МАСКІРО́ЎКА (ад франц. masquer рабіць непрыкметным, нябачным для каго-небудзь),
1) (ваен.) комплекс мерапрыемстваў па ўвядзенні праціўніка ў зман аб наяўнасці, размяшчэнні, колькасці і складзе войск, іх дзеяннях і намерах.
Сродкі і прыёмы М. сталі актыўна ўдасканальваецца разам са з’яўленнем наразной агнястрэльнай зброі. М. асабліва шырока выкарыстоўвалася ў 2-ю сусв. вайну, у т. л. пры падрыхтоўцы Беларускай аперацыі 1944. Сав. камандаванне скрытна рыхтавала войскі 1, 2, 3-га Бел. і 1-га Прыбалт. франтоў для наступлення, адначасова імітавала канцэнтрацыю сав. войск у паласе 3-га Укр. фронту (тэр. Украіны). Гэтыя дзеянні стварылі ў ням. камандавання ілюзію падрыхтоўкі дапаможных удараў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі. У выніку з 30 танк. і матарызаваных ням. дывізій, якія знаходзіліся на сав.-герм. фронце, 24 былі дыслацыраваны на Пд ад Прыпяці, што стала адной з прычын катастрафічнага паражэння ням. войск летам 1944 на тэр. Беларусі. М. была найважнейшай умовай, спосабам і сродкам арганізацыі масавага партыз. руху і дзеяння сав. падполля ў гады Вял.Айч. вайны. Важную ролю ў М., размяшчэнні, манеўрах, баях і аперацыях бел. партызан адыграў лес.
У сувязі са з’яўленнем высокадакладнай зброі, інш. навейшых відаў узбраення і сродкаў разведкі роля М. вырасла, і М. стала важным відам забеспячэння баявых дзеянняў войск. У сучасных умовах паводле маштабу выкарыстання і характару задач М. падзяляецца на стратэгічную, аператыўную і тактычную. Спосабы М.: скрыванне, імітацыя, дэзінфармацыя і дэманстратыўныя дзеянні. Асн. віды М.: аптычная, цеплавая, радыёлакацыйная, радыётэхн., гідраакустычная і інш. Сродкамі М. з’яўляюцца: маскі-макеты, табельныя камплекты, прыстасаванні дымапуску, маскіравальныя адзенне, афарбоўка, расліннасць і інш.Найб. эфект дасягаецца пры адначасовым выкарыстанні М. супраць усіх сродкаў разведкі праціўніка.
2) Змена аблічча пры дапамозе маскі або інш. сродкаў.
3) (Пераноснае) паводзіны людзей, якія хаваюць ад іншых свае дзеянні, погляды, учынкі. У час войнаў або вял.сац.-эканам. і паліт. зрухаў М. была адным са сродкаў барацьбы за выжыванне людзей і этнасу, у т. л. ў бел. грамадстве.
Літ.:
Толочков М.И. Маскировка в современном бою. 2 изд. М., 1975;
Мацуленко В.А. Оперативная маскировка войск: (По опыту Великой Отеч. войны). М., 1975;
Степанов Ю.Г. Противорадиолокационная маскировка. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАСЦЬ,
моўная, тэрытарыяльная, эканам. і культ. супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феад. эпох. Найб. старажытныя Н. — егіпецкая, стараж.-грэчаская, кітайская і інш. У Зах. Еўропе Н. пачалі інтэнсіўна фарміравацца пасля распаду Франкскай дзяржавыз сярэдзіны 9 ст. Ва Усх. Еўропе ў 9 — пач. 12 ст. ў рамках Кіеўскай Русі склалася стараж.-рус. Н. Агульнай назвай насельніцтва Кіеўскай Русі сталі этнонімы «русіны», «русічы». Усх.-слав. плямёны — крывічы, дрыгавічы і радзімічы — засялялі тэр. сучаснай Беларусі ў 6—8 ст., з 9 ст. племянная арг-цыяўсх. славян замянялася на тэрытарыяльна-княжацкую; на тэр. Беларусі было больш за 10 княстваў, якія ў 9 — пач. 12 ст. знаходзіліся ў складзе Кіеўскай Русі. Пасля яе распаду землі Навагрудскага, Полацкага, Тураўскага і інш. княстваў увайшлі ў Вялікае княства Літоўскае, у якім узмацняліся інтэграцыйныя працэсы, адбывалася далейшае развіццё феад. адносін і стварыліся спрыяльныя ўмовы для кансалідацыі беларусаў у самастойны этнас. Панаванне ў ВКЛ адзінай стараж.-бел. мовы і культуры, развіццё гасп.-эканам. адносін садзейнічалі фарміраванню бел. Н. Гэты працэс пачаўся ў канцы 13—14 ст. і завяршыўся ў 15—16 ст. Унутрыэтнічнай кансалідацыі бел. Н. садзейнічалі захаванне пэўнай самастойнасці ў рамках ВКЛб. Полацкага, Віцебскага, Тураўскага, Слуцкага, Мсціслаўскага і інш. княстваў, а таксама рост гарадоў, развіццё гандлю, промыслаў і рамёстваў, кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.-юрыд. норм. Наступныя 17—18 ст. былі неспрыяльнымі для далейшага развіцця бел. Н. ў выніку працэсаў акаталічвання і паланізацыі, якая працягвалася амаль да сярэдзіны 19 ст. У 2-й пал. 19 ст. ў працэсе развіцця капіталіст. адносін бел. Н. стала ператварацца ў нацыю. У выніку далучэння бел. зямель да Рас. імперыі паланізацыя беларусаў была заменена ўплывам рус. культуры (гл.Русіфікацыя), а сам факт аб’яднання ўсх. славян (рускіх, беларусаў, украінцаў) у адзінай дзяржаве быў прагрэсіўнай з’явай.
Некат. этнічныя групы людзей свету і сёння маюць статус Н. і не кансалідаваліся ў нацыі. Гэта шматлікія групы насельніцтва Афрыкі і некат. раёнаў Азіі, якія былі калоніямі зах.-еўрап. дзяржаў, а таксама невял. народы, што не маюць выразнай нац. і этнанац. структуры (эвенкі, чукчы, ханты, мансі і інш.).
Літ.:
Алексеев В. Род, племя, народность, нация. М., 1962;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.
Створаны ў Мінску ў 1970, адкрыты 17.1.1971 пастаноўкай муз. камедыі «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі. Напачатку ў рэпертуары пераважалі спектаклі паводле твораў сучасных рас. аўтараў: «Чацвёра з вуліцы Жанны» А.Сандлера, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава, «Вольны вецер» І.Дунаеўскага, «Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна, «Хітрамудрая закаханая» А.Рабава, «Бабскі бунт» Я.Пцічкіна і інш. Паступова фарміраваўся нац. рэпертуар. Пастаўлены яркі, жыццярадасны спектакль «Паўлінка» (паводле Я.Купалы), аперэта-вадэвіль «Тыдзень вечнага кахання» Семянякі, муз. камедыі «Несцерка» і «Судны час» Р.Суруса, «Рэпартаж з пекла» і «Мільянерка» (паводле Б.Шоу) Я.Глебава, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Джулія» (паводле С.Моэма) і «Шклянка вады» У.Кандрусевіча. Сярод класічных аперэт найб. вылучаюцца «Сільва», «Марыца», «Баядэра» і «Прынцэса цырка» І.Кальмана, «Цыганскае каханне» і «Вясёлая ўдава» Ф.Легара, «Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» і «Цыганскі барон» І.Штрауса, а таксама творы сучасных рас. і замежных аўтараў — «Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу, «Гора ад розуму» А.Фельзера, «О, мілы друг» В.Лебедзева, «Сірано» С.Пажлакова, «Гуляем у Прынца і Жабрака» А.Журбіна, «Халопка» М.Стрэльнікава, «Хэло, Долі!» Дж.Германа, «Капялюш Напалеона» О.Штрауса, камічная опера «Viva la mamma!, ці Пікантныя кашмары тэатральнага жыцця» Г.Даніцэці, фольк-опера «Клоп» (паводле У.Маякоўскага) У.Дашкевіча. Зпач. 1990-х г. новага этапу развіцця дасягнула балетная трупа т-ра, абноўленая і павялічаная пераважна за кошт выпускнікоў Дзярж. харэаграфічнага каледжа. Пастаўлены шэраг балетаў, у т. л. «Штраусіяна» на муз. І.Штрауса, «Іспанскі дывертысмент» (муз. народная), «Шэхеразада» на муз. М.Рымскага-Корсакава, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрым, «Зачараваны прынц» па матывах «Шчаўкунка» на муз. П.Чайкоўскага. Вял. ўвагу калектыў т-ра аддае фарміраванню рэпертуару для дзяцей. Сярод дзіцячых спектакляў: «Зайка-зазнайка» і «Сцяпан — вялікі пан» Ю.Семянякі, «Беласнежка і сем гномаў» Э.Калманоўскага, «Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова, «Залатое кураня» У.Уланоўскага, «Пэпі» Дашкевіча і інш.Гал. рэжысёр — маст. кіраўнік т-ра Б.Лагода (з 1997), гал. дырыжор М.Сінькевіч (з 1997), гал. мастак Я.Ждан (з 1995), гал. балетмайстар Н.Дзьячэнка (з 1993), гал. хормайстар С.Пятрова (з 1997). У складзе трупы (1997): нар.арт. Беларусі Н.Гайда, В.Мазур, засл.арг. Беларусі А.Ісаеў, Г.Казлоў, П.Рыдзігер, В.Фаменка, засл. арт. Расіі А.Кузьмін, Н.Равінская, засл.арг. Украіны А.Ранцанц, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Расіі М.Подкіна, засл. арт. Беларусі Л.Чахоўскі, артысты балета лаўрэаты міжнар. конкурсаў Ю.Дзятко і К.Кузняцоў.
У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры І.Абраміс, П.Кірыльчанка, А.Лапуноў, балетмайстры С.Дрэчын, В.Бутрымовіч, артысты Дз.Іванова, Ю.Лазоўскі, К.Лосеў, Р.Харык, В.Шаўкалюк, Л.Рабушка, рэжысёры Б.Утораў, В.Цюпа, С.Штэйн, А.Барсегян, Р.Вікцюк, Ю.Аляксандраў, мастакі Я.Чамадураў, А.Марозаў, А.Грыгар’янц, Б.Герлаван, У.Жданаў і інш. У 1991 на базе т-ра створаны дзіцячы муз. тэатр-студыя «Казка» (маст. кіраўнік Г.Аляксандраў), сярод спектакляў якога найб. вылучыліся оперы «Гісторыя Кая і Герды» С.Баневіча, «Дзіцячы альбом» на муз. Чайкоўскага, «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.Войціка.
Будынак т-ра (адкрыты 15.10.1981, арх. А.Ткачук, У.Тарноўскі) мае асіметрычную кампазіцыю з раўназначнымі фасадамі, абумоўленую яго размяшчэннем у сістэме гістарычна складзенай забудовы. У прыбудаваным аб’ёме размешчаны амфітэатр, зала на 800 месцаў, развітая група сцэнічных памяшканняў. Гал. ўваход акцэнтаваны парадным парталам са скульпт. групай «Музы» (бронза, скульпт. Л.Зільбер). Інтэр’ер дэкарыраваны светлым мармурам, гіпсавымі ўстаўкамі, залацістым шклом, латунню. У глядзельнай зале габеленавая заслона (маст. А.Кішчанка і А.Бельцюкова), дэкар. рэльефы на партальнай сцяне і калонах (арх. Ткачук, скульпт Ю.Якубовіч).
Літ.:
Государственный театр музыкальной комедии Белорусской ССР. Мн., 1991;
Юўчанка Н.А. Музычная камедыя і аперэта // Музычны тэатр Беларусі 1960—1990. Мн., 1996.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Хэло, Долі!» Дж.Германа. 1992.Будынак Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Штраусіяна». 1992.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Джулія» У.Кандрусевіча 1991.Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Мільянерка» Я.Глебава. 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),
рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час.«Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час.«Отечественные записки». Збліжэнне з В.Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.Чарнышэўскім і М.Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар.рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы засац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.Сыракомлі, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны. А.Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.Дэнеры і Г.Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), зінш.літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.Броўка, А.Куляшоў, М.Танк, П.Панчанка, Г.Бураўкін, А.Вялюгін, А.Вярцінскі, Н.Гілевіч, А.Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.Купала, Броўка, М.Танк, Р.Барадулін, А.Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.Лужанін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;
Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;
Бел.пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд.Мн., 1952;
Сялянскія дзеці. 2 выд.Мн., 1955;
Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд.Мн., 1957;
Дзецям. Мн., 1971;
Лірыка. Мн., 1971.
Літ.:
Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.А.Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;
Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;
Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БСТВА,
найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш.Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст.н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл.Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш.еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй замер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.
Літ.:
Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;
Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕМІТЫ́ЗМ,
праяўленне варожых адносін да яўрэяў (семітаў); адна з формаў нац. нецярпімасці, расізму і шавінізму. Гіст. карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў інш. краіны Рымскай імперыі (1 ст.н.э.), іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясц. насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Рас. імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэліг. і нац. ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку бурж. рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напр., у Расіі для яўрэяў у канцы 18 ст. была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзярж. службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. У 1880-я г. і ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі паліт. паліцыя, шавіністычныя арг-цыі, аддз. чарнасоценнага «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у фаш. Германіі і акупіраваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. яўрэяў, у т. л. 3 млн. грамадзян б.СССР. Палітыка дзярж. антысемітызму праводзілася пасля вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць т.зв. касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму ёсць у ЗША (т.зв. «негрыцянскі антысемітызм»), Францыі (Ле Пен і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праварадыкальных нацыяналістычных арг-цый Расіі і інш. краін.
На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з 14—16 ст., антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах. Найбольш антысемітызм праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07. У вер. 1903 яўр. пагром адбыўся ў Гомелі, у якім удзельнічала і частка паліт. несвядомых рабочых чыг. майстэрняў. У кастр. 1905 чарнасоценцам удалося арганізаваць яўр. пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і інш. У 1920-я г.яўр. пагромы на тэр. Беларусі ўчынялі польскія акупац. ўлады, атрады С.Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я г.яўр.культ.-асв. арг-цыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўр. культуры. На тэр. Беларусі ў час яе акупацыі ням. фашыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тыс. яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і інш. рэспублік б.СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму, а сёння ён пакладзены ў аснову дзейнасці розных груповак і аб’яднанняў, якія стаяць на пазіцыях вялікадзяржаўнага шавінізму.
Літ.:
Бебель А. Социал-демократия и антисемитизм. Спб., 1407;
Ларин Ю. Евреи и антисемитизм в СССР. М.; Л., 1929;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧА-ДАРО́ЖНАЕ І КАМУНА́ЛЬНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі. Уключае прадпрыемствы па выпуску буд.-дарожнай, пагрузачнай, меліярац. тэхнікі, абсталявання для прам-сці буд. матэрыялаў і камунальнай гаспадаркі. Выпускае буд.-дарожныя машыны для падрыхтоўчых работ (дрэвавальныя, кустарэзныя і інш.), земляных (экскаватары, скрэперы, бульдозеры, грэйдэры), для ўшчыльнення палатна дарог (каткі), а таксама жвіраўкладчыкі, гудранатары, бітумавозы, асфальта- і бетонаўкладчыкі і інш., камунальныя машыны для догляду дарог і іх рамонту, сан. ачысткі і прыбірання тэрыторыі населеных пунктаў (падмятальна-ўборачныя, палівальна-мыйныя, снегаачышчальнікі і снегапагрузчыкі і інш.), для прыбірання памяшканняў грамадскага прызначэння (пыласосы, мыйныя і інш.), машыны і абсталяванне для пральняў і хімчыстак (машыны і прылады меншых габарытаў для прыбірання жылля, мыцця і чысткі адзення адносяцца да бытавых машын і прылад), пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне для складоў, тэлескапічныя лесвіцы, аварыйна-рамонтныя машыны для водаправодных, каналізацыйных, газавых, цеплавых і эл. сетак, меліярацыйныя машыны, тэхнал. абсталяванне для вырабу буд. матэрыялаў і аддзелачна-буд. работ і інш.
Першыя машыны для гар. гаспадаркі створаны ў 2-й пал. 19 ст. Значнае развіццё будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне атрымала ў пач. 20 ст. ў сувязі з пашырэннем аўтамаб. транспарту і буд-вам метро. Рост дарожнай сеткі выклікаў развіццё дарожнага машынабудавання: з’явілася магчымасць шырока выкарыстоўваць аўтамабілі, трактары, лакаматывы і інш. рухомы чыг. састаў, а таксама электраэнергію і хім. прадукцыю. Першыя ў Расіі машыны для ўборкі і сан. ачысткі населеных пунктаў (Масква, Ленінград) і першыя пральныя і прасавальныя машыны (Перм і інш.) выпушчаны ў 1930-я г. Як самаст. спецыялізаваная галіна прам-сці аформілася ў б.СССР у 1965. На Беларусі да Вял.Айч. вайны выпускаліся тарфяныя машыны (Гомель), каменедрабілкі і тачкі (Мінск).
У сучасным будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ствараюцца даўгавечныя маламетала- і малаэнергаёмістыя машыны, заўтам. і праграмным кіраваннем, выкарыстаннем новых матэрыялаў. Найб. развіта будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне ў краінах з высокім узроўнем эканомікі: ЗША (вядучыя кампаніі ФМК, «Дрэсер індастрыз», «Амерыкэн Стандарт»), Японіі («Камацу»), Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі і інш.
На Беларусі будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне пачало хутка развівацца ў 1950-я г. Прадпрыемствы галіны выпускаюць ліфты пасажырскія, бульдозеры, экскаватары, скрэперы, пагрузчыкі, снегаачышчальнікі, абсталяванне для механізацыі пад’ёмна-трансп. і пагрузачна-разгрузачных работ, для ачысткі камунальных водаправодаў і каналізацыі, машыны для буд-ва і ўтрымання меліярац. сістэм, для гар. і камунальнай гаспадаркі, для прам-сці буд. матэрыялаў. У 1993 гэтую прадукцыю выпускала больш за 30 прадпрыемстваў і вытв. аб’яднанняў. Найб.з іх: канцэрн «Амкадор», магілёўскае ВА «Стромаўталінія», ВА «Будмаш» (Мінск), Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Беларускі экскаватарны завод, Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машынВА «Белкамунмаш» і інш. У 1993 выпушчана 264 скрэперы, 106 экскаватараў, 74 бульдозеры, у 1994 — 2,6 тыс. ліфтаў, 76,9 тыс. пральных машын і інш.
У.М.Зайцаў.
Да арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне: франтальныя аднакаўшовыя пнеўмакалёсныя пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ РАЁН,
на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 44%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Вілейка, 409 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Альковіцкі, Асіпавіцкі, Вязынскі, Даўгінаўскі, Жарскі, Іжскі, Ільянскі, Касцяневіцкі, Куранецкі, Любанскі, Нарачанскі, Рабунскі, Хаценчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, на крайнім ПдУ — частка Мінскага ўзвышша. Паверхня плоская або слабахвалістая, пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 257,4 м (каля в. Хаценчыцы). Карысныя выкапні: гліны, торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 611 ммза год. Вегетац. перыяд 188 сут. Рака Вілія з прытокамі Нарач, Спорня, Сэрвач, Ілія. Вілейскае вадасховішча, з якога пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма. На ПнЗ — воз. Вішнеўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна; лясы пераважна хваёвыя і яловыя.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 100,4 тыс.га, з іх асушана 33 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 18 калгасаў і 6 саўгасаў. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Зверагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, агародніну, з тэхнічных — лён і цукр. буракі. Прадпрыемствы дрэваапр. (леса- і піламатэрыялы, тара і інш.), камбікормавай, шкляной (бутэлькі) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Полацк—Мінск і аўтадарогі Маладзечна—Вілейка—Мядзел—Нарач, Смаргонь—Вілейка, Маладзечна—Вілейка—Докшыцы. У раёне 18 сярэдніх, 13 базавых і 11 пач. школ, с.-г. тэхнікум (в. Ілья), 25 дашкольных устаноў, 48 клубаў, 59 б-к, 9 бальніц, 37 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: званіца канца 18 — пач. 19 ст. і касцёл пач. 20 ст. ў в. Альковічы; парк, закладзены ў 1793, у в. Асцюковічы; сядзіба 2-й пал. 19 ст. і царква пач. 20 ст. ў в. Вязынь; Станіславаўскі касцёл сярэдзіны 19 ст. і Троіцкая царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Даўгінава; вадзяны млын пач. 20 ст. ў в. Іжа; гасцініца канца 19 — пач. 20 ст., Ільінская царква пач. 20 ст. і касцёл канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Ілья; царква 19 ст. ў в. Кастыкі; капліца канца 18 ст. і Петрапаўлаўская царква (1868) у в. Касута; касцёл Маці Божай сярэдзіны 18 ст. ў в. Касцяневічы; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Куранец; Мікалаеўская царква 2-й пал. 18 ст. ў в. Латыгаль; царква канца 19 ст. ў в. Мільча; царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Нарач; царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Рабунь; капліцы сярэдзіны 18 ст. і 19 ст. і Успенская царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Ручыца; Успенская царква канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Спягла. Выдаецца газ. «Шлях перамогі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,
асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр.дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян.стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл.Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл.Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.
У аснову літ.бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт.Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх.бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычанняміз роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст.л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.Пушкіна на рус. Л.м., У.Шэкспіра на англ. мову, Я.Купалы, Я.Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт.Беларуская мова.
Літ.:
Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;
Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984;
Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.