ІНДАЕЎРАПЕІ́СТЫКА, індаеўрапейскае мовазнаўства,

галіна параўнальна-гістарычнага мовазнаўства, якая вывучае індаеўрапейскія мовы. Грунтуецца на даследаванні адпаведнасцей паміж падобнымі элементамі індаеўрап. моў (з арыентацыяй на іх стараж. стан) і інтэрпрэтацыі гэтых адпаведнасцей.

Ля вытокаў І. — ням. мовазнавец Ф.​Боп і дацкі вучоны Р.​К.​Раск. Асн. дасягненні 1-га перыяду ў развіцці І. (пач. 19 ст.) — вызначэнне кола індаеўрап. моў, стварэнне першай параўнальна-гіст. граматыкі (Боп) і асноў індаеўрап. этымалогіі (ням. мовазнавец А.​Пот). 2-і перыяд (сярэдзіна 19 ст.) вызначаецца працамі ням. вучоных А.Шлайхера, І.Шміта, А.​Фіка (індаеўрап. этымалогія). 3-і перыяд (канец 19 — пач. 20 ст.) звязаны з младаграматызмам, а таксама з працамі Ф. дэ Сасюра, П.Ф.Фартунатава, А.Мее, Х.Педэрсена і інш.

Развіццё І. характарызуецца пашырэннем матэрыялу даследаванняў (адкрыццё хецкай і інш. анаталійскіх моў), увагай да малавядомых моў, новымі тэорыямі ў галіне вакалізму і кансанантызму (ларынгальная тэорыя, акцэнтуацыя), структуры іменных асноў і кораня, арыгінальнымі ідэямі, звязанымі са структурай склонавай парадыгмы і дзеяслова, новымі гіпотэзамі пра дыялектны падзел стараж. індаеўрап. кантынуума і яго генетычных сувязях з настратычнымі мовамі і інш. (Э.Бенвеніст, Е.Курыловіч, Ф.​Шпехт, Ю.​Покарны, В.​Пізані, Дж.​Дэвота, В.Порцыг, В.​У.​Іванаў і інш.).

Літ.:

Общее и индоевропейское языкознание: Обзор лит.: Пер. с нем. М., 1956;

Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦК,

горад у Расіі, цэнтр Іркуцкай вобл., каля сутокаў р. Іркут з Ангарой. 587 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Ангара, чыг. станцыя. Міжнар аэрапорт. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (з-ды цяжкага машынабудавання, станкабудавання, авіяц., эл.-тэхн. і інш.), дрэваапр. (мэбля), лёгкай і харч. прам-сці; слюдаапрацоўчая ф-ка. Іркуцкая ГЭС. Іркуцкі навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас. АН. 8 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты. Т-ры драм., муз. камедыі, юнага гледача, лялек. Музеі краязнаўчы і мастацкі. Мемар. комплекс «Дзекабрысты ў Іркуцку». Цэрквы 18 ст.: Крыжаўзвіжанская, Троіцкая, Уваходу ў Іерусалім, Уладзімірская, Харлампіеўская і інш.

Засн. як астрог у 1661 (па інш. звестках, у 1652), з 1686 горад. З 1682 цэнтр ваяводства, з 1719 — правінцыі, з 1764 — Іркуцкай губ. (у 1783—96 намесніцтва), рэзідэнцыя ген.-губернатара Сібіры (з 1803) і Усх. Сібіры (з 1822). Важны транзітны пункт гандлю Расіі з Манголіяй і Кітаем. У 1799—1800 у І. размяшчалася праўленне Рас.-амер. кампаніі. Росту горада садзейнічала развіццё прыіскавай справы. З 17 ст. месца паліт. ссылкі. З 18 ст. буйны культ. цэнтр Сібіры: адкрыты навігацыйная школа (1754), духоўная семінарыя (1781), публічная б-ка і музей (1782). тэатр (1849). У 1879 горад моцна пацярпеў ад пажару.

Літ.:

Иркутск: Три века, 1686—1986: Страницы жизни. Иркутск, 1986;

Гольдфарб С.И. Весь Иркутск: Рассказы из истории города. Иркутск, 1992.

Да арт. Іркуцк. Будынак 19 ст. ў старажытнарускім стылі.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАЛЕ́ЎСКІ (Дзмітрый Барысавіч) (30.12.1904, С.-Пецярбург — 14.2.1987),

рускі кампазітар, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. СССР (1963). Герой Сац. Працы (1974). Правадз. чл. АПН СССР (1971). Д-р мастацтвазнаўства (1970). Чл.-кар. Германскай АМ (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кампазіцыі (1929, кл. М.Мяскоўскага) і фп. (1930, кл. А.Гальдэнвейзера), у 1932—80 выкладаў у ёй (праф. з 1939). Музыка К. адметная аптымізмам, жыццесцвярджальным пафасам. Зрабіў значны ўклад у музыку для дзяцей і юнацтва, у развіццё муз. т-ра. Сярод тв.: оперы «Кала Бруньён» (паводле Р.​Ралана, 1938, 2-я рэд. 1968, паст. 1970), «У агні» (1943), «Сям’я Тараса» (паст. 1950), «Мікіта Вяршынін» (1955), «Сёстры» (1969); аперэта «Вясна спявае» (1957); вак.-сімф. сюіта «Народныя мсціўцы» (1942), кантата «Песня раніцы, вясны і міру» (1958), «Рэквіем» на сл. Р.​Раждзественскага (1963), 4 сімфоніі; канцэрты для фп. (3), скрыпкі (1), віяланчэлі (2) з арк.; для фп. санаты (3), 24 прэлюдыі, ронда, дзіцячыя п’есы; для голасу з фп. — 10 санетаў Шэкспіра, рамансы, песні; музыка да драм. і радыёспектакляў, да кінафільмаў. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951, 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1966. Ганаровы чл. Міжнар. муз. савета (1984).

Літ. тв.: Избр. статьи о музыке. М., 1963; Педагогические размышления. М., 1986; Как рассказывать детям о музыке? 3 изд. М., 1989.

Літ.:

Михеева Л.В. Д.​Б.​Кабалевский. Л., 1977;

Пожидаев Г.А. Д.​Б.​Кабалевский. 4 изд. М., 1987.

Дз.Б.Кабалеўскі.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.

Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.​Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.​Пуркіне, ням. ўрач В.​Гіс, англ. вучоныя А.​Кіс і М.​Флэк; у Расіі — І.​М.​Сечанаў, І.​Ф.​Цыён, А.​Б.​Фохт, І.​П.​Паўлаў, В.​Я.​Данілеўскі, Л.​А.​Арбелі, К.​М.​Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.

На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел. НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.​І.​Сідарэнка, У.​В.​Гарбачоў, М.​Ф.​Волкаў, Я.​Б.​Бардзін, А.​Г.​Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.

М.​Ф.​Сарока.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭ́ГОРЫІ (ад грэч. katēgoria выказванне, вызначэнне),

найбольш агульныя і фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць самыя істотныя і заканамерныя сувязі, адносіны рэчаіснасці і працэсу пазнання ў філасофіі і навуцы. Існуюць К. агульнанавук. (інфармацыя, сіметрыя), прыродазнаўчыя (напр., від, арганізм у біялогіі), філас. (адлюстроўваюць фарміраванне і гіст. развіццё структуры чалавечага мыслення). Пачынальнікам філас. вучэння пра К. лічаць Арыстоцеля, хаця ўжо ў Платона сустракаюцца К. ідэнтычнасці, адрознення, пастаянства, зменлівасці. Арыстоцель адрозніваў 10 К. (сутнасць, колькасць, якасць, час, дзея і інш.). І.​Кант, які разумеў пад К. апрыёрныя формы розуму, выявіў 12 К., звёў іх у 4 групы: К. колькасці (адзінства, мноства, цэльнасць); якасць (рэальнасць, адмаўленне, абмежаванне); стаўлення (прыналежнасць, прычыннасць, узаемадзеянне); мадальнасці (магчымасць, рэчаіснасць, неабходнасць). Г.​Гегель распрацаваў больш складаную сістэму К. у дыялект. трактоўцы: быццё (якасць, колькасць, мера), сутнасць (аснова, з’ява, рэчаіснасць, у якую ўваходзяць субстанцыя, прычына і ўзаемадзеянне), паняцце (суб’ект, абсалютная ідэя, аб’ект). У далейшым К. ў філас. трактоўцы інтэрпрэтаваліся як духоўныя трансцэндэнтныя сутнасці (неатамізм, персаналізм), або як вынік практычнага чалавечага вопыту (пазітывізм, неапазітывізм), ці як вынік прадметнай дзейнасці чалавека (марксізм). Філас. метадалогія садзейнічала з’яўленню ў навуцы 20 ст. катэгарыяльнага аналізу (вучэнне аб К.).

Літ.:

Категории диалектики как ступени познания. М., 1971;

Сагатовский В.Н. Основы систематизации всеобщих категорий. Томск, 1973;

Тузов Н.В. Философия теории Единой идеи. М., 1994;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая вырабляе крухмалапрадукты — крухмал, патаку, глюкозу і інш. Яе прадукцыя шырока выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, а таксама ў тэкст., хім., фармацэўтычнай, папяровай і інш. галінах прам-сці, у ліцейнай вытв-сці. Асн. сыравіна: бульба, кукуруза, пшаніца, рыс, сорга і інш. Гал. прадукт — крухмал, з’яўляецца важнай часткай прадуктаў харчавання. Найб. развіта ў Германіі, ЗША, Польшчы, Канадзе, Расіі. На Беларусі К.-п.п. спецыялізуецца на вытв-сці сухога крухмалу і патакі, часткова вырабляе жэліруючы крухмал. Яе развіццё пачалося ў 1840-я г. на дробных прадпрыемствах. Зараз дзейнічае больш за 50 прадпрыемстваў (у сістэме Мінсельгасхарча 16 спецыялізаваных з-даў, 2 цэхі па вытв-сці бульбянога крухмалу і 2 прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай патакі). Найбольшыя з іх: крухмала-патачны з-д у в. Чырвоны Бераг (Жлобінскі р-н), крухмальныя з-ды ў г. Талачын, в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), в. Сноў (Нясвіжскі р-н). У 1997 атрымана 9,3 тыс. т сухога крухмалу і 3,8 тыс. т патакі, хоць існуючыя магутнасці дазваляюць атрымліваць у год 25 тыс. т сухога крухмалу і 22,5 тыс. крухмальнай патакі. Пры базіснай крухмалістасці бульбы (15%) яе расход на вытв-сць 1 т сухога крухмалу складае 6,4—6,6 т. У залежнасці ад якасці бульбы і тэхналогіі перапрацоўкі доля выдалення крухмалу вагаецца ад 75 да 85%.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОК ((Locke) Джон) (29.8.1632, Рынгтан, Вялікабрытанія — 28.10.1704),

англійскі філосаф і паліт. мысліцель, заснавальнік лібералізму, асацыятыўнай псіхалогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1668). Скончыў Оксфардскі каледж. У 1667—69 жыў у Францыі і Галандыі. У цэнтры філасофіі Л. — тэорыя пазнання, заснаваная на адмаўленні існавання прыроджаных ідэй і прынцыпаў. Паводле Л., усе чалавечыя веды зыходзяць з вопыту; вопыт складаецца з простых ідэй — пачуццёвых уражанняў і назіранняў, якому розум падпарадкоўвае сваю дзейнасць («Вопыт пра чалавечы розум», 1690). Развіў вучэнне пра першасныя і другасныя якасці і тэорыю ўтварэння агульных ідэй (абстракцый). Яго сац.-паліт. канцэпцыя абапіраецца на звычаёвае права і тэорыю грамадскага дагавору («Два трактаты пра кіраванне», 1690). Распрацоўваў праблемы фарміравання грамадзянскай супольнасці і ўзнікнення дзяржавы, тэорыі раздзялення ўлад, як гал. элемента прававой дзяржавы. Абгрунтаваў палажэнне аб прыватнай уласнасці як неад’емным атрыбуце чалавека, узаемасувязі прыватнай уласнасці з працай чалавека і яго дабрабытам. У педагогіцы зыходзіў з вырашальнага ўплыву асяроддзя на выхаванне («Некаторыя думкі аб педагогіцы», 1693). Яго творы ў 18—19 ст. паўплывалі на развіццё тэорыі натуральнага права, канцэпцый грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў Беларусі, Літве і Польшчы (Б.​Дабшэвіч, А.​Доўгірд, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, Я.​Снядэцкі, І.​Страйноўскі і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. филос. произв. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Нарский И.С. Философия Джона Локка. М. 1960;

Соколов В.В. Европейская философия XV—XVII вв. М., 1984. С. 402—427.

В.​В.​Краснова.

Дж.Лок.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРААРГАНІ́ЗМЫ, мікробы,

найдрабнейшыя арганізмы, бачныя толькі пад мікраскопам. Адкрыты ў 17 ст. А.Левенгукам. Да М. належаць пракарыёты (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці, архебактэрыі) і эўкарыёты (мікраскапічныя грыбы, водарасці, прасцейшыя). Большасць М. — аднаклетачныя арганізмы. Характарызуюцца высокай скорасцю росту і размнажэння, якое адбываецца часта шляхам простага дзялення клеткі. Здольныя існаваць пры т-ры 7—105 °C, павышаным узроўні радыяцыі, у моцнакіслым (pH менш за 1) або шчолачным (pH 9 і болей) асяроддзі, пры адсутнасці кіслароду, пераносіць вельмі нізкую т-ру, высушванне і інш. экстрэмальныя ўмовы. Пашыраны ўсюды ў прыродзе і адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у біясферы: забяспечваюць мінералізацыю арган. злучэнняў, фіксуюць малекулярны азот, удзельнічаюць у разбурэнні горных парод, глебаўтварэнні, фарміраванні некат. карысных выкапняў і інш. Выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, вытв-сці кармавога бялку, вінаробстве, хлебапячэнні, атрыманні малочнакіслых прадуктаў, антыбіётыкаў, вітамінаў, амінакіслот і інш. Некат. М. патагенныя для чалавека, жывёл і раслін. Развіццё шэрагу М. прыводзіць да збяднення глебы на азот, псавання с.-г. прадукцыі, карозіі метал. абсталявання, разбурэння прамысл. вырабаў, будынкаў, выклікае цвіценне і забалочванне вадаёмаў і назапашванне ў іх атрутных рэчываў (серавадароду, нітрытаў і інш.). Вывучэнне М. прывяло да адкрыцця фундаментальных біял. заканамернасцей і стала асновай біятэхналогіі. Вывучае М. мікрабіялогія.

Літ.:

Стейниер Р., Эдельберг Э., Ингрэм Дж. Мир микробов: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1979;

Нейман Б.Я. Индустрия микробов. М., 1983.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ПРЫРО́ДЫ,

прыродазнаўчанавуковыя ўстановы, якія збіраюць, захоўваюць і экспануюць калекцыі прадстаўнікоў жывёльнага (заалагічныя музеі) і расліннага (бат. музеі) свету, мінералаў (геал. музеі) і інш.

Самыя вял. і каштоўныя калекцыі знаходзяцца ў музеях Заал. і Бат. ін-таў Расійскай АН у С.-Пецярбургу, Бат. музеі Лонданскага бат. сада і Брытанскім музеі ў Лондане, Нац. прыродазнаўчым музеі ў Парыжы, Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Нью-Йорку, Нац. музеі прыродазнаўчай гісторыі ў Вашынгтоне і інш.

На Беларусі М.п. існуюць у Мінску (Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь), Бярэзінскім біясферным запаведніку і нац. парку Белавежская пушча. У Бярэзінскім запаведніку адкрыты ў 1940, адноўлены пасля Вял. Айч. вайны ў 1950 у в. Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Мае больш за 500 экспанатаў, пл. экспазіцыі 400 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя запаведніка і развіццё запаведнай справы, млекакормячыя і іх ахова, птушкі і іх ахова і інш. У нац. парку Белавежская пушча засн. ў 1945 на базе калекцый навук. аддзела запаведніка Белавежская пушча, адкрыты ў 1950 у в. Камянюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 775 м². Аддзелы: навуковы, гісторыя Белавежскай пушчы, звяры, птушкі, шкоднікі лесу, глебы і інш. Вядуць навук. і лекцыйна-прапагандысцкую работу па пытаннях прыродазнаўства.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Музеі прыроды: 1 — у зале музея прыроды нацыянальнага парку Белавежская пушча; 2 — дыярама ў музеі прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка.

т. 11, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)