БУ́СЛАЎ (Казімір Паўлавіч) (25.10.1914, в. Кашалёў Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 20.1.1983),
бел. філосаф. Акад.АН Беларусі (1972), д-рфілас.н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Смаленскі пед.ін-т (1938). З 1956 дырэктар Ін-та філасофіі і права, у 1972—76 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Даследаваў праблемы культуры, сац. прагрэсу, гуманізму, свабоды і адказнасці асобы. Аўтар прац «Свабода павінна быць свабодай на справе» (1961), «Прызначэнне чалавека і сэнс яго жыцця» (1967), «Сацыяльнае адзінства, супярэчнасці, адказнасць» (1972), «Фарміраванне сацыяльнага ў чалавеку» (1980) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСАМАЛЁТ, гідраплан,
самалёт, прыстасаваны для ўзлёту з вады і пасадкі на яе. Адрозніваюць гідрасамалёты лодачныя (з корпусам у выглядзе лодкі), паплаўковыя (з адным або двума паплаўкамі) і самалёты-амфібіі (лодачныя або паплаўковыя з колавым шасі для ўзлёту з сушы і пасадкі на яе). Першы гідрасамалёт пабудаваны ў Францыі ў 1910 А.Фабрам, у Расіі ў 1911 Я.М.Гакелем. Найб. пашырэнне атрымалі гідрасамалёты канструкцыі Г.М.Берыева (на іх устаноўлены сусв. рэкорды, напр., скорасці палёту ў 912 км/гадз на вышыні каля 15 км).
Гідрасамалёты выкарыстоўваюцца для грузапасажырскіх перавозак, разведкі рыбы, выратавальных работ, у ваен.справе (вядзенне разведкі, пошук і знішчэнне падводных лодак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НЕ»,
тайнае таварыства ў 1821 — пач. 1826 у Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Заснаваў Ф.Ляховіч спачатку ў Беластоку (наз. «Згодныя браты», 1821), потым у Свіслачы. Выступалі за незалежнасць Рэчы Паспалітай, падрыхтоўку грамадскай думкі да пераўтварэнняў у існуючым ладзе. У пач. 1826 у таварыстве 53 чал. Пяць былых сяброў т-ва склалі 3-ю ступень т-ва«Ваенныя сябры». Некаторыя мелі дачыненне да Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У сувязі са следствам па гэтай справе «З.» былі выкрыты, створана спец. «Камісія для пошуку тайных таварыстваў» (ліп.—вер. 1826). Удзельнікі «З.» былі прыгавораны да розных тэрмінаў пакарання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІН-КАМІ́НСКІ (Тадэвуш Карлавіч) (7.5.1922, Мінск — 7.2.1968),
бел. акцёр. У 1939—41 вучыўся ў рэсп. Тэатр.
вучылішчы. У Вял.Айч. вайну вязень фаш. канцлагераў у Зах. Еўропе. З 1945 у Мінску, высланы ў Сібір (да 1947). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1948), працаваў у гэтым тэатры. Характарны акцёр. Ролі вызначаліся маст. пераканаўчасцю, лаканізмам сродкаў выразнасці, знешняй стрыманасцю пры напружаным унутр. жыцці персанажа. Сярод роляў: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Парфірый («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Бем («Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага), Цырульнік («Забыты ўсімі» Назыма Хікмета), Кяміль («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Анастасіс («Востраў Афрадыты» А.Парніса), Петушкоў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЧКА,
гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІ́Н (ад мікра... +грэч. klinō нахіляюся),
пародаўтваральны мінерал групы палявых шпатаў, алюмасілікат калію К [Al, Si3O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, утварае таксама зярністыя агрэгаты. Крышталі і зерні складана здвоены. Колер белы, ружовы, буравата-жоўты, чырвоны, блакітна-зялёны (амазаніт). Бляск шкляны, перламутравы. Празрыстыя і паўпразрыстыя бясколерныя М. з блакітнай ірызацыяй (эфект месяцавага каменю). Вядомы авантурынавыя М. (сонечны камень). Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,55—2,6 г/см³. Трапляецца ў інтрузіўных пародах і пегматытах, гнейсах, аркозавых пясчаніках і інш. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай (тонкі фарфор, эл. кераміка) прам-сці; амазаніт, месяцавы і сонечны камень — у ювелірнай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНЫ ПУНКТ,
1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.
2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл.Апорная геадэзічная сетка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ЛАКА́ЦЫЯ,
выяўленне аддаленых аб’ектаў, вызначэнне іх месцазнаходжання, геам. памераў і скорасці руху з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (1014—1015Гц). Бывае пасіўная (пры ўласным выпрамяненні аб’екта) і актыўная (лазерная; пры адбіцці ад паверхні аб’екта выпрамянення лакацыйнай станцыі). Крыніца эл.-магн. выпрамянення для зандзіравання — лазер. Аптычная лакацыя адрозніваецца высокай раздзяляльнай здольнасцю (да доляў метра), высокай дакладнасцю ў вызначэнні вуглавых каардынатаў (да адзінак вуглавых секундаў) і скорасці аб’екта. Выкарыстоўваецца ў паветр. і касм. навігацыі, ваен.справе (навядзенне ракет, снарадаў), астраноміі (аптычная лакацыя планет), для даследавання стану атмасферы, дакладнага картаграфавання паверхні Зямлі, Месяца і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС-ПЛАН,
дакумент з абгрунтаваннем запланаванай камерцыйнай дзейнасці фірмы на пэўны перыяд. Распрацоўваецца супрацоўнікамі фірмы з дапамогай кансультантаў і, як правіла, з удзелам яе кіраўніка для абгрунтавання заявак на атрыманне крэдыту ў камерцыйных банках, распрацоўкі праектаў стварэння прыватных фірмаў, складання праспектаў эмісіі каштоўных папер (акцый і аблігацый), прыватных прадпрыемстваў і тых, якія прыватызуюцца. Мэта бізнес-плана: вывучэнне рынку збыту запланаванай прадукцыі (паслуг) з улікам іх колькасці і якасці, аналіз выдаткаў вытв-сці і ступень прыбытковасці запланаванага камерцыйнага мерапрыемства, аналіз магчымага развіцця падзей у запланаванай справе, у т. л. цяжкасцяў і шляхоў іх пераадолення, вылучэнне прыярытэтных паказчыкаў, па якіх можна ацаніць пачатак задуманага мерапрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАКУ́СТЫКА (ад бія... + акустыка),
біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб. развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).