МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер. — пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеаг. яўр. рабочага саюза Літвы, Польшчы і Расіі (гл. Бунд) у Мінску ў 1897—1921. К-т утварыўся на аснове Мінскай яўр. с.-д. групы. У пач. 1898 ён займаўся тэхн. пытаннямі арганізацыі I з’езда РСДРП, на якім Бунд стаў часткай РСДРП. З 1899 вёў пераважна асв. прапаганду ў гуртках. У студз. 1901 к-т прыняў праграму падрыхтоўкі агітатараў, заснаваную на трэд-юніянісцкіх ідэях, і пачаў ствараць асобныя структуры для кіраўніцтва паліт. і эканам. барацьбой яўр. рабочых. Пасля II з’езда РСДРП к-т разам з усім Бундам выйшаў з партыі. У 1905—07 актыўна ўдзельнічаў у рэв. падзеях, уваходзіў у Мінскі кааліцыйны савет 1905, выдаваў газ. «Дэр Мінскер Арбайтэр» («Мінскі рабочы»), У 1906 (пасля IV з’езда РСДРП) Мінскі к-т Бунда зноў увайшоў у партыю. З пачаткам 1-й сусв. вайны к-т фактычна спыніў сваю дзейнасць. Пасля Лют. рэв. 1917 ён удзельнічаў у арганізацыі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, супрацоўнічаў пераважна з меншавікамі. У чэрв. 1917 Мінскі к-т увайшоў у Паўн.-Зах. абл. арг-цыю Бунда, удзельнічаў у выбарах у Мінскую гар. думу ў адзіным с.-д. блоку. У вер.-кастр. 1917 у бундаўскай арг-цыі складаліся левая (на чале з М.​Я.​Эстэр і Фрумкінай-Віхман) і правая (на чале з Х.​Я.​Гельфандам) плыні. Левыя паступова збліжаліся з бальшавікамі, увайшлі ў выканком Мінскага Савета, за імі ішла большасць прафсаюзаў Мінска. Левыя і правыя выступалі супраць абвяшчэння БНР. У студз. 1919 на аснове Мінскіх арг-цый Бунда ўзнікла Яўр. камуніст. партыя Беларусі, якая праз месяц перайменавана ў Яўр. камуніст. саюз (ЯКС). У маі 1919 быў створаны 1-ы Мінскі батальён бундаўцаў і паалейцыяністаў, 500 бундаўцаў былі мабілізаваны ў Чырв. Армію. На XIII надзвычайнай канферэнцыі (крас. 1920) было абвешчана пра далучэнне ЯКС да РКП(б) на ўмовах Камінтэрна. Правыя не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў т. зв. с.-д. Бунд (на чале з Гельфандам). 234 мінскія бундаўцы ўступілі ў пярвічныя арг-цыі КП(б)Б Мінска.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),

горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс. ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л. трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-т эканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар. муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.

Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.

Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.​Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.​Б.​Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар. маст. збораў; дом А.​Дзюрэра.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 11, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),

1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.​І.​Леніна і ЦК РСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл. парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.

2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.​К.​Уладзіміраў. У вер. 1905 парт. арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр. к-т РСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп. к-т РКП(б).

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ ГАРНІЗО́Н у Вялікую Айчынную вайну на Беларусі,

1) месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання. Ствараўся з мэтаю бяспекі і найб. спрыяльных умоў жыцця, баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партыз. фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, побыту і ўнутр. распарадку П.г., гарнізоннай і каравульнай службаў ажыццяўляліся на аснове вайск. статутаў і традыцый Чырв. Арміі, дакументаў і ўказанняў парт. партыз. органаў. У маштабах партызанскіх зон ЦК КП(б)Б, Бел. штаб партыз. руху і падп. парт. органы вызначалі раёны дыслакацыі партыз. фарміраванняў з нас. пунктамі, дзе партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад рабаўніцтваў і разбою ням,фаш. акупантамі, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партыз. лагеры. У нас. пунктах камандаванне прызначала каменданта ў сельсавет і старасту вёскі, якія арганізоўвалі каравульную службу, апавяшчэнне насельніцтва і партызан пра перамяшчэнні праціўніка, укрыццё людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў нас. пункце, назіранні за паводзінамі партызан, якія знаходзіліся на заданнях па-за размяшчэннем сваіх падраздзяленняў. У многіх раёнах Беларусі камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падп. райкомы партыі.

2) Самая простая форма аб’яднання асобных баявых атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху з мэтай больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў партызан супраць ворага. Складаўся па ініцыятыве і згодзе партызан у ходзе сумесных баёў асобных атрадаў, дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з ням.-фаш. гарнізонамі, карнымі атрадамі, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка. Адным з першых у студз. 1942 склаўся гарнізон Ф.І.Паўлоўскага, які аб’ядноўваў 13 асобных атрадаў (1301 чал.), частка якіх у перыяд баёў з карнікамі перадыслацыравалася ў інш. раёны, а на базе астатніх створана партыз. брыгада. П.г. ствараліся і старшым вайск. начальнікам: камандзір Клічаўскага аператыўнага цэнтра палк. У.Л.Нічыпаровіч загадам у канцы ліп. 1942 стварыў адзін гарнізон з 6 атрадаў (дзейнічаў на стыку Барысаўскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл.), другі — з 3 атрадаў (на тэр. Бялыніцкага і Магілёўскага р-наў Магілёўскай вобл.); восенню 1942 на іх базе сфарміраваны партыз. брыгады.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 474—475.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВЫ,

сям’я рускіх акцёраў.

Васіль Міхайлавіч (17.4.1782, Масква — 23.7.1839), артыст пецярбургскага Вял. т-ра (1803—39). Выступаў пераважна ў оперы (у тэнаровых і барытонавых партыях); іграў і ў драм. спектаклях. Найб. поспех меў у лірыка-драм. і гераічных партыях у операх К.​А.​Каваса, Ф.​Паэра і інш. Соф’я Васілеўна (народжаная Чэрнікава; 1787—3.3.1854), драм. і оперная артыстка. Жонка Васіля Міхайлавіча. Скончыла тэатр. вучылішча (1804). У 1804 дэбютавала на пецярбургскай сцэне. Выступала ў операх і операх-вадэвілях. Пакінула сцэну ў 1843. Васіль Васілевіч (25.1.1813, С.-Пецярбург — 8.4.1887), драм. акцёр. Сын Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. Скончыў Горны корпус (1829), Лясны ін-т (1832). Дэбютаваў у 1834 у партыі Іосіфа (опера «Іосіф» Э.​Мегюля). У 1835—75 у Александрынскім т-ры. Лепшыя ролі «з пераапрананнем»; Макар Губкін («Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Стружкін («Акцёр» М.​Някрасава) і інш. У п’есах У.​Шэкспіра і А.​Астроўскага не здолеў узняцца над узроўнем меладраматычнага псіхалагізму і дэкаратыўна падкрэсленай этнаграфічнасці. Вера Васілеўна (1824, С.-Пецярбург — 20.11.1880), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1841—53 у Александрынскім т-ры. З артыстызмам, грацыяй, лёгкасцю выконвала лірыка-драм. і камедыйныя ролі: Эльміра («Тарцюф» Мальера). Выдатна валодала мастацтвам вядзення дыялогу, тонка перадавала стыль аўтара. І.​Тургенеў для яе напісаў камедыі «Дзе тонка, там і рвецца», «Правінцыялка». Надзея Васілеўна (18.1.1818, С.-Пецярбург — 30.3.1899), драм. актрыса. Дачка Васіля Міхайлавіча і Соф’і Васілеўны. У 1838—59 у Александрынскім т-ры. Займала амплуа інжэню ў вадэвілях. Павел Васілевіч (11.7.1866, С.-Пецярбург — 16.4.1931), драм. акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1923). Сын Васіля Васілевіча. Сцэн. дзейнасць пачаў у Пецярбургу (1888). Іграў у правінцыі, у т. л. ў трупе М.​Барадая, у 1891—93 у Т-ры Корша (Масква), у 1904—05 у Драм. т-ры імя В.​Камісаржэўскай (Пецярбург), у 1900—04 і 1920—24 у трупе б. Александрынскага т-ра. Напаўняў сваю ігру настроямі трывогі, усведамленнем трагічнай няздольнасці ўвасобіць ідэалы: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Старыцын («Прафесар Старыцын» Л.​Андрэева), Освальд («Прывіды» Г.​Ібсена) і інш.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»

(«СВБ»),

справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, праф. А.​А.​Смоліч, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.​І.​Краскоўскі, Я.​Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.​І.​Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.​Ф.​Адамовіч і П.​В.​Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСІЗА́ЦЫЯ,

палітыка нац.-дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва ў БССР у 1920-я г. Яе вытокі ў бел. вызв. руху, у ідэях бел. нац. адраджэння. У БССР беларусізацыя праводзілася пад кіраўніцтвам КП(б)Б як адзінай уладнай партыі. Выпрацоўка нац. праграмы Камуніст. партыі праходзіла складана і супярэчліва, у жорсткай унутрыпарт. барацьбе. Ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да грамадзянскага міру, станаўлення новай эканам. палітыкі (нэпа), пошуку формаў саюзу сав. рэспублік, пад націскам прадстаўнікоў нац. кампартый верх узяла лінія прыхільнікаў федэратыўнага аб’яднання, абнаўлення нац. палітыкі. Ініцыятарамі і аўтарамі палітыкі беларусізацыі былі дзеячы бел. нац.-вызв. руху, якія ў час Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны свядома прыйшлі да бальшавікоў, звязалі з сав. уладай свае надзеі на нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа, яго сац. і нац. адраджэнне. Многія з іх увайшлі ў склад кіруючых парт. і сав. органаў (А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​Л.​Бурбіс, А.​В.​Баліцкі, П.​В.​Ільючонак і інш.). Нягледзячы на шэраг супярэчнасцяў, ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам КП(б)Б, у т. л. сакратарамі ЦК В.​Г.​Кнорыным, В.​А.​Багуцкім, А.​М.​Асаткіным-Уладзімірскім, А.​І.​Крыніцкім. Першыя крокі ў ажыццяўленні беларусізацыі зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць мовы, стварэнне бел. школ, перавод справаводства на бел. мову). Пры Наркамаце асветы БССР адкрыліся курсы беларусазнаўства для падрыхтоўкі настаўнікаў (кіраўнік Я.​Лёсік). У лют. 1921 ЦВК БССР прыняў шэраг пастаноў, што прадвызначылі ўвесь наступны ход беларусізацыі. Быў пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. і польскай моў, намечаны меры па стварэнні сістэмы дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійна-тэхн. вучылішчаў і тэхнікумаў. Для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 распачаў дзейнасць БДУ, у 1922 — Ін-т бел. культуры. Згуртаванню ўсіх творчых сіл народа садзейнічала абвешчаная ў ліп. 1923 сумесным дэкрэтам ЦВК СССР і ЦВК БССР амністыя ўсім радавым удзельнікам і кіраўнікам антысав. нац. фарміраванняў і арг-цый 1918—20. VII з’езд КП(б)Б (сак. 1923) падвёў папярэднія вынікі вырашэння нац. пытання на Беларусі, сфармуляваў прынцыпы палітыкі беларусізацыі. Пашыраны пленум ЦБ КП(б)Б (ліп. 1923) вызначыў комплекс мер па гасп. адраджэнні краю, тэр. самавызначэнні бел. народа, развіцці бел. мовы і нац. культуры, вылучэнні і выхаванні кадраў. Гэта праграма неаднаразова ўдакладнялася і дапаўнялася на пленумах ЦК КП(б)Б (1925). 2-я сесія ЦВК БССР (15.7.1924) прыняла пастанову «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі», у выніку якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзярж. палітыкай. Прэзідыум ЦВК БССР утварыў спец. камісію па ажыццяўленні нац. палітыкі на чале з А.​І.​Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры акр. выканкомах. У 2-й пал. 1920-х г. беларусізацыя мела цэласны канцэптуальны характар і была ўзнята да ўзроўню парт. і дзярж. палітыкі. Узбуйненне БССР у 1924 і 1926 дабратворна паўплывала на паліт., эканам. і культ. развіццё рэспублікі. Асноўны змест нац. палітыкі вызначалі пытанні развіцця бел. мовы і культуры (пры безумоўным забеспячэнні правоў і магчымасцяў свабоднага развіцця нац. меншасцяў). Выключная ўвага звярталася на навук. даследаванні праблем бел. мовы, яе гісторыі, нарматыўнасць, распрацоўку навук. тэрміналогіі. У 1920-я г. бел. мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літаратурнай мове. Выдаваліся працы па актуальных праблемах гісторыі, мастацтва, л-ры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі. Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1928 каля 80% школ было пераведзена на бел. мову навучання; адкрываліся школы і класы для прадстаўнікоў нац. меншасцяў; выкладанне вялося на 8 нац. мовах. Да канца 1920-х г. амаль цалкам пераведзена на бел. мову справаводства ў дзярж. і парт. органах. Адным з цэнтр. кірункаў беларусізацыі з’яўлялася т.зв. каранізацыя — вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва на парт., сав., праф. і грамадскую работу. Палітыка беларусізацыі зрабіла значны ўплыў на нар. масы Зах. Беларусі, узмацніла іх арыентацыю на БССР; многія дзеячы бел. эміграцыі прынялі запрашэнне ўрада БССР вярнуцца на Беларусь для нац.-культ. працы. З канца 1920-х г., ва ўмовах стварэння аўтарытарна-бюракратычнай сістэмы і разгортвання кампаніі супраць т.зв. нацыянал-дэмакратызму, пачаўся паварот да фактычнай контрбеларусізацыі, разгрому нац. інтэлігенцыі. Апагеем гэтай кампаніі стала сфальсіфікаваная справа т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», за прыналежнасць да якога было засуджана 90 чал., пераважна дзеячы навукі і культуры, кіраўнікі шэрагу наркаматаў рэспублікі. У 1930-я г. сам тэрмін «беларусізацыя» амаль на паўстагоддзе знікае з ужытку.

Літ.:

Практычнае вырашэнне нацыянальнага пытання ў БССР. Ч. 1. Беларусізацыя. Мн., 1928;

Кароль А. Беларусізацыя — палітыка нацыянальнага адраджэння // Крыжовы шлях. Мн., 1993.

А.​С.​Кароль.

т. 2, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,

войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр. крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш. Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл. Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс. чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598 франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.

Літ.:

Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)