насычэнне борам паверхні вырабаў са сталі і сплаваў на аснове нікелю, кобальту і тугаплаўкіх металаў. Павышае іх цвёрдасць, цепла- і зносаўстойлівасць (асабліва абразіўную і каразійную). Праводзіцца дыфузійным ці электралітычным спосабам у боразмяшчальных парашковых сумесях, у расплавах соляў бору (часцей бураксу). Барыраванне пры т-ры 900—1100 °C на працягу 5—6 гадз утварае барыраваны слой таўшчынёй 0,1—0,3 мм. Пры т-ры, большай за 1174 °C, на паверхні стальных вырабаў утвараецца слой барыднай эўтэктыкі. Барыраванне выкарыстоўваецца для вырабу ўтулак буравых помпаў, штампаў, матрыц, прэс-формаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх.формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́Н (магчыма, цюрк.),
ударны мембранны музычны інструмент. Мае полы цыліндрычны драўляны (радзей металічны) корпус-рэзанатар, 2 скураныя мембраны (адносная вышыня гуку рэгулюецца іх нацяжэннем), па якіх удараюць драўлянай калатушкай з мяккім наканечнікам, палкай або рукамі. У старажытнасці барабан выкарыстоўваўся як сігнальны інструмент, пазней — для суправаджэння рытуальных танцаў, ваен. шэсцяў, у рэліг. абрадах. Вядомы барабаны розных формаў і памераў, а таксама бронзавыя, драўляныя (без мембран). У сучасным аркестры выкарыстоўваюць т.зв. вялікі і малы (ваенны) барабаны, цяпер вядучы інструмент рытмічнай групы джаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік архітэктуры ракако. Створана ў 1751 па фундацыі Мікалая Радзівіла ў г.п. Дзятлава Гродзенскай вобл. на беразе р. Дзятлаўка. Комплекс уключае палац, пейзажны парк з вадаёмам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з У паўкальцом агінае палац. Гасп. пабудовы размяшчаліся пры ўездзе з Пд у сядзібу.
Палац — мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём з высокім вальмавым дахам і 2 вуглавымі вежападобнымі алькежамі на цокальным паверсе, накрытымі ўвагнутымі шатрамі з заломамі (алькежы не зберагліся).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́СЛЕД,
агульнанавуковы метад вывучэння з’яў аб’ектыўнага свету ў спецыяльна створаных, дакладна вызначаных умовах. Адрозніваецца ад назіранняў актыўным аперыраваннем аб’ектам, які вывучаецца. Ажыццяўляецца на аснове тэорыі, што вызначае пастаноўку задач і інтэрпрэтацыю яго вынікаў. Д. — праверка гіпотэз і пацвярджэнне тэорыі; часам выступае як адна з формаў практыкі (эксперыменту), выконвае функцыю крытэрыю сапраўднасці, навук. пазнання ўвогуле. З развіццём навукі і тэхнікі межы выкарыстання Д. пашыраюцца, ён робіцца больш складаным. Вял. значэнне мае сац. Д., які дапамагае выяўляць і даследаваць працэсы сац.-эканам., паліт. і духоўнага развіцця грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КТЫЛЬ (грэч. daktylos літар. палец),
1) у антычным вершаскладанні 4-дольная стапа з 3 складоў — першага доўгага і двух наступных кароткіх (-◡◡). Выкарыстоўвалася ў пентаметры і гекзаметры.
2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе (-́--). У бел. паэзіі Д. паявіўся ў канцы 19 ст. з развіццём сілаба-танічных вершаваных формаў (верш Я.Лучыны «Роднай старонцы»). 3-стопным Д. напісаны вершы М.Танка «Шчасце», 4-стопным — М.Багдановіча «Вечар на захадзе ў попеле тушыць...», 5-стопным — Танка «Надпіс на кнізе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСУ́ЖАЎ (Аляксандр Ігаравіч) (н. 31.10.1945, г. Пухавічы Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Для яго твораў характэрна імкненне да стварэння канцэптуальнага кірунку ў пейзажным жывапісе, дзе гал.выяўл. сродкі — паверхня, лінія, пляма: «Лету адыходзячаму» (1984), «Па дарозе да зімы» (1985), «Праз чырвонае «Пераход», «Праз блакітнае «Да ракі на назве...», «Праз чорнае «Азбука хлусні» (1988), серыя «Канцэптуальны пейзаж» (1993—94) і інш. Творчасць вылучаецца выразнасцю, мэтанакіраванай абмежаванасцю маст. сродкаў, радыкальным адыходам ад прыродных формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік канца 12 — пач. 13 ст. Выяўлена ў Оршы ў 1812. Верагодна, створана на Полаччыне. Зберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пергаменце. У Аршанскім евангеллі змешчаны 2 мініяцюры з выявамі евангелістаў Лукі і Мацвея (найб. раннія ва ўсх.-слав. рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старавізантыйскіх і першапачатковых тэраталагічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэліг. абалонкай праглядаецца жывая нар. аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Зберагаецца ў Цэнтр.навук. бібліятэцы АН Украіны.
Да арт.Аршанскае евангелле. Евангеліст Лука. Мініяцюра. 13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),
1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж.формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).
2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЙ І НЕАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т Акадэміі навук Беларусі, навукова-даследчая ўстанова па распрацоўцы тэарэт. і практычных праблем агульнай і неарган. хіміі. Засн. ў 1959 у Мінску на базе Ін-та хіміі АНБССР (з 1929). Асн. кірункі навук. даследаванняў: сінтэз адсарбентаў і каталізатараў, неарган. матэрыялаў з зададзеным комплексам спец. Уласцівасцяў; паверхневыя з’явы і дысперсныя сістэмы. Распрацаваны: тэхналогіі атрымання новых формаўмінер. угнаенняў; рэагентныя сумесі для флатацыі калійных рудаў Старобінскага радовішча; тэхналогіі хімічна ўстойлівых шклоэмаляў для апаратуры і трубаправодаў са сталі, актываваных вугальных валокнаў і тканін, вогнебіяахоўных матэрыялаў, святлоадчувальных кампаўндаў і лакаў, медыцынскіх геляў.