словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, запазычаныя з якой-н. адной мовы і пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (напр., у бел., англ. і франц). У большасці сучасных моў складаюць грамадска-паліт., навук. і тэхн. тэрміны, запазычаныя з англ. («джаз», «імпарт»), франц. («балет», «наркоз»), італьян. («арыя», «бензін») моў. У бел. мове значная колькасць І. пашырылася ў 16—17 ст. у выніку запазычання непасрэдна або праз польск. пасрэдніцтва з грэч. («атам», «акадэмія», «дыялект», «фантазія») і лац. («аўтар», «доктар») моў. У сувязі з заняпадам старабел. літ.-пісьмовай мовы ў канцы 17 ст. многія старабел. І. былі забыты. Адноўлены ў бел. мове ў 20 ст. пад уплывам рус. мовы. І. выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях літ. мовы, найб. у навук.-тэхн. л-ры, літаратуразнаўчай, мовазнаўчай і інш. тэрміналогіі («алегорыя», «драма», «перфект», «сінтаксіс»).
Літ.:
Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;
Акуленко В.В. Вопросы интернационализации словарного состава языка. Харьков, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШКАЛДСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры готыкі. Пабудаваны да 1472 у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Мікалаем Неміровічам. Мураваны храм зальнага тыпу. Кампактны асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты высокім двухсхільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. З паўн. боку да апсіды прылягаюць невысокія сакрысція і паўкруглы аб’ём з вітымі ўсходамі. Масіўныя сцены ў ніжняй ч. арнаментаваны сеткавай муроўкай (пазней атынкаваны) і ўмацаваны на бакавых фасадах вертыкальнымі, на вуглах ступеньчатымі контрфорсамі. Пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал.зах. фасадзе аздоблены сіметрычна размешчанымі плоскімі нішамі. Унутры асн. аб’ём падзелены 4 слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У апсідзе зорчатае нервюрнае скляпенне (у канцы 15—1-й пал. 16 ст. скляпенні касцёла і слупы былі размаляваны). У 2-й пал. 16 ст. касцёл перайшоў да кальвіністаў, у 1641 Радзівілы вярнулі яго католікам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пашкоджаны, у 1866—1919 — царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т РУ́СКІХ АФІЦЭ́РАЎ У ПО́ЛЬШЧЫ,
падпольная рэв.арг-цыя ў часцях рас. арміі на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ў 1861—63. Узнік восенню 1861 як федэрацыя афіцэрскіх гурткоў колькасцю ў некалькі соцень чал. (палякі, рускія, беларусы і інш.). Кіраўнікі: А.Л.Патабня, Я.Дамброўскі, З.Падлеўскі і інш.К-т ідэйна прымыкаў да «чырвоных», выступаў за ліквідацыю прыгонніцкіх парадкаў. Быў звязаны з рас.рэв. цэнтрам у Лондане (А.І.Герцэн, М.А.Бакунін, М.П.Агароў), ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу (у яе склад к-т увайшоў у канцы 1862 як аўт.арг-цыя), Цэнтр.нац. к-там у Варшаве, Літоўскім правінцыяльным камітэтам у Вільні. У 1861—62 вёў прапагандысцкую работу ў войсках, выпусціў больш за 16 пракламацый. 27.6.1862 Патабня здзейсніў замах на рас. намесніка ў Польшчы ген. А.М.Лідэрса. Да сярэдзіны 1863 дзейнасць к-та спынілася ў сувязі з рэпрэсіямі і змяненнем паліт. сітуацыі, многія яго члены ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ТНАЯ МУ́ЗЫКА,
музыка, заснаваная на тэхн. апрацоўцы запісаных на стужку «натуральных», немузычных гукаў (гул цягніка, розныя шумы, шапаценне, крыкі, галасы птушак і інш.). Можа спалучацца з гукамі муз. інструментаў і пеўчых галасоў. Блізкая да электроннай музыкі, крайніх форм санарыстыкі (гл.Санорыка). У працэсе стварэння К.м. і яе запісу кампазітар з дапамогай сучасных тэхн. сродкаў (магнітафоны, сінтэзатары) здзяйсняе шматлікія аперацыі, якія забяспечваюць разнастайныя акустычныя эфекты. К.м. ўзнікла ў канцы 1940-х г. у Францыі. Яе стваральнік — П.Шэфер («Канцэрт шумоў», «Сюіта для 14 інструментаў», «Канцэрт двухсэнсавасцей»), паслядоўнікі — прадстаўнікі найб. радыкальнага крыла муз.авангарда П.Анры, П.Булез, А.Месіян, К.Штокгаўзен. Найб. пашырана пры муз. афармленні драм. спектакляў і кінафільмаў. Для дасягнення каларыстычнага эфекту часта выкарыстоўваецца ўключэнне «натуральных», «канкрэтных» гукаў у кантэкст тонавай музыкі (напр., запіс спеваў салаўя ў «Пініях Рыма» А.Рэспігі).
Літ.:
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАЕ, Царства Польскае,
назва часткі Польшчы, якая паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 адышла да Расіі і ўваходзіла ў яе склад да 1918. Пл. 128,5 тыс.км², нас. 3,3 млн.чал. (1816). Паводле канстытуцыі 1815 канстытуцыйная манархія, звязаная персанальнай уніяй з Рас. імперыяй. Было пазбаўлена магчымасці праводзіць самаст. знешнюю палітыку, але мела ўласныя сейм (адбыліся ў 1818, 1820, 1825), урад, войска. Пасля задушэння паўстання 1830—31 аўтаномія абмежавана паводле Арганічнага статута Каралеўства Польскага 1832. У канцы 1850—60-х г. тут адноўлены цывільны ўрад, мясц. самакіраванне, аднак пасля задушэння паўстання 1863—64 зноў скасаваны. Спачатку падзялялася на 8 ваяводстваў. У 1866 уведзены новы адм. падзел (створана 10 губерняў), у 1874 — пасада ген.-губернатара, пачала выкарыстоўвацца назва Прывіслінскі край, пачалася інтэнсіўная русіфікацыя краю. У 1918 стала асн. ядром адноўленай і незалежнай польскай дзяржавы.
Літ.:
Обушенкова Л.А. Королевство Польское в 1815—1830 гг.: Экон. и социал. развитие. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРНАЖЫ́ЦКІ (Канстанцін Іванавіч) (8.10.1902, в. Выдранка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.2.1942),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў БДУ (1926). З 1930 працаваў у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Даследаваў агр. гісторыю Беларусі познефеад. і капіталіст. эпох, эвалюцыю феад. спосабу вытв-сці ў канцы 17—1-й пал. 19 ст. і гісторыю генезісу капіталізму. Займаўся пытаннямі распаду феад.-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеад. перыяду на Беларусі. Разам з Дз.А.Дудковым абгрунтаваў капіталіст. характар агр. ладу Беларусі пасля сял. рэформы 1861 пры адначасовым захаванні значных перажыткаў прыгонніцтва. Адзін са складальнікаў зб. дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936). У 1937 арыштаваны, у 1939 асуджаны па 8 гадоў зняволення, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1958.
Тв.:
Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча з XVII да паловы XIX ст.Мн., 1931;
Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Мн., 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, кінетызм,
авангардысцкі кірунак у скульпт., пластыцы 20 ст., заснаваны на стварэнні эстэт. эфектаў праз наданне вярчальнага або паступальнага руху асобным часткам твора, выкарыстанне сродкаў оптыка-акустычнага ўздзеяння на гледача (светлавыя эфекты, стэрэагук і інш.) і магчымасці кінематаграфіі. Пачаў фарміравацца ў 1910—30-я г. ў творах мастакоў розных авангардысцкіх кірункаў, якія ў кінетычных прасторавых кампазіцыях спрабавалі пераадолець традыц. статычнасць скульптуры і актывізаваць яе ўзаемадзеянне з асяроддзем (веласіпеднае кола, прымацаванае да табурэткі М.Дзюшана, 1913; праект Вежы III Інтэрнацыянала У.Татліна, 1919—20; люміна-кінетычная машына-скульптура «Мадулятар прасторы і святла» Л.Мохай-Надзя, 1922—30; «мабілі» — падвясныя рухомыя канструкцыі з жалеза, алюмінію і дроту А.Колдэра, 1930-я г.). Канчаткова склалася ў канцы 1950-х г. у творчасці маст. аб’яднанняў «Група вывучэння візуальнага мастацтва» (Францыя), «Група Зэро» (Германія), «Група T», «Група N» (Італія) і інш. і асобных мастакоў: Н.Шофера, Ж.Тэнглі (Францыя), Б.Райлі, Л.Пунса (Англія—ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав.ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРКУЛЬТУ́РА (ад контр... + культура),
сістэма норм і стандартаў паводзін, уласцівых пэўнай сац. групе, якая адрозніваецца ад пануючых ці найб. распаўсюджаных у грамадстве узораў і каштоўнасцей культуры, процілеглая і варожая ім. Праяўленнем К. могуць з’яўляцца субкультуры злачынных груп, мафіёзных арг-цый, падп. сектаў і інш., якія кіруюцца акрэсленымі нормамі і правіламі паводзін. Тэрмін «К.» ўвёў у 1960-я г.амер. сацыёлаг Т.Розак для вызначэння духоўных арыентацый альтэрнатыўных маладзёжных груповак (хіпі і інш.), што процістаялі пануючым у той час у зах. краінах культ. каштоўнасцям, ідэалам мяшчанскага матэрыяльнага дабрабыту, жыццёвага поспеху, сац.канфармізму. У сучаснай культурфіласофіі тэрмін «К.» ўжываецца для вызначэння глыбінных пераўтварэнняў у культуры, новых духоўных парадыгм. У гэтым сэнсе ранняе хрысціянства, напр., уяўляецца як контркультурны феномен у адносінах да фундаментальнага іудаізму і панавання Рымск. імперыі; падобны характар мелі ўзнікненне мадэрнізму і постмадэрнізму ў культуры 20 ст. У канцы 20 ст. ў філас.-сацыялагічным усведамленні замацоўваецца паняцце К. як працэсу станаўлення будучых культ. узораў.