колькасць матэрыяльных і культ. даброт, якія можа атрымаць насельніцтва (асобныя сац. групы, асобныя сем’і) за кошт сваіх грашовых даходаў, бясплатных выплат і льгот; асн. паказчык яго дабрабыту. Характарызуе частку нацыянальнага даходу, якая выкарыстоўваецца на асабістае спажыванне. Залежаць ад памераў грашовых Д.н., узроўню цэн на спажывецкія тавары і паслугі, памераў плацяжоў насельніцтва ў фін. сістэму. Адрозніваюць сукупныя, асабістыя, намінальныя, рэальныя, распараджальныя Д.н. Сукупныя Д.н. — агульная сума (у грашовай і натуральнай форме) даходаў, атрыманых насельніцтвам у якасці аплаты за працу па найме, ад уласнасці, прадпрымальніцтва, пенсій, стыпендый, дапамог, датацый на аплату жыллёва-камунальных паслуг, пуцёўкі ў санаторыі ці дамы адпачынку, утрыманне дзяцей у дашкольных установах, чысты прыбытак ад асабістай дапаможнай гаспадаркі, індывідуальнай прац. дзейнасці. У агульны аб’ём даходаў уключаецца кошт ільготнага і бясплатнага спажывання матэрыяльных даброт і паслуг (кошт адукацыі, мед. дапамогі і інш.). Рэальныя Д.н. — паказчык узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго патрэб. Грашовыя Д.н. — частка сукупных Д.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) расходаванне прыбытку на павелічэнне капіталу; ператварэнне ў капітал будучых даходаў прадпрыемства і накіраванне іх на стварэнне асноўнага капіталу, набыццё або буд-ваасн. фондаў. Напр., вартасць машыны — гэта капіталізаваная вартасць будучых даходаў ад машыны; цана зямлі разглядаецца як капіталізаваная рэнта, а цана аблігацыі вызначаецца вартасцю будучых паступленняў.
2) Метад ацэнкі вартасці прадпрыемства паводле яго даходу або прыбытку. Вызначаецца «велічынёй капіталу, здольнага прыносіць такія даходы або прыбытак пры норме прыбытку, роўнай сярэдняму пазыковаму працэнту (плаце за карыстанне крэдытамі).
3) Агульная рыначная вартасць акцый, якія знаходзяцца ў абарачэнні на пэўнай фондавай біржы або ў рамках асобнай краіны. Пад К. біржы разумеецца сума ўсіх акцый, выпушчаных у абарачэнне кампаніямі, каштоўныя паперы якіх дапушчаны да гандлю на дадзенай біржы. Пад К. якой-н. краіны разумеецца сумарная рыначная вартасць кампаній, якія выпусцілі акцыі ў свабоднае абарачэнне на тэр. дадзенай краіны. Паказчык К. ў гэтым выпадку служыць ацэнкай нац. багацця краіны, ёмістасці карпаратыўнага сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́К (назва ад слова краскі, кветкі),
бел. назва 4-га месяца каляндарнага года (30 дзён), сярэдзіна вясны. 15 К. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 01 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 45,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 393 МДж/м², радыяцыйны баланс 193 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра 5,8 °C (4,5 °C на Пн, 7,5 °C на ПдЗ). Ападкаў 40—47 мм, колькасць дзён з ападкамі 12—14. Азёры ачышчаюцца ад лёду, на вял. рэках працягваецца разводдзе. У К. поўнасцю адтайваюць глебы, пачынаецца бурнае развіццё прыроды. Цвітуць шэрая вольха, ляшчына, вярба, таполя, асіна, бяроза, пралеска, медуніца. Узнаўляецца вегетацыя азімых, канюшыны. Пачынаецца выпас жывёлы. У садах вядуць барацьбу са шкоднікамі, садзяць дрэвы і кусты, уносяць угнаенні, сеюць раннія яравыя культуры. Вяртаюцца з выраю амаль усе птушкі, большасць робіць гнёзды і кладзе яйцы. Пачынаецца ацёл у ласіх і казуль. Нерастуюць шчупак, акунь, язь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.
Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз.актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.
М.А.Караткевіч.
Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЕ́ЖНЫ СРО́ДАК,
плацежныя дакументы (плацежныя даручэнні, плацежныя запатрабаванні, разліковыя чэкі і інш.), акрэдытывы, грошы, каштоўныя паперы, пры дапамозе якіх ажыццяўляюцца плацяжы. Плацежнае даручэнне — разліковы дакумент, які змяшчае даручэнне плацельшчыка банку аб пералічэнні (пераводзе) сродкаў з яго рахунку на рахунак атрымальніка. Пры дапамозе даручэнняў ажыццяўляюцца разлікі за атрыманыя тавары і аказаныя паслугі (выкананыя работы), разлікі па нетаварных аперацыях і інш.Плацежнае запатрабаванне — разліковы дакумент, які выкарыстоўваецца таксама пры безнаяўных разліках, калі атрымальнік сродкаў прадстаўляе ў банк патрабаванне да плацельшчыка аб уплаце выплаце* пэўнай сумы праз банк за таварна-матэрыяльныя каштоўнасці (работы, паслугі). Да запатрабавання можа дадавацца рахунак-фактура для расшыфроўкі характару патрабавання і сумы плацяжу. Разліковы чэк — пісьмовае распараджэнне ўладальніка разліковага або бягучага рахунку (чэкадаўца) банку аб уплаце выплаце* ў парадку безнаяўнага разліку пэўнай сумы грошай чэкатрымальніку. Бываюць неакцэптаваныя банкам і акцэптаваныя (сума чэка спісваецца банкам з рахунка чэкадаўца і дэпаніруецца на асобым рахунку для забеспячэння аплаты чэка), лімітаваныя (з указаннем пэўнай сумы сродкаў) і нелімітаваныя (без ліміту сродкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сумамомантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́ЛЬНЫЯ ЎКЛАДА́ННІ,
сукупнасць затрат матэрыяльных, працоўных і грашовых рэсурсаў на пашыранае ўзнаўленне асн. фондаў нар. гаспадаркі; сума аднаразовых затрат на павелічэнне аб’ёму і паляпшэнне структуры асн. і абаротнага капіталу. Асн. прызначэнне К.у. — увод новых і падтрыманне дзеючых вытв. магутнасцей, паляпшэнне ўмоў і павышэнне прадукцыйнасці працы, ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, асваенне новых відаў прадукцыі і павышэнне яе якасці. Уключаюць затраты на буд. матэрыялы, канструкцыі і дэталі, механізмы, транспартныя сродкі, тэхн. дакументацыю і інш. Могуць быць агульнымі і складаюцца з агульнай сумы ўкладання ў пэўны аб’ект; новымі — без уліку выкарыстання дзеючых вытв. фондаў; дадатковымі — вызначаюцца розніцай агульных К.у. па 2 варыянтах рашэння гасп. задачы (напр., пры выбары варыянтаў новай тэхнікі, рэканструкцыі прадпрыемстваў і інш.); спалучанымі — тымі, што павялічваюцца ў сумежных галінах пры адсутнасці ў іх рэзерваў магутнасцей; спадарожнымі — неабходнымі для нармальнага функцыянавання сродкаў працы ў спажыўца (напр., затраты на буд-ва новых памяшканняў для работы новай тэхнікі, пашырэнне рамонтнай базы або яе мадэрнізацыя і інш.). Крыніцай фінансавання К.у. з’яўляюцца крэдыт, сродкі дзярж. бюджэту, прыбытак прадпрыемства, амартызацыйныя адлічэнні і інш.Гл. таксама Інвестыцыі.