КАРЭ́ДЖА [Correggio; сапр. Алегры (Allegri) Антоніо; каля 1489 ці 1494, Карэджа, каля г. Мадэна, Італія — каля 15.3.1534],

італьянскі жывапісец Высокага Адраджэння. Працаваў у Карэджы і Парме. Зазнаў уплывы А.​Мантэньі, Леанарда да Вінчы, Рафаэля, Мікеланджэла. Работы ранняга перыяду блізкія да маньерызму («Юдзіф і служанка», «Раство», каля 1513—14). Пазней ствараў выдатныя па каларыце дынамічныя кампазіцыі са свабодным размяшчэннем фігур, поўных пачуццёвасці і грацыі. Творы К. адлюстроўваюць паступовы адыход ад гераізаваных рэнесансавых ідэалаў і пераход да новых маст. прынцыпаў. Паклаў пачатак тыпу плафоннай размалёўкі з фігурамі ў аблоках, пададзенымі ў эфектных ракурсах, што стварала ілюзію прарыву купала і папярэднічала манум. жывапісу барока 17—18 ст. Аўтар размалёвак манастыра Сан-Паала (паміж 1517—20), царквы Сан-Джавані Эванджэліста (1520—23) і сабора (1526—30) у Парме, алтарных карцін «Мадонна са святым Іеранімам» (т. зв. «Дзень», 1527—28), «Пакланенне пастухоў» («Ноч», каля 1530) і інш., твораў на міфалагічныя тэмы («Даная», каля 1526).

Карэджа. Мадонна са святым Іеранімам («Дзень»). Фрагмент. 1527—28.

т. 8, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬТА,

лёгкая шаўкавістая баваўняная тканіна палатнянага перапляцення. Вырабляюць з тонкай грабеннай пражы. Бывае са стракатымі набіванымі рысункамі, гладкаафарбаваная, адбеленая. З вольты шыюць жаночыя летнія сукенкі, бялізну.

т. 4, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАКІНЕ́З (ад мета... + kinēsis рух),

праметафаза, пачатковы перыяд адной са стадый дзялення клеткі — метафазы. Уключае разыходжанне палавінак храмасом у анафазе мітозу і ўваходжанне храмасом у экватарыяльную пласцінку.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДРЭ́ЎКА лодка, выдзеўбаная са ствала дрэва; самы старажытны тып лодкі. Бытавала ў славян, у т. л. беларусаў, да з’яўлення дашчаных лодак. Сустракаецца і ў наш час (гл. Човен).

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. apothēkion сховішча),

адкрытае пладовае цела некаторых сумчатых грыбоў (дыскаміцэтаў) і дыскаміцэтных лішайнікаў. Звычайна мае сподка-, чаша-, дыскападобную і інш. формы, зрэдку мае выгляд шапачкі на ножцы (напр., у смаржкоў). Верхні гіменіяльны слой (гіменій) афарбаваны ў розныя колеры і складаецца з парафізаў, сярод якіх знаходзяцца сумкі са спорамі. Гіменій звычайна падсцілае тонкі слой пераплеценых гіфаў (субгіменій, або гіпатэцый). У лішайнікаў у апатэцый часта ўключаецца ганідыяльны слой водарасцяў. Асаблівасці будовы і колеру апатэцыю — важная сістэматычная прыкмета для вызначэння таксонаў у мікалогіі.

Апатэцый сумчатага грыба з дыскаміцэтаў: 1 — гіфы; 2 — сумкі са спорамі.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Вільні.

Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.​Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.​Коласа, «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.​Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.​Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да 28.7.1944 у Брэсце. Ініцыятары стварэння першых груп камуністы П.Т.Жулікаў і Р.​С.​Радкевіч. Пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля дзейнічала Брэсцкае маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, цёплае адзенне, медыкаменты для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з фаш. лагераў, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе моладзі ў Германію, перашкаджалі рамонту вагонаў, пуску ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, разам з дыверсійнымі групамі партыз. атрадаў, што змагаліся вакол Брэста, правялі шэраг падрыўных аперацый.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.

т. 1, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМО́ЛІЗ (ад гема... + ...ліз),

працэс разбурэння чырвоных крывяных цельцаў (эрытрацытаў). У арганізме чалавека і жывёл адбываецца пастаянна як фізіял. працэс гібелі эрытрацытаў, што канчаюць свой жыццёвы цыкл; можа быць паталагічным (гемалітычная хвароба, гемалітычныя анеміі і інш). Эрытрацыты, якія старэюць, і тыя, што маюць дэфекты, разбураюцца ў селязёнцы, няспелыя — у касцявым мозгу, эрытрацыты са значнымі дэфектамі — у печані. Гэта ўнутрыклетачны гемоліз, дзе асн. вытворным з’яўляецца білірубін. Каля 10% эрытрацытаў у норме разбураюцца ўнутры сасудзістага рэчышча, дзе б. ч. гемаглабіну разбураных эрытрацытаў злучаецца са спецыфічным бялком — гаптаглабінам, а лішак трапляе ў ныркі і выдзяляецца з мачой (гемаглабінурыя).

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)