ЖАБЯНЦЯ́ЕЎ (Аляксандр Ільіч) (н. 6.8.1944. в. Мядзвёдка Віцебскага р-на),
бел. вучоны ў галіне аналітычнай і таксікалагічнай хіміі. Д-р фармацэўтычных навук (1989), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1966). З 1978 працуе ў ім. Навук. працы па распрацоўцы новых спосабаў кантролю за якасцю лекавых сродкаў.
Тв.:
Фотометрия азотсодержащих лекарственных веществ с применением кислотных красителей (разам з А.П.Арзамасцавым) // Фармация. 1993. № 5;
Химико-аналитические свойства флуоресцирующих ассоциатов этония с галогенопроизводными флуоресцеина (разам з А.К.Жарнасекам) // Весці АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1996. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА ПРА́ЎДУ»,
газета. Выдавалася 24.2—29.6.1944 у Навагрудку на бел. мове пры падтрымцы і пад кантролем герм. улад у перыяд акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі. Змяшчала інфармацыю пра падзеі на франтах 2-й сусв. вайны, распараджэнні акупац. улад, пастановы Бел.цэнтр. рады, прамовы лідэраў бел. арг-цый, пісала пра дзейнасць Бел.нар. самапомачы, Саюза бел. моладзі, барацьбу супраць партызан. Сярод публікацый — нарысы па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, паэт. і празаічныя творы А.Каханоўскай, Т.Лебяды, А.Чэмера, Я.Шыпшыны і інш. Выйшла 37 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЕ І ЎНУ́ТРАНАЕ,
узаемазвязаныя філасофскія катэгорыі, у якіх знешняе адлюстроўвае ўласцівасці прадмета як цэлага і спосабы яго ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, а ўнутранае — будову самога прадмета, яго склад, структуру і сувязі паміж элементамі. У працэсе пазнання знешняе перадае паверхневы бок прадмета, даступны пачуццям, або рэчаіснасць, што існуе па-за прадметамі; унутранае — тое, што схавана ад непасрэднага назірання і можа быць выяўлена тэарэт. даследаваннем. Узаемасувязь З. і ў. выступае як рух ад знешняга да ўнутранага, ад назіраемага да нябачнага, але мысленнага; прычым унутранае раскрываецца праз знешняе.
англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс.г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м.Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯШЧА́СНЫ ВЫ́ПАДАК у працоўным праве, пашкоджанне здароўя работніка пры выкананні ім прац. абавязкаў або пры інш. акалічнасцях, вызначаных заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны сумесна з прадстаўнікамі прафсаюзаў своечасова і правільна праводзіць расследаванне (пры неабходнасці з удзелам прадстаўнікоў інш. органаў) і весці ўлік Н.в. на вытв-сці. Па запатрабаванні пацярпелага наймальнік абавязаны выдаць яму акт аб Н.в. не пазней як праз 3 дні пасля заканчэння расследавання. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работніку калецтвам або інш. пашкоджаннем здароўя, якія звязаны з выкананнем ім прац. абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).
Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРА́ДЧЫК,
юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́ЛАВАННЕ,
адмена або змякчэнне крымін. пакарання. З’яўляецца адным з асн. канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы амаль ва ўсіх краінах свету. Уяўляе сабой акт індывід. міласэрнасці да асобы, асуджанай судом за ўчыненне якога-н. (звычайна цяжкага) злачынства. Прымяненне П. можа быць матывавана па-рознаму (чыстасардэчнае раскаянне, проста з меркавання гуманнасці і інш.). Найчасцей у выніку П. найб. суровыя меры пакарання (напр., смяротная кара) замяняюцца на больш мяккія. З асобы, якая адбыла пакаранне, актам П. можа быць знята судзімасць. У Рэспубліцы Беларусь права П. належыць Прэзідэнту дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУЛА́К (Portulaca),
род кветкавых раслін сям. партулакавых. Больш за 100 (паінш. звестках, каля 200) відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. На Беларусі 1 від — П. агародны (P. oleracea) — амаль касмапалітнае пустазелле. Трапляецца на палях, засмечаных месцах, уздоўж дарог. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны П. буйнакветны (H.grandiflora).
Адна- ці шматгадовыя мясістыя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, сядзячае. Кветкі пераважна дробныя, адзіночныя або ў пазушных пучках, двухполыя. Плод — каробачка. Аднагадовы П. агародны ўжываецца ў ежу як салата. Харч., лек. і дэкар. расліны.