ГІДРАТЭХНІ́ЧНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна буд-ва, якая забяспечвае стварэнне і рэканструкцыю збудаванняў, прызначаных для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы з неспрыяльным уздзеяннем рачных, азёрных, падземных і марскіх вод.

Яе асн. аб’екты: гідратэхнічныя збудаванні, гідраэлектрычныя станцыі, гідрамеліярацыйныя збудаванні, вадасховішчы, сажалкі, каналы, помпавыя станцыі і інш. Найб. эфектыўнае буд-ва гідравузлоў комплекснага прызначэння, якія забяспечваюць вырашэнне некалькіх водагасп. задач. Гідратэхнічнае будаўніцтва вызначаецца складанасцю прыродных умоў, пачатковай неасвоенасцю буд. пляцовак і адарванасцю іх ад вытв. баз, вял. аб’ёмамі земляных работ, шырокім выкарыстаннем мясц. матэрыялаў. Пры праектаванні і ажыццяўленні гідратэхнічнага будаўніцтва ўлічваюць яго магчымы ўплыў на навакольнае асяроддзе (затапленне і падтапленне тэрыторый, змену гідралагічнага рэжыму вадаёмаў, воднапаветр. рэжыму на меліярац. аб’ектах і інш.). Пры гідратэхнічным будаўніцтве выконваюць земляныя, арматурныя, бетонныя, каменныя, дарожна-будаўнічыя, палевыя і шпунтавыя, падводна-тэхн. і інш. работы (гл. адпаведныя арт.), шырока выкарыстоўваюць мантаж, сродкі і спосабы гідрамеханізацыі. Гідратэхнічнае будаўніцтва вядзецца са стараж. часоў (гл. Гідратэхніка).

На Беларусі пабудаваны Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі, Дняпроўска-Бугскі каналы (гл. адпаведныя арт.), меліярац. сістэмы (гл. Меліярацыя), больш за 130 вадасховішчаў, Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма, 179 малых ГЭС (частка іх была закансервавана, цяпер ідзе рэканструкцыя, вядуцца даследчыя работы па стварэнні новых), ажыццяўляюцца меры па ахове ад затаплення і падтаплення тэрыторый у бас. р. Прыпяць. Вядучая буд. арг-цыя па гідратэхнічным будаўніцтве — Беларускі дзяржаўны канцэрн па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, праектная — Беларускі дзяржаўны інстытут па праектаванні водагаспадарчага і меліярацыйнага будаўніцтва. Спецыялістаў для гідратэхнічнага будаўніцтва рыхтуюць БПА, БСГА, Брэсцкі політэхн. ін-т, Пінскі і Лепельскі гідрамеліярац. тэхнікумы.

Літ.:

Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М., 1983;

Гидротехнические сооружения. М., 1985;

Белецкий Б.Ф. Технология строительных и монтажных работ. М., 1986;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЙ АДУКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным майстрам, інспектарам, інжынерам і інш. работнікам, што бездакорна працавалі ў сістэме прафес.-тэхн. адукацыі не менш за 10 гадоў і асабліва вызначыліся выхаваўча-пед. дзейнасцю, дасягнулі выдатных поспехаў у справе камуніст. выхавання і прафес. навучання моладзі, актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 29.10.1971, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР; скасавана 23.11.1988.

Заслужаныя работнікі прафесійна-тэхнічнай адукацыі Беларускай ССР

1972. М.​П.​Мельнікаў, М.​Г.​Сувораў, Б.​Л.​Яронскі.

1973. Б.​М.​Балуеў, М.​К.​Гаварушкін, І.​А.​Хандога, М.​Г.​Цырульнікаў.

1975. Б.​А.​Аўгусціновіч, Т.​Б.​Банцэвіч, В.​І.​Восіпава, У.​М.​Грыцкевіч, В.​Н.​Жывуля, Н.​І.​Задора, Д.​Г.​Іргер, М.​Р.​Маглыш, В.​У.​Мельнікава, І.​Дз.​Расолька, Г.​М.​Самарцаў.

1976. А.​Э.​Бараноўскі, Я.​І.​Гаварушка, Я.​М.​Даманікаў, А.​Н.​Джураў, Л.​А.​Окунь, М.​Л.​Родаў, Р.​В.​Супрановіч.

1977. В.​Ф.​Бакштаеў, В.​І.​Бардзілоўскі, У.​С.​Беласоўскі, В.​Ф.​Валуевіч, І.​І.​Вырадаў, С.​Ц.​Галынскі, М.​С.​Дзмітрышына, М.​А.​Лычкоўскі, П.​А.​Румянцаў, А.​У.​Траўнік, Л.​І.​Чарненка.

1979. Л.​Е.​Белякоў, Н.​П.​Батэзат, А.​І.​Далматовіч, Г.​П.​Дубоўская, С.​А.​Калеснік, З.​Ф.​Пятровіч, Я.​Т.​Таранаў, Я.​М.​Талмачоў.

1981. М.​К.​Альхіменка, Н.​А.​Кузьміна, М.​С.​Лушчакоў, Я.​Я.​Шостак, К.​М.​Якубіцкі.

1982. А.​І.​Дубовік, А.​М.​Лапкоўскі, Н.​І.​Рэдзька, Н.​Н.​Самойлава, А.​С.​Сянчук, Г.​С.​Сухабокаў, Г.​М.​Шыбко, М.​М.​Якубёнак, А.​А.​Ярмаловіч.

1984. А.​А.​Бельчанкава, Р.​А.​Еўзельман.

1985. А.​А.​Клімін, А.​Л.​Краснабаеў.

1987. Л.​Ф.​Дрозд.

т. 6, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ БА́НК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

цэнтральная крэдытная ўстанова, галоўнае звяно банкаўскай сістэмы краіны. Створаны ў 1991 на базе бел. рэсп. канторы Дзяржбанка СССР. Дзейнічае на аснове законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці» (1990). Ажыццяўляе кіраванне грашова-крэдытнай палітыкай, каардынацыю дзейнасці банкаў Рэспублікі. Мэта — забеспячэнне ўнутр. і знешняй устойлівасці афіц. грашовай адзінкі, падтрыманне стабільнай дынамікі цэн. Асн. функцыі: грашова-крэдытнае і валютнае рэгуляванне; выкананне функцый цэнтр. дэпазітарыя міжбанкаўскіх разлікаў і касавага абслугоўвання камерцыйных банкаў; кансультаванне; крэдытаванне і ажыццяўленне функцый фін. агента ўрада і мясц. органаў улады; рэгістрацыя банкаў і нагляд за іх дзейнасцю; рэгуляванне знешнеэканамічнай банкаўскай дзейнасці; забеспячэнне адзінага парадку бухгалтарскага ўліку і справаздачы ў банкаўскай сістэме; вызначэнне і зацвярджэнне парадку, форм і правілаў арганізацыі безнаяўных разлікаў; арганізацыя крэдытна-разліковага абслугоўвання вайск. часцей, прадпрыемстваў і ўстаноў, арг-цый мін-ваў абароны і ўнутр. спраў, КДБ. Прымае ўдзел у распрацоўцы і выкананні «Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі». Устанаўлівае афіц. курсы замежных валют да афіц. грашовай адзінкі, валодае выключным правам эмісіі грошай. Супрацоўнічае з Міжнар. валютным фондам, Сусв. банкам рэканструкцыі і развіцця. Мае карэспандэнцкія рахункі ў шэрагу замежных краін і заканад. права ўдзельнічаць у міжнар. банкаўскіх фондах, саюзах, асацыяцыях.

Пабудаваны ў 1947—52 (арх. М.​Паруснікаў) на праспекце Ф.​Скарыны. 4-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У арх. вырашэнні інтэрпрэтаваны матывы класіцызму і рэнесансу, якія надаюць будынку манументальнасць і параднасць. У пластыцы гал. і бакавых фасадаў важную ролю адыгрываюць рытм пілястраў карынфскага ордэра і буйных арачных аконных праёмаў, антаблемент, расчлянёны паміж пілястрамі паўкруглымі аркамі. Будынак завершаны складаным карнізам і атыкам-парапетам.

А.​А.​Воінаў (архітэктура), С.​І.​Пуплікаў.

Будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),

рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс. км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс. км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс. м³/с (макс. да 35 тыс. м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТВО́РЫ,

гамагенныя сістэмы пераменнага саставу, утвораныя 2 ці большай колькасцю рэчываў (кампанентаў). Паводле агрэгатнага стану адрозніваюць газападобныя, ці газавыя сумесі (напр., паветра), вадкія і цвёрдыя (гл. Цвёрдыя растворы). Адносная колькасць кампанента ў Р. (гл. Растваральнасць) характарызуецца яго канцэнтрацыяй. Звычайна тэрмін «Р.» адносяць да вадкіх сістэм.

У вадкіх Р. адзін з кампанентаў наз. растваральнікам, астатнія — растворанымі рэчывамі. Растварэнне абумоўлена дыфузіяй і міжмалекулярным узаемадзеяннем. У Р. існуе блізкі парадак у адносным размеркаванні малекул (гл. Далёкі і блізкі парадак), але цеплавы рух малекул можа прыводзіць да флуктуацый шчыльнасці і канцэнтрацыі. Сувязь паміж малекуламі (іонамі) у Р. ажыццяўляецца за кошт Ван-дэр-Ваальса сіл і ў некаторых выпадках вадароднай сувязі. Пры хім. узаемадзеянні паміж малекуламі растворанага рэчыва і растваральніку магчыма ўтварэнне ўстойлівых комплексаў (гл. Сальватацыя). Уласцівасці рэальных Р. вызначаюцца характарам узаемадзеяння паміж малекуламі кампанентаў і адрозніваюцца ад уласцівасцей ідэальных Р., якія падпарадкоўваюцца Рауля законам.

Паводле наяўнасці або адсутнасці электралітычнай дысацыяцыі малекул раствораных рэчываў Р. падзелены на 2 асн. класы — Р. электралітаў і Р. неэлектралітаў. У асобны клас вылучаны Р. высокамалекулярных злучэнняў, якія паводле ўласцівасцей істотна адрозніваюцца ад Р. інш. рэчываў, што абумоўлена значным адрозненнем памераў малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Класіфікуюць Р. і паводле інш. прыкмет, напр., паводле прыроды растваральніку (Р. водныя і няводныя), значэння вадароднага паказчыка (кіслыя, нейтральныя, шчолачныя Р.). Водныя Р. адыгрываюць выключную ролю ў біял. працэсах. Выкарыстоўваюць Р. солей, кіслот і асноў у гідраметалургіі, няводныя Р. — у вытв-сці палімераў, фарбавальнікаў і інш.

Літ.:

Шахпаронов М.И. Введение в современную теорию растворов. М., 1976;

Герасимов Я.И., Гейдерих В.А. Термодинамика растворов. М., 1980;

Пригожин И.Р. Молекулярная теория растворов: Пер. с англ. М., 1990.

У.​С.​Камароў.

Растворапомпы: 1 — стацыянарная поршневая (плунжэрная); 2 — перасоўная поршневая.

т. 13, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРА́Т (Sōkratēs, 470—399 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф. Жыў у Афінах. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях, пасяджэннях «савета пяцісот», выконваў інш. грамадскія абавязкі. Абвінавачаны ў бязбожнасці, разбэшчванні моладзі і прыгавораны да пакарання смерцю. Адхіліў падрыхтаваныя сябрамі ўцёкі і прыняў атруту. Вызначыў новую задачу філасофіі як пазнанне чалавека ва ўсёй разнастайнасці яго духоўнага быцця, а не пазнанне прыроды. Пазнанне чалавека звязваў з самапазнаннем сябе як грамадскай і маральнай істоты. Спрабаваў даць вызначэнні агульным паняццям мудрасці, дабра, справядлівасці і інш.; падрыхтаваў аснову для далейшай распрацоўкі катэгарыяльнага апарату філасофіі. Свае ідэі выкладаў вусна ў выглядзе размоў, дыскусій. Лічыў, што напісаны тэкст «мёртвы» і ў значнай ступені скажае думку. Абгрунтаваў і распрацаваў метад дыялогу як асн. сродку вызначэння ісціны і такія яго складаныя кампаненты, як іронія, маеўтыка, індукцыя. Яго паліт. погляды заснаваны на перакананні, што дзяржавай павінны кіраваць «лепшыя» — мудрыя і справядлівыя грамадзяне. Лічыў неабходным «бударажыць» грамадства, не дазваляючы грамадзянам займацца толькі звычайнымі справамі (узбагачэннем, кар’ерай і інш.). Выступаў за духоўнае развіццё чалавека, яго маральнае і інтэлектуальнае самаўдасканальванне.

С. не стварыў цэласнай філас. сістэмы, але яго ўплыў на сусв. філасофію і духоўную культуру вельмі значны. Прадаўжальнік яго ідэй — Платон. Жыццёвы шлях С., яго асн. ідэі зафіксаваны ў працах стараж.-грэч. філосафаў Платона, Ксенафонта, Дыягена Лаэрцкага і інш. (гл. Сакратычныя школы).

Кр.: Платон. Апология Сократа. Критон // Собр. соч.: Пер. с греч. М., 1990. Т. 1.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Софисты. Сократ. Платон. М., 1994;

Нерсесянц В.С. Сократ. М., 1996;

Кессиди Ф.Х. Сократ. Ростов н/Д, 1999;

Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов: Пер. с греч. М., 1995.

Т.​І.​Адула.

Сакрат.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 75,4 тыс. чал. (1996), гарадскога 56%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Бяроза, г. Белаазерск, 110 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 15 сельсаветаў: Белаазерскі, Боркаўскі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Здзітаўскі, Малецкі, Міжлескі, Нарутавіцкі, Першамайскі, Пескаўскі, Сакалоўскі, Сігневіцкі, Спораўскі, Стрыгінскі, Сялецкі.

Раён займае паўд.-ўсх. ч. Прыбугскай раўніны і паўн.-зах. Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоская забалочаная раўніна, пераважная выш. 150—160 м, найвыш. пункт 189 м (каля чыг. ст. Бронная Гара). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, сілікатныя і буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,2 С, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 593 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Рака Ясельда з прытокамі Вінец і Жыгулянка. Азёры: Чорнае, Спораўскае, Белае, вадасх. Сялец. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, дзярновыя і дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 22,3% тэр. раёна; вял. лясныя масівы (Галавіцкі, Буды, Бронная Гара); пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Біял. заказнік Спораўскі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,8 тыс. га, з іх асушана 36,3 тыс. га. У раёне 14 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (свінагадоўля, буйн. раг. жывёла, авечкагадоўля, конегадоўля). Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніцу, ячмень, авёс), цукр. буракі, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Прадпрыемствы энергетыкі (Бярозаўская ДРЭС), машынабудавання і металаапрацоўкі (абсталяванне для электраэнергет. прам-сці, вентылятары, рамонт камбайна-трактарных рухавікоў і інш.), лёгкай (вытв-сць спарт. абутку), харч. (сыр, масла, сухое абястлушчанае малако, цукар), дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (піламатэрыялы, цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя канструкцыі, сілікатныя вырабы і інш.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Мінск. У раёне 23 сярэднія, 7 базавых і 14 пач. школ, 2 СПТВ, 18 дашкольных устаноў, 42 клубы, 45 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: царква Маці Божай сярэдзіны 19 ст. ў в. Сакалова, Пакроўская царква (1795) у в. Сігневічы, сядзіба 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. і Троіцкая царква (1827) у в. Новыя Пескі, царква Іаана Багаслова (1817) у в. Стрыгінь, касцёл (1912) і Успенская царква (1863—70) у в. Сялец, Мікалаеўская царква (1825) у в. Чарнякава. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона» на месцы баёў партызан з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Здзітава. Выдаецца газ. «Маяк».

Літ.:

Память: Ист.-док. хроника Березовского р-на. Мн., 1987.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫЯ ВО́БРАЗЫ, сусветныя вобразы,

умоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гіст. эпоху, але ў свядомасці людзей наступных эпох ператварыліся ў мнагазначныя і шырокавядомыя сімвалы, здольныя ўвасабляць з’явы агульначалавечага зместу. Кожны з гэтых вобразаў (Праметэй, Дон Жуан, Фауст, Гамлет, Дон Кіхот) па-свойму адлюстроўвае спрадвечныя сутнасныя канфлікты самавыяўлення чалавека, гранічнасць яго жыццёвых ідэалаў і памкненняў, супярэчлівую рэальнасць яго магчымасцей. Маст. ёмістасць і шматмернасць такіх вобразаў, багаты вопыт іх інтэрпрэтацый у сусв. л-ры і мастацтве вядуць да новых абагульненняў, пераацэнак рэчаіснасці ў адпаведнасці з умовамі і патрэбамі часу.

Тытан Праметэй — герой стараж.-грэч. міфалогіі ў трагедыі Эсхіла пададзены як смелы багаборац, а ў больш позніх творах як сімвал сапраўднай чалавечнасці, падзвіжніцкага служэння вял. мэце (у Дж.​Байрана, П.​Б.​Шэлі, М.​Агарова, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Ліста, А.​Скрабіна, Тыцыяна). Сярэдневяковая легенда пра рыцара, які аддаў жыццё пошукам любоўных уцех, выклікала шмат літ. наследаванняў, у якіх Дон Жуан выступаў прадстаўніком арыстакратычнага грамадства (Мальер), заўзятым шукальнікам неўвядальнай жаноцкасці (опера В.​А.​Моцарта, апавяданне Э.Т.​А.​Гофмана), бунтаром у імя свабоды асобы (паэма Байрана), звычайным спажыўцом бурж. тыпу (раман А.​Бальзака), эгаістычным жыццялюбцам, для якога настаў час расплаты за мінулае («маленькая трагедыя» А.​Пушкіна). Этапныя маст. вытлумачэнні легенды пра Фауста, які нібыта прадаў душу д’яблу дзеля ведаў і багацця: п’еса К.​Марла «Трагічная гісторыя доктара Фауста»; трагедыя І.​В.​Гётэ «Фауст», прасякнутая верай у сілу чалавечага розуму; раман Т.​Мана «Доктар Фаустус», у якім трагічны лёс Фауста супастаўляецца з лёсам усёй Германіі 1-й пал. 20 ст. Характар Гамлета са скандынаўскай сагі, у якой гал. герой настойліва дасягае сваёй мэты і карае злачынцу, пераасэнсаваны ў аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра, дзе Гамлет паўстае найперш мысліцелем, які выпрабоўвае сумненнямі традыц. погляды.

Першыя спробы асваення вечных вобразаў у бел. л-ры — пераклады Бібліі: да біблейскіх вобразаў звярталіся ў сваёй творчасці Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі. Многа міфал. вобразаў парадзіравана ў ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». У 1920—30-я г. найб. часта згадваўся вобраз Праметэя, багаборніцкія імкненні якога адпавядалі рэв. ўздыму і грамадскім настроям часу. Надзвычай важным для бел. л-ры стаў вобраз музыкі — нар. песняра, мастацтва якога раскрывала душу бел. народа, векавую крыўду і боль прыніжанага чалавека, незгасальную веру ў моц нар. духу і неўміручасць нар. генію («Курган» Я.​Купалы, «Сымон-музыка» Я.​Коласа).

Літ.:

Берков П.Н. Вклад восточных славян в разработку так называемых «мировых образов» // Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)