СКАРЫ́НКІН Уладзімір Максімавіч (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,
высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.
Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.
Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.Бяляеў, М.Казак, Дз.Паляруш, У.Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.Граеўская, Н.Карпянкова, Г.Лебедзева, Т.Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліст. 1942—ліп. 1944 у г. Слонім і Слонімскім р-не Баранавіцкай (цяпер Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам Брэсцкага міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» (да чэрв. 1943), Слонімскага падп. райкома КП(б)Б (з вер. 1943). Створана па ініцыятыве б.чл. КПЗБ і КСМЗБ. Складалася з 8 (100 чал.) ячэек (груп) у Слоніме (сакратары І.Д.Міско, В.І.Вільчынскі), вёсках Вял. Кракотка (К.С.Петручэня, Р.П.Збраевіч), Глоўсевічы (М.Р.Ракуць), Какошчыцы (Л.Я.Дабрыян, В.П.Дабрыян), Пасінічы (М.М.Анішчык, У.П.Філітовіч, Т.В.Кіслы, І.М.Цвікевіч), Сяргеевічы (В.А.Жукоўскі), Чамяры (М.В.Бурсевіч, З.Ц.Бурсевіч), Чапялёва (С.С.Гайко). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (сакратар Ф.З.Міско). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, выданні Слонімскага падп. райкома КП(б)Б, зрывалі спробы акупантаў па прымусовай мабілізацыі насельніцтва ва ўзбр.фаш. фарміраванні, вывазе моладзі ў Германію, збіралі грошы і каштоўнасці ў фонд абароны, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, адзенне для партызан, праводзілі дыверсіі, удзельнічалі ў баявых аперацыях партызан на чыгунцы. У барацьбе з ворагам загінула 13 падпольшчыкаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА школа стараж.-рус. культавага дойлідства 12—13 ст. ў г.Смаленск. Да 1180-х г. развівалася ў рэчышчы кіеўскай арх.буд. традыцыі. З канца 12 ст. пад уплывам Полацкай школы дойлідства набыла новыя рысы і кампазіцыйныя схемы. У адрозненне ад полацкіх смаленскія храмы мелі звонку 2-ступеньчатыя пілястры з тонкімі паўкалонкамі, сцены паміж прытворам і малельнай залай адсутнічалі, што ўзмацняла стоўпападобнасць і верт. ўзнёсласць. Яскравы яе ўзор — 1-купальная 1-апсідная царква Міхаіла Архангела (Свірская; 1191—94, выш. ўнутры 35 м); яе высокі цэнтр. аб’ём мае 3-лопасцевае завяршэнне, барабан размешчаны на адмысловым п’едэстале. У ніжняй ч. храма пабудаваны нізкія прытворы. У выніку археал. даследаванняў (1970-яг., арх. П.А.Рапапорт) выяўлены рэшткі кампазіцыйна аналагічных храмаў царкве Архангела Міхаіла (сабор Троіцкага манастыра на Клоўцы, цэрквы Пятніцкая, Спаская і інш.). Некат. храмы мелі галерэі (цэрквы на Малой Рачаўцы, 6-слуповая на Уваскрэсенскай гары). Па інтэнсіўнасці буд. дзейнасці ў пач. 13 ст. Смаленск займаў гал. месца сярод арх.-буд. цэнтраў Русі. Смаленскія майстры пабудавалі цэрквы Спаскую ў Старой Разані, Пятніцы на Таргу ў Ноўгарадзе (1207), на Узнясенскім спуску ў Кіеве. Эпідэмія 1230, ваен. падзеі спынілі развіццё С.ш.д.
Літ.:
Смоленск: [Фотоальбом]. М., 1988.
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Смаленская школа дойлідства. Царква Міхаіла Архангела (Свірская). 1191—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛЬСКІ Рычард Баляслававіч (н. 3.4.1946, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. тэатразнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1991), праф. (1999). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Бел.АМ. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рус.тэатр. культуры на Беларусі. Аўтар кніг «Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80-х гг.» (1987), «На скрыжаванні: Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999), «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2—3, 1985—87); п’ес (з Ю.Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп’есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е.Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У.Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.Яроменку; з В.Навуменкам).
Тв.:
На сцене — бессмертие подвига. Мн., 1982;
Грядущим в наследство: Тема Великой Отеч. войны в бел. театре 80-х гг.Мн., 1986;
Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазнаўчыя арт., рэц., творчыя партрэты. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Ф’Я СЛУ́ЦКАЯ (1.5.1585, г. Слуцк — 19.3.1612),
рэлігійная дзяячка, бел.правасл. святая. Дачка слуцкага кн. Юрыя Алелькавіча і Барбары Кішкі. Выхоўвалася ў праваслаўі. Рана асірацела і стала ўладальніцай вял. латыфундыі пад апекай сваякоў Хадкевічаў. Пасля смерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль, мяст. Раманава, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі. Яе апекуны Хадкевічы завінаваціліся Радзівілам вял. суму грошай, і ў 1600 дамовіліся выдаць Соф’ю замуж за Я.Радзівіла (у будучым кашталян віленскі). Аднак спрэчкі паміж Хадкевічамі і Радзівіламі ледзь не выліліся ў баявыя дзеянні. Пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта III Вазы бакі паразумеліся. 1.10.1600 у Брэсце адбыўся шлюб Соф’і з Радзівілам. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я засталася праваслаўнай. Шмат увагі аддавала дабрачынным справам, падтрымлівала правасл. цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве, якое дзякуючы ёй захавала сваё правасл. аблічча. Пасля яе заўчаснай смерці Слуцкае княства, згодна з ранейшай дамоўленасцю, перайшло да Радзівілаў. Труна з астанкамі Соф’і знаходзілася ў царкве Слуцкага Троіцкага манастыра і шанавалася як цудатворная. Зараз мошчы зберагаюцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Соф’я ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень яе памяці 1 красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-яг. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр.ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.
А.М.Кулагін.
Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАВЕ́РСТВА,
рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царк. рэформы патрыярха Нікана. Па рэліг. дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай правасл. царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. Больш радыкальныя беспапоўцы адмовіліся ад ін-та свяшчэнства, таму афіцыйная правасл. царква лічыць гэтую плынь ератычнай, якая нібыта трапіла пад уладу антыхрыста. Прычынамі рознагалосся паміж галінамі сталі спрэчкі па пытаннях культу і адносін да ўлад. На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-яг. з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўн. землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на ПдУ Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка). Апошнія былі пераважна заможныя сяляне, рамеснікі, купцы. Найбольшым пасяленнем папоўцаў і ўвогуле старавераў на Беларусі было мяст. Ветка. Царскія войскі двойчы іх адтуль выганялі. У сав. час адносіны да С. былі такімі ж, як і да інш. канфесій. На 1.1.2001 зарэгістраваны 34 абшчыны старавераў (каля 20 тыс.чал.). У 1998 зарэгістраваны Цэнтральны савет Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Літ.:
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX стст. Брэст, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́САЎ Васіль Пятровіч (4.8.1769, Масква — 5.9.1848),
рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму. Акад. Пецярбургскай АМ (1811). У 1783—94 пам. архітэктара ў Маскоўскай управе дабрачыннасці. У 1802—08 вывучаў архітэктуру ў Францыі і Італіі. З 1808 працаваў у Пецярбургу, з 1816 чл.К-та для пабудоў і гідраўлічных работ, з 1817 кіраваў буд-вам пры імператарскім двары. Выканаў больш за 100 узорных праектаў жылых дамоў, агароджаў і гасп. пабудоў для правінцыі (1810-яг.). Найб. значныя работы ў Пецярбургу: б. Паўлаўскія казармы (1817—20; ч. ансамбля Марсава поля), Праабражэнскі (1827—29) і Троіцкі (1832—35) саборы, Нарвенскія (1827—34, медная калясніца — П.К.Клот, С.Піменаў) і Маскоўскія (1834—38, скульпт. дэкор Б.Арлоўскага) трыумфальныя вароты; дабудова сабора і зах. карпусоў келляў Смольнага манастыра, афармленне іх інтэр’ераў (1832—35); аднаўленне пасля пажару 1837 фасадаў, парадных залаў і цэркваў Зімняга палаца. У Царскім сяле (цяпер г.Пушкін) стварыў чыг. вароты «Любым маім таварышам па службе» (1817—21), манеж (1819—21), вял. аранжарэю (1820—23), канюшы корпус (1823), у Маскве правіянцкія склады. У творчасці развіваў ідэі і кампазіцыйныя прыёмы апошняга этапу класіцызму — ампіру, часта звяртаўся да строгіх форм дарычнага ордэра, ствараў арх. вобразы ўрачыстага гучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.