ГАДЫЛЁВА БАЛО́ТА,

на У Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., у вадазборы р. Ухлясць і яе прытока р. Варонінка. Пераважна нізіннага (92%) тыпу. Уключае торфамасівы Гадылёва, Ухлясць—Цэнтральнае, Вараніно. Агульная пл. 8,3 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,5 тыс. га. Глыб. торфу да 7,3 м, сярэдняя 2,4 м. На пл. 210 га ёсць сапрапель. Каля 6,4 тыс. га асушана. На неасушанай ч. расце рэдкі лес з хвоі і бярозы.

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ДКАВА БАЛО́ТА,

на У Столінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Маства. Нізіннага тыпу. Асобныя часткі наз. Верхлешнае, Ніўскае, Сплаўное, Лістоўніца, Красныя Бярозкі. Пл. 9,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,7 тыс. га. Глыб. торфу да 1,8 м, сярэдняя 1,1 м. Балота часткова асушана, асушаная ч. пад сенажаццю. На неасушаных землях пераважае злакава-, разнатраўна- і гіпнава-асаковая расліннасць. Пясчаныя грады пад разнатраўем, лесам з бярозы і хвоі.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧЫ,

геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс. м². ахоўная зона вакол 12 тыс. м². Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс. г. назад у вял. стараж. возеры.

В.​Ф.​Вінакураў.

Геалагічнае агаленне Дарашэвічы.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬНЯ,

балота ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы рэк Волта (на Пн), Бярэжа (на Пд), Яльнянка (на У). Вярховага тыпу. На балоце група азёр, найб. Ельня, Доўгае, Белае, Бярэжа, Чорнае, Яжгіна. Пл. 20 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 16,8 тыс. га. Глыб. торфу да 8,3 м, сярэдняя 3,8 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 1,5 м, гідролізная сыравіна. Балота ў натуральным стане; уваходзіць у гідралагічны заказнік Ельня.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ДЧА,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЫШАЎ (Фёдар Аляксеевіч) (н. 20.4. 1914, в. Заполле Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Канд. тэхн. н. (1950). Скончыў БПІ (1941). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 у партызанах: падрыўнік, камандзір дыверсійнай групы партыз. атрада 125-й Капаткевіцкай брыгады; асабіста падарваў 18 варожых эшалонаў. Са снеж. 1943 у Наркамаце мясц. паліўнай прам-сці БССР, у 1947—90 навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР.

Ф.А.Малышаў.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЧНА,

балота на ПдЗ Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне. Мяшанага (70%), нізіннага (25%) і вярховага тыпаў. Пл. ў межах Беларусі 12,8 тыс. га, на Украіне 0,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу на Беларусі 10,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,7 м. Амаль на ўсёй плошчы падсцілачны торф магутнасцю 1,2 м, месцамі пад ім трапляецца сапрапель. На асушаных землях сеюць збожжавыя і прапашныя культуры, травы.

т. 10, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТО́РНАЕ ПА́ЛІВА,

вадкае ці газападобнае гаручае, якое выкарыстоўваюць у якасці паліва для рухавікоў унутр. згарання (поршневых, рэактыўных, газатурбінных). Атрымліваюць пераважна перапрацоўкай нафты (гл. Бензін, Газа), прыродных і спадарожных газаў (гл. Газы нафтавыя спадарожныя). Звычайна М.п. — сумесь асн. (базавага) паліва з прысадкамі (антыдэтанатарамі, антыаксідантамі, інгібітарамі карозіі і інш.). Выкарыстоўваюць таксама М.п., якое атрымліваюць перапрацоўкай цвёрдых гаручых выкапняў (вугалю, сланцаў, торфу). Гл. таксама Дызельнае паліва, Рэактыўнае паліва, Сінтэтычнае вадкае паліва.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СКАЎСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 250 м на Пн ад в. Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Зальвянка. Ва ўступе поймы (выш. да 5 м) ускрываюцца рэчышчавыя, поймавыя і старычныя рачныя адклады (пяскі з праслоямі торфу), якія ўтварыліся ў галацэне 8—2,7 тыс. г. назад. У іх выяўлены рэшткі раслін і жывёл. Адно з найб. дэталёва даследаваных агаленняў адкладаў галацэну.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТА́ШЧЫК (Васіль Ануфрыевіч) (12.6.1921, в. Старыя Дарогі Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 14.10.1994),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1972). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1947). З 1948 у Ін-це хіміі, у 1959—71 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, у 1973—81 у Ін-це торфу АН Беларусі Навук. працы па тапахіміі, вызначэнні ўдзельнай паверхневай энергіі цвёрдых цел (пераважна каталізатараў).

Тв.:

Новые закономерности в топохимии М., 1974.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)