КЕРУЛЕ́Н,
рака ў Манголіі і Кітаі. Даўж. 1264 км (з іх 1090 км у Манголіі), пл. бас. 116,4 тыс. км². Пачынаецца на ПдУ нагор’я Хэнтэй, у вярхоўях цячэ ў вузкай горнай даліне, у сярэднім і ніжнім цячэнні — у шырокай тэрасаванай даліне, рэчышчы са шматлікімі астравамі, старычнымі азёрамі і забалочанымі ўчасткамі. Упадае ў воз. Далайнор, якое ў мнагаводныя гады злучаецца пратокай з р. Аргунь (бас. р. Амур). Летнія паводкі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — г. Чайбалсан (Манголія).
т. 8, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)