МІЛАВІ́ДАЎ (Ігар Мікалаевіч) (18.4.1910, в. Падгароддзе Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1984),
генерал-лейтэнант артылерыі (1966). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1941) і Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял.Айч. вайну на Зах., Волхаўскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіі, камандзір артыл. палка, камандуючы артылерыяй дывізіі. Удзельнік Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Уманскай, Яска-Кішынёўскай, Будапешцкай і Венскай аперацый. Да 1969 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
возера на тэр. дзяржавы Нікарагуа, буйнейшае ў Цэнтр. Амерыцы. Пл. 8430 км², даўж. да 160 км, шыр. да 70 км, глыб. да 70 м, узровень вагаецца па сезонах года. Размешчана ў тэктанічнай упадзіне — грабене на выш. 32 м. Злучана р. Тыпітапа з воз. Манагуа, сцёк па р. Сан-Хуан у Карыбскае м. (магчыма, у старажытнасці Н. было яго залівам, бо захавалася марская фауна). Берагі нізкія, на в-ве Аметэпе аднайм. вулкан (выш. 1556 м). Суднаходства, рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МУЛЬ (Coregonus autumnalis),
прахадная рыба роду сігаў сям. ласасёвых. Пашыраны ў бас.Паўн. Ледавітага акіяна (акрамя р. Об). У воз. Байкал — эндэмічны азёрна-рачны падвід О. байкальскі (C.a. migratorius), які мае 3 расы: ангарскую, селенгінскую і чывыркуйскую (па назвах рэк).
Даўж. да 64 см, маса да 3 кг (у О. байкальскага даўж. да 45 см, маса да 1,5 кг). Корміцца ракападобнымі, інш. беспазваночнымі, маляўкамі і ікрой рыб. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЛІСА, Оплеса,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 16 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1 км, найб.шыр. 560 м, найб.глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 2,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 7—12 м, разараныя, на У пад хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, месцамі забалочаныя. Упадае ручай з воз. Глыбошчына, выцякае ручай у р. Друйка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,
геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс.г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-БАЙКА́ЛЬСКАЕ НАГО́Р’Е У Прыбайкаллі, на ПнУ ад воз. Байкал, у Іркуцкай вобл. і часткова ў Бураціі. З Пд абмежавана Верхнеангарскім хрыбтом, на ПнЗ уступам выш. 1000—1200 м абрываецца да Сярэднесібірскага пласкагор’я, далінай р. Віцім аддзелена ад Патамскага нагор’я. Выш. да 2578 м (г. Іняптук). Сістэма сярэднягорных масіваў і высакагорных хрыбтоў (Верхнеангарскі, Сыныр), падзеленых вузкімі далінамі. Шматгадовая мерзлата. Днішчы далін і ніжнія схілы ўкрыты хваёвымі і лістоўнічнымі лясамі, вышэй — рэдкалессі і горная тундра. Радовішчы слюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ДЗВІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
штучны водны шлях на тэр. Валагодскай вобл. Расіі, які злучае Волга-Балтыйскі водны шлях (Шэкснінскае вадасх.) з р. Сухана (бас.р.Паўн. Дзвіна). Пабудаваны ў 1828, перабудаваны ў 2-й пал. 19 і пач. 20 ст. Складаецца з участкаў рэк Поздышка, Іткла, Парозавіца і Сухана і 7 азёр, у т. л.воз. Кубенскае, з якога выцякае р. Сухана. Даўж. ад прыстані Дзевяты (Волга-Балтыйскі водны шлях) да вытоку р. Сухана 130 км; 7 шлюзаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗНА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. У бас.р. Ушача, за 21 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,15 км², даўж. 490 м, найб. шырыня 430 м, найб.глыб. 32,5 м, даўж. берагавой лініі 1,55 км. Пл. вадазбору 0,5 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на ПнЗ — 5 м), спадзістыя, пад лесам. Берагі абрывістыя, пясчаныя. Дно да глыб. 7—9 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Празрыстасць 4,2 м. Выцякае ручай у воз. Царкавішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),
вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн.г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.
Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСУ́ЕЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 19 ст. ў в. Псуя Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Закладзены на беразе воз. Псуя. Парк эканам. тыпу. Вял. пладовы сад у выглядзе алей з дэкар. групамі ўнутры з трох бакоў абмежаваны ахоўнымі прысадамі. З чацвёртага боку прымыкае пейзажны ўчастак парку, тут стаяў сядзібны дом (не захаваўся). Растуць рэдкія пароды дрэў: піхты сібірская і бальзамічная, елкі канадская і калючая (форма блакітная), хвоя чорная, лістоўніцы еўрап. і сібірская.