ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1-й пал. 17 ст. — 1-й пал. 20 ст. ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды), знаходзіўся на яго паўд.-ўсх. баку, абмежаваны вуліцамі Валоцкай (цяпер Інтэрнацыянальная), Дамініканскай (цяпер Энгельса) і Юр’еўскай (цяпер Ракаўская). Комплекс уключаў будынкі касцёла, кляштара і гасп. пабудовы. Засн. ў 1605 па фундацыі С.Слушкі. У 1615 мінскі ваявода П.Тышкевіч перадаў ордэну пляц для пабудовы касцёла і кляштара. Пабудаваны ў стылі барока; у пач. і 2-й пал. 18 ст. рэканструяваны. Касцёлсв. Томаша Аквінскага (закладзены ў 1622) — прамавугольная ў плане 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 2 капліцамі ў паўд.-зах. частках бакавых нефаў. Бязвежавы гал. фасад быў падзелены пілястрамі на 2 часткі: цэнтральная завяршалася хвалістым шмат’ярусным шчытом з невял. вежачкай, бакавыя — вял. сіметрычнымі на высокіх 8-гранных светлавых барабанах над капліцамі. Сцены касцёла расчлянёны пілястрамі, лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавым жывапісам, у ім было 13 разных драўляных і стукавых алтароў. Да прэсбітэрыя касцёла прымыкаў 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара. У паўн.-зах. частцы комплексу былі сад і драўляныя гасп. пабудовы (2 флігелі, свіран, стайня). Комплекс быў абнесены высокай агароджай з 2-вежавай 3-яруснай брамай-званіцай. У 1832 кляштар закрыты, у 1840-я г. перабудаваны пад каталіцкую семінарыю, пасля 1869 у ім размяшчаліся казармы. У 1950 разбураны. Захаваліся падмуркі, крыпта, частка сцен (пасля археал. даследаванняў закансерваваны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХу архітэктуры,
пірамідальнае, купальнае або яруснае завяршэнне будынкаў, звычайна раскрытае ў інтэр’ер. Шырока вядомы ў культавай архітэктуры многіх краін Еўропы, у 15—19 ст. быў адметнай рысай храмаў Беларусі, Расіі, Украіны. У мураванай архітэктуры Беларусі вядомы з 11—12 ст. у выглядзе барабанаў на ветразях і ступеньчатых арках (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку). У архітэктуры Адраджэння (16 — 1-я пал. 17 ст.) купальны верх звонку аздаблялі аркатурай і інш. (кальвінскі збор у Смаргоні). У архітэктуры барока і класіцызму верх набыў стройныя прапорцыі, упрыгожваўся скульптурай і жывапісам (фарны касцёл у Нясвіжы, Петрапаўлаўскі касцёл у Гомелі і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. верх шырока выкарыстоўвалі ў культавых будынках стыляў псеўдарускага і «мадэрн» (Сімяонаўская царква ў Брэсце, мемар. капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на). У драўляным дойлідстве Беларусі вядомы з 16 ст. (Успенская царква Ляшчынскага манастыра пад Пінскам). Звычайна меў вянковую канструкцыю. Архаічныя вярхі пірамідальныя (Георгіеўская царква ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на). У 18 ст. пад уплывам барока пашырыліся ярусныя вярхі (асн. тыпы: чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і васьмярык на чацверыку), у якіх выкарыстоўваліся канструкцыі заломаў і ветразяў (цэрквы Ільінская ў Віцебску, Міхайлаўская ў в. Рубель Столінскага, Мікалаеўская ў в. Старая Беліца Гомельскага р-наў і інш.). Часта завяршаўся верх купалкамі, вежачкамі, крыжамі, шпілямі і інш.
Ю.А.Якімовіч.
Асноўныя тыпы драўляных вярхоў (у разрэзе): 1 — чацвярык на чацверыку, з заломам; 2 — васьмярык на чацверыку, з ветразямі; 3 — васьмярык на чацверыку, з заломам і ветразямі; 4 — на дзвюх падоўжных бэльках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1624 краснасельскім старостам А.Кянсоўскім, фундацыя зацверджана Я.Валовічам (1628). У 1630-я г. пабудаваны драўляныя кляштар з касцёлам (згарэлі ў 1644). Пасля пажару ўзведзены мураваныя касцёл і кляштар (згарэлі ў 1656, адноўлены ў 2-й пал. 17 ст.). У 1676 пабудавана мураваная капліца (фундатар К.Завіша). Пасля пажару 1740 будынкі рэканструяваны. У час пажару 1835 яны пашкоджаны, пазней адноўлены. У 1864 кляштар скасаваны. Цэнтр. месца ў комплексе займаў касцёлсв. Іосіфа — 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным 2-схільным дахам) з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Гал. фасад бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершана фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над ім — вял. акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі. Інтэр’ер упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам. З ПнУ да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак кляштара, рытм яго фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У комплексе кляштара мураваны 2-павярховы флігель, гасп. пабудовы. Тэр. кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. З паўд. боку да касцёла былі прыбудаваны гандл. рады. Фасады касцёла рэстаўрыраваны (1984, арх. Г.Босак). У 1872 памяшканне касцёла прыстасавана пад архіў, з 1992 у ім Архіў навук.-тэхн. дакументацыі і Архіў-музей л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.Ц.Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.Перці і М.Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл.гл. таксама да арт.Акант, Барока, Вязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІЛЬЁН (франц. pavillon ад лац. papilio шацёр),
1) невялікая лёгкая пабудова, якая стаіць звычайна асобна ў парку; адзін з відаў архітэктуры малых формаў. Вядома са старажытнасці. Шматлікія храмавыя і палацавыя будынкі Усходу мелі характар П. У Зах. Еўропе (у 17—18 ст.) і Расіі (у 18 — пач. 19 ст.) П. стаў неад’емнай ч. палацава-паркавага ансамбля (П. на Ялагіным в-ве ў Пецярбургу, «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. і інш.). На Беларусі П. пашыраны ў пейзажных парках 18—19 ст. (Залескі палацава-паркавы ансамбль, Столінская сядзіба «Манькавічы»), У сучасным садова-паркавым мастацтве П. гарманічна ўпісваецца ў ландшафт паркаў культуры і адпачынку (П. летняй кавярні ў Цэнтр. дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску).
2) Частка вял. будынка (звычайна палацавага тыпу), часцей квадратная або шматвугольная ў плане, з самаст. дахам. Пашыраны ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампір (П. Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Сноўскага палацава-паркавага ансамбля).
3) Пастаянная ці часовая крытая пабудова аблегчанага тыпу для выставачнай экспазіцыі, гандлю і інш. Выставачныя П. вядомы з 19 ст., калі пачалі арганізоўваць буйныя міжнар. выстаўкі («Хрусталёвы палац» на Сусв. выстаўцы 1851 у Лондане; П выстаўкі 1896 у г. Ніжні Ноўгарад, Расія). У буд-ве сучасных выставачных П. выкарыстоўваюцца новыя буд. матэрыялы і канструкцыі, якія даюць магчымасць перакрываць вял. прастору залаў (П. Рэспубліканскага выставачнага цэнтра, Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» ў Мінску).
4) Тэатральная дэкарацыя на рамках, якая паказвае інтэр’ер дома, палаца, хаты, замка і інш. 5) Памяшканне кінастудыі для здымкі або гуказапісу (П. кіназдымачны).
В.Б.Ангелаў, Г.С.Ларкін.
Павільён «Катальная горка» ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.Арх. А.Рынальдзі. 1762—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІза мяжой.
Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.Германовіч, Надсон, Р.Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел.рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).
Л.У.Языковіч.
Да арт.Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.
помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.Д.Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.Х.Яўх і І.Ф.Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г.інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц.арх. Ф.Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл.навук.б-ка імя Я.Ф.Карскага.