КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс.нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАНО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (н. 8.1.1911, г. Новы Буг Мікалаеўскай вобл., Украіна),
украінскі паэт, літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1962), праф. (1963). Скончыў Харкаўскі ін-тпрафес. асветы (1933). У 1940—41 і 1949—87 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Друкуецца з 1928. У зб-ках вершаў «Энергія» (1930), «Дні, дарогі, сябры» (1934), «Калінавы мост» (1940), «Яшчэ не вечар» (1961), «Формула шчасця» (1970), «Далягляд» (1980), «Летапіс» (1991) і інш. паэтызацыя чалавечых пачуццяў, прыроды. Аўтар літ.-знаўчых прац, прысвечаных класікам нац. л-ры («У жыцці маім да ўсяго маю справу...» і «Урокі Паўло Тычыны»; абодва 1979; Рэсп. прэмія імя А.Білецкага 1980). Быў знаёмы з Я.Купалам, яму прысвяціў паэт. творы, успаміны, літ.-крытычныя артыкулы. На ўкр. мову пераклаў асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Валасевіч, М.Калачынскі, П.Місько.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́ДАЎ (сапр. Вальфензон) Леанід Міронавіч
(3.6.1873, г. Адэса, Украіна — 6.8.1941),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1936). Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1939). Вучыўся ў Маскоўскім імператарскім тэатр. вучылішчы (1895—96). З 1903 у трупе МХАТ. З 1935 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва імя Луначарскага. У творчасці прапагандаваў сістэму К.Станіслаўскага. Трагедыйны акцёр. Сярод роляў: Плюшкін («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Дзмітрый Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена) і інш. Зняўся ў кінафільмах «Крылы халопа» (1926), «Габсек» (1937) і інш. З выпускнікоў курса Л. створаны Гомельскі абл.рус.драм.т-р (1939—41). Падрыхтаваў з імі ў час вучобы спектаклі: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Рэвізор» Гогаля, «Чайка» А.Чэхава, «Васа Жалязнова» Горкага і інш.
Тв.:
Воспоминания, статьи, беседы, записные книжки. М., 1960.
Літ.:
Любимов Н. Былое лето: Из воспоминаний зрителя. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),
польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязень фаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксама сатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.Арлоў.
Тв.:
Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;
Бел.пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;
Рус.пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЭ (сапр.Мойся) Іван Лявонавіч
(21.3.1895, с. Прыдняпроўскае Чаркаскай вобл., Украіна — 9.10.1978),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це (1923—26). Друкаваўся з 1914. Кнігі апавяданняў і нарысаў «Будні» (1926), «Юхім Кудра» (1927), «Святагоры» (1938) пра грамадз. вайну, сацыяліст. перамены ў вёсцы ў 1920—30-я г. і іх уплыў на духоўнасць чалавека. У раманах «Раман міжгор’я» (кн. 1—2, 1929—34), «Гісторыя радасці» (1938), «Паўднёвы Захад» (з А.Лявадам, 1950), гіст. дылогіі «Налівайка» (1940) і «Хмяльніцкі» (кн. 1—3, 1957—65; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1967), шматлікіх аповесцях перадваен. будні, гераічнае змаганне ўкр. народа ў гады ваен. ліхалеццяў. У яго творах спалучэнне элементаў публіцыстыкі, аўтабіяграфізму, лірычнасць. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Р.Бахта, П.Кавалёў, В.Каваль, Л.Салавей, В.Сташэўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Сцяпан Восіпавіч) (8.1.1849, г. Мікалаеў, Украіна — 13.4.1904),
расійскі флатаводзец, акіянограф, палярны даследчык, вынаходнік. Віцэ-адмірал (1896). Скончыў марское вучылішча ў Нікалаеўску-на-Амуры (1865). З 1869 на Ціхаакіянскім, з 1871 на Балтыйскім, з 1876 на Чарнаморскім флоце. З 1881 даследаваў марскія цячэнні ў праліве Басфор. У 1886—89 на карвеце «Віцязь» і 1894—96 ажыццявіў 2 кругасветныя падарожжы. У 1898—99 і 1901 на першым у свеце ледаколе «Ярмак», пабудаваным паводле яго праекта, вёў даследаванні ў Арктыцы. На пач.рус.-яп. вайны 1904—05 камандаваў Ціхаакіянскай эскадрай у Порт-Артуры, загінуў на браняносцы «Петрапаўлаўск», які падарваўся на міне. Аўтар прац па ваен.-марской тактыцы, караблебудаванні, артылерыі, міннай справе, гідраграфіі. За працу «Віцязь» і Ціхі акіян» (т. 1—2, 1894) прэмія Пецярбургскай АН і залаты медаль Рус.геагр.т-ва.
Літ.:
Деятельность вице-адмирала С.О.Макарова в судостроении: [Очерки]. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМЕ́ЙКА (Мікалай Аляксеевіч) (17.6.1870, с. Валашноўка Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 14.4.1941),
украінскі гісторык права. Чл.-кар.АН УССР (1925), д-р гісторыі права (1914). Скончыў Кіеўскі ун-т (1892). Дацэнт, праф. гісторыі рус. права Харкаўскага ун-та (1897—1920) і інш.ВНУ Харкава (1920—26), адначасова ў камісіі па вывучэнні гісторыі зах.-рус. і ўкр. права АН УССР, чл. гэтай камісіі да 1940. Вывучаў гісторыю права Стараж. Русі і ВКЛ, у т. л. праблемы ўплыву норм польск. права на заканадаўства Беларусі, Літвы, Украіны 14—16 ст. У працы «Крыніцы крымінальных законаў Літоўскага Статута» (1894) адзначаў кіруючую ролю «рускага права» ў фарміраванні прававых норм Статутаў ВКЛ 16 ст.
Тв.:
Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902;
Опыт критического исследования Русской Правды. Вып. 1. Харьков, 1914;
Система Руської Правди в її поширеній редакцїї. Київ, 1926;
Інтерполяції в тексті поширеної Руської Правди. Київ, 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛКІН (Барыс Яўсеевіч) (26.1.1908, г. Прылукі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1972),
бел. мастак тэатра, графік. Скончыў Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва (1929). У 1929—36 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі. Аформіў спектаклі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К.Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Позняе каханне» А.Астроўскага (усе 1944), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Пані міністэрша» Б.Нушыча (1956), «Востраў Афрадыты» А.Парніса (1960); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Ірынка» К.Чорнага (1941); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Аб сябрах-таварышах» У.Маса і М.Чарвінскага (1948), «Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні і «Шалёныя грошы» Астроўскага (абодва 1951), «Ад казкі да казкі» (1970). Аўтар ілюстрацый да паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай» (1936), зб. «Выбраныя творы» Цёткі (1967), серый «Па слядах вайны» (1942—44), «Цырк» (1960-я г.), «Рыга» (1962), і інш.
Б.Малкін. Ілюстрацыя да зб. «Выбраныя творы» Цёткі. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЬШЫН (Геральд Рыгоравіч) (н. 5.8.1937, г.п. Фрунзе Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-ртэхн.н. (1983), праф. (1986). Скончыў Кіеўскі ін-тінж. грамадзянскай авіяцыі (1961). З 1970 вучоны сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. навук, з 1974 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН Беларусі, адначасова з 1985 у Ваен. акадэміі Беларусі. З 1993 прэзідэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Навук. працы па тэорыі аналізу і сінтэзу складаных комплексаў «чалавек-машына», метадах і сродках забеспячэння якасці і надзейнасці эргатычных сістэм, метадах аўтаматызацыі эрганамічнага праектавання складаных сістэм, сродках кантролю і кіравання функцыянальным станам чалавека-аператара. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Управление режимами профилактик сложных систем. Мн., 1976;
Методы профилактического обслуживания эргатических систем. Мн., 1983 (разам з Я.Ю.Барзіловічам, В.Ф.Васкабоевым);
Обеспечение качества функционирования автоматизированных систем. Мн., 1986 (разам з С.В.Кірпічом).