ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, А.Багатырова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, С.Картэса, І.Лучанка, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.Франс, спявачка К.Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.Э.Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.Цырук, І.Галаўчын, А.Палянічка, В.Собалеў, канцэртмайстар А.Крамароў.
Літ.:
Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.Заліўскага). За рэв.дзейнасць у Галіцыі засуджаны аўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.Радзівіл, рэльеф Ю.Заліўскага, бюсты Т.Касцюшкі, К.Пуласкага, Т.Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.Дзялынскага (Познань), У.Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.
Літ.:
Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ФА́КТАРЫ,
сукупныя працэсы, ад якіх залежыць утварэнне глебы. Паводле В.В.Дакучаева, глебу фарміруюць клімат, мацярынская парода, жывыя арганізмы (расліны, мікраарганізмы, глебавыя жывёлы), рэльеф мясцовасці, час. Вельмі ўплывае на глебаўтваральныя фактары і вытв.дзейнасць чалавека (мех. апрацоўка глебы, меліярацыя, унясенне арган. і мінер. угнаенняў, высечка лесу, узорванне і інш.). Усе глебаўтваральныя фактары ўзаемазвязаны.
Клімат уплывае на характар выветрывання горных парод, вызначае цеплавы і водны рэжым глебы. Мацярынская парода ў працэсе глебаўтварэння ператвараецца ў глебу. Ад яе грануламетрычнага складу і структуры залежаць уласцівасці глебы, паветраны рэжым і інш. Уздзеянне жывых арганізмаў выяўляецца ў назапашванні і разбурэнні арган. рэчыва, якое ствараецца зялёнымі раслінамі ў працэсе фотасінтэзу, унясенні ў глебу і на яе паверхню арган. і мінер. рэчываў у выглядзе каранёвага і наземнага ападу, які з дапамогай мікраарганізмаў і глебавых жывёл ператвараецца ў гумус. Расліны і жывёлы рыхляць глебу, паляпшаючы яе паветраныя і водныя ўласцівасці. Роля рэльефу заключаецца ў пераразмеркаванні на паверхні глебы рэчываў і энергіі, што істотна ўплывае на ўтварэнне пэўных глеб. Час развіцця сталага глебавага профілю залежыць ад геал. ўзросту тэрыторыі і ў розных умовах складае ад некалькіх дзесяткаў да тысяч гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫЯ ШТА́ТЫ (франц. États Généraux, галанд. Staten-Generaal),
вышэйшыя ўстановы саслоўнага прадстаўніцтва ў феад. Францыі і Нідэрландах. У Францыі існавалі ў 1302 — 1789, складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і трэцяга саслоўя. Склікаліся каралямі, у асноўным каб атрымаць згоду на збор падаткаў. Значэнне Генеральных штатаў павялічылася ў час Стогадовай вайны 1337—1453. У час нар. паўстанняў 14 ст. прэтэндавалі на ўдзел ва ўпраўленні дзяржавай. З развіццём абсалютызму не склікаліся 76 гадоў (1484—1560). Дзейнасць Генеральных штатаў ажывілася ў перыяд рэлігійных войнаў (склікаліся ў 1560, 1576, 1588, 1593). З 1614 скліканне Генеральных штатаў спынілася на 175 гадоў. Напярэдадні франц. рэвалюцыі 1789—99 скліканы каралём; дэпутаты 3-га саслоўя ў жніўні 1789 абвясцілі сябе Нац. сходам. У Нідэрландах гістарычных Генеральных штатаў складаліся з дэпутатаў ад духавенства, дваранства і вярхоў гараджан, мелі права ваціравання падаткаў. Упершыню скліканы ў 1463. Іх роля пабольшала пасля 1477 і пры Габсбургах. У час Нідэрландскай рэвалюцыі 16 ст. Генеральныя штаты — цэнтр бурж.-дваранскай апазіцыі ісп. рэжыму. Пасля аддзялення Паўночных Нідэрландаў — вышэйшы пастаянна дзеючы заканад. орган Рэспублікі Злучаных правінцый. У сучасных Нідэрландах — назва парламента (з 1814).
Літ.:
Хачатурян М.А. Возникновение Генеральных штатов во Франции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Сяргей Апалінарыевіч) (21.5.1906, г. Екацярынбург, Расія — 28.11.1985),
рускі кінарэжысёр, педагог, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1948). Акад.АПНСССР (1978), Герой Сац. Працы (1974). Д-р мастацтвазнаўства (1967). Праф. (1946). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтва (1928). Творчую дзейнасць пачаў у 1924 акцёрам, з 1930 выступаў як рэжысёр і педагог. Яго рэжысёрскае майстэрства праявілася ўжо ў першых фільмах: «Сямёра смелых» (1936), «Камсамольск» (1938), «Настаўнік» (1939), «Маскарад» (1941). У фільмах, прысвечаных сучаснасці, — шматгранны паказ жыцця, псіхал. паглыбленыя вобразы, філас. роздум, высокае майстэрства рэжысуры і акцёрскага ансамбля: «Людзі і звяры» (1962), «Журналіст» (1967), «Каля возера» (1970), «Кахаць чалавека» (1973). Значнае месца ў творчасці Герасімава займаюць экранізацыі літ. твораў: «Маладая гвардыя» (1948, паводле А.Фадзеева), «Ціхі Дон» (1957—58, паводле М.Шолахава), «Чырвонае і чорнае» (1976, паводле Стэндаля), «Юнацтва Пятра» і «У пачатку слаўных спраў» (1981, паводле А.Талстога). У 1984 паставіў фільм «Леў Талстой», дзе выканаў гал. ролю. Аўтар сцэнарыяў амаль усіх сваіх фільмаў. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (цяпер носіць яго імя), кіраваў аб’яднанай акцёрска-рэжысёрскай майстэрняй. Ленінская прэмія 1984, Прэмія Ленінскага камсамола 1970, Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949, 1951, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Жлобіне і раёне Гомельскай вобл. Групы дзейнічалі ў Жлобіне: у паравозным дэпо (кіраўнік М.І.Елісееў, І.М.Казлоў, Г.В.Канаплянікава, Ц.П.Міненкаў, АП.Цямінская), друкарні (Р.П.Баранаў, М.П.Калеснічэнка), раённай б-цы (У.М.Лабанаў), у вёсках Антонаўка (А.І.Севасцьянчык), Бабоўка (Н.А.Дражын), Кабанаўка (М.Дз.Антуськоў), Мормаль (І.А.Лебедзеў), Святое (А.І.Карунчык), Шчадрын (Л.М.Жураўлёва); у Малевіцкім сельсавеце (І.М.Шаўцоў). У 1942 узніклі новыя групы ў Жлобіне (Гарбатаў, С.А.Казлоў, Дз.В.Ніжнікаў, Т.І.Раміська, І.І.Цыркуноў), у вёсках Адраджэнне (П.Б.Кіраў), Папаратнае (В.З.Фамянок), Сельнае (П.С.Дзегцяроў), Старая Рудня (А.П.Капусцін, М.Г.Маршын), Шапарня (У.Б.Паўлаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і перадавалі яе партызанам, з якімі сумесна праводзілі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі і жывой сілы акупантаў, знішчалі паравозы, на некалькі дзён паралізавалі дзейнасцьчыг. вузла. У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан на развілцы дарог каля в. Лугавая Вірня Жлобінскага р-на пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЛУ́ДАЎСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 1568—70 у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. (цяпер тэр. Польшчы). Засн. ў маёнтку гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча першадрукарамі І.Фёдаравым і Т.І.Мсціслаўцам, якія ў канцы 1560-х г. перасяліліся з Масквы на Беларусь. У друкарні, верагодна, працавалі вучань Фёдарава Грынь Івановіч (вядомы пазней як майстар па вырабе шрыфтоў) і друкар В.Гарабурда. Разам з маскоўскімі друкарскімі матэрыяламі тут шырока выкарыстоўвалася новая арнаментыка (застаўкі, канцоўкі, ініцыялы) і буйныя фігурныя дрэварыты. Выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569, якое ўключала творы візант., балг. і старажытнарускай пісьменнасці, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага) і «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). З.д. спыніла сваю дзейнасць у сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. умоў пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, а таксама з-за хваробы гетмана Хадкевіча. Заблудаўскія выданні неаднаразова перавыдаваліся Гарабурдам, Мамонічамі, друкарамі Святадухаўскага брацтва ў Вільні.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Ісаевич Я.Д. Першодрукар Іван Федоров і виникнення друкарства на Україні. Львів, 1975. С. 42—47;
Немировский Е.Л. Иван Федоров в Белоруссии. М., 1979;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989.
часопіс, орган Паўн.-Зах. аддзела рускага геагр.т-ва. Выдаваўся ў 1910—14 у Вільні на рус. мове. Выйшлі кн. 1—4. Рэдактар Дз.І.Даўгяла. Асвятляў дзейнасць аддзела, публікаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, геалогіі, археалогіі, гісторыі, геаграфіі і інш., змяшчаў рэцэнзіі і агляды л-ры. На старонках часопіса публікаваліся М.Я.Нікіфароўскі («Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, якія ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі», кн. 1—4), В.В.Іваноў («Сялянскае вяселле ў Віцебскай Беларусі», кн. 3), І.А.Сербаў («Па Дрыгавіцкай вобласці летам 1911 г.» і «Паездка па Палессі летам 1912 г.», кн. 3—4), М.Я.Белацаркавец [«Жніўныя песні ў Барысаўскім павеце (Мінскай губерні)», кн. 3], Б.Сцепанец [Ф.А.Кудрынскі («Сялянскае вяселле ў Паўднёвым Палессі», кн. 1)], Даўгяла («Да гісторыі Паўночна-Заходняга аддзела», кн. 1—2), Е.Р.Раманаў («Старажытныя рускія прыказкі», «Па Гродзенскім Палессі», «Альбом мастака Д.М.Струкава як вынік экспедыцыі па Паўночна-Заходнім краі ў 1864 г.», кн. 1—3), С.Ф.Дабранскі («Масонскія ложы ў Літве», і «Нарысы з гісторыі масонства ў Літве», кн. 2, 4) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎСССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ,
найбольш цяжкія злачынствы, якія пасягаюць на важнейшыя інтарэсы дзяржавы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь падзяляюцца на асабліва небяспечныя і іншыя. Асабліва небяспечнымі закон прызнае дзеянні (або бяздзеянні), якія накіраваны на звяржэнне, падрыў або паслабленне дзярж. ладу Рэспублікі Беларусь, на шкоду яе суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Да іх адносяцца здрада дзяржаве, змова з мэтай захопу дзярж. улады, шпіянаж, тэрарыстычныя акты, дыверсія, заклікі да звяржэння або змены канстытуцыйнага ладу дзяржавы або на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., прапаганда вайны, арганізацыйная дзейнасць, накіраваная на ўчыненне асабліва небяспечных З.дз., а таксама ўдзел у антыдзярж. арг-цыі. Да інш. З.дз. адносяцца парушэнне нац. і расавага раўнапраўя, выдаванне дзярж. тайны, страта дакументаў, якія змяшчаюць дзярж. тайну, перадача замежным арг-цыям звестак, якія складаюць службовую тайну, бандытызм, кантрабанда, масавыя беспарадкі, ухіленне ад прызыву на ваен. службу, мабілізацыі, выканання ў ваен. час павіннасцей ці выплаты падаткаў, незаконнае перасячэнне дзярж. граніцы, парушэнне правіл міжнар. палётаў, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, пашкоджанне шляхоў зносін і трансп. сродкаў, валютныя злачынствы і інш. За асабліва небяспечныя З.дз. (здрада, шпіянаж, дыверсія, бандытызм і інш.) суд можа назначыць смяротную кару. За некаторыя З.дз. прадугледжана пазбаўленне волі на непрацяглыя тэрміны, а ў некаторых выпадках — папраўчыя работы.