МЕТЫЛАМАНА́ДЫ (Methylomonadaceae),

сямейства бактэрый, здольных атрымліваць энергію толькі за кошт выкарыстання аднавугляродных арган. злучэнняў метану, метанолу або дыметылавага эфіру. Уключае роды Methylomonas і Methylococcus. Пашыраны ў балотах, сцёкавых водах.

Палачка- або кокападобныя клеткі. Маюць складаную сістэму ўнутрыклетачных мембран. Аблігатныя аэробы, хемааўтатрофы. Выкарыстоўваюцца як прадуцэнты кармавога бялку.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

электрычная станцыя, усе агрэгаты якой або частка іх кароткі час працуюць толькі ў перыяд найб. (пікавай) нагрузкі ў энергасістэме. Пікавымі могуць служыць гідраэлектрычныя станцыі з вадасховішчамі, кандэнсацыйныя і газатурбінныя электрастанцыі, гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. П.э. выраўноўваюць рэжым работы асн. электрастанцый, паляпшаюць энергазабеспячэнне спажыўцоў.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала ў г. Пінск Брэсцкай вобл. з 1882. Выпускала курыльны тытунь, махорку і папяросы, з 1895 таксама цыгары і цыгарэты, з 1908 толькі цыгары, з 1913 — курыльны тытунь. Мела ў розныя гады конны рухавік, паравы рухавік. У 1903 працавала 180, у 1910—32 рабочыя.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭО́ЛІЗ (ад прата... + лізіс),

працэс ферментатыўнага расшчаплення бялкоў да пептыдаў і амінакіслот. У біял. сістэмах пашыраны рэакцыі абмежаванага П., калі гідролізу падпадае толькі абмежаваная колькасць сувязей, размешчаных на паверхні бялковай малекулы, што прыводзіць да ўтварэння невял. колькасці фрагментаў. З рэакцыямі абмежаванага П. звязана ажыццяўленне шэрагу фізіял. працэсаў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,

адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;

Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;

Каўрус А.​А.​Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.

А.​І.​Жураўскі, Р.​Р.​Чэчат.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАБІ́Н,

бялковая частка гемаглабіну. Сувязь паміж гемам і глабінам устойлівая, разбураецца толькі ў кіслым асяроддзі. Пасля адшчаплення гема бялок траціць натыўныя якасці. Скорасць сінтэзу глабіну ў арганізме вельмі вялікая, што звязана з інтэнсіўным аднаўленнем эрытрацытаў. Генетычна абумоўленыя анамаліі ў сінтэзе глабіну вызначаюць некаторыя хваробы крыві (серпападобнаклетачную анемію і інш.).

т. 5, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),

у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІ́МЫ,

1) паслядоўнікі секты іудаізму (узнікла ў 8 ст.), што жывуць пераважна ў Ізраілі і прызнаюць свяшчэннай кнігай толькі Стары запавет.

2) К. (саманазва карайлар) — народ на Украіне (у асноўным у Крыме) і ў Літве. 2,6 тыс. чал. (1989). Невял. групы жывуць таксама ў Польшчы. Гавораць на караімскай мове.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЕ ПАЛЯВА́ННЕ,

адстрэл ці адлоў прамысл. жывёл з мэтай атрымання таварнай прадукцыі або забеспячэння паляўнічага прадуктамі харчавання, адзеннем, традыц. жыллём (чумы, юрты і інш.). На Беларусі П.п. як від прац. дзейнасці практыкавалася ў мінулым. У адпаведнасці з сучасным заканадаўствам існуе толькі любіцельскае і спарт. паляванне.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)