САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную або пач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім.сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАЛУЗІ́Т (ад назвы гіст.вобл. Андалусія ў Іспаніі),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат, Al Al [SiO4]O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, слупкаватыя, прамянёвыя агрэгаты і інш. Колер ружовы, шэры, карычневы, жоўты, чырвоны. Бляск шкляны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,1—3,2 г/см³. Андалузіт — характэрны мінерал метамарфічных сланцаў і гнейсаў. Трапляецца таксама ў рагавіках, другасных кварцытах, некаторых пегматытах і россыпах. На Беларусі — як акцэсорны мінерал у палеагенавых і неагенавых адкладах, трапляецца ў крышт. фундаменце, адкладах верхняга пратэразою, карбону, трыясу, мелу, марэнных і алювіяльных. Выкарыстоўваецца як сыравіна для высокагліназёмістых вогнетрывалых матэрыялаў і тонкакерамічных (ізалятары і інш.) вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАЛІ́Т (ад імя ням. горнага інж. Р. фон Карналя),
мінерал падкласа хларыдаў, водны хларыд калію і магнію, KMgCl3·6H2O. Прымесі свінцу, цэзію, брому. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна суцэльныя або зярністыя агрэгаты, часам таблітчастыя, дыпірамідальныя крышталі. Колер малочна-белы, прымесямі жалеза можа быць афарбаваны ў чырвоны, буры, жоўты колеры. Бляск тлусты. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,5. Шчыльн. 1,6 г/см³. Вельмі гіграскапічны. Па паходжанні хемагенны, трапляецца разам з галітам, сільвінам і інш. галоідамі. Рудаўтваральны мінерал калійных солей. Сыравіна для вырабу калійных угнаенняў, метал. калію і магнію. На Беларусі выяўлена радовішча К. ў Прыпяцкай упадзіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫЧАЎЦЭМЕНТНАШЫ́ФЕР»,
вытворчае аб’яднанне. Знаходзіцца ў г. Крычаў Магілёўскай вобл. Створана ў 1980 на базе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната (1957). Уключае заводы: цэментны (галаўное прадпрыемства, засн. ў 1933; у Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1949) і шыферны (1950). З 1957 цэментна-шыферны камбінат. У 1963 далучаны з-д вапнавай мукі. У 1960—66 камбінат расшыраны, у 1980—81 часткова рэканструяваны. Сыравіна: мел з радовішча Каменка (Крычаўскі р-н), гліна з радовішча Пушча (Віцебскі р-н), прывазныя калчаданавыя агаркі, гіпс і інш. дамешкі. Асн. прадукцыя (1998): партландцэмент розных марак, шыфер 8-хвалевы, шыфер плоскі непрасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт.Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км² запасы гаручых сланцаў каля 900 млн.т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал.сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МА,
сухія сцёблы раслін, што застаюцца пасля малацьбы збожжавых і зернебабовых культур, таксама лёну, канапель і інш., з якіх выдалены лісце, суквецці, насенне. С. збожжавых культур — грубы баластны корм пераважна для буйн. раг. жывёлы ці дабаўка да сакаўных кармоў. Пажыўная каштоўнасць невял. — клятчаткі 35—45%, мала пратэіну (3—4%), мінер. рэчываў, вітамінаў. Для паляпшэння пажыўнасці С. здрабняюць, запарваюць, сіласуюць, апрацоўваюць хім. рэчывамі. Выкарыстоўваюць таксама на подсціл жывёле, у цэлюлознай і папяровай прам-сці, для прыгатавання буд. матэрыялаў (саману і саламіту), плеценых вырабаў. С. лёну і канапель — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкст. валокны.