ЛАГРА́НЖА ЎРАЎНЕ́ННІ ў механіцы,
ураўненні руху мех. сістэмы, у якіх яе стан вызначаецца незалежнымі параметрамі, т. зв. абагульненымі каардынатамі. Атрыманы Ж.Л.Лагранжам (1760).
Для галаномных сістэм (гл. Сувязі механічныя) Л.ў. 2-га роду маюць выгляд
, дзе
— функцыя Лагранжа, — кінетычная і — патэнцыяльная энергіі сістэмы, qi — абагульненыя каардынаты і
— абагульненыя імпульсы сістэмы, Qi — абагульненыя сілы, i = 1, 2, ..., n, n — лік ступеней свабоды мех. сістэмы. Л.ў. выкарыстоўваюцца для вывучэння мех. руху і інш. працэсаў у фізіцы, электратэхніцы, аўтаматыцы і інш. Гл. таксама Аналітычная механіка.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́СА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі Δu(x, y, z) = 0, дзе Δ — Лапласа аператар, u(x, y, z) — шуканая функцыя. Уведзена П.Лапласам (1782) у працах па нябеснай механіцы і тэорыі гравітацыйнага патэнцыялу.
Да Л.ў. зводзіцца шэраг задач фізікі і тэхнікі, напр., яго задавальняе т-ра пры стацыянарных працэсах, патэнцыял эл.-статычнага поля па-за межамі зарадаў, гравітацыйны патэнцыял па-за межамі прыцягальных мас. У прамавугольных дэкартавых каардынатах яно мае выгляд
, дзе x, y, z — незалежныя пераменныя Рашэнні Л.ў., якія маюць неперарыўныя частковыя вытворныя да 2-га парадку ўключна, наз. гарманічнымі функцыямі.
А.А.Гусак.
т. 9, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Створаны ў 1989 у г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 115 м², каля 400 экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў крамянёвыя прылады працы, наканечнікі стрэл 3—2-га тыс. да н.э. з археал. помнікаў раёна; рэчы матэрыяльнай культуры (кросны, ступы, жорны і інш.), нац. касцюмы, вышыванкі 19 — пач. 20 ст.; дакументы і матэрыялы часоў грамадз. вайны, правядзення калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (партыз. рух, дзейнасць падполля, злучэнняў укр. і малдаўскіх партызан, узоры ўзбраення, пра воінаў-землякоў, у т. л. Героя Сав. Саюза М.П.Сыдзько, камандзіраў партыз. атрада І.А.Коласа, брыгады Лельчыцкай К.М.Дамброўскага і інш.); дакументы і матэрыялы пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё прам-сці і культуры нас. пунктаў раёна.
Дз.С.Жук.
т. 9, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНА,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 17 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 1,18 км², даўж. каля 3,9 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі каля 9 км. Пл. вадазбору 40 км². Паўн. ўсх. схілы катлавіны выш. 25—30 м (паўд.-зах. — 10—20 м), тэрасаваныя, парэзаныя ярамі глыб. 4—6 м, пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, у канцавых частках возера выш. іх да 0,2 м, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае. 4 астравы агульнай пл. 2,9 га, у паўн. ч. возера мелі. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 30 м. На ПнЗ выцякае ручай у воз. Ходцы, на схілах адзначаны крыніцы.
т. 9, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПНА,
возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км². Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.
т. 9, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
В.Р.Анціпаў.
т. 9, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЕ́ЦКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),
дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.
т. 9, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́ ФОНД,
сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн. га, або 33,9% тэр. рэспублікі.
т. 9, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)