хваляў (выкарыстоўваюцца ў сейсмаразведцы). Адкрыў звышдалёкае распаўсюджванне гуку ў моры (разам з Л.​Д.​Розенбергам, 1946). Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія СССР 1951, 1976.

Тв.:

Волны в слоистых сферах. М., 1957.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)