АХО́ЎНЫЯ АДДЗЯЛЕ́ННІ (да 1903 аддзяленні па ахове грамадскай бяспекі і парадку),
ахранка, мясцовыя органы паліт. вышуку ў Расіі ў 1866—1917, падпарадкаваныя дэпартаменту паліцыі. Першыя ахоўныя аддзяленні створаны ў Пецярбургу (1866), Маскве і Варшаве (1880). У 1902—03 заснаваны ва ўсіх буйных цэнтрах рэв. руху. Да 1907 дзейнічалі ў 27 прамысл. і культ. цэнтрах Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Асн. задачы: вышук рэв. арг-цый і рэвалюцыянераў. Мелі спец. агентуру «вонкавага нагляду» (філёры) і сакрэтных агентаў (тайныя паведамляльнікі і правакатары, якіх актыўна выкарыстоўваў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатаў (гл.Зубатаўшчына). У рэвалюцыю 1905—07 і ў наступныя гады сетка ахоўных аддзяленняў пашырана (у 1914 іх было 26). З 1906 рыхтавалі агентуру і для ўкаранення ў рэв.сял. арг-цыі. Пры буйных паштамтах існаваў нагляд за прыватнай карэспандэнцыяй (зняцце копій, фатаграфаванне, дэшыфроўка). На Беларусі ў 1898 Маскоўскае ахоўнае аддзяленне з мэтай ліквідацыі арг-цый Бунда правяло вобыскі і арышты, выкрыла падп. друкарні ў Мінску і Бабруйску, высачыла дэлегатаў 1-га з’езда РСДРП (Мінск); па даносах агентаў выкрыты с.-д. к-ты ў Вільні, Гомелі, Магілёве, Мінску і інш. Ахоўныя аддзяленні скасаваны ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУБССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел.паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел.нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),
дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.Астроўскі (прэзідэнт), М.Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.Кушаль (вайсковыя справы), С.Кандыбовіч (фінансы), А.Калубовіч (справы культуры), П.Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.Калядка (лясная гаспадарка), С.Станкевіч (прафес. справы), А.Скурат (школьныя справы), П.Орса (сельская гаспадарка), Н.Абрамава, М.Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА (Уладзімір Андрэевіч) (9.4.1932, Мінск — 2.4.1996),
бел. мастацтвазнавец, літаратурны крытык, паэт, мастак. Скончыў БДУ (1955). У 1956—93 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Родная прырода». Аўтар кніг пра выяўл. мастацтва, літ. партрэтаў мастакоў А.Глебава, В.Грамыкі, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, А.Тычыны, пісьменніка А.Адамовіча і інш. У 1970—90-я г. аўтар і вядучы радыёцыкла «Выхавай у сабе прыгожае», тэлевізійнага цыкла «Роздум», тэлевізійных партрэтаў А.Бембеля, С.Катковай і інш. Сцэнарыст фільмаў «Паэзія графікі» (1971), «Прафесар прыгажосці» (1972, з А.Белавусавым), «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976), «Васіль Быкаў. Праўдай адзінай» (1992). Аформіў і праілюстраваў літ.-маст. і навук. выданні: «Шляхі вялі праз Беларусь» В.Грыцкевіча і А.Мальдзіса (1980), «Народ і вайна» М.Тычыны (1985), Збор твораў у 5 тамах З.Бядулі (1985—89), «Нічога важней» (1987) і Выбраныя творы ў 4 тамах (т. 1, 1995) А.Адамовіча, і інш. Акварэлі, манатыпіі, малюнкі, калажы ўтвараюць цыклы «Міншчына», «Вільня», «Рыбачае (Крым)», «Калабрыйскія імгненні (Італія)» і інш.
Тв.:
Маўклівая размова. Мн., 1964;
Глебаў А.К. Мн., 1974;
Беларуская палітра дваццатага стагоддзя: Эцюды. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс.чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.І.Шамячычам, а палкі Д.Шчэні і Я.Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс.чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявачка (сапрана). Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж.т-рамуз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Джулія («Джулія» У.Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа) і інш.
Літ.:
Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр.Мінск. 1980. № 4;
Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.
А.Я.Ракава.
Н.В.Гайда.Н.Гайда ў ролі Агнесы.Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1949), нар.арт.СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел.т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Дняпро. За 83 км ад Гомеля. Вузел чыгунак на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы і аўтадарог на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. 69,8 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 15 ст. ў ВКЛ, належаў Хадкевічам. З сярэдзіны 16 ст. ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У 15—17 ст. існаваў Жлобінскі замак. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. праз Ж. пракладзена Лібава-Роменская чыг., у 1902 чыг. Пецярбург—Адэса. У 1880 і 1909 амаль поўнасцю знішчаны пажарам. У 1897—2100 ж. Дзейнічалі цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад. У 1939—19,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 14.8.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 3091 чал. Дзейнічала Жлобінскае патрыятычнае падполле. У 1959—19,2 тыс.ж., у 1970—25,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай (Жлобінская фабрыка штучнага футра), металургічнай (Беларускі металургічны завод), харч., буд. матэрыялаў прам-сці; Жлобінская фабрыка інкрустацыі. Дзейнічае Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) (1992) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) (1996) І.Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).