СВІ́ТКА,

верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна. Бытавала ў беларусаў, рускіх, украінцаў да 1930-х г. На Пн Беларусі насілі С. прамога халатападобнага крою (спінка і пярэдняе крыссе прамыя), у цэнтр. раёнах — з адразной спінкай (ніжняя частка ў зборкі, пярэдняе крыссе прамое) і з неадразной спінкай, звужанай у таліі (ад проймы рукавоў зашывалі вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі фальбоны альбо фалды). Для Палесся характэрны С. з «вусамі» — вял. клінамі, ушытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам, пярэстымі пампонамі, вышыўкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчаты ў світках Вёска Вугляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРН (Severn),

1) рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 310 км (з эстуарыем 391 км), пл. бас. 21 тыс. км². Пачынаецца ў Кембрыйскіх гарах, цячэ пераважна па раўніне, упадае ў Брыстольскі зал. Атл. акіяна. Сярэдні расход вады каля 250 м³/с. Злучана каналамі з рэкамі Тэмза, Трэнт, Мерсі. Суднаходная ад г. Стаўрпарт. На С. — гарады Шрусберы, Вустэр, Глостэр, у эстуарыі — Ньюпарт, Кардыф.

2) Рака ў Канадзе. Даўж. 981 км, пл. бас. 101 тыс. км². Вытокі на Лаўрэнційскім узв., перасякае шэраг азёр (Дыр, Санды і інш.), упадае ў Гудзонаў зал. Каля вусця г. Форт-Северн.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙВА́Л, сайдавы кіт (Balaenoptera borealis),

млекакормячае сям. паласацікавых падатр. бяззубых кітоў. Пашыраны ў морах ад Арктыкі да Антарктыкі.

Даўж. цела дарослых самцоў да 18,8 м, самак да 21 м, маса да 16 т, даўж. нованароджанага 4—5 м. Афарбоўка спіны ад сінявата-чорнай да чорна-шараватай, бруха — ад шэрай да белай. Паднябенне вузкае, белае ці ружовае; па яго баках 300—400 чорных пласцін кітовага вуса выш. да 80 см. Корміцца ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, чароднымі рыбамі, напр. сайдай (адсюль другая назва). Нараджае 1 дзіцяня раз у 2 гады. Промысел забаронены з 1980.

Сейвал.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа для бесперапыннай рэгістрацыі ваганняў зямной паверхні пры землетрасеннях, выбухах і інш. з дапамогай сейсмографаў. Вылучаюць апорныя С.с. (рэгіструюць сейсм. сігналы на адлегласці да эпіцэнтра больш за 2 тыс. км) і рэгіянальныя С.с. (на адлегласці да 2 тыс. км). С.с. свету рэгіструюць землетрасенні па адзіным часе — сярэднім Грынвіцкім. У сусв. сетцы С.с. больш за 2 тыс. стацыянарных, у т. л. ў СНД — каля 350 станцый (адзіная сістэма назіранняў). На Беларусі — 1 апорная С.с. «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі і 3 рэгіянальныя: «Нарач», «Гомель» (в. Чонкі) і «Салігорск».

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́МЧАНКА Ігар Валянцінавіч (н. 21.7.1959, г. Гомель),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Гомельскі ун-т (1981), дзе і працуе (з 1989 дэкан, з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па оптыцы крышталёў і кампазіцыйных анізатропных матэрыялаў, нелінейнай оптыцы, акустаэлектроніцы. Развіў тэорыі распаўсюджвання і ўзаемадзеяння эл.-магн. і акустычных хваль у гіратропных асяроддзях з прасторавай і часавай перыядычнай структурай.

Тв.:

Объемные акустические волны в кристаллах во вращающемся электрическом поле. Мн., 1998 (разам з С.​А.​Хахомавым);

Electromagnetics of bi-anisotropic materials: Theory and applications. Amsterdam, 2001 (у сааўт.).

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯДО́ЛІ,

першае лісце раслін, што развіваецца ў семі на зародку, які яшчэ не дыферэнцыраваны. Па форме, анат. будове і функцыях часта адрозніваюцца ад сапраўднага лісця, што ўтвараецца на конусе нарастання парастка. У хваёвых некалькі С. (2—15), у двухдольных — 2, у аднадольных — 1. Пры надземным прарастанні С. зелянеюць і здольныя да фотасінтэзу (напр., фасоля), пры падземным з’яўляюцца сховішчам для пажыўных рэчываў (напр., дуб), у семі з эндаспермам падаюць пажыўныя рэчывы ў надземную ч. праростка (напр., злакі). Пасля прарастання С. захоўваюцца на расліне часам на працягу некалькіх месяцаў (віды мар’янніку, падалешніку, плюшчу).

В.​М.​Прохараў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЕ́НЯ Ігар Мікалаевіч (н. 22.11.1960, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (2001). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1983), працаваў у ім. З 1995 вучоны сакратар Аддзялення медыка-біял. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах касм. экалогіі чалавека, ролі псіхікі ў механізмах захворвання і выздараўлення, функцыян. рэзервах арганізма і шляхах іх мабілізацыі, карэкцыі парушэнняў жыццядзейнасці прыроднымі фактарамі.

Тв.:

Методологическое значение правила исходного состояния в физиологии и медицине // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 11;

Системно-кибернетический подход к проблеме социогенеза // Организация и управление. 2000. № 1;

Проблема субфебрилитета: (фундаментальные аспекты). Мн., 2002.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЮ́ТА Мікалай Піліпавіч (н. 17.12.1929, с. Верхняя Хорціца Запарожскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне электрасувязі. Канд. тэхн. н. (1966), праф. (1987). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1957). З 1969 у Бел. ун-це транспарту (у 1971—81 і 1988—90 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах сетак і сістэм эл. сувязі, тэорыі эл. ланцугоў, многаканальнай сувязі і перадачы дыскрэтнай інфармацыі на чыгунцы.

Тв.:

Автоматизированные рабочие места дистанций сигнализации и связи. М., 1994 (разам з Б.​А.​Макрыдзенкам, А.​М.​Семянютам);

Перадача дискретной информации на железнодорожном транспорте. М., 1999 (разам з У.​А.​Кудрашовым).

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНАЖА́ЦЬ,

зямельныя ўгоддзі, травяністую расліннасць якіх скошваюць на сена, сілас, сянаж, травяную муку, зялёную падкормку. Падзяляюцца на сеяныя (культурныя) і прыродныя. Прыродныя С. падзяляюцца на заліўныя (поймавыя), нізінныя (забалочаныя) і сухадольныя.

Поймавыя заняты ў асн. злакавым разнатраўем і асаковай расліннасцю; нізінныя даюць сена сярэдняй і нізкай якасці з-за перавагі ў травастоі раслін з сям. асаковых; для сухадольных С. характэрны разнатраўна-злакавая і разнатраўна-асакова-злакавая асацыяцыі, сена з іх сярэдняй і добрай якасці. Для паляпшэння прыродных С. найб. значэнне маюць сістэм. ўнясенне ўгнаенняў, барацьба з пустазеллем, своечасовае правядзенне ўкосаў, чаргаванне тэрмінаў скошвання па гадах (увядзенне сенажацезваротаў).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМКІН Аляксей Аляксандравіч (н. 23.9.1929, в. Крамянка Слаўгарадскага р-на, Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека. Д-р біял. н. (1994), праф. (1996). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1954). З 1957 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту Беларусі (з 1977 рэктар, з 1985 дэкан, з 2000 заг. кафедры). Навуковыя працы па вывучэнні механізмаў адаптацыі арганізма да фіз. нагрузак і яго рэзервовых магчымасцей пад уздзеяннем спарт. дзейнасці.

Тв.:

Физиологическая характеристика различных по структуре движения видов спорта. Мн., 1992;

Механизмы моторной адаптации юношеского организма к скоростно-силовым упражнениям // Мир спорта. 2000. №1.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)