СКАРАДУ́МАЎ Гаўрыла Іванавіч (23.3.1755, С.-Пецярбург — 23.7.1792),

рускі гравёр і мініяцюрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1764—73). У 1773—82 пенсіянер АМ у Лондане, дзе працаваў пад кіраўніцтвам Ф.​Барталоцы, пазней самастойна. Пачынальнік у Расіі гравюры каляровай, а таксама выкананай у пункцірнай манеры. Гравюры вызначаюцца вытанчанасцю тэхн. прыёмаў, часам падобныя да малюнкаў сангінай або бістрам (партрэты І.​І.​Скарадумава, пач. 1790-х г.; К.​Р.​Дашкавай, 1777). Аўтар партрэтных мініяцюрных акварэляў, малюнкаў пяром.

Літ.:

Некрасова Е.А. Г.​И.​Скородумов. М., 1954.

Г.Скарадумаў. Партрэт І.​І.​Скарадумава. Пач. 1790-х г.

т. 14, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРА́БІН Георгій Канстанцінавіч (17.9.1917, С.-Пецярбург — 26.3.1998),

расійскі мікрабіёлаг і біяхімік. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1968). Сын К.​А.​Скрабіна. Скончыў Казанскі вет. ін-т (1942). З 1949 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР. З 1967 дырэктар Ін-та біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў АН СССР. У 1967—74 дырэктар Навук. цэнтра біял. даследаванняў АН СССР у г. Пушчына. У 1971—88 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН СССР. Навук. працы ў галіне агульнай і тэхн. мікрабіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1971. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава 1984.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 1777?—1782? у г. Слонім Гродзенскай вобл. Належала мецэнату М.​К.​Агінскаму, размяшчалася ў яго палацы. Першае выданне «Рэлігійны культ Брунона, патрона картузаў» (1777, на лац. мове) выйшла з удзелам дамініканцаў. На польскай і італьян. мовах выдадзена «Кніжка для дзяцей, або Уяўленне аб прадметах, якія дзеці павінны вывучаць» (1778), на польскай — напісаныя, як мяркуюць, Агінскім лібрэта опер «Сілы свету», «Становішча саслоўяў», «Елісейскія палі» (каля 1781).

Літ.:

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 15, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́К Віктар Мікалаевіч (н. 20.4.1947, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). У 1980—83 выкладаў у БПІ. Працуе ў жанрах паліт., тэатр., рэкламнага плаката, якім уласцівы сінтэз выявы і шрыфту, лаканізм выразных сродкаў, эфектнае супастаўленне вобразаў. Аўтар плакатаў «Кветка шчасця» (1978), «Альпійская балада» (1980), «В.​К.​Бялыніцкі-Біруля» (1986), «Жывапіс і скульптура», «Графіка», «Народнае мастацтва» (усе 1986), «Курган» (1987), «Міраж» (1999), трыпціха «За мірны космас» (1985), тэатр. плакатаў для Дзярж. маладзёжнага т-ра Беларусі (з 2000).

Л.​Дз.​Налівайка.

А.Я.Смалякоў.

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛТАН Станіслаў (1746 або 27.8.1756—1836),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. З роду Солтанаў. Ген.-ад’ютант польнай булавы ВКЛ, харунжы ВКЛ з 1782, падкаморы ВКЛ з 1790, маршалак надворны ВКЛ з 1791, староста слонімскі. Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Пасля яго задушэння сасланы ў Казань. Вызвалены Паўлам I. У 1806—07 разам з палк. Ф.​Патоцкім рыхтаваў новае паўстанне ў б. ВКЛ. Загадам Напалеона 1.7.1812 прызначаны старшынёй Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, адначасова ўзначальваў к-т харчавання і магазінаў. Пасля вайны 1812 у эміграцыі.

А.​А.​Ерашэвіч.

т. 15, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́РЫН Савелій (люты 1878, г. Полацк Віцебскай вобл. — ліст. 1953),

амерыканскі мастак-партрэтыст бел. паходжання. З 1894 вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы ў К.​Кастандзі, у Пецярбургскай АМ у І.​Рэпіна. Зазнаў уплывы А.​Бенуа, А.​Матыса, П.​Пікасо. З 1917 жыў у Парыжы, з 1923 у Нью-Йорку. У творчасці імкнуўся спалучыць жывапіснасць імпрэсіянізму з веліччу ідэі і выканальніцкім майстэрствам мастакоў Адраджэння. Пісаў пераважна партрэты дзеячаў рас. культуры, у т. л. Бенуа, М.​Горкага, Э.​Дузе, Г.​Паўлавай, М.​Фокіна, Ф.​Шаляпіна.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 15, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАКА́ТКІ (Zygaenidae, або Anthroceridae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі 13 відаў, найб. трапляецца С. вятроўнікавая (Zygaena filipendulae).

Размах крылаў да 5 см; пярэднія падоўжаныя, вузкія, заднія адносна маленькія. Афарбоўка яркая, стракатая або аднатонная, з бляскам, часам бурая. Лічынкі кароткія, тоўстыя, расліннаедныя, большасць відаў — алігафагі, кормяцца лісцем пэўных раслін (пераважна бабовых). Гемалімфа мае сінільную к-ту (магчыма, і інш. атрутныя рэчывы), з чым звязана перасцерагальная афарбоўка.

С.​Л.​Максімава.

Стракаткі: 1 — канюшынная; 2 — шчаўевая; 3 — вятроўнікавая; 4 — эфіяльт.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́СБЕРГ (Strasberg) Лі (17.11.1901, Нью-Йорк — 17.2.1982),

амерыканскі акцёр, рэжысёр, педагог. Займаўся ў Амерыканскім лабараторным т-ры, дзе вывучаў сістэму Станіслаўскага, якая стала асновай яго выкладчыцкай дзейнасці. Творчую дзейнасць пачаў у 1925 як акцёр. Адзін з заснавальнікаў т-ра «Груп» (1931), з 1937 рэжысёр т-раў Брадвея, з 1948 педагог (з 1951 кіраўнік) Акцёрскай студыі ў Нью-Йорку. Сярод пастановак: «Дом Конелі» (1931) і «Джоні Джонсан» (1936) П.​Грына, «Людзі ў белых халатах» С.​Кінгслі (1933), «Пятая калона» Э.​Хэмінгуэя (1940), «Сутыкненне ноччу» К.​Одэтса (1941) і інш. Здымаўся ў кіно.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́МЕНЬ,

комплекс археал. помнікаў (10 паселішчаў эпохі неаліту і бронзавага веку) каля в. Струмень Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выявіў у 1927 К.​М.​Палікарповіч. Паселішчы 1 і 6—7 даследавалі І.​І.​Арцёменка ў 1976 і А.​Г.​Калечыц у 1975—80. Знойдзены крамянёвыя пласціны, праколкі на канцах пласцін, адшчэпы, нуклеусы, разцы, скрабкі, сякеры, цёслы, наканечнікі стрэл, адходы крамянёвай вытв-сці, запасы сыравіны, фрагменты ляпнога посуду і інш. Выяўлены рэшткі 9 жытлаў, 68 гасп. ям, 54 агнішчы, 3 пахаванні. Помнікі адносяцца да верхнедняпроўскай, сярэднедняпроўскай і сосніцкай культур.

А.​Г.​Калечыц.

т. 15, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭПТАКО́КІ (Streptococcus),

род бактэрый сям. стрэптакокавых. Каля 20 відаў. Трапляюцца ў глебе, на раслінах, скуры жывёл і чалавека. Сапрафітныя, умоўна патагенныя і патагенныя віды.

Клеткі нерухомыя, шарападобныя, размешчаныя ланцужкамі або парамі. Грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы, хемаарганагетэратрофы. Спор не ўтвараюць. Патагенныя С. выдзяляюць экза- і эндатаксіны, з’яўляюцца ўзбуджальнікамі сепсісу, гнойных запаленняў, ангіны, пнеўманіі, рэўматызму і інш. хвароб. Энтэракок (S. faecalis) жыве ў страўніку жывёл і чалавека, індыкатар фекальнага забруджвання. Некат. віды зброджваюць глюкозу ў малочную к-ту, выкарыстоўваюцца ў малочнай і харч. прам-сці.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)