СТРАКА́ТКІ (Zygaenidae, або Anthroceridae),

сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1200 відаў. Пашыраны паўсюдна, пераважна ў тропіках. На Беларусі 13 відаў, найб. трапляецца С. вятроўнікавая (Zygaena filipendulae).

Размах крылаў да 5 см; пярэднія падоўжаныя, вузкія, заднія адносна маленькія. Афарбоўка яркая, стракатая або аднатонная, з бляскам, часам бурая. Лічынкі кароткія, тоўстыя, расліннаедныя, большасць відаў — алігафагі, кормяцца лісцем пэўных раслін (пераважна бабовых). Гемалімфа мае сінільную к-ту (магчыма, і інш. атрутныя рэчывы), з чым звязана перасцерагальная афарбоўка.

С.​Л.​Максімава.

Стракаткі: 1 — канюшынная; 2 — шчаўевая; 3 — вятроўнікавая; 4 — эфіяльт.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)