група парадкаў (афілафаральныя і агарыкальныя) базідыяльных грыбоў. Вядома больш за 12 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў лясных біяцэнозах. На Беларусі больш за 2 тыс. відаў. Большасць сапратрофы, многія паразіты. Ёсць ядомыя, лек., ядавітыя. Мікарызаўтваральнікі або мінералізатары адмерлых раслінных рэшткаў.
Пладовыя целы адна- і шматклетачныя разнастайныя па форме, памерах (ад 0,2 да 72 см), кансістэнцыі і афарбоўцы. Характэрная прыкмета гіменаміцэтаў — утварэнне на паверхні пладовага цела гіменія — шчыльнага слоя з базідый і стэрыльных элементаў, якія выконваюць ахоўную функцыю. Гіменафор (вырасты пладовага цела, што нясуць гіменій) пласціністы, трубчасты, складкаваты і інш. Афарбоўка спораў разнаколерная, ад яе залежыць колер гіменафора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТА́НАВІК, дубовік (Gyroporus castaneus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы; на Беларусі — усюды. Расце пераважна ў лісцевых лясах на пясчанай глебе паасобку і невял. групамі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 4—9 см, падушкападобна-пукатая, потым плоская, амаль гладкая, чырванавата- або карычнявата-бураватая, каштанавая. Мякаць шчыльная з прыемным пахам і смакам, колер не змяняе. Трубачкі свабодныя. белыя, потым крэмаватыя з дробнымі акруглымі порамі. Ножка выш. 5—7, дыям. 1,5—3 см, цыліндрычная, да асновы злёгку расшыраецца, губчатая ці полая, гладкая, аднаго колеру з шапкай. Споры яйцападобныя, гладкія, жаўтаватыя. Спажываецца свежы, марынаваны, салёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Пётр Мікалаевіч) (8.3.1866, Масква — 14.3.1912),
расійскі фізік-эксперыментатар, стваральнік навук.фіз. школы ў Расіі. Скончыў Страсбургскі ун-т (1891). У 1892—1911 у Маскоўскім ун-це (з 1900 праф.). Навук. працы па эксперым. абгрунтаванні эл.-магн. тэорыі святла. Першым атрымаў міліметровыя эл.-магн. хвалі (1895) і даследаваў іх уласцівасці. Выявіў ціск святла на цвёрдыя целы (1899) і газы (1907) і правёў адпаведныя вымярэнні. Выканаў арыгінальныя эксперыменты па магнетызме вярчальных цел, выказаў гіпотэзу аб паходжанні каметных хвастоў. Яго імем названы Фіз.ін-тРас.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХАВІКІ́ (Xerocomus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́, непалярызаванае святло,
аптычнае выпрамяненне з хуткімі і хаатычнымі зменамі напрамку вектара напружанасці эл.-магн. поля. Мае восевую сіметрыю адносна напрамку распаўсюджвання. Прамое сонечнае святло блізкае да Н.с.
Святло, выпрамененае асобным цэнтрам выпрамянення (напр., атамам, малекулай), лінейна палярызаванае і захоўвае такі стан на працягу 10−8с (ці менш, што вынікае з назіранняў інтэрферэнцыі пры вял. рознасці ходу). У наступным акце выпрамянення святло можа мець іншы напрамак палярызацыі Многія натуральныя крыніцы святла (напр., напаленыя целы, святлівыя газы) выпрамяняюць часткова палярызаванае святло, што тлумачыцца праходжаннем святла з глыбінных слаёў і ад крыніцы да назіральніка праз асяроддзе (палярызацыя пры адбіцці і рассейванні святла, дыхраізм асяроддзя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́КТРЫЯ (Nectria),
род сумчатых грыбоў сям. нектрыевых. Каля 400 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Паразіты дрэў і кустоў, сапратрофы на драўніне, у глебе, на адмерлых галінах, лісці, трапляюцца на інш. грыбах і насякомых. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя Н.: галаўтваральная (N. galligena), узбуджальнік раку еўрап. з утварэннем язваў, наплываў, глыбокіх ран кары; цагляна-чырвоная (N. cinnabarina) выклікае ўсыханне галін дрэў і кустоў, гібель сеянцаў.
Пладовыя целы шарападобныя або яйцападобныя, утвараюцца адзіночна ці групамі, на субстраце або на падушкападобных стромах. Сумкі цыліндрычныя з 8 двухклетачнымі спорамі. Канідыі аднаклетачныя, цыліндрычныя, бясколерныя. Канідыяльныя стадыі — грыбы з родаў фузарый, туберкулярыя, цыліндракарпон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬТЫГЕ́РА (Peltigera),
род ліставатых лішайнікаў сям. пельтыгеравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, большасць у тропіках і субтропіках Паўд. паўшар’я. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя П.: бураватая (P. rufescens), пухірыстая (P. aphthosa), сабачая (P. canina), шматпальцавая (P. polydactyla). У Чырв. кнігу занесена П. гарызантальная (P. horizontalis). Трапляюцца на глебе, каля асновы ствалоў, на пнях у лясах, на лугах.
Слаявіна буйналопасцевая (дыяметрам 3—30 см). Зверху шэрая або карычневая, пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны па краі лопасцяў. Знізу — светлая з жылкамі, на якіх знаходзяцца рызіны (органы прымацавання да субстрату). Сумкі 6—8-споравыя. Споры бясколерныя або карычневыя Фікабіёнт — водарасць пераважна з роду насток.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
шчыльныя або рыхлыя прыродныя мінеральныя агрэгаты больш ці менш пастаяннага мінералагічнага і хім. саставу, якія ўтвараюць самаст.геал.целы, што складаюць зямную кару, а таксама верхнія абалонкі планет зямной групы, Месяца, астэроідаў. Складаюцца з мех. злучэння розных паводле саставу мінералаў, у т. л. вадкіх. У прыродзе вядома больш за 3 тыс. мінералаў, з іх 40—50 пародаўтваральных. Тэрмін «горныя пароды» ўпершыню ў сучасным сэнсе выкарыстаў рус. мінералог і хімік В.М.Севяргін (1798).
Утвараюцца ў выніку геал. працэсаў у пэўных фіз.-хім. умовах унутры зямной кары ці на яе паверхні. Гэтыя працэсы вызначаюць састаў, будову, структуру, тэкстуру і ўмовы залягання горных парод. Паводле паходжання вылучаюць асадкавыя горныя пароды, магматычныя горныя пароды, метамарфічныя горныя пароды і метасаматычныя горныя пароды. Асадкавыя складаюць каля 10% аб’ёму зямной кары і каля 75% пл. зямной паверхні, на магматычныя, метамарфічныя і метасаматычныя горныя пароды прыпадае каля 90% аб’ёму. Як фіз.целы горныя пароды характарызуюцца шчыльнасцю, пругкасцю, трываласцю, цеплавымі, электрычнымі, магнітнымі, радыяцыйнымі і інш. ўласцівасцямі. Горныя пароды вывучаюць геахімія, літалогія, петраграфія, петрафізіка, фізіка. Амаль усе горныя пароды могуць выкарыстоўвацца як карысныя выкапні (каменны вугаль, галіт, пясок, гліна і інш.) або як руды (апатыт, баксіт і інш.). Да руд адносяць горныя пароды з кандыцыйнай колькасцю каштоўных кампанентаў.
На Беларусі ўсе класы горных парод вядомы ў складзе асадкавага чахла крышт. фундамента. Яе тэр. ўкрыта магутным чахлом асадкавых горных парод, сярод якіх пераважаюць пясчана-алеўрытавыя (34,7% аб’ёму), карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты, мел і інш. — 24,5%), гліны і сланцы (20,7%), солі (14,8%) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУ́Й, бычок (Russula foetens),
шапкавы пласціністы грыб з роду сыраежка сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце асобна і групамі ў розных лясах (пераважна ў бярозавых і мяшаных). Пладовыя целы з’яўляюцца летам і ўвосень.
Шапка да 15 см у дыяметры, у маладых грыбоў амаль шарападобная, ліпкая, жаўтаватая, у спелых пукатая або плоска распасцёртая, жоўта-бурая, з бугрыста-рубчастым краем. Пласцінкі спачатку белыя, потым робяцца жаўтаватыя. Ножка тоўстая, белаватая, з пустотамі або пустая. Смак свежага валуя едкі, пах непрыемны. Нізкаякасны ядомы грыб. Спажываецца толькі солены і марынаваны (пасля вымочвання і адварвання). Па вонкавым выглядзе да яго крыху падобны неядомы валуй несапраўдны, або хрэнавы грыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.