САМО́ЙЛАЎ (Уладзімір Якаўлевіч) (15.3.1924, г. Адэса, Украіна — 8.9.1999),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1984). Скончыў Адэскае тэатр. вучылішча (1948). На сцэне з 1949. З 1969 у Маскоўскім т-ры імя У.Маякоўскага, з 1994 — у т-ры імя М.Гогаля. Ролі драм. плана: Ермалаеў («Ляцяць пералётныя птушкі» А.Галіна, 1986) і інш. З 1959 здымаўся ў кіно: «Сакратар абкома» (1964), «Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў» (1966), «Вяселле ў Малінаўцы» (1968), «Зімародак» (1972), «Прэмія» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1978), «Сібірыяда» (1979), «Бацькі і дзеці» (1983, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Серафім Палубес і іншыя жыхары зямлі» (1984), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Працэс» (1989), «...Па мянушцы «Звер» (1990), «Клан» (1991), «Правінцыяльны бенефіс» (1993), «Бульварны раман» (1994) і інш. Адна з цэнтр. тэм творчасці С. — тэма пазнання героем ісціны праз напружаную барацьбу з самім сабой. Дзярж. прэмія Расіі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГІЙ (у свеце Ахатэнка Рыгор; 24.3.1890, с. Малыя Гарошкі Жытомірскай вобл., Украіна — 2.10.1971),
украінскі і бел.рэліг. дзеяч. З 1904 у Богаяўленскім манастыры ў Жытоміры, дзе атрымаў пачатковую духоўную адукацыю. 28.6.1919 прыняў манаства. З 1925 іераманах, з 1932 архімандрыт. Служыў святаром у правасл. прыходах на Украіне. У 1937 арыштаваны, сасланы на прымусовую працу ў г. Бярдзянск. У пач.Вял.Айч. вайны вызвалены. Служыў настаяцелем сабора ў г. Мелітопаль. 1.8.1943 у Кіраваградзе стаў епіскапам Укр. аўтакефальнай правасл. царквы. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. Садзейнічаў адбудове Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. На 1-м саборы БАПЦ у г. Констанц (Германія, 4—5.6.1948) абраны ў склад часовага кіраўніцтва БАПЦ і яе духоўнай кансісторыі. 20.12.1949 выбраны кіраўніком Сабора БАПЦ і ўзведзены ў сан архіепіскапа. З 1950 у Аўстраліі, дзе выконваў абавязкі першаіерарха БАПЦ, праводзіў святарскую дзейнасць сярод бел. вернікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (12.2.1855, г. Харкаў, Украіна — 19.4.1939),
расійскі і ўкраінскі рэжысёр, акцёр. Нар.арт. Украіны (1934). Нар.арт. Расіі (1934). З 1873 акцёр, пазней і рэжысёр у т-рах Харкава, Мікалаева, Казані і інш. У 1900—09 гал. рэжысёр Т-ра Корша ў Маскве, у 1910—13 трымаў антрэпрызу ў Харкаве і Кіеве. Рэфарматар правінцыяльнай сцэны, вял. ўвагу аддаваў акцёрскаму ансамблю. Увёў сістэму абанементаў і спектакляў для моладзі па зніжаных цэнах. Пасля 1917 у т-рах Саратава, Растова-на-Доне, з 1933 у Харкаўскім рус.драм. т-ры. Сярод лепшых пастановак: «Плады асветы» Л.Талстога (1893), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1897), «Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава (1901), «Гора ад розуму» А.Грыбаедава (1934), «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага (1935) і інш. Выкладаў у Харкаўскім тэатр. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ВІН (Леў Ісаевіч) (27.10.1896, г. Адэса, Украіна — 6.9.1984),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1922. У п’есе «Інтэрвенцыя» (паст. 1933) паслярэв. Адэса. Раман «Ардэнскія страсці» (1976) пра 2-ю сусв. вайну. Аўтар рамана «Спадчыннік» (1930), аповесцей «Мае землякі» (1942, экранізавана пад назвай «Два байцы», 1943), «З другога боку ўзгорка» (1958), «За нашу і вашу свабоду! Аповесць пра Яраслава Дамброўскага» (1968), «Утрапёны. Аповесць пра Вісарыёна Бялінскага» (1973), апавяданняў, нарысаў, кніг мемуараў «Партрэты і нататкі» (1965), «Мой пачуццёвы сябар» (1973), кінасцэнарыяў. П’еса «Інтэрвенцыя» паст. ў Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (1940).
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1981;
Ударивший в колокол: Повесть об А.Герцене. 3 изд. М., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́Н (Мікола) (Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),
украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр.Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.Купалы, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, А.Зарыцкага, кн. вершаў П.Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.Бялевіч, В.Вітка, П.Глебка, Зарыцкі, М.Калачынскі, Куляшоў, Я.Семяжон, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КНЕР ((Brückner) Аляксандр) (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),
польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф.слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ,
муж і жонка, рэвалюцыянеры.
Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.
Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РЦАЛЬ ((Worcell) Станіслаў Габрыэль) (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц.сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНГЕ́РАЎ (Сямён Апанасавіч) (17.4.1855, г. Лубны, Украіна — 14.9.1920),
расійскі літ.-знавец, бібліёграф. Скончыў Пецярбургскі (1879) і Дэрпцкі (г. Тарту, 1880) ун-ты. Аўтар кніг па гісторыі рус. л-ры, манаграфій пра творчасць К.Аксакава, В.Бялінскага, І.Ганчарова, М.Гогаля, І.Тургенева і інш. З 1891 рэдагаваў літ. аддзел «Энцыклапедычнага слоўніка» Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар (1917) і першы дырэктар Рас. кніжнай палаты. Аўтар бібліягр. прац «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» (т. 1—6, 1886—1904), «Рускія кнігі» (т. 1—3, 1897—99), «Крыніцы слоўніка рускіх пісьменнікаў» (т. 1—4, 1900—17, выд. ўсіх не скончана); узначальваў выданне «Руская літаратура XX ст. 1890—1910» (вып. 1—7, 1914—16, выд. не скончана). Збіраў матэрыялы пра бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Карскага, Е.Раманава і інш.), з некаторымі перапісваўся.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3, 5. СПб., 1911—13;
2 изд. Т. 1, 4. Пг., 1919.
Літ.:
Калентьева А.Г. Влюбленный в литературу. М., 1964.