ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯпаверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.
Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = ƒ(u)cos φ, y = ƒ(u)sin φ, z = u, дзе ƒ(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.
Да арт.Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯДО́ЎНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,
спосаб злучэння 2 ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім праз іх праходзіць адзін і той жа ток. Выключэнне аднаго элемента перарывае ток ва ўсім электрычным ланцугу.
П.з. крыніц эл. энергіі E1, ..., En выкарыстоўваецца, каб атрымаць больш высокае напружанне. Агульнае напружанне раўняецца суме ўсіх асобных напружанняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Пры П.з. прыёмнікаў эл. энергіі напружанне размяркоўваецца паміж імі прапарцыянальна іх супраціўленням. Паслядоўна злучаныя супраціўленні R1, ..., Rn даюць агульнае супраціўленне эл. ланцуга R = R1 + ... + Rn. Пры П.э. ёмістасцей C1, ..., Cn агульная ёмістасць ланцуга C вызначаецца формулай:
. Пры паслядоўным уключэнні індуктыўнасцей L1, ..., Ln агульная індуктыўнасць L = L1 + ... + Ln.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,
вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39 °C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗЯ́НКА (Coronella austriaca),
неядавітая змяя сям. вужовых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўразіі. Жыве на ўзлесках, высечках, у хмызняках, зрэдку на лугах; у гарах — да выш. 2500 м. На Беларусі рэдкая, часцей трапляецца ў паўд. і зах. раёнах, у т. л. ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, у т. л. хваста да 12 см. Спіна шэрая, шэра-бурая або (асабліва ў самцоў) медна-чырв., чырв. (адсюль назва), з 2—4 радамі буйных папярочных цёмных плямак. Брушка шэра-бурае, аранжавае або чырвонае. На шыі 2 кароткія бурыя палосы, злучаюцца на патыліцы. Характэрны цёмная паласа ад ноздры праз вока да кутка рота, круглая зрэнка. Корміцца насякомымі, яшчаркамі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Яйцажывародная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-КЛУР ((McClure) Роберт Джон) (28.1.1807, г. Уэксфард, Ірландыя — 17.10.1873),
англійскі ваен. марак, даследчык Арктыкі. У 1848—53 удзельнічаў у 3 экспедыцыях, накіраваных англ. урадам да Канадскага Арктычнага архіпелага на пошукі экспедыцыі Дж.Франкліна. У 1850—52 на судне «Інвестыгейтар» прайшоў праз Берынгаў праліў у Паўн. Ледавіты ак., адкрыў паўд. і зах. берагі в-ва Банкс і пралівы, якія аддзяляюць яго ад а-воў Вікторыя і Мелвіл. У 1853—54 М.-К. і яго спадарожнікі сумесна з англ. экспедыцыяй Э.Белчэра выйшлі ў мора Бафіна і даказалі наяўнасць Паўн.-Зах. прахода. Імем М.-К. названы праліў паміж в-вам Банкс на Пд і а-вамі Прынс-Патрык і Мелвіл на Пн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,
мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў, арх. А.Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.Купрыянаў — Герой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАПЛАЗМІ́ДЫ (Piroplasmida),
атрад паразітычных прасцейшых кл. спаравікоў (ёсць інш. класіфікацыі). 3 сям.: бабезіідаў, або піраплазмідаў, тэйлерыідаў і дактыласамідаў. Каля 170 відаў. Паразітуюць у эрытрацытах і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы млекакормячых (буйн. раг. жывёлы, свіней, коней, коз, авечак, сабак, пацукоў і інш.), зрэдку чалавека. Узбуджальнікі піраплазмідозаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы.
Беспігментныя, маларухомыя ўнутрыклетачныя паразіты грушападобнай, круглай ці авальнай формы. Адсутнічае палавы працэс. Размнажаюцца ў клетках пазваночных жывёл пачкаваннем ці простым дзяленнем на 2—4 часткі. Далейшае развіццё (шызаганальнае дзяленне, укараненне ў яйцаклеткі) адбываецца ў арганізме кляшча. Праз яйцы П. перадаюцца кляшчам наступнага пакалення і лакалізуюцца ў розных тканках, у т. л. ў слінных залозах. Пры кровасмактанні заражаныя кляшчы перадаюць П. пазваночным жывёлам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТЭ́АС (Pytheas),
Піфей (4 ст. да н.э.), старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.
Літ.:
Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;
Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),
інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн.г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.
У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны празплацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.