латышскі паэт.Засл. дз. культ. Латвіі (1965). Скончыў Рыжскі пед.ін-т (1950). Друкуецца з 1946. Аўтар зб-каў вершаў «Маладосць» (1953), «Сонца ўзнімаецца вышэй» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), «Гады і сляды» (1964), «За возерам высокія горы» (1977), «Экватар раздзяляе шлях» (1981), зб. вершаў і прозы «Белы карабель у сініх водах» (1974) і інш. У творах узнімае праблемы развіцця асобы, яе грамадз. адказнасці, узаемасувязі лёсу чалавека і народа. Паэзіі Веяна характэрны гарманічнасць пачуццяў, вобразнасць, музычнасць. Пераклаў на лат. мову зб. вершаў П.Панчанкі, асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, П.Пестрака, Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Зарыцкага, К.Кірэенкі, С.Шушкевіча. На бел. мову творы Веяна пераклалі Э.Агняцвет, Барадулін, Е.Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Phaeophyta),
аддзел водарасцей. 2 класы — феазааспоравыя (Phaeozoosporophyceae) і цыкласпоравыя (Cyclosporophyceae), каля 250 родаў (3 роды прэснаводныя, астатнія — марскія) і 1500 відаў (найб. вядомыя — ламінарыя цукрыстая, фукус пухіраваты, саргасум змешаны і інш.). Пашыраны ва ўсіх морах, у халодных водах утвараюць значныя зараснікі.
Шматклетачныя, пераважна макраскапічныя водарасці даўж. да 60 м. Слаявішча жаўтавата-бурае з-за прысутнасці жоўтых і бурых пігментаў (фукаксанціну і інш.), мае хларафілы a і c. Размнажаюцца лалавым і бясполым шляхам, радзей вегетатыўна. Палавы працэс — ізагамія, анізагамія і аагамія. Цыкл развіцця ізаморфны (больш старажытны) і гетэраморфны. Адметныя рысы бурых водарасцей: шматклетачныя валаскі з базальнай зонай росту; шматгнездавыя ўмяшчальні, што функцыянуюць як гаметангіі або спарангіі; зааспоры і гаметы з 2 жгуцікамі. Шырока выкарыстоўваюцца як харч. і кармавыя расліны, у медыцыне і прам-сці для атрымання алігінтаў, манітолу, кармавой мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКО́ННА-АПТЫ́ЧНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
сувязь, у якой перадача інфармацыі адбываецца з дапамогай эл.-магн. ваганняў аптычнага дыяпазону (1014 — 1015Гц) і шкловалаконных святлаводаў; від аптычнай сувязі. Найб. перспектыўны кірунак развіцця тэлекамутацыйных сістэм і сетак. Адрозніваецца ад інш. відаў сувязі вял. колькасцю каналаў (вял. прапускная здольнасць), вял. скорасцю перадачы інфармацыі, высокай аховай ад эл.-магн. перашкод, нізкай імавернасцю памылак, малымі памерамі, масай і энергаспажываннем, прастатой мантажу і пракладкі.
Валаконна-аптычная сувязь дае магчымасць ствараць сеткі тэлекамунікацый з інтэграцыяй службаў (абмен рознымі відамі інфармацыі — тэлефаніі, даных ЭВМ, ПЭВМ, факсіміле; відэаінфармацыі, тэлебачання — у адной лічбавай сетцы). Валаконна-аптычныя лініі сувязі выкарыстоўваюцца ў кабельным тэлебачанні, выліч. тэхніцы, тэлефоннай і касм. сувязі, у сістэмах кантролю і кіравання тэхнал. працэсамі, медыцыне (дыягностыцы, хірургіі) і інш.Гл. таксама Валаконная оптыка.
Літ.:
Основы волоконно-оптической связи: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́САЎ (Яўген Міхайлавіч) (н. 23.2.1931, г. Разань),
бел. філосаф і сацыёлаг. Акад.АН Беларусі (1994), чл.-кар.АН Беларусі (1977), д-рфілас.н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1955). З 1957 на выкладчыцкай рабоце. У 1977—89 дырэктар Ін-та філасофіі і права, з 1989 — Ін-та сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, сацыялогіі экстрэмальных сітуацый і катастроф, асаблівасцяў пераходнага перыяду ў развіцці бел. грамадства. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння сац. аспектаў навук.-тэхн. прагрэсу, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Дзярж. Прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла прац па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),
раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац.развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;
Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1989—90.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САНА́ЦЫЯ,
неафіцыйная назва групы бел. дзеячаў у Зах. Беларусі. Створана ў сярэдзіне 1929. Лідэры А.Луцкевіч, Р.Астроўскі, Я.Станкевіч, Ф.Акінчыц. Друкаваны орган — газ. «Наперад». Была выразнікам той часткі крыла нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, што ва ўмовах узмацнення рэпрэсій польскіх улад, а таксама рэпрэсіўнай палітыкі бальшавікоў у БССР адзіна магчымым шляхам культ.-нац.развіцця лічыла пошук кампрамісаў з «санацыйным» урадам Ю.Пілсудскага, не выключаючы парламенцкіх сродкаў барацьбы. За гэта сярод бел. грамадскасці, што арыентавалася на КПЗБ і Камінтэрн, група атрымала назву «санацыя» (лац. sanatio аздараўленне). Пад арганізац. кіраўніцтвам групы знаходзіліся Т-вабел. асветы, Бел.навук.т-ва, Бел. дабрачыннае т-ва, Бел. студэнцкі саюз, інш.культ.-асв. і дабрачынныя арг-цыі і суполкі. Адсутнасць адзінства і рознагалоссі сярод лідэраў групы, а таксама імкненні польскіх улад унесці разлад у яе дзейнасць прывялі да канчатковага расколу Беларускай санацыі ў 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ,
добраахвотная навукова-грамадская арг-цыя, якая аб’ядноўвае вучоных і спецыялістаў, што працуюць у галіне сацыялогіі. Створана ў 1994, з’яўляецца правапераемніцай Бел. аддзялення Сав. сацыялагічнай асацыяцыі. Асн. задачы: павышэнне прафес. ўзроўню членаў асацыяцыі, пашырэнне сацыялагічных ведаў; садзейнічанне развіццю сацыялагічнай навукі, павышэнню абгрунтаванасці і дзейнасці яе рэкамендацый; выяўленне прыярытэтных кірункаў сац.-эканам., паліт. і культ.развіцця Беларусі і асобных яе рэгіёнаў; развіццё навук. сувязяў і супрацоўніцтва з сацыёлагамі інш. краін і міжнар.навук. арг-цыямі; арганізацыя і правядзенне навук. кангрэсаў, канферэнцый, сімпозіумаў, семінараў; выдавецкая дзейнасць. У рамках Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі вядзецца экспертна-кансультацыйная дзейнасць па пытаннях сацыялогіі, праводзяцца сацыялагічныя экспертызы паліт., прававых, эканам., тэхн. і інш. праектаў. Разам з інш.навук. ўстановамі і арг-цыямі выдала манаграфіі А.В.Рубанава «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» (1994), Г.М.Сакаловай «Эканамічная сацыялогія», Я.М.Бабосава «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІМАЎ ((Asimov) Айзек) (2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),
амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,
біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах пад рэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіццябел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.
В.К.Шчэрбін.
Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДА́ТКІ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
сукупныя затраты жывой і арэчаўленай працы на вытворчасць прадукту. Ва ўмовах таварна-грашовых адносін выступаюць у вартаснай (грашовай) форме. Адрозніваюць грамадскія выдаткі вытворчасці (уключаюць перанесеную вартасць выкарыстаных сродкаў вытв-сці і ўсю зноў створаную вартасць, раўняюцца кошту тавару і служаць аб’ектыўнай асновай планавых цэн) і грашовыя затраты прадпрыемстваў на вытворчасць тавараў (яны меншыя за іх вартасць, выступаюць у форме сабекошту прадукцыі, які ўключае выдаткі на спажытыя матэрыяльныя рэсурсы, аплату працы работнікаў, расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі). Велічыня грамадскіх выдаткаў вытворчасці залежыць ад эфектыўнасці сродкаў працы і ад прадукцыйнасці працы. Чым вышэйшая эфектыўнасць сродкаў працы і яе прадукцыйнасць, тым меншыя выдаткі грамадства на выраб прадукту. Зніжэнне выдаткаў прадпрыемства дасягаецца шляхам павышэння прадукцыйнасці працы, лепшага выкарыстання сыравіны, матэрыялаў і асн.вытв. фондаў, паглыблення спецыялізацыі і кааперавання, развіцця камбінавання. Важнейшымі фактарамі зніжэння выдаткаў вытворчасці прадпрыемства з’яўляюцца ўдасканаленне гасп. механізма, пераход да эканам. метадаў кіравання, ліквідацыя безгаспадарчасці.