ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл. Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).

П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл. іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). У П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал H размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.

П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,

навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.

Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Дз.​І.​Жураўскага, У.​Р.​Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.​А.​Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.​В.​Венядзіктавым, І.​Р.​Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.​М.​Рудзіцыным, вядуцца ў Бел. політэхн. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІ буд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.​І.​Коршун, П.​У.​Аляўдзін, Р.​І.​Фурунжыеў, І.​С.​Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.​М.​Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.​Ф.​Анішчанка, С.​С.​Макарэвіч, Л.​С.​Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.​А.​Краўцоў, А.​А.​Кручкоў, Л.​Ф.​Беразоўскі, Г.​А.​Герашчанка, А.​А.​Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.​М.​Ягалкоўскі, С.​В.​Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.​М.​Аўсянка).

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ІДНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае ўласцівасці гетэрагенных высокадысперсных сістэм і працэсы, што ў іх адбываюцца. Асн. раздзелы: малекулярна-кінетычныя з’явы ў дысперсных сістэмах (ДС); тэорыя ўзнікнення і росту зародкаў новай фазы ў метастабільных сістэмах (метады атрымання ДС); паверхневыя з’явы; устойлівасць, стабілізацыя і каагуляцыя ДС; аптычныя ўласцівасці ДС (гал. ч. рассеянне святла ў іх); эл. і электракінетычныя з’явы ў ДС; структурна-мех. ўласцівасці ДС. К.х. вывучае золі, суспензіі, эмульсіі, пены, сітаватыя дысперсныя целы (адсарбенты, каталізатары), аэразолі, лаўкалоіды, структураваныя сістэмы (гелі). Метады даследаванняў у К.х.: дыяліз, ультрафільтрацыя, ультрацэнтрыфугаванне, электроліз, нефеламетрыя, электронаграфія, электронная мікраскапія і інш.

К.х. як самаст. навука ўзнікла ў 1860-я г. пасля з’яўлення прац Т.Грэма. Сістэматычнае вывучэнне калоідных сістэм пачалося ў пач. 20 ст., калі былі распрацаваны новыя метады іх даследаванняў. Сучасная К.х. распрацоўвае навук. асновы тэхналогіі буд. матэрыялаў, сілікатаў, лакаў, фарбаў, палімерных матэрыялаў, новых матэрыялаў для тэхнікі, узбагачэння карысных выкапняў, здрабнення цвёрдых цел, шматлікіх працэсаў (фарбавання, дублення, мыйнага дзеяння, вода- і газаачысткі). Метады К.х. выкарыстоўваюць у многіх галінах харч. прам-сці, для аптымізацыі структуры глебы ў сельскай гаспадарцы.

На Беларусі даследаванні па К.х. пачаліся ў БДУ (1924) пад кіраўніцтвам М.Ф.Ярмоленкі, праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ (хім. ф-т і НДІ фіз.-хім. праблем) і Бел. тэхнал. ун-це.

Літ.:

Воюцкий С.С. Курс коллоидной химии. 2 изд. М., 1976;

Щукин Е.Д., Перцов А.В., Амелина Е.А. Коллоидная химия. 2 изд. М., 1982;

Фридрихсберг Д.А. Курс коллоидной химии. 3 изд. СПб., 1995.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. selecto адбор),

навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.

Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.​Шырэфа, Ф.​Галета, ням. В.​Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.​Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.​Іагансена, швед. селекцыянера Г.​Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.​У.​Сахарава, М.​М.​Мейселя, англ. Ш.​Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.​С.​Чацверыкова, амер. С.​Райта, англ. Дж.Б.​С.​Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,

навука, што вывучае арганізацыю, інтэграцыю і рэгуляцыю функцыянальных сістэм расл. арганізмаў. Асн. раздзелы: фотасінтэз і транспарт рэчываў, дыханне і абмен другасных злучэнняў, глебавае (каранёвае) жыўленне, водны абмен, рост і развіццё, устойлівасць, фізіялогія імунітэту. У даследаваннях выкарыстоўваюцца класічныя метады (палявы і вегетацыйны, водныя культуры і інш.), метады фіз.-хім. біялогіі, культуры клетак і тканак, генныя мутанты і інш.

Развівалася як састаўная ч. батанікі. Як самаст. навука пачала фарміравацца ў 1-й пал. 17 ст. (эксперыменты па жыўленні раслін, Ян ван Гельмант). Асн. этапы: адкрыццё фотасінтэзу (канец 18 ст.; Дж.Б.Прыстлі, Я.​Інгенгаўз, Ж.​Сенеб’е), вывучэнне роставых рухаў — трапізмаў (Ч.Р.Дарвін і інш.), тэорыя мінер. (глебавага) жыўлення раслін (2-я пал. 19 ст.; Ю.Лібіх, Н.Т.Сасюр, Ж.​Бусенго), вывучэнне механізмаў дыхання раслін (канец 19 — пач. 20 ст.; А.​М.​Бах, У.І.Паладзін), абмену рэчываў і энергіі (А.С.Фамінцын), ролі хларафілу ў фотасінтэзе і абгрунтаванне касм. ролі зялёных раслін (К.А.Ціміразеў). Уклад у развіццё Ф.р. зрабілі С.П.Костычаў (біяхімія раслін, экалагічная фізіялогія), А.Л.Курсанаў (інтэграцыя функцыян. сістэм, транспарт асімілятаў у расл. арганізме), А.​А.​Нічыпаровіч (тэорыя фотасінт. прадукцыйнасці), М.​Р.​Халодны, М.Х.Чайлахян (гарманальная тэорыя антагенезу), Р.Р.Бутэнка (морфагенез у культуры ізаляваных клетак і тканак).

На Беларусі даследаванні па Ф.р. вядуцца з 1920-х г. у БДУ і БСГА (М.М.Гайдукоў, Ц.М.Годнеў). Асн. навук. цэнтры: Ін-т эксперым. батанікі, Ін-т фотабіялогіі, Цэнтр. бат. сад Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА, БелНДІ земляробства і кармоў. Найб. ўклад у развіццё Ф.р. зрабілі Н.Г.Аверына, А.П.Валынец, А.С.Вечар, М.М.Ганчарык, В.П.Дзеева, Л.Р.Емяльянаў, В.М.Іванчанка, У.Л.Калер, С.​У.​Калішэвіч, В.Ф.Купрэвіч, М.А.Ламан, С.М.Маштакоў, У.М.Рашэтнікаў, У.Р.Рэуцкі, Я.А.Сідаровіч, С.А.Сяргейчык, З.Я.Сярова, В.М.Цярэнцьеў, М.Ц.Чайка, У.М.Юрын і інш. Даследуюцца прырода і механізмы функцыянавання фотасінт. апарату, рост, развіццё і прадукцыйны працэс с.-г. раслін, механізмы ўстойлівасці да біягенных і абіягенных фактараў навакольнага асяроддзя, мінер. жыўленне і водны абмен, механізмы ўздзеяння сінт. рэгулятараў росту, фізіял. асновы селекцыі с.-г. культур і інш.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;

Новые направления в физиологии растений. М., 1985;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

М.​А.​Ламан.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГІ.

Адна з асноўных прыродных сістэм Беларусі, якая вызначае прадукцыйнасць ландшафтаў, біялагічную разнастайнасць, функцыянальную значнасць тэрыторыі. Займаюць плошчу 3,2 млн. га (15,4% тэрыторыі).

Натуральныя (прыродныя) лугі (каля 1 млн. га) падзяляюць на тыпы: сухадольныя, нізінныя і поймавыя. Сухадольныя лугі прымеркаваны да дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глеб. Крыніца вільгаці — атмасферныя ападкі, колькасць якіх вызначае структуру травастою і ў значнай ступені — прадукцыйнасць. Сярэдняя прадукцыйнасць — 1—1,5 т/га сена высокай кармавой якасці. Пашыраны пераважна сіўцова-драбнатраўныя асацыяцыі, на пераўвільготненых глебах — вострыцавыя асацыяцыі з удзелам дробных асок (заечай, жоўтай, прасяной). Нізінныя лугі фарміруюцца на дзярновых, забалочаных, дзярнова-карбанатных забалочаных і тарфяных глебах. Воднае жыўленне змешанае, з перавагай грунтавых вод. Біялагічная прадукцыйнасць — 2—2,5 т/га сена. У складзе травастояў пры часовым пераўвільгатненні пераважаюць вострыцавыя асацыяцыі, пры працяглым — асаковыя (асокі вастраватая, пузыраватая) з удзелам балотнага разнатраўя (панікніца, шабельнік). Поймавыя лугі размешчаны ў поймах буйных і сярэдніх рэк. Лічыцца, што гэта — найб. захаваныя прыродныя лугі; ёсць у поймах Дняпра, Прыпяці, Сожа, Гарыні і інш. Вытрымліваюць веснавое затапленне да 30—35 сутак без зніжэння прадукцыйнасці. Прадукцыйнасць — да 3,5 т/га сена здавальняючай якасці.

На палепшаных лугах (2,2 млн. га, у т. л. 1,6 — меліяраваных) ствараюцца культурныя сеяныя травастоі (сенажаці і пашы), склад якіх фарміруюць у залежнасці ад глебава-кліматычных умоў і спецыялізацыі жывёлагадоўлі. Культывуецца 18 відаў шматгадовых траў, у т. л. 6 — бабовых (канюшына лугавая, гібрыдная, паўзучая, рутвіца рагатая, баркун белы) і 12 — злакавых (чаротніца трыснёгападобная, купкоўка зборная, каласнец безасцюковы, лісахвост лугавы, аўсяніца трысняговая і інш.). З іх складаюць травасумесі па 3—4 віды.

У прыродных сістэмах лугі забяспечваюць устойлівасць да экстрэмальных з’яў і антрапагеннага ўздзеяння. Яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай забеспячэння жывёлагадоўлі травяністымі кармамі.

Літ.:

Мелиорация и луговодство на пойменных землях. Мн., 1996;

Адаптивные системы земледелия в Беларуси. Мн., 2001;

Технология создания и улучшения лугов. Горки, 2002;

Пастбища Беларуси: создание, эксплуатация. Мн., 2003;

Иоффе В.Б., Васько П.П. Культурные пастбища. Молодечно, 2003.

А.​С.​Меяроўскі.

т. 18, кн. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯДРО́ А́ТАМНАЕ,

цэнтральная частка атама, у якой сканцэнтравана 99,95% яго масы. Я.а. складаецца з Z пратонаў і N нейтронаў, характарызуецца надзвычай высокай шчыльнасцю р ~10​17 кг/м³. Лінейныя памеры яго вызначаюцца радыусам R = (1,2 ÷ 1,4)∙A​1/3∙10​−15 м (у дзесяткі тысяч разоў меншыя за памеры самога атама), дзе A = Z + N — масавы лік. Я.а. абазначаюць сімвалам хім. элемента з указаннем масавага ліку злева ўверсе, напр. ​40Ca. Падзяляюцца на стабільныя і радыеактыўныя (гл. Радыеактыўныя элементы). Я.а. — адзін з асн. аб’ектаў даследаванняў ядзернай фізікі і ядзернай спектраскапіі.

Асн. характарыстыка Я.а. — дадатны эл. зарад Ze (е — элементарны зарад) і месца Я.а. ў перыяд. сістэме элементаў Мендзялеева вызначаюцца лікам Z пратонаў у ядры. Змена эл. зараду Я.а. заўсёды выклікае ператварэнне аднаго хім. элемента ў другі. Нуклоны ў Я.а. звязаны магутнымі блізкадзеючымі сіламі, якія наз. ядзернымі сіламі; паміж пратонамі, акрамя таго, дзейнічаюць кулонаўскія сілы адштурхоўвання (гл. Кулона закон). Устойлівасць Я.а. характарызуецца энергіяй сувязі. Сярэдняя энергія сувязі нуклона ў Я.а. ε = E/A для большасці ядраў каля 8 Мэв. Я.а. з аднолькавымі Ζ і рознымі N наз. ізатопамі; з аднолькавымі N і рознымі Z — ізатонамі, з аднолькавымі A і рознымі Z — ізабарамі. Ад суадносін колькасцей пратонаў і нейтронаў у Я.а. залежаць стабільнасць ядра, тып радыеактыўнага распаду (гл. Радыеактыўнасць), спін ядра, эл. квадрупольны і магн. дыпольны моманты (характарызуюць размеркаванне ў ядры адпаведна зараду і магн. моманту) і інш. ўласцівасці. Найб. устойлівыя і пашыраныя ў прыродзе Я.а. з цотнымі лікамі Z і N, т.зв. цотна-цотныя Я.а., найменш устойлівыя няцотна-няцотныя. Найб. трывалыя Я.а., у складзе якіх 2, 8, 20, 50 ці 82 пратоны або нейтроны, ці 126 нейтронаў. Пералічаныя значэнні Z і N наз. «магічнымі» лікамі, а Я.а. з такімі Z і N «магічнымі» ядрамі. Энергія сувязі пратона ці нейтрона ў «магічных» Я.а. на 10—20% большая, чым у звычайных. Для апісання сукупнасці эксперым. уласцівасцей Я.а. сучасная тэорыя шырока выкарыстоўвае ядзерныя мадэлі, якія з’яўляюцца мадыфікацыямі класічных абалонкавай і абагульненай мадэлей.

Літ.:

Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1971—77;

Соловьев В.Г. Теория атомного ядра: Ядерные модели. М., 1981.

Э.​А.​Рудак.

т. 18, кн. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДШАФТАЗНАЎСТВА

Пачатак ландшафтным даследаванням на Беларусі паклаў А.​А.​Смоліч працай «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» (1925). Паводле Смоліча, краявід уяўляе сабой генетычна абумоўлены комплекс, які на тэр. Беларусі ўтварыўся пад уплывам уздзеяння ледавікоў і талых вод, а таксама сучасных экзагенных працэсаў і асаблівасцей клімату. У гэтай трактоўцы тэрмін «краявід» па сваім змесце блізкі да тэрміна «ландшафт». Ён вылучыў на тэр. Беларусі краявіды канцавой марэны з падтыпамі азёрнай і ўзгоркавай марэны, доннай марэны, ярава-лагчынны, палескі. У 1930-я г. М.​Ф.​Бліадухо і А.​М.​Жырмунскі да гэтых краявідаў далучылі зандравы, друмлінавы, лёсавы, озавы. У 1950—60-я г. В.​А.​Дзяменцьеў вывучаў марфалагічную будову ландшафтаў, распрацаваў іх першую класіфікацыю і паклаў пачатак іх картаграфаванню. Ён сфарміраваў на геагр. факультэце БДУ навук. школу фундаментальных ландшафтных даследаванняў, якая існуе і ў наш час. Прадстаўнікі школы (Н.​К.​Кліцунова, Л.​В.​Логінава, Г.​І.​Марцінкевіч, Г.​Т.​Харанічава) у 1970-я г. ажыццявілі картаграфаванне прыродных ландшафтаў, распрацавалі іх шматступеньчатую класіфікацыю і выдалі каля 130 ландшафтных карт, у т. л. карту Беларусі, усіх яе абласцей і адміністрацыйных раёнаў. Картаграфічныя матэрыялы паслужылі асновай для распрацоўкі схемы ландшафтнага раянавання і выкарыстаны пры падрыхтоўцы манаграфіі «Ландшафты Беларусі» (пад рэд. Н.​К.​Кліцуновай, Г.​І.​Марцінкевіч), у якой прыведзена характарыстыка тыпалагічных і рэгіянальных ландшафтных комплексаў Беларусі. У 1980-я г. праведзены даследаванні прыродна-антрапагенных ландшафтаў, вылучаны іх класы, падкласы, роды, складзена дробнамаштабная карта. У БДУ вядуцца прыкладныя ландшафтныя даследаванні — ландшафтна-рэкрэацыйныя, аграландшафтныя, ландшафтна-геахімічныя, з 2000 — па ацэнцы ландшафтнай разнастайнасці, што мае вялікае значэнне для рацыянальнага прыродакарыстання, у т. л. арганізацыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, рэкрэацыйных зон, аграландшафтаў.

Прыкладныя ландшафтна-экалагічныя даследаванні вядуцца і ў ІП ВПРЭ Нац. АН Беларусі. Выканана картаграфаванне элементарных ландшафтаў, распрацавана ацэнка іх рэакцыі на рознафактарнае тэхнагеннае ўздзеянне, вызначана іх прыдатнасць для эколага-бяспечнага размяшчэння народнагаспадарчых аб’ектаў (А.​А.​Хоміч, В.​С.​Хоміч). Вывучаюцца заканамернасці фарміравання і функцыянавання урбанізаваных ландшафтаў, іх устойлівасць да забруджвання навакольнага асяроддзя і тэхнагенных нагрузак (С.​В.​Какарэка, Т.​М.​Кухарчык, В.​С.​Хоміч), геахімічны стан (В.​Б.​Кадацкі). Праведзены даследаванні па ацэнцы антрапагеннага ўздзеяння на прыродныя і гар. геасістэмы (Р.​І.​Сачок, В.​В.​Каляда).

Літ.:

Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии: Опыт классификации. Мн., 1968;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86;

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

Г.​І.​Марцінкевіч.

т. 18, кн. 2, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЛЬЕ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў; галіна скульптуры дробных форм. Творы М.м. вырабляюцца з медзі, серабра, золата, бронзы і інш. матэрыялаў, якія дазваляюць рабіць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце; дэкар. і выставачныя медалі вырабляюць і ў тэхніцы керамікі. М.м. ўласцівы пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арган. спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асн. іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму.

Узнікла ў 7—6 ст. да н.э. разам з вырабам метал. манет у Лідыі і Стараж. Грэцыі. У старажытнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаванага металу з гравіраванымі негатыўнымі выявамі. Буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Ант. манетам уласцівы прастата і гарманічнасць вобразаў божастваў і міфалагічных сцэн. У эпоху сярэднявечча ў кампазіцыі пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы. Манеты краін Азіі вызначаліся прыгажосцю каліграфічных надпісаў. З 14—16 ст. вядомы выраб памятных медалёў. Творам М.м. эпохі Адраджэння ўласцівы індывідуальнасць партрэтных характарыстык і пластычная дасканаласць алегарычных фігур (медальеры Пізанела, Б.​Чэліні ў Італіі, Ж.​Пілон у Францыі і інш.). У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў (Ж.​Варэн, Г.​Дзюпрэ ў Францыі, І.​Хён, Ф.​Г.​Мюлер у Германіі, П.​Уткін, Ф.​Талстой у Расіі, і інш.). Эпоха рамантызму прыўнесла ў М.м. пошукі жывапіснасці і свабоды пластычнай святлоценявой лепкі (П.​Ж.​Давід д’Анжэ ў Францыі). У 20 ст. значна пашырыліся выразныя сродкі (контррэльеф, паглыблены контур, чарненне, эмаль) і тэматыка, ускладнілася кампазіцыя, пластычная мова і фактура твораў М.м. (А.​Л.​Галцье, Р.​Дэламар, Ж.​Лей, А.​Ж.​Адам у Францыі, Я.​Фішэр, І.​Прадлер у Чэхіі і інш.).

На Беларусі М.м. развівалася ў рэчышчы асн. маст. эпох і стыляў. З канца 15 ст. манеты выраблялі на Віленскім манетным двары. З пач. 16 ст. вядомы медалі ў гонар польскіх каралёў, вял. князёў ВКЛ і чл. іх сямей, у т. л. Жыгімонта I Старога, Жыгімонта II Аўгуста, Боны Сфорцы і інш., якія стваралі замежныя медальеры Г.​Шварц, Я.​М.​Муска Падавана, Д.​Венетус і інш. З сярэдзіны 16 ст. на Віленскім манетным двары пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка, медалі з нагоды ваен. перамог. Паводле заказу кн. Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў Г.​Кель, Г.​Трыльнер, манаграміст «HD». З 18 ст. пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў рэліг. тэматыкі, прысвечаных важным дзярж. і грамадскім падзеям. Найб. вядомы медальер 18 ст. — І.​Ф.​Гольцгаўзер. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай творы М.м., звязаныя з бел. тэматыкай, ствараліся ў Расіі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—31 і 1863—64, А.​Міцкевічу, Т.​Касцюшку і інш. У 1960-я г. бел. М.м. аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, гадавінам бел. гарадоў, навук. устаноў, прадпрыемстваў, падзеям культ. жыцця, значным асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш. Да М.м. ў сваёй творчасці звяртаюцца Г.​Асташонак, М.​Байрачны, С.​Вакар, Г.​Гаравая, С.​Гарбунова, А.​Зіменка, А.​Кашкурэвіч, В.​Ларчанка, У.​Лятун, У.​Слабодчыкаў, Л.​Талбузін, А.​Фінскі і інш. Творы М.м. экспануюцца на выстаўках. Гл. таксама Манета, Медаль.

Літ.:

Одноралов Н.В. Техника медальерного искусства. М., 1983.

Да арт. Медальернае мастацтва. Медальён у 8 солідаў. Рымская імперыя. Каля 337—361.
Да арт. Медальернае мастацтва. Златнік Уладзіміра Святаславіча. Канец 10 — пач. 11 ст.
Да арт. Медальернае мастацтва. Л.​Талбузін. Медаль «Мікола Гусоўскі». 1960.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРОДНІЦТВА

Заснавальнік навуковага агародніцтва на Беларусі — М.​В.​Рытаў. Значны ўплыў на навук. развіццё агародніцтва на Беларусі зрабілі Горы-Горацкі земляробчы ін-т і Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та раслінаводства (у 1931 на яго базе створана Бел. плодаагароднінная доследная станцыя), дзе распрацоўваліся тэорыя і метады навук. даследаванняў па агародніцтве ва ўмовах Беларусі. У 1925 арганізавана Дзярж. інспекцыя па сортавыпрабаванні с.-г. культур. У 1956 арганізаваны Бел. НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства (з 1972 Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва). У 1990 створаны Бел. НДІ агародніцтва.

У 1960-я г. пачаты даследаванні па распрацоўцы сістэмы выкарыстання гербіцыдаў пры вырошчванні агароднінных культур (Л.​Л.​Гуніч, П.​С.​Жуковіч, Ю.​М.​Забара, В.​Г.​Рагожнікаў, А.​П.​Харытонава). З 1970-х г. інтэнсіўна вядзецца селекцыйна-насенняводчая праца, у т. л. селекцыя асн. агароднінных культур Беларусі; капусты белакачаннай (М.​А.​Гарадзілаў, Л.​І.​Чулкова), сталовых буракоў (М.​М.​Высоцкая, Л.​Г.​Няфёдава), агуркоў (Н.​М.​Завадская, А.​М.​Купрэева), памідораў (М.​І.​Касцечка, Г.​М.​Палянская, М.​І.​Фёдарава), цыбулі (В.​Ф.​Дзевятава), бабовых (Г.​В.​Казак, П.​Ф.​Лысаконь). Вывучаюцца цытаплазматычная мужчынская стэрыльнасць цыбулі (В.​Ф.​Дзявятава), устойлівасць яе да фітафтарозу (В.​В.​Псарова, М.​І.​Фёдарава). Праведзена хіміка-тэхналагічнае даследаванне раянаваных і перспектыўных сартоў (Г.​І.​Пушкіна, В.​Ф.​Саўчанка, Т.​В.​Сцепанішына).

Да сярэдзіны 1980-х г. на Беларусі раянавана 12 сартоў агароднінных культур бел. селекцыі, у т. л. памідоры Нёман і Даходны, капуста Летняя 103 і Русінаўка, гарох Ліпеньскі і Рэкорд 158, цыбуля Янтарная, часнок азімы Палёт і Беларускі, сталовыя буракі Халадастойкі. Распрацоўваецца тэхналогія вырошчвання ранняй агародніны пад плёначнымі тунэльнымі пакрыццямі (М.​М.​Грышкевіч), выкарыстанне плёнкі пры вырошчванні агуркоў у адкрытым грунце (Т.​С.​Якубіцкая). Праведзены даследаванні па хваробаўстойлівасці культур, выведзены сарты, устойлівыя да фітафтарозу, бурай плямістасці лісця (В.​Дз.​Паліксенава, В.​В.​Пісарава), мучністай расы, аліўкавай плямістасці агуркоў (В.​Л.​Налобава).

Калектывам Бел. НДІ агародніцтва створана больш за 150 сартоў і гібрыдаў агароднінных і востра-араматычных культур. У дзярж. выпрабаванне перададзены сарты агуркоў Світанак, Зарніца, Янус F1, Верасень (Т.​В.​Мацюк, В.​Л.​Налобава, А.​Я.​Хлебародаў); сталовых буракоў Прыгажуня (В.​П.​Меляшкевіч, Л.​Г.​Няфёдава); памідораў Раніца (Ф.​І.​Анцугай, В.​Г.​Іванюк, М.​І.​Фёдарава), Шторм F1, Ранні; перцаў Алеся, Кубік Ж., Вожык (Л.​А.​Мішын, Л.​В.​Хатылёва, Н.​А.​Юбко); цыбулі Ветразь, Крывецкі ружовы, Дыямент (В.​Ф.​Дзевятава, М.​Г.​Купрэенка); часнаку азімага Вітажэнец (М.​П.​Купрэенка); кропу Сож 2000 (В.​П.​Меляшкевіч, В.​Л.​Налобава, А.​П.​Шкляроў). Распрацаваны эфектыўныя тэхналогіі вырошчвання расады капусты ў адкрытым грунце (А.​А.​Аутка, Ю.​М.​Забара, А.​А.​Казіміраў), агароднінных культур у зімовых і плёначных цяпліцах (М.​Ф.​Сцяпура), касетная тэхналогія і абсталяванне для вырошчвання расады (А.​А.​Аутка, В.​В.​Пазняк, А.​П.​Шкляроў), вырошчванне цыбулі як аднагадовай культуры на вузкапрофільных градах (А.​А.​Аутка, М.​П.​Купрэенка, А.​А.​Меляшкевіч). Вывучаны ўплывы розных відаў угнаенняў на ўласцівасці глебы, ураджаю, якасць агародніны (В.​П.​Пярэднеў, М.​І.​Рышкевіч, М.​П.​Сапун, М.​Ф.​Сцяпура). Распрацоўваюцца пытанні інтрадукцыі і стварэння сартоў зяленіўных і малапашыраных агароднінных культур (А.​П.​Шкляроў). Развіваюцца кірункі па вывучэнні маркетынгавай дзейнасці ў агародніцтве, паляпшэнні якасці прадукцыі, павелічэнні асартыменту (Г.​І.​Гануш).

Літ.:

Гануш Г.И. Овощеводство Беларуси. Мн., 1996;

Аутко А.А. Технологии возделывания овощных культур. Мн., 2001;

Аутко А.А., Гануш Г.И., Долбик Н.Н. Приоритеты современного овощеводства. Мн., 2003;

Аутко А.А., Долбик Н.Н., Козловская И.П. Тепличное овощеводство. Мн., 2003;

Аутко А.А., Рупасова Ж.А. Биоэкологические особенности выращивания пряно-ароматических и лекарственных растений. Мн., 2003.

А.​А.​Аутка.

т. 18, кн. 2, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)