род жукоў сям. Lampyridae, які раней адносілі да мяккацелак. Начныя насякомыя, свецяцца ў цемры. Органы свячэння размешчаны на канцы брушка. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі трапляецца С. звычайны, ці вялікі, нар. назва іванаў чарвяк.
Даўж. 10—20 мм. Самцы крылатыя, надкрылы буравата-шэрыя, пярэдняспінка жоўта-бурая, добра лятаюць, свецяцца слаба. Самкі бяскрылыя (нагадваюць лічынак), верх цела цёмна-буры, па краях больш светлы. Выпраменьваюць яркае святло, якое прываблівае самцоў, Драпежнікі, кормяцца насякомымі. Развіваюцца ў лясным подсціле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення на Падняпроўі, пераважна ў Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Рэчыцкім р-нах. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Для яго характэрныя разнастайныя прыёмы вышыўкі і стрыманасць каларыту. Асноўныя часткі жаночага гарнітура: кашуля з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным каўняром і шырокімі рукавамі, спадніца (цёмна-чырвоны з чорнай клеткай андарак ці палатнянік), белы льняны фартух з фальбонай унізе, доўгі са складкамі на спіне чорны ці цёмна-сіні гарсэт (шнуроўка), пояс з кутасамі. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец з кужалю ці паркалю, даматканая ці крамная хустка, завязаная «на ўрожкі». Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — каралі, стужкі і інш. У мужчынскі гарнітур уваходзілі тунікападобная кашуля з адкладным ці стаячым каўняром, прамымі ці сабранымі ў каўнерац рукавамі, ільняныя ці суконныя нагавіцы, узорыста-тканы з вялікай гронкай кутасоў пояс. Адзенне аздаблялі вышыўкай, якой уласцівыя ахраматычнасць і геаметрычная дакладнасць старадаўніх матываў. Аднаколерная вышыўка чорнымі ці белымі баваўнянымі ніткамі вызначаецца ювелірнасцю рамбічнага арнаменту. Двухбаковая падліковая гладзь спалучаецца з гафтам (сакаленнем), мярэжкай, карункамі, а таксама арыгінальным і характэрным для гэтага строю прыёмам аздаблення — маршчэннем (збіранне палатна ў дробныя гафрыраваныя складачкі). Галаўныя ўборы мужчын, жаночая і мужчынская вопратка істотных мясцовых адрозненняў ад агульнанацыянальных відаў і формаў не мелі.
М.Ф.Раманюк.
Буда-Кашалёўскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёскі Чабатовічы і Рудня-Альхоўка Буда-Кашалёўскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯ́НТУМ (Adiantum),
род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).
Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАНТЭ́РА (Alternanthera),
тэлантэра, род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 200 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі некалькі відаў: альтэрнантэра рознакаляровая (A. versicolor), прыемная (A. amabilis), прыгожая (A. amoena) і інш., вырошчваюцца ў адкрытым грунце як лісцева-дэкаратыўныя.
Адна-, шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны. Лісце прадаўгавата-авальнае, цэласнае, рознага колеру — ружова-бурае, цёмна-фіялетавае, жоўта-зялёнае, на сонцы набывае асабліва яркую афарбоўку. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у коласападобных або галоўчатых суквеццях. Размнажаюцца чаранкамі. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСЛЮ́ДЫ,
група мінералаў класа сілікатаў, якія па структуры і саставе адносяцца да слюд. Адрозненне — дэфіцыт шчолачаў і павышаная колькасць вады. Агульная формула гідраслюд: (K,Na,H3O)Al2(AlSi3)∙O10[(OH2), H2O]. Да гідраслюд належаць глаўканіт, вермікуліт, гідрабіятыт, гідрамускавіт, ілліт і інш. Структура слаістая. Афарбоўка светла-шэрая, бурая, цёмна-карычневая. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,5—3 г/см³. Пашыраны ў корах выветрывання, глебах, асадкавых пародах, нізкатэмпературных гідратэрмальных утварэннях. Выкарыстоўваюцца ў керамічнай і ліцейнай вытв-сці, для ачысткі і змякчэння вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕЯСПО́РЫЙ (Gloeosporium),
род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,
асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),
зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКО́ЛЬ (Agrostemma),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі — К. звычайны (A. githago), нар. назвы зязюльчын лён, тугаль. Трапляецца рэдка. Расце як пустазелле ў пасевах збожжавых культур, на папарах і чыг. насыпах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 40—70 см. Сцябло апушанае, прамастойнае ці слабагалінастае. Лісце лінейнае, супраціўнае. Кветкі буйныя, цёмна-ружовыя, часам белыя. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне ядавітае, дамешак яго ў муцэ і кармах небяспечны для чалавека і жывёлы. Лек расліны.