галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.
Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст. — пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц.т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.
Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн.м² тканін (у 1990—94 млн.м²).
Г.С.Смалякоў.
Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВІНІ́ЗМ,
адна з найб. плыней пратэстантызму. Засн. Ж.Кальвінам у перыяд Рэфармацыі ў 1-й пал. 16 ст. ў Жэневе (Швейцарыя), потым распаўсюдзіўся ў Францыі (гугеноты), Англіі, Шатландыі (пурытанізм), Германіі і інш. краінах. Адзінай крыніцай веры ў К. лічыцца Біблія, гал. прынцып веравызнання — спрадвечная наканаванасць чалавечага лёсу. Чалавецтва падзяляецца на абраных і асуджаных: не вера гарантуе выратаванне, а наадварот, выратаванне (наканаванае загадзя Богам) вымушае верыць. Смяротным грахом К. лічыць марнаванне часу, невытв. стаўленне да капіталу, заспакоенасць на дасягнутым узроўні кар’еры і багацця. З хрысц. таінстваў прызнаецца толькі хрышчэнне. У кальвінскім зборы няма абразоў, скульптуры, насценнага жывапісу, алтароў, аргана; маленні суправаджаюцца толькі спевамі псалмоў. Няма ін-та епіскапаў, святароў (пастараў). Царк. кіраўніцтва (прэсвітэры) выбіраюцца вернікамі на пэўны тэрмін. К. існуе ў трох плынях: рэфармацтва, прэсвітэрыянства, кангрэгацыяналізм (індэпендэнты). Найб. распаўсюджаны ў Швейцарыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, ЗША і інш.
На Беларусі К. з’явіўся ў 1533 пры садзейнічанні М.Радзівіла Чорнага, які заснаваў у Брэсце першы кальвінскі збор з друкарняй. Праз 10 гадоў кальвінская шляхта была ўраўнавана ў правах з каталіцкай і праваслаўнай. У канцы 16 ст. ў ВКЛ дзейнічала каля 200 збораў, пры якіх існавалі шпіталі, школы, друкарні. К. існаваў у выглядзе сацыніянства, антытрынітарызму, унітарызму, руху т. зв. «польскіх братоў». У перыяд Контррэфармацыі (2-я пал. 16—17 ст.) большасць кальвіністаў перайшла ў каталіцтва. У пач. 20 ст. на Беларусі заставаліся адзінкавыя кальвінісцкія суполкі, частка з іх праіснавала да 2-й сусв. вайны. У 1998 у Мінску дзейнічала адна рэфармацкая суполка.
Літ.:
Любович Н. История Реформации в Польше. Варшава, 1883;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Генрых) (27.3.1871, г. Любек, Германія — 12.3.1950),
нямецкі пісьменнік. Брат Т.Мана. Вучыўся ў Берлінскім ун-це. З 1933 у эміграцыі ў Францыі, з 1940 — у ЗША. З 1949 прэзідэнт АМ ГДР. Друкаваўся з 1893. У ранніх творах выявіўся ўплыў класічных традыцый ням. і франц. л-р, мадэрнісцкіх кірункаў (трылогія «Багіні, або Тры раманы герцагіні Асі», 1903). У гратэскава-сатыр. форме паказаў драпежніцкую сутнасць імперыял.Германіі часоў Вільгельма II (рэаліст. раманы «У зямлі запаветнай», 1900; «Настаўнік Гнус, або Канец аднаго тырана», 1905; «Маленькі горад», 1909, і інш.). У трылогіі «Імперыя» («Вернападданы», 1914; «Бедныя», 1917; «Галава», 1925) праблемы фарміравання вернападданніцкай свядомасці, суіснавання ў адной асобе раба і тырана, на шырокім сац. фоне выкрыў герм. шавінізм і мілітарызм. Бесчалавечнасць тагачаснага грамадства рэзка крытыкаваў у раманах «Маці Марыя» (1927), «Яўгенія, або Эпоха бюргерства» (1928), «Сур’ёзнае жыццё» (1932) і інш. Вяршыня позняй яго творчасці — гіст. дылогія «Юнацтва караля Генрыха IV» (1935) і «Сталасць караля Генрыха IV» (1938), у якой увасоблена канцэпцыя дзейснага гуманізму. Аўтар п’есы «Мадам Легро» (1913), антыфаш. публіцыстычных зб-каў «Нянавісць» (1933), «Настане дзень» (1936), «Мужнасць» (1939), рамана пра антыфаш. рух у Чэхаславакіі «Лідзіцы» (1943), кн. мемуараў «Агляд стагоддзя» (1946), літ.-крытычных артыкулаў і інш. Яго паэтыка адметная дакладнай характаралагічнай дэталлю, моўнай выразнасцю, багаццем шён-«шыльдаў». Нац. прэмія ГДР 1949.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—8. М., 1957—58;
В защиту культуры: Сб. ст.М., 1986.
Літ.:
Знаменская Г.Н. Генрих Манн: Критико-биогр. очерк. М., 1971;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1941,
1943, 1945, нарады у Маскве прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі па пытаннях вядзення 2-й сусв. вайны і пасляваен. мірнага ўрэгулявання. 29.9—1.10.1941 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — В.М.Молатаў, ЗША — У.А.Гарыман, Вялікабрытаніі — У.М.Бівербрук) разгледжана пытанне аб узаемных пастаўках. Вызначаны (да 30.6.1942) месячныя квоты амер. (на падставе ленд-лізу) і брыт. (на падставе сав.-брыт. пагаднення ад 16.8.1941) паставак Сав. Саюзу ўзбраення, харчавання і інш., а таксама паставак некаторых тавараў і сыравіны з СССР у ЗША і Вялікабрытанію. 19—30.10.1943 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — К.Хэл, Вялікабрытаніі — Р.Э.Ідэн) абмеркаваны праблемы паскарэння разгрому фаш. блоку і пасляваен. ўладкавання Еўропы. Прыняты дэкларацыі: аб усеагульнай бяспецы, аб Італіі (прадугледжвала мерапрыемствы па яе дэмакратызацыі, знішчэнні спадчыны італьян. фашызму і інш.), Аўстрыі (прадугледжвала незалежнасць і суверэнітэт Аўстрыі, а таксама яе адказнасць за ўдзел у вайне на баку Германіі), аб адказнасці гітлераўцаў за ваен. злачынствы (у далейшым стала прававой асновай для суд. пакарання ваен. злачынцаў). 16—26.12.1945 (кіраўнікі дэлегацый: СССР — Молатаў, ЗША — Дж.Ф.Бірнс, Вялікабрытаніі — Э.Бевін) вырашаны пытанні аб арганізацыі пасляваен. міру ў Еўропе і на Д. Усходзе. Прыняты рашэнні аб падрыхтоўцы мірных перагавораў з Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй; аб Далёкаўсх. камісіі і Саюзным савеце для Японіі; аб Карэі (стварэнні часовага дэмакр. ўрада); аб Кітаі (дэмакратызацыі органаў нац. ўрада, спыненні грамадз. вайны і вывадзе з Кітая сав. і амер. войск); аб Румыніі і Балгарыі (умовы прызнання Вялікабрытаніяй і ЗША ўрадаў гэтых краін, з якімі СССР ужо меў дыпламат. адносіны); аб заснаванні камісіі па кантролі за атамнай энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІС ВАН ДЭР РО́Э ((Mies van der Rohe) Людвіг) (27.3.1886, г. Ахен, Германія — 17.8.1969),
нямецкі архітэктар; адзін з лідэраў функцыяналізму. Прафес. адукацыі не атрымаў. З 1905 працаваў у Берліне, у т. л. ў майстэрні П.Берэнса. У 1930—33 дырэктар «Баўгауза» ў г. Дэсаў. З 1937 у ЗША. У 1938—58 выкладаў у Ілінойскім тэхнал. ін-це ў Чыкага. Пабудовы 1910-х г. у духу неакласіцызму (дом Перльса ў Берліне, 1911). У 1920-я г. выступіў з серыяй эксперым. праектаў, у якіх падкрэсленая выразнасць навясных канструкцый спалучаецца з экспрэсіўнай формай аб’ёмаў, стварыў тып жылога дома са стальным каркасам і зменнай унутр. планіроўкай. На творчасць пач. 1930-х г. паўплывала гал. група «Стыль»; работы сталі больш выразнымі па кампазіцыі, у іх інтэр’ерах сцены-шырмы падзялялі ўнутр. прастору на асобныя, звязаныя паміж сабой зоны (павільён Германіі на Сусв. выстаўцы ў г. Барселона, 1929; дом Тугендхата ў г. Брно, 1930). У 1940—50-я г. прапанаваў ідэю дасканалай «універсальнай формы» — адзінай унутр. прасторы, якая дае максімум магчымасцей для разнастайнага выкарыстання інтэр’ера (будынак арх. ф-та Ілінойскага тэхнал. ін-та, 1952—56); да элементарных геам. форм прыведзены аб’ёмы вышынных будынкаў: жылыя дамы на Лейк Шор Драйв (1950—51) і на Комануэлс Праменад (1957) у Чыкага, канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку (1956—58), Дамініян-сентэр у г. Таронта (1967). Арыгінальным вырашэннем адметны будынак Нац. галерэі ў Берліне (1968). Яго творчасць паўплывала на архітэктараў ЗША і Зах. Еўропы.
Літ.:
Мачульский Г.К. Мис ван дер Роэ. М., 1969.
Л.Міс ван дэр Роэ. Будынак Нацыянальная галерэі ў Берліне. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, які павінен быць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЯЯ САКСО́НІЯ (Niedersachsen),
зямля (адм. адзінка) на ПнГерманіі. Пл. 47,6 тыс.км². Нас. каля 7,8 млн.чал. (1998). Адм. ц. — г.Гановер. На Пн абмываецца Паўночным м. Рэльеф нізінны (на Пн), раўнінны (у сярэдняй ч.), нізкагорны (на Пд, горы Гарц, выш. да 926 м). Клімат умераны, марскі. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год 600—700 мм. Пад лесам каля 1 млн.га. Пераважаюць шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб, ліпа). Эканоміка індустр.-агр. характару. На тэр. Н.С. радовішчы нафты, прыроднага газу, руд жалеза і каляровых металаў, калійнай і кухоннай солі. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., у т. л. аўтабудаванне, эл.-тэхн., электронная, агульнае машынабудаванне, харч., тэкст., швейная, хім., нафтаперапр., чорная металургія. Прамысл. цэнтры: Зальцгітэр (чорная металургія), Вольфсбург (легкавыя аўтамабілі), Гановер і Браўншвайг (грузавыя аўтамабілі і аўтобусы), Вільгельмсгафен (канторскія машыны), Эмдэн (суднабудаванне). У сельскай гаспадарцы пераважае высокапрадукцыйная таварная жывёлагадоўля (малочная жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Лугі і пашы займаюць каля палавіны с.-г. угоддзяў. Гал. культуры: кармавыя травы, караняплоды, бульба, ячмень, пшаніца, жыта. Садоўніцтва і агародніцтва. Рыбалоўства і марскія промыслы. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. порт Вільгельмсгафен. Суднаходства па Сярэднегерманскім канале, Эльбе, Везеру і інш. Нафта- і газаправоды ад радовішчаў і марскога ўзбярэжжа да значных гарадоў і на Пд краіны.
Зямля ўтворана 1.11.1946 брыт.акупац. ўладамі з б. прускай прав. Гановер і зямель Браўншвайг, Ольдэнбург, Шаўмбург-Ліпе. У 1947 далучана ч. зямлі Брэмен. З 1949 у складзе ФРГ. У 1990—98 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.Шродэр (з кастр. 1998 федэральны канцлер ФРГ).
спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл.СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд.ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.
Літ.:
Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.