спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).
П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.
На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.
І.І.Леановіч.
Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДШЫ́ПНІК,
апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.
П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.
На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.
Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
сярэднія пед.навуч. ўстановы, якія рыхтуюць кадры для ўстаноў Мін-ва адукацыі (школ, дзіцячых садоў, ПТВ). Навучанне вядзецца па спецыяльнасцях: педагогіка і методыка пач. навучання (настаўнікі пач. класаў), педагогіка і псіхалогія дашкольная, музыка і спевы (выхавальнікі дашкольных устаноў), бел. мова і л-ра, замежная мова, працоўнае навучанне, пазашкольная і пазакласная выхаваўчая работа, педагогіка сацыяльная. Засн. ў 1921, да 1937 наз.пед. тэхнікумамі. На Беларусі ў 1921 былі 3 пед. тэхнікумы, у 1930/31 навуч.г. — 18, у 1940/41 навуч.г. — 26 П.в., у 1944/45 і ў 1967—70 навуч. гадах адпаведна 23 і 9. З 1990-х г. некат. П.в. рэарганізаваны ў пед. каледжы. Існуюць таксама індустрыяльна-пед. каледжы, якія разам з прафесіянальнай адукацыяй даюць пед. веды і рыхтуюць майстроў для ПТВ. У П.в. і каледжы прымаюцца асобы з сярэдняй і базавай адукацыяй. Тэрмін навучання адпаведна 3 і 4 гады. У індустрыяльна-пед. каледжы — пасля заканчэння ПТВ (тэрмін навучання 3 гады). У 1999/2000 навуч.г. ў Беларусі 7 П.в. (Ваўкавыскае, Горацкае, Гродзенскае, Лідскае, Лоеўскае, Пінскае, Рагачоўскае), 11 пед. каледжаў (Аршанскі, Баранавіцкі вышэйшы, Барысаўскі, Гомельскі музычна-пед., Магілёўскі, 2 мінскія, Нясвіжскі, Полацкі, Рэчыцкі, Салігорскі), 3 індустрыяльна-пед. каледжы (Віцебскі, Мінскі, Пінскі), у якіх больш за 17 тыс. навучэнцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕРАВА́Л»,
літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал.рэд. А.Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.Вясёлы, М.Галодны, М.Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.Багрыцкі, І.Катаеў, Г.Караваева, Н.Агнёў, М.Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.Горбаў і А.Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец.тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г.Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (БелАМ),
вышэйшая спецыяльная навучальная ўстанова. Засн. ў 1945 у Мінску як Бел.тэатр.ін-т, з 1953 Бел.тэатр.маст.ін-т, з 1991 — БелАМ. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: тэатр., мастацкі, дызайну; 15 кафедраў, 624 студэнты, 120 выкладчыкаў, у т. л. 12 прафесараў, дактароў навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1969, з 1993 асістэнтура-стажыроўка. Рыхтуе кадры для кіно і тэлебачання з 1984. З 1978 працуе студэнцкі тэатр, з 1985 — музей. Пры БелАМ дзейнічаюць Мінскае маст. вучылішча, Мінскімаст. ліцэй. Рэктары: М.А.Гурскі (1945—46), І.П.Прыс (1946—57), А.І.Бутакоў (1957—58), В.К.Цвірка (1958—60), П.В.Масленікаў (1960—64), В.А.Захараў (1964—68), Э.П.Герасімовіч (1968—84), А.В.Сабалеўскі (1984—89), В.П.Шаранговіч (з 1989).
Сярод выпускнікоў: нар. мастакі Беларусі А.Анікейчык, В.Грамыка, Л.Гумілеўскі, А.Кашкурэвіч, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў; засл. дзеячы мастацтваў Б.Герлаван, А.Бараноўскі, Г.Паплаўскі, І.Рэй, У.Савіч, Ю.Тур, У.Тоўсцік, У.Уродніч, І.Міско, С.Вакар, У.Маланкін; нар. артысты Беларусі Г.Аўсяннікаў, С.Акружная, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, А.Дубашынскі, Г.Дубаў, М.Захарэвіч, У.Куляшоў, Б.Луцэнка, В.Тарасаў, Т.Кокштыс, В.Раеўскі; пісьменнікі і мастацтвазнаўцы А.Дудараў, У.Клімовіч, Г.Марчук, М.Раманюк.
Літ.:
Вытокі творчасці: Беларуская акадэмія мастацтваў: [Альбом]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),
ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).
На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.Каршакевіч, Г.Свірыдзенка, А.Тучкін, К.Шаравараў, Ю.Швяцоў (1988), А.Барбашынскі, А.Мінеўскі, М.Якімовіч (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́СНІК (Уладзімір Андрэевіч) (17.9.1922, в. Сіняўская Слабада Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 15.12.1994),
бел. крытык, літ.-знавец, празаік. Канд.філал.н. (1958), праф. (1983). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Мінскіпед.ін-т (1949). Працаваў у Бабруйскім настаўніцкім ін-це (1952—54), Брэсцкім пед. ін-це (з 1954, у 1988—94 праф.). Літ. дзейнасць пачаў з 1952 як крытык. Выдаў кнігі «Паэзія змагання Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк» (1981), «Лёсам пазнанае» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль» (1990), «Усё чалавечае» (1993, Ліг. прэмія імя І.Мележа 1994). Даследаваў зах.-бел. л-ру, адкрываючы яе як грамадскі і эстэтычны феномен у бел. л-ры 1920-х г. Працы К. вылучаюцца высокай творчай культурай, глыбінёй даследчыцкай думкі, імкненнем да аб’ектыўнасці і шматбаковасці даследавання, уменнем стварыць жывыя творчыя партрэты грамадскіх і літ. дзеячаў. Аўтар дакументальна-маст. твораў пра В.Таўлая («Аповесць пра Таўлая», 1964—65), зах.-бел. рэвалюцыянера і публіцыста А.Альшэўскага («Пасланец Праметэя», 1979). Адзін з аўтараў дакументальнай кн. «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і Я.Брылем). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове) Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ЎСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 31.10.1905. У гэты дзень да гараджан дайшлі звесткі пра Маніфест 17 кастрычніка 1905, які абвясціў у краіне дэмакр. свабоды, надаваў заканад. паўнамоцтвы Дзярж. думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцы. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырв. сцягамі і рэв. песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі). Па патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу губернатар П.Р.Курлоў вызваліў палітвязняў. Пад вечар на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс.чал. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэман-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чал., каля 300 чал. былі паранены. У адказ на гэта злачынства Мінская арг-цыяРСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна аддаць пад суд Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем’і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада і ўзбр. сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту аднавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6.11.1905. Пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны і пераклаў яе на вайск. камандаванне.
У.Г.Філякоў.
Курлоўскі расстрэл. З карціны І.А.Давідовіча. 1939 Нац. мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.