НЕСАПРА́ЎДНАЯ ГО́ТЫКА, псеўдаготыка,

умоўная назва кірунку ў архітэктуры 18—19 ст., які пераймаў формы, а часам і канструкцыі сярэдневяковай готыкі.

Зараджэнне Н.г. ў зах.-еўрап. архітэктуры звязана з росквітам садова-паркавага мастацтва, з ідэалізацыяй сярэднявечча, характэрнай рамантызму. Выяўлялася ў культавых і вял. грамадскіх збудаваннях. Часам узнаўляліся помнікі сярэдневяковай архітэктуры, часцей будынкі мелі толькі гатычны дэкор. Для еўрап. Н.г. сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. характэрна шырокае выкарыстанне чыгунных канструкцый і паліхроміі. У Расіі Н.г. пашырылася спачатку ў сядзібным буд-ве, у творчасці В.​Бажэнава і М.​Казакова спалучаліся з некат. матывамі сярэдневяковай рус. архітэктуры.

На Беларусі першыя ўзоры Н.г. паявіліся ў палацавым буд-ве (Крычаўскі палац, Косаўскі палац). У сядзібным буд-ве 19 ст. выяўлялася ў асобных гасп. і службовых пабудовах (капліца сядзібы ў в. Закозель Драгічынскага р-на). Рысы Н.г. мелі шматлікія станцыйныя будынкі 1-й пал. — сярэдзіны 19 ст., у якіх выкарыстоўваліся псеўдагатычныя стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў (паштовыя станцыі ў г. Крычаў, в. Кузьміно Гарадоцкага р-на). З сярэдзіны 19 ст. Н.г. стала адной з найб. значных плыней архітэктуры эклектыкі, узорным стылем у культавым дойлідстве (Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл). Найб. дасканалыя кампазіцыйна-пластычныя магчымасці Н.г. выявіліся ў збудаваннях 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Некат. будынкі набылі рысы Н.г. пасля перабудовы (Віцебскі Варварынскі касцёл). У драўляным дойлідстве Н.г. выявілася ў распрацоўцы вытанчанага па форме сілуэта, шырокім выкарыстанні прыёмаў кантрастнага спалучэння ашаляваных паверхняў зруба і высокіх пластычных дахаў, вежаў-званіц і г.д. (касцёлы ў вёсках Мяжаны Браслаўскага, Лінава Пружанскага р-наў). У пач. 20 ст. псеўдагатычныя збудаванні характарызуюцца адраджэннем маст. цэласнасці готыкі і эстэтызацыяй каркаснай канструкцыі. Н.г. паўплывала на станаўленне стылю мадэрн, неарамантычных кірункаў і зараджэнне функцыяналізму.

В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Несапраўдная готыка. Мост у Царыцыне (Масква). Арх. В.​Бажэнаў. 1776—85.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКА-АКЦЯ́БРСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

Акцябрска-Любанская партызанская зона. Утворана ўвосень 1941 у выніку вызвалення партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў частак Акцябрскага, Глускага, Любанскага і Старобінскага р-наў. Зону ўтрымлівалі: злучэнне партыз. атрадаў Акцябрскага р-на (13 атрадаў, 1300 чал.) на чале з Ф.І.Паўлоўскім, з крас. 1942 злучэнне партыз. атрадаў Мінскай і Палескай абл., з сак. 1943 Мінскае і Палескае партыз. злучэнні. У 1943 зона злілася на Пн са Слуцка-Капыльскай, на З з Ленінскай партыз. зонамі. Утварыўся партыз. край пл. каля 8 тыс. км² (Акцябрскі, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і інш. раёнаў), які абаранялі больш за 40 тыс. партызан. У зоне размяшчаліся Мінскі і Палескі падп. абкомы, райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі, штабы Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкомы, у некат. раёнах — выканкомы сельсаветаў; выдаваліся газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гасп. жыццё, у многіх нас. пунктах адкрыты школы. 3 мая 1942 наладжана двухбаковая радыёсувязь з Вял. зямлёй, дзейнічалі партыз. аэрадромы. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пранікнуць на тэр. зоны, правялі больш за 10 карных аперацый («Бамберг», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Марабу» і інш.), у выніку якіх знішчылі больш за 25 тыс. сав. грамадзян, каля 6 тыс. вывезлі на работы ў Германію. Партызаны каля 3 гадоў змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка, размешчанымі па перыметры зоны ўздоўж чыг. Лунінец—Калінкавічы—Жлобін—Асіповічы—Ляхавічы, правялі Пціцкую аперацыю 1942, Старыцкі бой 1942, Лаўскі бой 1942 і інш. Найб. жорсткія баі па абароне зоны вялі Мінскае і Палескае партыз. злучэнні ў студз.—лютым 1943 і 1944. У гонар гераічнай барацьбы партызан у Любанскім р-не створаны мемар. комплекс Зыслаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 33.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

праектаванне і буд-ва прамысл. прадпрыемстваў і вытв. збудаванняў. Сродкамі П.а. ствараецца матэрыяльна і эстэтычна арганізаванае асяроддзе, неабходнае для ажыццяўлення чалавекам вытв. працэсу. Пры праектаванні аб’ектаў. П.а. ўлічваюцца рацыянальнае размяшчэнне прадпрыемстваў у сістэме горада, арх.-планіровачная арг-цыя і забудова саміх прадпрыемстваў і комплексаў, арг-цыя культ.-быт. абслугоўвання і камфортных умоў працы ў сферы вытв-сці, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама эфектыўнасць капіталаўкладанняў.

Станаўленне і развіццё П.а. звязана з развіццём прамысл. вытв-сці і нар. гаспадаркі на ўсіх гіст. этапах. Да 18 ст. вытв. працэс быў засн на ручной працы, вытв. пабудовы не вылучаліся ў самаст. тып будынкаў. У эпоху прамысловага перавароту (з 1760-х г). калі вытв. працэс быў звязаны з выкарыстаннем машыннай тэхнікі, узнікла неабходнасць у буйных памяшканнях для машын, абсталявання, рабочых. Першыя прамысл. будынкі былі прамавугольныя ў плане, з нясучымі цаглянымі ці каменнымі сценамі і драўлянымі перакрыццямі (ф-кі ў Вялікабрытаніі). Пераважалі утылітарныя вырашэнні: падоўжаныя масіўныя сцены, якія часам чляніліся пілястрамі, упрыгожваліся паясамі фігурнай муроўкі. Выкарыстанне ў канцы 18—19 ст. каркасных канструкцый з металу і жалезабетону паспрыяла стварэнню вытв. будынкаў з рацыянальнай планіроўкай унутр. аблегчанымі сценамі, павелічэнню колькасці паверхаў і памераў светлавых праёмаў, што істотна змяніла вонкавае аблічча вытв. будынкаў. У П.а. пач. 20 ст. пашыраліся новыя канстр. сістэмы, якія давалі магчымасць перакрываць без апор вял. пралёты, выкарыстоўваліся новыя буд. і аддзелачныя матэрыялы. Лепшыя аб’екты П.а. (напр., турбінная ф-ка фірмы «АЭГ» у Берліне, 1909—12, арх. П.Берэнс, ф-ка «Фагус» у г. Альфельд, Германія, 1911—16, арх. В.Гропіус) з выразным рытмам калон, каркаснымі канструкцыямі, вялікапралётнымі перакрыццямі, новымі прыёмамі члянення вял. паверхняў сцен палосамі зашклення ў метал. пераплётах істотна паўплывалі на архітэктуру 20 ст. Сучасныя прамысл. будынкі і збудаванні вылучаюцца буйным маштабам, аб’ёмна-планіровачным вырашэннем і сілуэтам, становяцца важным арх. акцэнтам у гар. забудове.

На Беларусі з 9 ст. вядомы выраб прадметаў з дрэва, каменю, гліны, жалеза і інш., заснаваны на ручной працы. Першымі т.зв. вытв. збудаваннямі былі дамы-майстэрні: драўляныя пабудовы ў традыцыях нар. дойлідства, якія ўключалі жылую, вытв. і гасп. часткі (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Гродне і інш.). Развіццё П.а. звязана з паяўленнем у 1-й пал. 18 ст. мануфактур (шкляныя ў Налібаках Стаўбцоўскага і Урэччы Любанскага р-наў, шаўковых паясоў у Слуцку, суконная ў Нясвіжы; усе Мінская вобл.). У 2-й пал. 18 ст. драўляныя 1-павярховыя будынкі мануфактур пастаўлены ў Гродне, Паставах і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў П.а. пачалі выкарыстоўвацца новыя буд. матэрыялы (чыгун, пракатнае жалеза, бетон, жалезабетон), пабудаваны шэраг прадпрыемстваў (пераважна на берагах рэк або побач з чыгункай), у т. л. Добрушская папяровая фабрыка, Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна», суконная ф-ка ў в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. і інш. У пач. 20 ст. рэканструяваны старыя (папяровая ф-ка «Папірус» і хрусталёвы з-д у Барысаве, шклозавод «Старава» ў Бабруйскім пав.) і пабудаваны новыя прадпрыемствы. Пошук новых арх. форм вёўся ў кірунку стварэння арх. вобраза лаканічнымі і простымі маст. сродкамі, абапіраючыся на традыцыі. Адна з першых прамысл. пабудоў — станкабуд. з-д «Энергія» (1920) у Мінску. 1930-я г. адметныя буд-вам новых прадпрыемстваў і тэхнал. пераабсталяваннем старых. Больш шырокае ўжыванне металу і жалезабетону дазволіла якасна змяніць формы і арх. аблічча прамысл. будынкаў. Шматпралётныя карпусы з адносна вял. пралётамі, выразнай арх. кампазіцыяй і дакладнай арг-цыяй унутр. прасторы, з выяўленнем функцыян. і канстр. зместу будавалі без лішніх дэкар. дэталей у афармленні фасадаў (ф-кі панчошна-трыкат. імя КІМ у Віцебску, штучнага валакна ў Магілёве, кандытарская «Камунарка» ў Мінску, з-д «Гомсельмаш» у Гомелі). Пасляваен. аднаўленне і рэканструкцыя вяліся паралельна з увядзеннем новых будынкаў, абсталяваных новай тэхнікай. Пабудаваны аўтамаб. і трактарны заводы-гіганты ў Мінску, буйныя прадпрыемствы радыётэхн., прыладабуд., паліграф. прам-сці. Прамысл. аб’екты ўключаліся ў асн. горадабуд. вузлы і структуру старых і новых гарадоў, дапаўнялі і ўзмацнялі арх.-вытв. кампазіцыю гар. забудовы. У 1950-я г. паляпшалася аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне вытв. будынкаў, узведзены першы на Беларусі паўназборны шматпавярховы вытв. будынак — гал. корпус Мінскага гадзіннікавага завода. У кампазіцыі выкарыстоўваліся элементы класічнай спадчыны (Мінскі паліграфічны камбінат, з-д электронных выліч. машын у Мінску). Пашырыліся блакіроўка прамысл. будынкаў, уніфікацыя і тыпізацыя іх канструкцый, стварэнне карпусоў пад адным дахам (дывановы камбінат, з-ды электрамех. і электралямпавы ў Брэсце, комплекс харч. прадпрыемстваў у раёне Дражні ў Мінску). У 1960—70-я г. пабудаваны буйныя аб’екты вытв. аб’яднанняў «Палімір» у Наваполацку, «Хімвалакно» ў Магілёве, «Азот» у Гродне, «Беларуськалій» у Салігорску, «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі і інш. На базе існуючых прадпрыемстваў створаны сучасныя вытв. комплексы з макс. блакіроўкай і кааперацыяй службаў і камунікацый, з эфектыўным выкарыстаннем тэрыторый, неабходнымі эстэт. і сан.-гігіенічнымі ўмовамі. Вял. перавагу мела аб’яднанне дробных прадпрыемстваў у камбінаты, замена старых 1-павярховых пабудоў сучаснымі шматпавярховымі будынкамі са свабоднай унутр. прасторай, што давала магчымасць мадэрнізаваць тэхнал. працэс, ствараць выразныя планіровачныя структуры і арх. прадстаўнічасць. Ствараюцца аб’яднаныя прамысл. комплексы — прамысл. вузлы, упарадкоўваюцца існуючыя прамысл. раёны. У павышэнні эстэт. і арх. выразнасці будынкаў і збудаванняў важнае месца належыць маст. выяўленню ўласцівасцей матэрыялаў і канструкцый, сістэме чляненняў сцен фасадаў, фактуры і колеру канстр. і аддзелачных матэрыялаў, колераваму вырашэнню інтэр’ераў. У арх.-кампазіцыйным вырашэнні выкарыстоўваецца прыём кантрасту падоўжаных 1-павярховых аб’ёмаў і шматпавярховых кампазіцыйных дамінантаў інж.-лабараторных карпусоў (Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі тонкасуконны камбінат і інш.). Новыя прамысл. будынкі гарманічна ўключаюцца ў прыродны ландшафт. Вядучая арг-цыя па праектаванні прамысл. буд-ва на Беларусі — ін-т «Белпрампраект» (засн. ў 1949). Значны ўклад у П.а. зрабілі архітэктары С.Баткоўскі, Э.​Бацян, І.Боўт, У.Караль, С.Корчык, У.Некрашэвіч, Н.Шпігельман і інш.

Літ.:

Ким Н.Н. Промышленная архитектура. 2 изд. М., 1988;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986.

І.​І.​Боўт.

Да арт. Прамысловая архітэктура. Будынкі суконнай фабрыкі ў вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобл. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Да арт. Прамысловая архітэктура. Будынак гадзіннікавага завода ў Мінску.

т. 13, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТО́НІКА (ад грэч. architektonikē будаўнічае мастацтва),

мастацкае выяўленне заканамернасцяў будовы, уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка, круглай скульптуры, аб’ёмным творам дэкар. мастацтва; у шырокім сэнсе — будова маст. твора (карціны, сімфоніі, кінафільма, рамана і г.д.), якая абумоўлівае суадносіны яго гал. і другарадных элементаў.

У архітэктуры выяўляецца ў суразмернасці, супадпарадкаванасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці, рытмічнасці ўсіх элементаў будынкаў і збудаванняў. Садзейнічае цэласнаму эстэт. ўспрыманню арх. твора, у якім арганічна спалучаюцца яго лагічная функцыян.-канструкцыйная аснова, кампазіцыя, дэкор і інш. Кожны арх. стыль надае своеасаблівасць архітэктоніцы пэўнай эпохі. У ант. архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма найб. дасканалая і гарманічная была архітэктоніка класічнага арх. ордэра, заснаванага на маст. перапрацоўцы стоечна-бэлечнай сістэмы. У готыцы і ў эпоху Адраджэння маст. выразнасць будынкаў грунтавалася на архітэктоніцы арачных канструкцый. У архітэктуры барока архітэктоніка найчасцей грунтавалася на апасродкаваным выяўленні з дапамогай ордэрных элементаў дэкору дынамікі канструкцый. У эпоху класіцызму архітэктоніка базіравалася на выразных гарманічных прапорцыях, сіметрыі, ураўнаважанасці аб’ёмаў, выкарыстанні класічных ордэрных кампазіцый. Дасканаласць архітэктонікі нар. драўлянага дойлідства ў непарушным адзінстве шматвяковага развіцця яе арх. формы і функцыян.-канструкцыйнага зместу.

У літаратуры — агульная будова літ. твора, якая выяўляецца ў спалучэнні яго частак і элементаў, у сродках гарманічнага афармлення і структурнай арганізацыі твора як адзінага маст. цэлага. Своеасаблівасць архітэктонікі залежыць ад ідэйнай задумы твора, жанравых законаў, індывід. аўтарскага стылю. Падзел твора на часткі і раздзелы мае творчы, змястоўны характар, а паслядоўнасць іх чаргавання, узаемасувязі вызначаюцца яго ўнутр. будовай — кампазіцыяй. Некаторыя вял. эпічныя творы складаюцца з «кніг» («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака — з 2, «Мінскі напрамак» І.​Мележа — з 3). Твор з некалькіх самастойных кніг, аб’яднаных сюжэтнай пераемнасцю, набывае форму дылогіі, трылогіі і г.д. У паэзіі архітэктоніка выяўляецца ў сістэме строф, якія ў буйным творы злучаюцца ў раздзелы ці часткі. Цвёрдая страфа (санет, трыялет, рандо і інш.) складае закончаны твор. У драматургіі змест падзяляецца на дзеі (акты), апошнія — на карціны (з’явы).

А.​М.​Кулагін, А.​М.​Пяткевіч.

Да арт. Архітэктоніка. Нервюрнае скляпенне інтэр’ера сабора ў г. Эксетэр (Вялікабрытанія). 1300−99.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БАЛЬШАВІКО́Ў) ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ [КП(б)ЛіБ]. Утворана ў выніку аб’яднання Камуніст. партыі

(бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзярж. ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб’яднаўчым з’ездзе 4—6.3.1919 у Вільні [гл. Другі з’езд КП(б)Б] выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8.1.1919 стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В.​С.​Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня),

В.​Г.​Кнорына, З.​І.​Ангарэціса, А.​Ф.​Мяснікова, Я.​Г.​Далецкага, С.​В.​Іванова. 24.4.1919 Прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б) ЛіБ. З прычыны наступлення польск. войск Палітбюро ЦК КП(б) ЛіБ у крас. 1919 абвясціла рэспубліку на ваен. становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польск. войскам не ўдалося. 21.4.1919 польск. войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жн. — Мінск, да вер. 1919 — усю тэр. рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б) ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падп. і партыз. рухам. 3.9.1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літ.), «Młot» («Молат», польск.). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліп.жн. 1920) ЦК КП(б) ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губ. парт. арг-цыя. 30.7.1920 створаны Мінскі губ. к-т КП(б) ЛіБ. Пасля прыняцця 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9.8.1920 прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губ. к-та КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б) ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пач. вер. 1920 ЦБ КП(б) унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б) ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8.11.1920 ЦК КП(б)Б вырашыла наступную парт. канферэнцыю назваць Трэцім з’ездам КП(б)Б.

В.​І.​Талкачоў.

т. 7, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.​Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.​І.​Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1970—71;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;

Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.

Літ.:

Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;

Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;

Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;

Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.

С.​А.​Андраюк.

А.М.Кулакоўскі.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.

На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).

Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».

П.​І.​Рогач.

Да арт. Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,

помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн. гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.​Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.​Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.​Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.​Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал. гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял. Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.

Літ.:

Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.​Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.​Л.​Карбанье, паводле праекта А.​Бетанкура, арх. В.​І.​Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».

2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт. к-та Узбр. сіл Беларусі (1976; цяпер Мінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).

3) М. цыркавы, гл. Арэна.

4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОДААГАРО́ДНІННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, якая перапрацоўвае агародніну, садавіну, ягады. Вырабляе плодаагароднінныя кансервы (у т. л. для дзіцячага і дыетычнага харчавання), сушаную гародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты, мочаную і засоленую гародніну, пладова-ягаднае віно; перапрацоўвае дзікарослую сыравіну (чарніцы, журавіны, грыбы). На Беларусі П.п. сфарміравалася ў сав. час. У 1940 дзейнічалі асобныя цэхі, выраблена 3 млн. ўмоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў і 700 т сушанай гародніны і бульбы. У 2000 працуюць 262 прадпрыемствы і вытворчасці, большасць з якіх аб’ядноўваюцца ў канцэрны «Белгасхарчпрам» і «Белкаапсаюз». Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Клецкі кансервавы завод, Кобрынскі кансервавы завод, Мінскі харчовы камбінат, Пінскі кансервавы завод, Слуцкі кансервавы завод, а таксама кансервавыя з-ды ў Глыбокім, Хойніках, Ляхавічах, Гродне, Гарыні (Столінскі р-н), Красным (Маладзечанскі р-н), гароднінасушыльны з-д у Солах (Смаргонскі р-н) і інш., вырабляюць прадукцыю больш за 300 найменняў. У многіх саўгасах і калгасах працуюць з-ды ці цэхі (больш за 40) невял. магутнасці. Выкарыстоўваецца сыравіна мясц. і прывазная (памідоры, вострыя прыправы), вытворчасць мае сезонны характар. На долю П.п. прыпадае 3,8% агульнай прадукцыі харч. прам-сці, ч. прадукцыі экспартуецца (асабліва з дзікарослай сыравіны). Перспектыўная для Беларусі галіна, але развіта недастаткова з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў (страты сыравіны дасягаюць 30—40%).

Найб. развіта П.п. у ЗША, Канадзе, краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (асабліва ў Італіі), сярод краін Усх. Еўропы — у Польшчы (буйнейшы ў свеце пастаўшчык канцэнтраванага яблычнага соку, замарожанай клубніцы).

Т.​Л.​Казакова.

Вытворчасць плодаагародніннай прадукцыі на Беларусі
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1999
I. Кансервы плодаагароднінныя, млн. умоўных слоікаў, з іх 432,6 482,5 163,0 272,7
1. Агароднінныя 164,8 143,9 67,6 86,1
2. Памідорныя 36,6 37,4 23,0 36,5
3. Пладовыя, у т.л. 231,2 301,2 72,4 101,9
а. Павідла, варэнне, джэмы 34,7 44,4 7,4 22,2
б. Сокі 98,7 180,2 43,0 63,5
II. Сушаная садавіна, т 117 7 19 112
III. Пладова-ягаднае віно, млн. дэкалітраў 9,9 0,1 5,1 22,2
Да арт. Плодаагароднінная прамысловасць. Харчовы камбінат Белкаапсаюза: 1 — цэх канцэнтраваных сокаў; 2 — прадукцыя камбіната.

т. 12, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)