КАРАБА́ХСКАЕ ХА́НСТВА,

дзяржава ў Закаўказзі ў міжрэччы Аракса і Куры ў сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. Вылучылася ў 1747 са складу Ірана. Заснавальнік — Панах Аліхан (правіў у 1747—59). Сталіца з 1752 — г. Панахабад (цяпер Шуша). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства, жывёлагадоўля, рамёствы. Пры Ібрагіме Халілханс (1759—1806) ханства падпарадкавала ўвесь Карабах, Нахічэвань, землі Паўд. Азербайджана. Перад пагрозай заваявання з боку Ірана і Турцыі ў 1805 Ібрагім падпісаў дагавор аб пераходзе дзяржавы пад пратэктарат Расіі. Гэта прывяло пры яго пераемніку да скасавання ханства рас. ўладамі (1822, пераўтворана ў Карабахскую прав.).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЙНА,

возера ў Полацкім р-не, на мяжы з Глыбоцкім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 40 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,64 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 2,6 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на ПдУ 4—5 м) параслі лесам, месцамі разараныя. Берагі пясчаныя, пад лесам, на Пн і 3 сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі глеістае, глыбей дно сапрапелістае. З возера выцякае р. Быстрыца.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ЦКІ (Апанас Зіноўевіч) (1902, в. Карнілаўка Хіславіцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 3.3.1980),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу (1925), Качынскую 1-ю ваен. школу лётчыкаў, Серпухаўскую школу паветр. бою (1927), курсы ўдасканалення камандуючага саставу пры Акадэміі імя Жукоўскага (1933), Ліпецкую вышэйшую лётна-тактычную школу (1937). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Бранскім, Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах; камандзір дывізіі, корпуса, якія вызначыліся пры вызваленні Бабруйска, у баях пад Берлінам. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,

старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.​С.​Махнач, М.​В.​Вераценнікаў, Г.​І.​Ількевіч.

Літ.:

Логойская астроблема. М., 1991.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́НА,

у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.

Да арт. Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.​П.​Рубенс. Каля 1615.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.

т. 6, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАДУ́НЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Альзініца, за 32 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,43 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—16 м, пераважна разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 100 м. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Братаўна; на У злучана пратокай з воз. Ухвішча.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКУЎРО́Р ((Lecouvreur) Адрыена) (5.4.1692, Дамеры, каля г. Эпернэ, Францыя — 20.3.1730),

французская актрыса. Вучылася дэкламацыі ў акцёра Леграна (Парыж). Выступала ў правінцыі, з 1717 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы. Пад уплывам М.Барона першая з франц. актрыс унесла ў акцёрскае выкананне рэаліст. рысы, адмовілася ад напеўнай, знешне эфектнай класіцысцкай дэкламацыі, імкнулася да натуральнасці пластычнага малюнка ролі, рэфармавання сцэн. касцюма. Лепшыя ролі ў трагедыях П.​Карнеля — Эмілія («Цына»), Раксана («Іфігенія»), Карнелія («Смерць Пампея») і Ж.​Расіна — Федра («Федра»), камедыях Мальера — Анжэліка («Жорж Дандэн»), Алкмена («Амфітрыён») і інш.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІН,

дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял. стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.

Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТАПУ́ЗІК.

глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.

Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.

Жаўтапузік.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)