род кветкавых раслін сям. першакветных. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды П.: веснавы, або баранчыкі, ці ключыкі (P. veris), і высокі (P. elatior), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў мяшаных лясах, на палянах, сухіх лугах, у далінах рэк. Інтрадукавана 5 відаў П.: Воранава (P. woronovii), вушкавы (P. auriculata), дробназубчасты (P. denticulata), звычайны (P. vulgaris), японскі (P. japonica).
Шматгадовыя ранаквітучыя (адсюль назва) травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае ці сядзячае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі правільныя ў парасонавых, галоўчатых або кальчаковых суквеццях жоўтага, бэзавага, белага, ружовага, пурпуровага, фіялетавага колеру. Плод — каробачка. Маладое лісце спажываюць як салату, кветкі і лісце выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВО́НЯ (Paeonia),
род кветкавых раслін сям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на ЗПаўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).
Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЗЫсапраўдныя
(Coluber),
род неядавітых змей сям. вужовых атр. паўзуноў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмераным і трапічным паясах Азіі, у Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах. Вельмі рухавыя, добра лазяць па дрэвах і скалах.
Даўж. да 2,4 м. Цела зверху аднаколернае, часам яркае з цёмнымі палосамі і плямамі, знізу светлае. Кормяцца мышападобнымі грызунамі, яшчаркамі, птушанятамі, насякомымі. Ахвяру душаць: абвіваюць кольцамі цела або прыціскаюць да зямлі. Адкладваюць да 40 яец. Да П. сапраўдных блізкія роды П. лазячых (Elaphe, каля 50 відаў, даўж. да 2 м), велікавокіх (Ptyas, каля 10 відаў, даўж. да 3,5 м) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫЯ ВАЎКІ́.
філанты (Philanthus), род рыючых вос атр. перапончатакрылых. Каля 135 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі найб. пашыраны П.в. звычайны (P. triangulum), які селіцца вял. калоніямі паблізу пчальнікоў і шкодзіць пчалярству.
Даўж. да 17 мм. Цела чорнае, сегменты брушка з жоўтымі палосамі. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, Праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак. Самка будуе ў глебе верт. норку глыб. каля 1 м з бакавымі камерамі, дзе развіваюцца лічынкі. Палююць на пчол меданосных, паралізуюць іх джалам і прыносяць у гняздо на корм лічынкам. Ператварэнне поўнае. Зімуе лічынка. За год 1 генерацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НАК (Chamomilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды Р.: аптэчны, ці абадраны (Ch. recutita), і рамонкападобны, або пахучы (Ch. suaveolens). Трапляюцца ўздоўж дарог, на лугах, пашы, палях.
Аднагадовыя травяністыя пахучыя расліны. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя выш. да 80 см. Лісце перыстарассечанае. Суквецце — кошык, у якім краявыя кветкі язычковыя, белыя ці плёнчатыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Кошыкі дыяметрам да 2,5 см. Плод — сямянка. Таксама Р. называюць расліны з родаў нівянік, пірэтрум, пупок і інш., у якіх сярэдзінныя трубчастыя кветкі ў кошыку жоўтыя, а краявыя псеўдаязычковыя кветкі («пялёсткі») белыя. Сапраўдныя Р. — адналетнікі з канічным полым ложам суквецця і з сямянкамі, якія ў вільготным стане аслізняюцца. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІЯ, Святаполк-Мірскія,
шляхецкі род герба «Бялыня» змененая ў ВКЛ, княжацкі род у Рас. імперыі. Вядомы з 16 ст., з 18 ст. выводзілі сябе ад Святаполка, сына вял. кіеўскага кн. Уладзіміра (адсюль 1-я частка прозвішча). Лічылі сябе стараж. ўладальнікамі Міра. Княжацкі тытул зацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1861. Найб. вядомыя:
Рыгор (?—20.3.1661), ваенны дзеяч, стражнік ВКЛ з 1635. Удзельнічаў у паходах на Малдову супраць туркаў, у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, вайне Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Адзін з кіраўнікоў войска ВКЛ, якое змагалася супраць укр. казакоў на Пд і У Беларусі ў 1648—51. 9.10.1648 заняў Пінск, удзельнічаў ва ўзяцці Бабруйска (гл.Бабруйска абарона 1649), у Лоеўскай бітве 1649, Лоеўскай бітве 1651. Пад камандаваннем Я.Радзівіла ўдзельнічаў у кампаніі 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Падпісаў Кейданскі дагавор 1655. Багуслаў (? — пасля 1800), браслаўскі войскі з 1775, падкаморы з 1777. Пасол на сеймы 1776—86, Чатырохгадовы сейм 1788—92, належаў да рэфарматараў. Удзельнік паўстання 1794, арганізаваў паўстанцкую парадкавую камісію ў Браслаўскі пав.; чл.Найвышэйшай літоўскай рады і Найвышэйшай нацыянальнай рады. Станіслаў Войцех (21.10.1756, в. Завер’е Браслаўскага р-на — 1805), пісар земскі браслаўскі ў 1788, вял. пісар ВКЛ з 1791. Пасол на сеймы 1784, 1788. Уваходзіў у канспіратыўную арг-цыю Я.Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794; чл. Найвышэйшай літ. рады, Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Дзмітрый Іванавіч [1824—30.1(11.2).1899], ген.-ад’ютант, ген. ад інфантэрыі, чл.Дзярж. савета (1880). Мікалай Іванавіч [5(17).7.1833, С.-Пецярбург — 15(27).7.1898], ген.-ад’ютант, ген. ад кавалерыі, чл.Дзярж. савета (1898). З 1881 наказны атаман Войска Данскога. У 1891 набыў Мірскі замак з навакольнымі маёнткамі, дзе збіраўся ўладкаваць радавое гняздо. Пабудаваў у Міры вінакурны з-д, палац, заклаў парк. Пётр Дзмітрыевіч (1857—1914), міністр унутр. спраў Расіі, гл.Святаполк-Мірскі П.Д.