ТУ́МСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка (выцякае з возера), за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,86 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 9,2 м, даўж. берагавой лініі 7,6 км, пл. вадазбору 172 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—7 м, разараныя, на ПдУ і ПнЗ выш. 10—18 м, пад лесам. Пойма шыр. 10—250 м. Берагі нізкія, участкамі на З, Пн і У зліваюцца са схіламі, на Пн і ПнУ выш. да 1 м, параслі хмызняком. Дно да глыб. 2 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Уздоўж берага зарастае. Злучана пратокай з воз. Каймін, упадае ручай з воз. Галодна.

т. 16, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭГУСІГА́ЛЬПА (Tegucigalpa),

горад, сталіца Гандураса, на Пд краіны, у даліне р. Чалутэка. 950 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, піваварная, спіртагарэлачная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., мэблевая, керамічная. Ун-т (з 1847). Акадэмія Гандураса, Гандураская акадэмія геаграфіі і гісторыі. Нац. музей. Арх. помнікі 18 ст. (касцёлы, палацы і інш.).

У старажытнасці на тэр. Т. быў індзейскі (ацтэкскі) горад, на месцы якога ў 1579 у сувязі з адкрыццём пакладаў серабра іспанцы заснавалі свой горад. У 18 ст. з распрацоўкай новых радовішчаў серабра, золата і мармуру Т. пачала хутка развівацца. Пасля абвяшчэння Гандураса незалежнай рэспублікай (1838) горад вёў барацьбу за статус сталіцы з г. Камаягуа. У 1880 Т. стала сталіцай, абодва гарады былі адміністрацыйна аб’яднаны.

т. 16, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, тэрмаэлектрагенератар,

прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную на аснове Зеебека з’явы\ від крыніцы току. Складаецца з тэрмабатарэй, набраных з паўправадніковых тэрмаэлементаў, злучаных паслядоўна ці паралельна.

Т.г. адрозніваюць паводле тыпу крыніцы цяпла — ізатопныя (найб. пашыраны), сонечныя, на арган. паліве і інш.; паводле дыяпазону рабочых т-р — нізка-, сярэдне- і высокатэмпературныя (дыяпазоны 20—300, 300—600, 600—1000 °C адпаведна). Ккдз лепшых Т.г. — 15—20%. Магутнасць — ад некалькіх мікрават да соцень кілават. Асн. перавагі ў параўнанні з электрамашыннымі пераўтваральнікамі энергіі (напр., з турбагенератарам) — адсутнасць рухомых частак, высокая надзейнасць, вял. тэрмін службы (да 25 гадоў), аўтаномнасць і інш. Выкарыстоўваюцца для электрасілкавання аддаленых і цяжкадаступных спажыўцоў эл. энергіі (аўтам. маякоў, навігацыйных буёў, метэаралаг. станцый, касм. апаратаў і інш.).

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДРЫ́ (Oudry) Жан Батыст (17.3.1686, Парыж — 30.4.1755),

французскі жывапісец, рысавальшчык, гравёр. Вучыўся ў свайго бацькі Жака У., М.​Сера і Н.​Ларжыльера. Чл. Акадэміі св. Лукі ў Рыме і каралеўскай акадэміі ў Парыжы. З 1734 дырэктар шпалернай мануфактуры ў Бавэ, з 1736 мануфактуры габеленаў у Парыжы. Прыдворны мастак Людовіка XV Аўтар нацюрмортаў («Нацюрморт з садавінай, 1721; «Белая качка», 1753), сцэн палявання («Паляванне на аленя», 1723), серый картонаў для габеленаў («Паляванні Людовіка XV», 1733—45), анімалістычных кампазіцый («Сабака на стойцы», 1725), у якіх дакладнасць і натуралістычнасць спалучаюцца з вытанчанай дэкаратыўнасцю. Аўтар партрэтаў (Ф. дэ Лова, 1724, і інш.). Выканаў ілюстрацыі да баек Ж.​Лафантэна (1729—34), твораў П.​Скарона (1726) і інш. Працаваў для многіх еўрап. двароў.

Ж.Б.Удры. Белая качка. 1753.

т. 16, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗРОЎНЯМЕ́Р,

прылада для вымярэння або кантролю ўзроўню вадкасці ў баках, рэзервуарах, тэхнал. апаратах, вадаёмах, а таксама сыпкіх рэчываў у бункерах, сховішчах і інш.

Бываюць у выглядзе шкляной трубкі, спалучанай з закрытай пасудзінай; рэйкі з дзяленнямі, умацаванай на сценцы празрыстай пасудзіны; паплаўковыя, у якіх узровень вадкасці паказвае паплавок, што плавае на паверхні; эл., заснаваныя на замыканні або размыканні эл. кантактаў; У., у якіх выкарыстоўваюцца манометры, фотаэлементы (фіксуюць перакрыцце пучка святла пры дасягненні вадкасцю пэўнага ўзроўню) і інш. Паказанні У. часта перадаюцца дыстанцыйна на адліковае прыстасаванне, Выкарыстоўваюцца ў цепла- і гідратэхніцы, у тэхнал. сістэмах хім., харч. прам-сці і інш.

Схема радыеізатопнага ўзроўнямера: 1 — рэзервуар з вадкасцю; 2 — крыніца гама-выпрамянення; 3 — рухавік; 4 — рэгістравальнае прыстасаванне; 5 — прыёмнік гама-выпрамянення (перамяшчаецца сінхронна з крыніцай выпрамянення).

т. 16, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УР (шумерскае Урым),

старажытны горад-дзяржава на месцы сучаснага гарадзішча Тэль-Мукаяр, за 20 км на ПнЗ ад г. Насірыя ў Іраку. Першае паселішча на месцы У. ўзнікла ў канцы 5-га тыс. да н.э. З 4-га тыс. да н.э. У. — горад. У 25 ст. да н.э. з’яўляўся моцнай дзяржавай. У 24—22 ст. да н.э. падпарадкаваны суседнімі дзяржавамі — Лагашам, Умай, Урукам, царствам Акад і інш. Каля 21 ст. да н.э. стаў сталіцай «царства Шумера і Акада». З 18 ст. да н.э. У. пад уладай Вавілоніі, з 6 ст. да н.э. — Ахеменідаў. У канцы 4 ст. да н.э. заняпаў. З 1854 на тэр. У. вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі абарончых сцен, палацаў, храмаў, багатыя грабніцы, клінапісны архіў і інш.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСПЕ́НСКІ Фёдар Іванавіч (19.2.1845, Горкі Галіцкага павета Кастрамской губ. — 10.9.1928),

рускі гісторык-візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1879 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1894—1914 дырэктар заснаванага ім Рус. археал. ін-та ў Канстанцінопалі. Арганізаваў шэраг археал. экспедыцый у Балгарыю, Сірыю, Палесціну і інш. У 1915—28 рэдактар час. «Византийский временник». У 1922—27 чытаў курс лекцый у Ленінградскім ун-це. Адзін з першых стаў вывучаць гісторыю агр. адносін у Візантыі. Гал. праца «Гісторыя Візантыйскай імперыі» (т. 1—3, 1913—48) ахоплівае гісторыю Візантыі і сумежных з ёю дзяржаў у 5—15 ст., грунтуецца на вял. колькасці крыніц. Падкрэсліваў уплыў грамадскага ладу славян, якія прынеслі з сабою абшчынныя парадкі, на сац.-эканам. развіццё Візантыі.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́СЯ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 680 м, найб. шыр. 450 м, глыб. 17,3 м, даўж. берагавой лініі 1,9 км, пл. вадазбору 18 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 18 м, на Пд і З разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя, аддзелены ад схілаў шырокай (100—150 м) поймай. Утвараюць некалькі заліваў. Востраў пл. 0,25 га, парослы хмызняком. Дно да 3 м выслана пяском, ніжэй гліністым ілам. Зарастае ў прыбярэжнай ч. на шыр. 35 м, да глыб. 3,5 м. Упадаюць 2 ручаі (у т. л. з воз. Рэйспа), злучана пратокай з воз. Бірутэ.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́СТ (West) Бенджамін (10.10.1738, г. Спрынгфілд, штат Пенсільванія, ЗША — 11.3.1820),

амерыканскі мастак. Першапачаткова працаваў у Філадэльфіі і Нью-Йорку як акварэліст, рысавальшчык і жывапісец-пейзажыст. У 1760—63 падарожнічаў па Італіі. З 1763 пастаянна працаваў у Лондане, з 1792 — прэзідэнт Каралеўскай АМ. У партрэтах парадная прадстаўнічасць нярэдка спалучаецца з рэаліст. дакладнасцю вобразаў: партрэт палкоўніка Г.​Джонсана (каля 1775—76). Яго гіст. кампазіцыям («Смерць генерала Вулфа», каля 1770; «Дамова У.​Пэна з індзейцамі», 1772; «Смерць на белым кані», 1796), пабудаваным па тыповых для класіцызму 18 ст. кампазіцыйных схемах, уласцівы імкненне да верагоднасці ў перадачы падзеі і адначасова да этнагр. дакладнасці дэталей. Творчасць У. адыграла значную ролю ў станаўленні прафес. выяўл. мастацтва ў ЗША.

Б.Уэст. Смерць на белым кані. 1796.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.

Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)