ажурны ўзор, выразаны з рознакаляровай паперы. Радзіма выцінанкі — Стараж. Кітай, у 18—19 ст. былі пашыраны ў многіх народаў Еўропы. У беларусаў выкарыстоўваліся з канца 19 ст.для аздаблення інтэр’ера жылля (фіранкі на вокны, падзоры на паліцы, вушакі дзвярэй, бардзюры на рамы і інш.), на З Беларусі чорнымі ці паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі беленыя сцены. Паводле кампазіцыі бел. выцінанкі падзяляюцца на замкнёныя (квадратныя, шматвугольныя, круглыя сурвэткі, якія выразалі з веерападобна складзенага ў 8—16 разоў аркуша паперы), рапортныя (паперу складвалі гармонікам, у выніку атрымліваліся фіранкі, падзоры) і сіметрычныя (выразалі з паперы, складзенай папалам, атрымлівалі аздобы на сцены з 2 сіметрычных палавін, напр. птушкі вакол дрэва або вазона). Найб. пашырэнне мелі аднаколерныя выцінанкі, часам — шматслойныя паліхромныя. Узоры пераважна геаметрычныя, радзей раслінныя, зааморфныя, антрапаморфныя, падобныя на вышываныя або маляваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,
караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст.н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся длядыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДО́ГРАФ (ад грэч. hodos шлях, рух, кірунак + ...граф),
1) у механіцы — крывая лінія, утвораная канцом вектар-функцыі, значэнні якой пры розных значэннях аргумента адкладзены ад агульнага пачатку (пункт 0). Калі, напр., становішча рухомага пункта M вызначаецца радыус-вектарам , то гадограф вектара — траекторыя руху гэтага пункта. Гадограф дае геам. ўяўленне пра змяненне ў часе некат. вектар-функцыі і пра скорасць гэтага змянення, якая накіравана па датычнай да гадографа, напр., скорасць пункта M накіравана па датычнай да гадографа вектара , паскарэнне — па датычнай да гадографа вектара скорасці .
2) У сейсмалогіі — графік залежнасці паміж адлегласцю і часам, на працягу якога сейсмічныя ваганні распаўсюджваюцца ад цэнтра землетрасення або выбуху да пункта назірання. Аналіз формы гадографа выкарыстоўваецца пры даследаваннях будовы Зямлі, для разведкі карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАФІ́ТЫ [ад гала... + ...фіт(ы)],
расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапраўдныя галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́БКІНА (Ганна Сямёнаўна) (28.1.1864, г. Зарайск, Расія — 7.9.1927),
расійскі скульптар. Вучылася ў Маскве ў С.Валнухіна (1889—90) і ў вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1891—94), Пецярбургскай АМ (1894), Парыжскай акадэміі Каларосі (1895—96). Зазнала ўплыў А.Радэна. Выкладала на Прачысценскіх рабочых курсах (1913—16) і ў Вышэйшым дзярж.маст.-тэхн. ін-це (1918—22) у Маскве. Стварыла першы ў рус. мастацтве скульпт. партрэт Карла Маркса (1905). Імпрэсіяністычная цякучасць формы, багацце святлоценявых кантрастаў, характэрныя для ранніх твораў, суіснуюць з пошукамі канструктыўнасці і пластычнай выразнасці. Аўтар кампазіцый «Жалезны» (1897), «Чалавек ідзе» (1903), «Рабочы» (1909), партрэтаў А.Белага (1907), Л.Талстога (1927), а таксама твораў, звернутых да сімволікі ў духу стылю мадэрн [гарэльеф «Плывец» («Хваля») на фасадзе МХАТа, 1901, «Бярозка», 1927].
Літ.:
Лукьянов С. Жизнь А.С. Голубкиной. [2 изд.]. М., 1975;
Каменский А.А. Рыцарский подвиг. Кн. о скульпторе Анне Голубкиной. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАКІ́,
група парод паляўнічых сабак. Выкарыстоўваюць для палявання на зайцоў, лісоў і ваўкоў, а таксама капытных. Вядомы з глыбокай старажытнасці, паходзяць ад стараж. травільных сабак. Ганчакі па нюху знаходзяць след звера і з гучным брэхам гоняць яго (адсюль назва). Пашыраны ў многіх краінах свету, вядома каля 80 парод ганчакоў; на Беларусі гадуюць рускага ганчака, рускага рабога і эстонскага.
Ганчакі рускай і рускай рабой парод (выш. ў карку 55—68 см) маюць моцную канстытуцыю, тэмпераментныя і настойлівыя ў пошуку і гонцы дзічыны. Паводзіны ўраўнаважаныя, характар спакойны, лёгка дрэсіруюцца. Масць рускага ганчака рыжая з цёмным чапраком, часам шэрая з жоўтымі падпалінамі, рускага рабога — пераважна чорна-рабая з рыжымі плямамі на галаве, плячах і крыжы. Эстонскі ганчак нізкарослы (выш. 42—52 см), жвавы, масць часцей чорна-рабая з рыжымі плямамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер.паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-таэканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. прадказанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМОНАТЭРАПІ́Я, гармоналячэнне,
лячэнне прэпаратамі, асн. дзеючым рэчывам якіх з’яўляюцца гармоны. Найчасцей выкарыстоўваецца пры эндакрынных хваробах (замяшчальная, стымулявальная, прыгнечвальная ці тармазная). Пры хваробах неэндакрыннага паходжання ўжываецца як сродак уплыву на фарміраванне і цячэнне многіх асн. у іх патагенезе рэакцый — запалечных, алергічных, імуналагічных і інш. — праз змяненні ферментнай і метабалічнай актыўнасці клетак. Асобнае месца ў гармонатэрапіі займаюць вытворныя палавых гармонаў — анаболікі, якія выкарыстоўваюцца для рэгулявання мышачнай масы цела, працэсаў росту, загойвання ран і інш.
Замяшчальная гармонатэрапія неабходна пры частковай ці поўнай недастатковасці эндакрынных залоз; праводзіцца, як правіла, пастаянна, з індывід. падыходам да выбару доз гарманальных прэпаратаў. Стымулявальная гармонатэрапія накіравана на павышэнне функцыі той ці іншай залозы; праводзіцца перарывіста. Найчасцей ужываюцца тропныя гармоны гіпофіза. Прыгнечвальная (тармазная) гармонатэрапія выкарыстоўваецца пры павышанай функцыі эндакрынных залоз і лячэнні гарманальных пухлін. У лячэнні можна спалучаць сінт. антыгармоны, прамянёвую і хірург. тэрапію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎФ ((Hauff) Вільгельм) (29.11.1802, г. Штутгарт, Германія — 18.11.1827),
нямецкі пісьменнік-рамантык. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Цюбінгенскім ун-це. Зб.сатыр. нарысаў «Мемуары Сатаны» (1826—27) напісаны ў традыцыях «Фауста» І.В.Гётэ і прысвечаны крытыцы філісцёрства, адначасова гэта пародыя на стыль ням. рамантыкаў. Парадыйнасцю пазначаны і раман «Чалавек з Месяца» (1825). У рамане «Ліхтэнштэйн» (1826) адлюстраваў гіст. працэс у яго руху і супярэчнасцях. Выдаў «Казкі для сыноў і дачок адукаваных саслоўяў» (т. 1—3, 1826—28). Звяртаючыся да ням., зах.-еўрап. і ўсх.фалькл. архетыпаў, Гаўф у літ. казцы імкнуўся раскрыць нар. мудрасць і знайсці адказ на хвалюючыя праблемы сучаснасці («Гісторыя пра маленькага Мука», «Халоднае сэрца» і інш.). Яго навелам уласцівы рысы рэалізму («Атэла», «Жабрачка з Pont des Arts», «Яўрэй Зюс» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,
наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл.Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.