прыродны геагр. пояс у Паўн. паўшар’і паміж умераным поясам і арктычным поясам, у межах ад 60—65° да 67—73°паўн. ш. Межы вызначаюцца сезоннымі перамяшчэннямі атм. фронту, што раздзяляе паветра арктычнае і ўмераных шырот; а таксама напрамкам цёплых і халодных цячэнняў, пашырэннем сезонных ільдоў. Клімат халодны. Сярэднія т-ры студз. на мацерыках і астравах ад -5 °C да -40 °C, ліп. 5—12 °C. Летам пераважаюць зах. перанос паветраных мас умераных шырот і цыклоны, зімой — арктычнае паветра і антыцыклоны. Ападкаў 300—500 мм за год. Снегавое покрыва 8 месяцаў. Характэрны шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу; моцная забалочанасць. Вегетац. перыяд 2—3 месяцы. На Пн пояса — тундравая зона, на Пд — лесатундравая зона. У паўн.-амер. і еўрап.-азіяцкім С.п. вылучаюць па 2 прыакіянічныя і па 1 кантынентальнаму сектару. Значная ч. акіянскай прасторы ў С.п. замярзае, воды халодныя (10—5 °C), маюць высокую біял. прадукцыйнасць (вял.колькасць планктону, рыб і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УДЗЕ́ЛЬНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя сялян у Рас. імперыі, якія належалі імператарскай сям’і ці асобным яе членам, даходы ад эксплуатацыі якіх ішлі на ўтрыманне імператарскай фаміліі (гл.Удзельныя землі). Паводле прававога статусу, асабістых і маёмасных правоў займалі прамежкавае становішча паміж прыватнаўласніцкімі і дзярж. сялянамі. Разрад У.с. з’явіўся ў 1797, яны падпарадкоўваліся Дэпартаменту ўдзелаў (з 1826 у складзе мін-ва імператарскага двара). У.с. Беларусі падпарадкоўваліся Смаленскай удзельнай экспедыцыі (з 1808 Смаленскай удзельнай канторы). У склад У.с. Беларусі ўвайшла частка сялян б. Магілёўскай, Полацкай, Віцебскай дзярж. эканомій. У 1800 колькасць У.с. у Віцебскай і Магілёўскай губ. — 2313 душ мужч. і 2344 жаночага полаў. Яны мелі даволі высокі ўзровень землезабяспечанасці (на рэвізскую душу ў Віцебскай губ. ў сярэднім прыпадала 3,32, у Магілёўскай — 10,64 дзес. зямлі). У выніку т.зв. Сімбірскай абменнай аперацыі 1835—36 У.с. Беларусі перададзены ў казённае ведамства.
Літ.:
Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст.Мн., 2000.
«Эспаса» (Enciclopedia Universal llustrada Europeo-Americana), адна з самых вялікіх універсальных энцыклапедый свету, якая сваім зместам і мовай арыентавана перш за ўсё на іспанамоўныя краіны. 1-е выд. (т. 1—70, 1908—30) выпускалася выд-вам «Эспаса-Калпе» ў розных гарадах Іспаніі (Більбао, Мадрыд, Барселона). У 1930—33 выйшаў 10-томны Дадатак, з 1934 выдаюцца таксама Штогадовыя дадаткі. З 1970-х г. друкуецца без змен 2-е выд. «Эспасы». Цалкам перапрацоўваецца і кожнае 10-годдзе перавыдаецца толькі 21-ы том, прысвечаны Іспаніі. Адрозніваецца ад інш. выданняў выключна багатым рэестрам, тэматычным ухілам у сацыягуманіт. веды па гісторыі, л-ры, мастацтве Іспаніі і іспанамоўных краін, вял. колькасцю біягр. артыкулаў, багаццем бібліягр. звестак, сумяшчэннем у артыкулах энцыклапедычных і моўных ведаў (кожны артыкул змяшчае этымалогію слова, эквіваленты да яго на франц., англ., ням., італьян., партуг., каталонскай мовах і эсперанта). Колькасць кароткіх артыкулаў-даведак нязначная, большасць з іх мае аглядны характар. Энцыклапедыя добра ілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.
Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл.Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл.Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.
Літ.:
Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУКО́ЦКА-КАМЧА́ЦКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў насельніцтва Чукоцкага п-ва і Камчаткі. Часам іх адносяць да сям’і палеаазіяцкіх моў. Уключаюць: чукоцкую, каракскую, алюторскую, керэкскую, ітэльменскую мовы. Падзяляюцца на 2 групы: чукоцка-каракскую і ітэльменскую, межы і адносіны паміж якімі канчаткова не высветлены. У фанет. сістэмах Ч.-к.м. невял. колькасць зычных, пераважаюць санорныя; характэрная рыса вакалізму — сінгарманізм. Адносяцца да аглюцінатыўных моў прэфіксальна-суфіксальнага тыпу з наяўнасцю разрыўных афіксаў, з аднатыпнай па структуры сістэмай скланення і спражэння; у некат. мовах захаваўся падвойны лік; у пэўных сінтакс. пазіцыях назоўнікі змяняюцца па асобах. У сінтаксісе проціпастаўляюцца намінатыўныя і эргатыўная канструкцыі, пашыраны дзеепрыслоўныя і дзеепрыметныя звароты, могуць утварацца сінтакс. карпаратыўныя комплексы. Багатая сістэма словаўтварэння. У лексіцы запазычанні з рус. моў. Чукоцкая і каракская мовы маюць пісьменнасць, створаную ў 1931 на аснове лац., з 1936 — на аснове рус. графікі.
Літ.:
Скорик П.Я. Чукотско-камчатские языки // Языки народов СССР. Л., 1968. Т. 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА,
назва спісаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Змяшчае кароткія дакумент. звесткі пра біял. іх асаблівасці, пашырэнне, прычыны скарачэння колькасці, меры аховы і інш.
Збор звестак пра рэдкія і знікаючыя віды пачаты ў 1949 Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, у 1966 выдадзены тамы «Чырвонай кнігі фактаў» («Red Data Book»), колькасць відаў у якой штогод мяняецца. Для дыферэнцыраванага падыходу ў планаванні ахоўных мерапрыемстваў распрацавана спец. шкала, паводле якой усе віды падзяляюць на 5 катэгорый у залежнасці ад стану папуляцыі. Занясенне ў Міжнар. Ч.к. пэўнага віду азначае сусв. прызнанне неабходнасці паўсядзённага клопату аб яго захаванні, таму кожная краіна, на тэр. якой трапляецца такі від, нясе маральную адказнасць за яго захаванне. У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты па ахове асобных відаў, выдаюцца афіц. спісы ахоўных відаў, зборнікі кароткай навук. дакументацыі пра іх умоўна наз.нац. Ч.к. (Аўстралія, ЗША, Швецыя, Японія, Расія, Беларусь; гл.Чырвоная кніга Беларусі), Чырвонымі спісамі (Германія), спісамі рэдкіх і знікаючых раслін (ЗША, Аўстралія, Калумбія, Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА БЕЛАРУ́СІ,
афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін на тэр. Беларусі, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Засн. ў 1979. Выдае кнігу Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 — ахоўных раслін. У 2-е выданне (1993) уключаны 182 віды жывёл, у т. л. млекакормячых 14 відаў, птушак 75, паўзуноў 2, земнаводных 1, рыб 5, насякомых 79, ракападобных 5, двухстворкавых малюскаў 1 від; раслін 180, грыбоў 17, лішайнікаў 17 відаў. Для кожнага віду прыведзены бел., рус. і лац. назвы, статус аховы, пашырэнне, месцы пражывання (росту), колькасць (трапляльнасць) у прыродзе, звесткі пра размнажэнне і феналогію, прычыны змены колькасці, магчымасць развядзення (вырошчвання) у няволі (у культуры), прынятыя і неабходныя меры аховы, крыніцы інфармацыі. Рыхтуецца 3-е выданне Ч.К.Б. ў 2 тамах, у якое плануецца ўключыць каля 330 відаў раслін і 200 — жывёл.
Літ.:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАПО́ЕЗД,
разнавіднасць маторвагоннага рухомага саставу, маторныя вагоны якога абсталяваны цягавым прыводам і выконваюць функцыю лакаматыва; атрымліваюць энергію ад эл. сеткі праз токапрыёмнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна на прыгарадных участках чыгунак з вял. патокам пасажыраў і ў метрапалітэнах.
У склад Э. акрамя маторных уваходзяць прычапныя вагоны (з іх 2 галаўныя). Колькасць вагонаў найчасцей ад 4 да 12, з іх маторнымі (самарухальнымі) могуць быць усе (як у метрапалітэне) або частка іх. Ёсць Э., цягавыя рухавікі якіх на неэлектрыфікаваных участках пуці сілкуюцца ад акумулятарных батарэй (маторвагонны састаў з дызельнымі рухавікамі — дызель-поезд). У галаўных вагонах Э. ёсць кабіны для машыністаў, абсталяваныя вымяральнай апаратурай і прыладамі кіравання. Пашыраны матор-вагоны ЭР2 (пастаяннага току) і ЭР9П (пераменнага току).
У Мінскім метрапалітэне выкарыстоўваюцца матор-вагоны тыпу 81-717 і 81-714 (умяшчальнасць да 254 чал., макс. скорасць да 100 км/гадз). На чыгунках Беларусі Э. (электрычкі) выкарыстоўваюцца на ўчастках паміж Мінскам і Брэстам, Оршай, Маладзечнам, Асіповічамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ЛІЗ (ад электра... + грэч. lysis распад, растварэнне),
хімічныя рэакцыі, якія працякаюць пад дзеяннем электрычнага току на электродах, утопленых у раствор, расплаў або цвёрды электраліт. У эл. полі дадатна зараджаныя іоны (катыёны) рухаюцца да катода, адмоўна зараджаныя (аніёны) — да анода. На катодзе адбываецца аднаўленне, на анодзе — акісленне іонаў або малекул, якія ўваходзяць у састаў электраліту. Колькасць рэчываў, што ўтвараюцца на электродах, і эл. зарад, які праходзіць праз электраліт, звязаны Фарадэя законамі.
Звычайна Э. ажыццяўляюць у электралізёрах. З дапамогай Э. ажыццяўляюць рэакцыі акіслення і аднаўлення з вял. выхадам і высокай селектыўнасцю, якія ў звычайных хім. працэсах цяжка дасягальныя. Гэта дазваляе выкарыстоўваць Э. для прамысл. атрымання і ачысткі многіх рэчываў. Напр., Э. водных раствораў атрымліваюць і ачышчаюць медзь, цынк, кадмій, нікель і інш. металы. Э. расплаваў — атрымліваюць алюміній, натрый, літый, кальцый і інш. Э. выкарыстоўваюць таксама ў гальванатэхніцы, электрасінтэзе і інш.
Літ.:
Фиошин М.Я., Павлов В.Н. Электролиз в неорганической химии. М., 1976;
Фиошин М.Я., Смирнова М.Г. Электрохимические системы в синтезе химических продуктов. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТРАГЕ́НЫ (ад новалац. oestros цечка + ...ген),
жаночыя палавыя гармоны. Сінтэзуюцца ў жан. і мужч. арганізме: яечніках, плацэнце, семянніках, семянных семявых* пузырках, кары наднырачнікаў, нырках, печані, тлушчавай тканцы. Асн. Э. — эстрадыёл (найб. актыўны), таксама яго вытворныя — эстрон і эстрыёл. Сакрэцыю Э. стымулюе фалікуластымулявальны гармон.
Паводле хім. будовы — стэроіды. Дзейнічаюць на рэцэптары ў клетках маткі, похвы, яечнікаў, малочных залоз, гіпофіза і інш., павялічваюць сінтэз нуклеінавых к-т, бялку. Удзельнічаюць у фарміраванні першасных і другасных палавых прыкмет, забяспечваюць рэпрадуктыўны працэс і інш.Колькасць Э. у крыві жанчын цыклічна мяняецца (дасягае максімуму перад авуляцыяй). У самак птушак Э. ўплываюць на форму і афарбоўку пер’я. Эстрагеннай актыўнасцю валодаюць некат. рэчывы расл. паходжання (фітаэстрагены), напр., флаваноіды. Атрыманы сінт. Э. нестэроіднай структуры — сінэстрол і інш. Увядзенне Э. кастрыраваным самкам жывёл выклікае цечку. У медыцыне выкарыстоўваюцца пры недахопе іх у арганізме (напр., слабасць родавай дзейнасці), для гармонатэрапіі раку прастаты, малочнай залозы.