ДАБРАЛЮ́БАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (5.2.1836, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 29.11.1861),

рускі крытык, публіцыст і паэт, філосаф-матэрыяліст рэв.-дэмакр. кірунку. Пасля заканчэння Пецярбургскага гал. пед. ін-та (1857), дзе пасябраваў з бел. пісьменнікам і этнографам П.М.Шпілеўскім, супрацоўнік час. «Современник», з 1859 адначасова рэдактар яго сатыр. дадатку «Свисток». Абгрунтоўваў прынцыпы асветніцкага матэрыялізму, рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму ў артыкулах «Арганічнае развіццё чалавека ў сувязі з яго разумовай і маральнай дзейнасцю» (1858), «Што такое абломаўшчына?» і «Цёмнае царства» (1859), «Прамень святла ў цёмным царстве» і «Калі ж прыйдзе сапраўдны дзень?» (1860). Крытыкаваў ідэаліст. і вульгарна-матэрыяліст. канцэпцыі, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва» і «чыстай красы», выкрываў афіц. ідэалогію царызму і бурж. абмежаванасць лібералізму. Сутнасць гіст. прагрэсу бачыў у руху чалавецтва да сацыяльна аднароднага грамадства без эксплуатацыі. Рухальнай сілаю развіцця грамадства лічыў ідэйна-этычныя матывы паводзін людзей. Быў адным з папярэднікаў рэв. народніцтва. Адзін з заснавальнікаў сацыялагічнай крытыкі, якая суадносіла з’явы мастацтва з асн. тэндэнцыямі грамадскага жыцця і сцвярджала адзінства сац. і эстэт. вартасці мастацтва. У працах пра народнасць л-ры Дабралюбаў высока ацэньваў творчасць Т.​Шаўчэнкі, прадбачыў сац. і культ. адраджэнне бел. народа, адкідаў афіцыёзную панска-ліберальную выдумку пра «забітасць» і адсталасць сялянства. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» (1860) пісаў: «Пытанне пра характарыстыку беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы». Ідэі Дабралюбава паўплывалі на станаўленне светапогляду бел. рэв. дэмакратаў (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас), бел. крытыку і публіцыстыку пач. 20 ст. (газ. «Наша доля», «Наша ніва»). Супрацоўнікі газ. «Минский листок» апіраліся на дабралюбаўскую канцэпцыю рэалізму ў ацэнцы рус. класічнай л-ры, садзейнічалі пазнанню бел. краю, адзначалі вернасць прагрэс. інтэлігенцыі літ. запаветам Дабравольскага, падкрэслівалі ў яго дзейнасці імкненне разбудзіць працоўных да свядомага грамадскага жыцця, выхаваць у інтэлігенцыі павагу да працоўных, гуманізм светапогляду. Газ. «Северо-Западный край» прапагандавала літ.-эстэт. погляды Д. і В.​Бялінскага, называла іх пакутнікамі прагрэс. л-ры. Газ. «Полесье» ў арт. «Памяці М.​А.​Дабралюбава» (1911) адзначала яго ўклад у выхаванне прагрэс. рус. інтэлігенцыі. Спадчыну Дабралюбава прапагандавалі М.​К.​Дабрынін, Л.​Р.​Бараг, І.​М.​Лушчыцкі і інш.

Тв: Собр. соч. Т. 1—9. М.; Л., 1961—1964; Бел. пер. — Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1938.

Літ.:

Никоненко В.С. Н.​А.​Добролюбов. М., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.​Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.​Керды, Т.​Х.​Грын, Б.​Бозанкет, Дж.​Э.​Мак-Тагарт, Р.​Дж.​Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.​Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.​Коген, В.Дзільтэй, Р.​Кронер, Г.​Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.​Герынг, Т.​Літ, Ю.​Біндэр, Г.​Ласан, А.​Ліберт, Ф.​Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.​Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.​Валь, А.​Кажэў, Ж.​Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАГРА́ФІЯ (ад грэч. holos увесь, поўны + ...графія),

метад атрымання поўнага аб’ёмнага відарыса аб’екта, заснаваны на інтэрферэнцыі і дыфракцыі кагерэнтных хваль; галіна фізікі, што вывучае заканамернасці запісу, узнаўлення і пераўтварэння хвалевых палёў рознай прыроды (аптычных, акустычных і інш.). Галаграфію вынайшаў (1948) і атрымаў першыя галаграмы (ГЛ) найпрасцейшых аб’ектаў Д.Габар. У 1962—63 амер. фізікі Э.​Лэйтс і Ю.​Упатніекс выкарысталі для атрымання ГЛ лазер, а сав. фізік Ю.​М.​Дзенісюк (1962) прапанаваў метад запісу аб’ёмных ГЛ. У 1960-я г. створаны тэарэт. і эксперым. асновы галаграфіі.

Аб’ёмны відарыс аб’екта фіксуецца на ГЛ у выглядзе інтэрферэнцыйнай карціны, створанай прадметнай хваляй (ПХ), адбітай ад аб’екта, і кагерэнтнай з ёй апорнай хваляй (АХ). У адрозненне ад фатаграфіі, дзе зафіксаваны відарыс аптычны, ГЛ дае прасторавае размеркаванне амплітуды і фазы ПХ. Паколькі ПХ не плоская, ГЛ мае структуру нерэгулярнай дыфракцыйнай рашоткі. Інфармацыя аб размеркаванні амплітуды ПХ запісваецца ў выглядзе кантрасту інтэрферэнцыйнай карціны, а фазы — у выглядзе формы і перыяду інтэрферэнцыйных палос (гл. Інтэрферэнцыя святла). Пры асвятленні галаграмы АХ у выніку дыфракцыі святла ўзнаўляецца амплітудна-фазавае размеркаванне поля ПХ. ГЛ пераўтварае частку АХ у копію ПХ, пры ўспрыманні якой вокам ствараецца ўражанне непасрэднага назірання аб’екта. Галаграфія мае шэраг спецыфічных уласцівасцей, адрозных ад фатаграфіі: ГЛ узнаўляе аб’ёмны (монахраматычны або каляровы) відарыс аб’екта, кожны ўчастак ГЛ дазваляе ўзнавіць увесь відарыс аб’екта, аб’ёмныя ГЛ Дзенісюка ўзнаўляюцца пры дапамозе звычайных крыніц святла (сонечнае асвятленне, лямпа напальвання), галаграфічны запіс мае вял. надзейнасць і інфарм. ёмістасць, што вызначае шырокі спектр практычнага выкарыстання галаграфіі: для атрымання аб’ёмных відарысаў твораў мастацтва, стварэння галаграфічнага кіно, для неразбуральнага кантролю формы складаных аб’ектаў, вывучэння неаднароднасцей матэрыялаў, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, для візуалізацыі акустычных і эл.-магн. палёў і інш.

На Беларусі даследаванні па галаграфіі пачаліся ў 1968 у Ін-це фізікі АН і праводзяцца ў ін-тах фіз. і фіз.-тэхн. профілю АН, БДУ і інш. Распрацаваны фіз. прынцыпы дынамічнай галаграфіі, развіты метады апрацоўкі інфармацыі і пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў (П.​А.​Апанасевіч, А.​А.​Афанасьеў, Я.​В.​Івакін, А.​С.​Рубанаў, Б.​І.​Сцяпанаў і інш.). Створаны галаграфічныя метады для даследавання дэфармацый і вібрацый аб’ектаў, рэльефу паверхні, уласцівасцей плазмы, сістэмы аптычнай памяці (У.​А.​Піліповіч, А.​А.​Кавалёў, Л.​В.​Танін і інш.), развіты метады радыё- і акустычнай галаграфіі (П.​Дз.​Кухарчык, А.​С.​Ключнікаў, М.​А.​Вількоцкі).

Літ.:

Кольер Р., Беркхарт К., Лин Л. Оптическая голография: Пер. с англ. М., 1973;

Островский Ю.И. Голография и ее применение. Л., 1973;

Денисюк Ю.Н. Изобразительная голография // Наука и человечество, 1982. М., 1982;

Рубанов А.С. Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

А.​С.​Рубанаў.

Да арт. Галаграфія. Схемы атрымання галаграм (а) і ўзнаўлення відарысаў (б): 1 — схема Габара; 2 — схема Лэйтса—Упатніекса; 3 — схема Дзенісюка; АХ — апорная хваля; ПА — паўпразрысты аб’ект; ПХ — прадметная хваля; ФП — фотапласцінка; Г — галаграма; СВ — сапраўдны відарыс; А — адбівальны аб’ект; ПЛ — паўпразрыстае люстэрка; УВ — уяўны відарыс.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.​Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.​Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.​Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.​Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.​Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.​Штока, «Арганаўты» Ю.​Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Характары» паводле В.​Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Хамуціус» паводле А.​Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.​Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.​Рамановіча паводле аповесці З.​Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Папараць-кветка» І.​Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка, «Разумная дачка» У.​Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.​Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.​Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.​Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.​Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.​Іпатавай, «Машэка» М.​Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.​Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.​Дзюмануара і А.​Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Атэла» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, «Від з моста» А.​Мілера, «Лаліта» Э.​Олбі (паводле У.​Набокава), «Гісторыя кахання» Э.​Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.​Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.​Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.​Палосін; нар. артысты Беларусі Т.​Заранок, А.​Логінаў, Г.​Маркіна; засл. артысты Беларусі М.​Абрамаў, Т.​Аляксеева, А.​Асторына, Н.​Ганчарэнка, Л.​Весніна, У.​Говар-Бандарэнка, В.​Захарава, Т.​Канавалава, Г.​Качаткова, З.​Курдзянок, П.​Маркін, А.​Самараў, Л.​Сторажава, Б.​Уксусаў, Б.​Уладамірскі, Ю.​Уласаў, С.​Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.​Яўдошанка, К.​Перапяліца, Г.​Токараў. Гал. рэжысёр Я.​Натапаў (з 1996), гал. мастак В.​Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.​М.​Бакіевіч.

Да арт. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.​Куляшова.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБО́Ў,

інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.

У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.​Гельвецый, Ш.​Мантэск’ё, А.​Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.​Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.​Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.​Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац.-групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.​Скарына, С.​Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.​К.​Сарбеўскі, Ф.​Карпінскі, М.​Лавіцкі, М.​К.​Судзілоўскі, Я.​Чачот і інш.

У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм. Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап. феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;

Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Ивин А.А. Введение в философию истории. М., 1997;

Мэй Р. Любовь и Воля: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),

нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.​Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.​Вагнера, Ф.​Шылера, Г.​Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.​Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап. нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.​Зімель, Г.​Файгінгер, О.​Шпенглер, А.​Камю, М.​Хайдэгер, У.​С.​Салаўёў, Х.​Артэга-і-Гасет, М.​А.​Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.​Фрэйдам, Э.​Фромам, К.​Хорні, А.​Адлерам, К.​Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.​Мана, Б.​Шоу, Дж.​Лондана, В.​Брусава, М.​Гумілёва, М.​Ікбана і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;

Стихотворения;

Философская проза. СПб., 1993;

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1994;

Человеческое, слишком человеческое;

Веселая наука;

Злая мудрость. Мн., 1997;

Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;

По ту сторону добра и зла;

Казус Вагнер;

Антихрист;

Ecce Homo. Мн., 1997.

Літ.:

Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;

Философия Ф.​Ницше. М., 1991;

Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;

Кучевский В. Философия нигилизма Ф.​Ницше. М., 1996;

Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996;

Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,

пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.

Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт. Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.

У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр. сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл. Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш. Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л. мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.

Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.

Літ.:

Мозг: Пер. з англ. М., 1984.

Я.​В.​Малашэвіч.

Галаўны мозг. Сагітальны разрэз галаўнога мозга: 1 — лобная доля; 2 — паясная звіліна; 3 — мазолістае цела; 4 — празрыстая перагародка; 5 — скляпенне; 6 — пярэдняя спайка; 7 — зрокавае перакрыжаванне; 8 — падталамічная вобласць; 9 — гіпофіз; 10 — скроневая доля; 11 — мост; 12 — прадаўгаваты мозг; 13 — чацвёрты жалудачак; 14 — мазжачок; 15 — водаправод мозга; 16 — патылічная доля; 17 — чатырохбугор’е; 18 — шышкападобнае цела; 19 — цемянная доля; 20 — таламус.
Паступовае ўскладненне галаўнога мозга ў пазваночных жывёл (від мозга зверху): А — мозг акулы, Б — жабы, В — алігатара; мозг млекакормячых: Г — тупайі, Д — каня, Е — чалавека (від збоку). 1 — нюхальная доля; 2 — нюхальная цыбуліна; 3 — эпіфіз; 4 — трэці жалудачак; 5 — зрокавая доля; 6 — мазжачок; 7 — прадаўгаваты мозг; 8 — прамежкавы мозг; 9 — чацвёрты жалудачак; 10 — вялікія паўшар’і; 11 — звіліна; 12 — баразна.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІ́ЗМ (ад позналац. realis сапраўдны, рэчыўны) у філасофіі, кірунак, згодна з якім агульнае аб’ектыўна існуе, прэваліруе над адзінкавым, канкрэтным і не залежыць ад яго. У адрозненне ад стыхійнага (першаснага) Р., заснаванага на паўсядзённым вопыце чалавека, як перакананне, што рэальнасць пазнаецца шляхам непасрэднага ўспрыняцця, філас. Р. грунтуецца на прызнанні магчымасці апасродкаванага пазнання рэальнасці, яе незалежнасці ад свядомасці індывіда, яго вопыту і ўспрыняцця. Вытокі Р. ў вучэнні Платона аб універсаліях, якія арганізуюць быццё і ствараюць незалежны ад рэчаў ідэальны свет. У адрозненне ад Платона Арыстоцель лічыў, што агульнае існуе ў непарыўнай сувязі з адзінкавым і з’яўляецца яго формай. Вучэнні Платона і Арыстоцеля паслужылі асновай для схаластычнага Р., які вырашаў пытанне аб рэальным існаванні агульных паняццяў (універсалій) і іх анталагічным статусе. Насуперак наміналізму, які прызнаваў рэальнасць толькі рэчаў, Р. абвяшчаў рэальнае і незалежнае ад свядомасці існаванне універсалій. У схаластычным Р. вылучаюць гранічны Р. (засн. на вучэнні Платона) і памяркоўны (на вучэнні Арыстоцеля). Прадстаўнікі гранічнага Р. сцвярджалі, што «ідэі» (думкі Творцы) з’яўляюцца правобразамі рэчаў і як першасныя субстанцыі існуюць у якасці іх сутнасці (Аўгусцін, Іаан Скот Эрыўгена, Гільём з Шампо, Ансельм Кентэрберыйскі, Адэлард Байкі). Больш устойлівым і прымальным для царквы стаў памяркоўны Р., які сінтэзаваў ідэі Арыстоцеля, Авіцэны і хрысц. тэалогіі (Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Ф.​Суарэс). Паводле Фамы Аквінскага, універсаліі існуюць траяка: як «ідэі» рэчаў, іх правобразы ў божым розуме, як сутнасць рэчаў і як абстрактныя паняцці ў чалавечым розуме. З канца 19 ст. ідэі сярэдневяковага памяркоўнага Р. адрадзіліся ў філасофіі неатамізму і атрымалі далейшае развіццё ў школах «Асацыяцыя рэалістычнай філасофіі» (Дж.​Уайлд, М.​Чапмен, Р.​Паркер і інш.) і «Метафізічнае таварыства» (П.​Вейс, Ч.​Хартшарн, У.​Шэлдан і інш.). З 20 ст. Р. развіваецца як сукупнасць гнасеалагічных вучэнняў і школ, агульная рыса якіх — прызнанне рэальнасці аб’екта пазнання і яго незалежнасці ад свядомасці і пазнавальных актаў (гл. Крытычны рэалізм і Неарэалізм у філасофіі). Сацыяльны Р. — агульнатэарэт. і метадалагічная канцэпцыя, паводле якой сапраўднымі носьбітамі сац. рэальнасці з’яўляюцца звышіндывід, цэласнасці: грамадства, дзяржава, народ, сям’я, а не індывіды (А.​Конт, Г.​Спенсер, Л.​Гумплавіч, М.​М.​Кавалеўскі, Э.​Дзюркгейм). Навуковы Р. — кірунак у сучаснай філасофіі, які грунтуецца на прызнанні аб’ектыўнай рэальнасці і магчымасці яе пазнання ў працэсе эвалюцыі навук. тэорый (Х.​Патнэм, У.​Селарс, Г.​Р.​Харэ).

Р. у літаратуры, праўдзівае, канкрэтна-гіст. маст. выяўленне тыповых вобразаў, характараў і сюжэтаў у тыповых сац. абставінах. Першай гіст. формай Р. як рацыянальна абгрунтаванага маст. метаду была л-ра Адраджэння. Рэнесансавы Р. з яго маштабнасцю вобразаў, ідэалам свабоднай і духоўна багатай асобы, сцвярджэннем новага гуманіст. погляду на прызначэнне чалавека акрэсліўся ў творчасці Дж.​Бакачыо, Ф.​Рабле, М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра. У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. сфарміраваўся асветніцкі Р. (Д.​Дэфо, Г.​Філдынг, Д.​Дзідро, Г.​Лесінг і інш.), арыентаваны на развіццё навук. светапогляду, сац., этычнае і эстэт. выхаванне чалавека-грамадзяніна. Вядучымі кірункамі 2-й пал. 19—20 ст. быў агульны для еўрап. культуры крытычны рэалізм і неарэалізм, а ў СССР і інш. краінах сацыяліст. арыентацыі — сацыялістычны рэалізм. З найб. паўнатой рэалістычны метад выявіўся ў сацыяльна арыентаванай л-ры (проза, драматургія, публіцыстыка, крытыка), неадназначна — у лірыцы.

Гісторыя бел. л-ры засведчыла тэндэнцыі да адлюстравання жыццёвых рэалій у свецкай і агіяграфічнай л-ры сярэдневяковай эпохі. Пачынальнікі гуманіст. рацыяналізму і рэнесансавага Р. на Беларусі — асветнікі і першадрукары Ф.​Скарына, В.​Цяпінскі, С.​Будны, новалац. паэты Мікола Гусоўскі, Я.​Вісліцкі, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі. У палемічнай літаратуры канца 16—17 ст. рэалістычная плынь выявілася як сінтэз красамоўства з рацыяналізмам, лагічнай доказнасці і аргументацыі пісьменніцкай пазіцыі канкрэтнымі фактамі (творчасць І.​Пацея, М.​Сматрыцкага, І.​Руцкага і інш.). Сац. аспекты маст. крытыкі ўзмацніліся ў асветніцкай і рамантычнай л-ры 18—1-й пал. 19 ст., ананімнай паэзіі і публіцыстыцы, у фальклоры травестацыя як метад адлюстравання, крытыка капіталізму). Фальклорны Р., засн. на зніжэнні афіц. і павелічэнні нар. каштоўнасцей, выявіўся ва ўзорах ананімнай паэзіі стылю травесці («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), Арыентацыя на крытычны Р. і асветніцкі рамантызм, прыкметная ў творчасці В.​Каратынскага, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Лучыны, яскрава выявілася ў паэзіі і публіцыстыцы Ф.​Багушэвіча. Сац.-выкрывальніцкія і гратэскавыя формы крытыкі жыцця ў Рас. імперыі характэрны для паэзіі, прозы і публіцыстыкі Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна, публіцыстыкі бел. газет і часопісаў («Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Маладая Беларусь»). Асаблівасць Р. ў бел. л-ры — адзінства з нац.-дэмакратычнай філасофіяй, з прагрэс. неарамантызмам і сімвалізмам, адкрытасць для ўспрымання і нац. адаптацыі дасягненняў агульнаслав. (найперш. рус., укр., польскай) і еўрап. літ. культуры. Ідэі і прынцыпы Р. абгрунтоўваў і прагрэс. рускамоўны друк на Беларусі (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции», «Окраина», «Минский курьер», «Полесье»). У бел. л-ры 1920—90-х г. выявіліся 3 плыні: афіц. сацыяліст. Р., узвышэнскі «аквітызм» (гл. «Узвышша») як наватарская форма нац.-маст. адраджэння, вяртанне да крытычнага Р. ў спалучэнні з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі навацыямі.

Р. у выяўленчым мастацтве. У шырокім сэнсе — уласцівасць мастацтва выяўл. сродкамі адлюстроўваць рэчаіснасць шляхам узнаўлення форм, у якіх аб’ект існуе ў рэальнасці. У такім кантэксце да Р. адносяць маст. творчасць ад першабытнасці да нашых дзён, у аснове якой натуралістычны падыход да перадачы прадметнага асяроддзя, які, у адрозненне ад уласна натуралізму, існуе ў адзінстве з маст. абагульненнем і індывідуалізацыяй вобраза. У вузкім сэнсе — кірунак у мастацтве, гістарычна-тыпалагічная форма маст. свядомасці, уласцівая 19 ст., характэрнай прыкметай якога з’яўляецца адлюстраванне паўсядзённага жыцця, пазбаўленае прыдуманых мастаком сюжэтных калізій і канцэптуальных ідэй. Маст. асаблівасці Р. праявіліся ў 17—18 ст. у творчасці мастакоў Галандыі, Ж.​Гудона (Францыя), У.​Хогарта (Вялікабрытанія), Д.​Хадавецкага (Германія) і інш. Тэрмін «Р» уведзены ў 1836 франц. крытыкам Г.​Плашанам. У самаст. кірунак склаўся ў сярэдзіне 19 ст. ў Францыі ў творчасці Г.Курбэ, які ў «Маніфесце рэалізму» (1855) сфармуляваў паняцце «Р.» як праграмную апазіцыю акад. мастацтву і яго нарматыўнай эстэтыцы. Прынцыпы Р. найб. паслядоўна развіваліся ў творчасці А.​Дам’е, а таксама Ж.​Ф.​Міле, П.​Пюві дэ Шавана, Ж.Б.С. Шардэна і інш. У рас. мастацтвазнаўстве храналагічныя межы Р. былі пашыраны да пач. 20 ст. і ўключалі найперш творчасць перасоўнікаў. У 1934 М.​Горкі ўвёў паняцце крытычны рэалізм, які фактычна ідэнтычны ўласна Р. Прынцыпы Р. ў трансфармаваным выглядзе былі пакладзены ў аснову метаду сацыялістычнага рэалізму. На Беларусі ў самаст. маст. кірунак не сфарміраваўся. У наш час вызначэнне «Р.» (мастак-рэаліст) часта ўжываецца як сінонім фігуратыўнага мастацтва ў процівагу абстрактнаму мастацтву.

Літ.:

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Яго ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Мастацтва. 2000. № 7—12;

Жураўлёў В.П., Тычына М.А. Магчымасці рэалізму: Прычыннасць і гістарызм. Мн., 1982.

Н.​Г.​Кісялёва (філасофія), У.​М.​Конан (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі (выяўленчае мастацтва).

Да арт. Рэалізм. Г.​Курбэ. Пахаванне ў Арнане. 1849—50.
Да арт. Рэалізм. І.​Рэпін. Не чакалі. 1884—88.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)