ЦЭНТРАМЕ́РА (ад цэнтр + грэч. meros частка, доля), кінетахор,

участак храмасомы, які кантралюе яе рух да розных полюсаў клеткі на працягу дзялення — мітозу ці меёзу, месца, дзе прымацоўваюцца да храмасомы ніці (мікратрубачкі) верацяна дзялення. Мае выгляд ахраматычнай дэспіралізаванай перацяжкі. Адрозніваюць храмасомы з лакалізаванай Ц. і дыфузнай. Змена становішча Ц. ў пэўнай храмасоме — крытэрый выяўлення храмасомных перабудоў. Храмасомы без Ц. не здольныя ўдзельнічаць у мітозе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРУСІ́Т (ад лац. cerrusa бялілы), белая свінцовая руда,

мінерал класа карбанатаў, карбанат свінцу, PbCO3. Змяшчае да 77,5% свінцу, прымесі цынку, стронцыю, кальцыю, серабра.

Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае суцэльныя масы, зярністыя агрэгаты, скарынкі, нацёкі і ўкрапанікі, радзей крышталі. Бясколерны празрысты або снежна-белы. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 6,6 г/см³. Крохкі. Гіпергеннага паходжання. Руда на свінец. Радовішчы ў Аўстраліі, Намібіі, Балгарыі, Конга, ЗША, Расіі.

Цэрусіт.

т. 17, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́БІНГ (англ. tubing ад tube труба),

элемент зборнай канструкцыі (пераважна цыліндрычнай), што ўтварае і ўмацоўвае ўнутр. паверхню падземных вырабатак. Звычайна мае выгляд рабрыстага сегмента (жалезабетоннага, чыгуннага, стальнога або з вугальнай пластмасы), выгнутага адпаведна профілю вырабаткі. Адрозніваюць Ц. з бартамі (для балтовага злучэння іх паміж сабой) і без бартоў; прамежкі ў стыках запаўняюць расшыральным цэментам, свінцом ці метал. замазкай. Выкарыстоўваюць пры стварэнні шахтавых ствалоў і тунэляў.

Чыгунны цюбінг.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯСНІ́НА,

вузкая глыбокая даліна са стромкімі схіламі, выпрацаваная ракой у цвёрдых карэнных горных пародах або лёсах. Акрамя эразійнага, могуць мець тэктанічнае ці карставае паходжанне. Трапляюцца пераважна ў гарах, маюць V-падобную форму, часам схілы навісаюць над дном; глыб. ад некалькіх дзесяткаў або сотняў метраў да 1 км і больш. Нярэдка выкарыстоўваюцца для буд-ва ГЭС (напр., на р. Вахш у Таджыкістане).

Чэгемская цясніна на Каўказе.

т. 17, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́РА,

рака ў Чыцінскай, Іркуцкай абласцях і Якуціі (Расія), левы прыток р. Алёкма (бас. р. Лена). Даўж. 851 км, пл. бас. 87,6 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле хр. Кодар, цячэ па Чарскай катлавіне, перасякае хр. Кодар, утвараючы парог. Паводка з мая па верасень. Сярэдні расход вады 900 м³/с. Суднаходства на 416 км ад вусця. У бас. Ч. адзінае ў свеце радовішча чараіту.

т. 17, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́САЎ Аляксей Цімафеевіч (2.6.1915, в. Патапава Краснаярскага краю, Расія — 13.4.1973),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Краснаярскім аграпед. ін-це. Працаваў аграномам. Дылогія «Сказанне пра людзей тайгі» (раманы «Хмель», 1951—66; «Чорная таполя», 1969) пра падзеі, што адбываліся пераважна ў Сібіры ад паўстання дзекабрыстаў да рэв. 1917. Аўтар рамана «Дзень пачынаецца на Усходзе» (1949), зб-каў аповесцей і апавяд. «Ліка» (1959), «Шумейка» (1962), аповесці «Ластаўка» (1965) і інш.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЦВЁРТАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

рэспубліканскі дзярж. лад у Францыі ў 1946—58 (фактычна з 1944). Усталявалася пасля вызвалення Францыі ад ням.-фаш. захопнікаў (1944). У 1944—46 існаваў т.зв. часовы рэжым, з 24.12.1946 дзейнічала канстытуцыя, якая ўвяла ў краіне рэжым парламенцкай рэспублікі з абмежаванымі правамі прэзідэнта. Ч.р. вызначалася паліт. нестабільнасцю (змяніўся 21 урад). Спыніла існаванне пасля ўвядзення па ініцыятыве Ш. дэ Голя канстытуцыі Пятай рэспублікі (13.10.1958).

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НЫ ПЛО́СКІ ЛІША́Й,

хранічнае захворванне, якое характарызуецца высыпкай запаленчых плоскіх вузельчыкаў чырв. колеру з васковым бляскам на скуры, слізістых абалонках шчок і языка.

Высыпае на месцах згібаў перадплеччаў і праменезапясцевых суставаў, на паверхні галёнак, найчасцей бывае са свербам. У залежнасці ад клінічных праяў адрозніваюць разнавіднасці Ч.п.л.: кольцападобную форму, пузырыстую, спічастую і інш. Цягнецца з перыядамі паляпшэння і абвастрэння. Лячэнне тэрапеўт., мясцова — процізапаленчыя і процісвербныя мазі.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́К’Я, Сак’я,

старажытнаіндыйская алігархічная рэспубліка і племя на тэр. непальскіх тэраяў. Сталіца — г. Капілавасту. У 6 ст. да н.э. трапіла ў залежнасць ад Кашалы. Паводле падання, амаль усё племя Ш. было знішчана царом Кашалы Відудабхай. Да племя Ш. належаў заснавальнік будызму інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Шак’ямуні. Першыя яго паслядоўнікі, выхадцы з Ш., склалі пач. ядро будыйскай манаскай абшчыны, таму будыйскіх манахаў таксама наз. Ш.

т. 17, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́НАН (Shannon),

самая вялікая рака ў Ірландыі. Даўж. 368 км, пл. бас. 15,7 тыс. км². Цячэ па Цэнтр. раўніне цераз шэраг азёр (Лох-Ален, Лох-Ры, Лох-Дэрг і інш.). Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый (даўж. каля 100 км). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 200 м³/с. Суднаходная ад воз. Лох-Ален. 2 каналамі звязана з г. Дублін. ГЭС. Каля вусця марскі порт Лімерык.

т. 17, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)