род прэснаводных малюскаў кл. двухстворкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы. Жывуць у стаячых і з павольнай плынню вадаёмах, поўзаюць па грунце. На Беларусі 5 відаў: бяззубка звычайная (A. cygnea cygnea, найб. пашыраная), бяззубка выцягнутая (A. cygnea cellensis), бяззубка рыбіна (A. cygnea piscinalis), бяззубка качыная (A. cygnea anatina), бяззубка вузкая (Peeudanodonta complanata).
Ракавіна (даўж. да 20 см) з дзвюх авальных створак, злучаных эластычнай звязкай. Замковыя зубы адсутнічаюць (адсюль назва). Рухаюцца з дапамогай клінападобнай нагі. Орган дыхання — шчэлепы. Біяфільтраты, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі і іх рэшткамі. Раздзельнаполыя. Самка выношвае аплодненыя яйцы ў шчэлепах восень і зіму, вясной выходзяць лічынкі (глахідыі) і прымацоўваюцца да покрыва ў шчэлепах рыб, дзе да пераўтварэння ў дарослую асобіну вядуць паразітычны спосаб жыцця. Лічынкамі і моладдзю кормяцца рыбы. Корм для с.-г. Жывёл, ракавіны — сыравіна для галантарэйнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,
«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял.Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц.т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.
У.Д.Таранаў.
Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛАЎ (Герасім Васілевіч) (17.3.1905, в. Слізнёва Сыноўскага р-на Смаленскай вобласці — 8.4.1981),
бел. геолаг. Акад.АН Беларусі (1960; чл.-кар. з 1947). Д-р геолага-мінералагічных н. (1940), праф. (1937). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1929), працаваў у Маскве. З 1960 дырэктар Ін-та геал. навук АН Беларусі, з 1964 у Ін-це геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па гідрагеалогіі (хім. метад замацавання плывуноў), прыкладной геалогіі (разведка і адкрыццё радовішчаў калійных соляў і нафты на Беларусі), геатэрміі і інш.Дзярж. прэміі СССР 1947, 1952. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972 (разам з Л.А.Цыбулем і П.П.Атрошчанкам);
Гидродинамика и геотермия нефтяных структур. Мн., 1975 (у сааўт.);
Гидрогеология с основами инженерной геологии. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІСТЫ́ЧНАЯ РАКЕ́ТА,
ракета, траекторыя палёту якой складаецца з актыўнага і пасіўнага адрэзкаў шляху. На актыўным участку ракета рухаецца з дапамогай рухавіка і накіроўваецца спец. сістэмай кіравання, на пасіўным — па балістычнай крывой, як свабодна кінутае цела.
Да балістычных ракет адносяцца баявыя ракеты (у т. л. міжкантынентальныя), касмічныя (у т. л. ракеты-носьбіты), доследныя ракеты і інш. Бываюць адна- і шматступеньчатыя, кіроўныя і некіроўныя. Баявыя ракеты паводле прызначэння падзяляюцца на тактычныя, аператыўна-тактычныя і стратэгічныя. Аснашчаюцца ядз. або няядз. боегалоўкамі і рознымі сродкамі пераадолення проціракетнай абароны. Першыя баявыя балістычныя ракеты Фау-2 выкарыстаны Германіяй у 1944 у 2-ю сусв. вайну.
літоўскі бібліёграф і этнограф. У 1869—1918 працаваў у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. У працах «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, этнаграфіі і статыстыкі Літвы» (1891) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1891, і «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Літвы» (2-е выд., 1904) са спісам літоўскіх і стараж.-прускіх кніг, выдадзеных у 1553—1903, зафіксаваў больш за 20 тыс. кніг, артыкулаў, рэцэнзій пра Літву і літоўскі народ, шырока паказаны і працы па беларусазнаўстве (П.Баброўскага, М.Без-Карніловіча, М.Доўнар-Запольскага, П.Жуковіча, Я.Карскага, М.Каяловіча, А.Кіркора, М.Любаўскага, А.Сапунова, Я.Тышкевіча, Я.Чачота, П.Шпілеўскага і інш.). Аўтар этнагр. працы пра літоўскія вясельныя абрады (1877, на рус. мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.
Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІМІ́Я,
тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́КРЫФЫ (ад грэч. apokryphos таемны, запаветны),
мастацкія аповесці ў сярэдневяковых л-рах, сюжэтна звязаныя з Бібліяй, жыціямі святых, легендамі пра рай, пекла, канец свету. Забараняліся царквой як некананічныя. У дахрысц. і раннехрысц. часы апокрыфы лічылі кнігамі вял. мудрасці, глыбокі і патаемны сэнс якіх быў даступны не кожнаму. З пашырэннем ерасяў апокрыфамі сталі называць творы з ерэтычным ухілам. Царк. цэнзура складала індэксы «фальшывых» кніг, якія падлягалі знішчэнню. У перыяд Кіеўскай Русі на ўсх.-слав. землях шырокую вядомасць набылі апокрыфы пра стварэнне Богам Адама, пра цара Саламона, «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» (у бел. апрацоўцы 15—16 ст. — «Аб дванаццаці пакутах»), «Страцім-птушка», апакрыфічныя евангеллі Іакава, Фамы, Нікадзіма. У апокрыфах адлюстраваліся нар. ўяўленні эпохі феадалізму пра светаўладкаванне, пошукі праўды і дабра. Апокрыфы паўплывалі на некаторыя жанры бел. фальклору (казкі, духоўныя вершы). Матывы апокрыфаў выкарыстоўваў М.Багдановіч («Апокрыф», «Страцім-лебедзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗАВА́НЫ НАБО́Р РАБО́ЧЫХ,
планавае міжгаліновае і тэрытарыяльнае пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў у б.СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі для забеспячэння патрэб нар. гаспадаркі ў рабочай сіле і для працаўладкавання грамадзян. Ажыццяўляўся спец.дзярж. органам. Рабочыя арганізаванага набору мелі льготы, накіроўваліся пераважна на новабудоўлі. З Беларусі да 1941 па арганізаваным наборы рабочых накіравана 1 млн. 629 тыс.чал. (пераважна сельскага насельніцтва) на лесанарыхтоўкі, у рыбную прам-сць, у Данбас, на будоўлі Масквы, Ленінграда і інш. За 1944—76 арганізаваны набор рабочых склаў 588,4 тыс.чал., найб. інтэнсіўны ён быў у 1950—53. У 1956—66 з БССР на асваенне цалінных зямель накіравана больш за 48 тыс. сем’яў (каля 179 тыс.чал.). У 1961—71 штогодні набор зменшыўся больш як у 5 разоў. З фарміраваннем рыначнай эканомікі забеспячэнне нар. гаспадаркі рабочай сілай адбываецца праз рынак працы.