ПУЧЫ́НІ (Puccini) Джакама (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́БІНАЎ Леанід Віталевіч (7.6.1872, г. Яраслаўль, Расія — 14.10.1934),
рускі спявак (лірычны тэнар), прадстаўнік рус. класічнай вак. школы. Нар.арт. Рэспублікі (1923). Скончыў юрыд.ф-т Маск. ун-та (1894), муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1897). З 1897 у Вял. т-ры ў Маскве (у 1917—18 і ў 1921 дырэктар). У дасканаласці валодаў мастацтвам італьян. бельканта. У аснове яго мастацтва высокая адухоўленасць, паэтызацыя муз. вобраза, адзінства бездакорнага вак. майстэрства і драм. асэнсаванай ігры. Адзін з лепшых выканаўцаў партый Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і Лаэнгрына («Лаэнгрын» Р.Вагнера) на сусв. сцэне. З інш. партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Берандзей, Ляўко («Снягурачка», «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі). Вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прапагандыст рус.вак. лірыкі, тонкі інтэрпрэтатар класічнай камерна-вак. музыкі. Канцэртны рэпертуар складалі творы М.Глінкі, Чайкоўскага, С.Рахманінава, Л.Бетховена, Р.Шумана, Ф.Шуберта, Ш.Гуно.
Літ.:
Л.В.Собинов. Т. 1—2. М., 1970;
Владыкина-Бачинская Н.М. Л.В.Собинов. 3 изд. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль пад кіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЛІ,
рускі нар.муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны рэзанатарны корпус розных памераў і формаў (крыла- і шлемападобныя, прамавугольныя), над верхняй дэкай якога нацягнуты жыльныя або метал. струны (ад 5—12 у крылападобных да 66 у прамавугольных). Поўны, яркі і звонкі гук узнікае пры зашчыпванні струн пальцамі, плектрам або брынканні па іх. Гуслі запазычаны рускімі ў балтаў і угра-фінаў, у якіх бытавалі ўжо ў глыбокай старажытнасці (звесткі ў эпасе «Калевала») пад рознымі назвамі (кантэле, кокле, кюсле і інш.). На Русі, паводле сведчання археал., пісьмовых і іканаграфічных помнікаў, гуслі выкарыстоўваліся для сольнай і ансамблевай ігры простымі людзьмі і прафес.нар. музыкантамі-скамарохамі (гуслярамі). Іх рэпертуар гістарычна мяняўся (ад нар. былін, песень і танцаў да твораў кампазітараў). З пач. 20 ст., пасля ўдасканалення і стварэння сям’і гусляў, увайшлі ў «хары гусляроў» і аркестры рус.нар. інструментаў. Зараз нар. гуслі зрэдку сустракаюцца на Пскоўшчыне. На Беларусі, паводле слоўнікаў 16—17 ст. (Л.Зізаній, П.Бярында), «гуслямі» наз. розныя струнныя інструменты (скрыпку, ліру, арфу, цытру), у наш час — некат. нар. духавыя (дудку, парныя дудкі, губны гармонік) і струнныя (цытру) муз. інструменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,
аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл.Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.Пажыдаевай, С.Фралова і інш.). Стараж.бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́КІ,
від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар.т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.
Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.
Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАЛІ́НА,
струнны шчыпковы муз. інструмент лютневай сям’і. Вядома некалькі тыпаў М., якія адрозніваюцца формай корпуса, памерамі шыйкі, колькасцю струн, строем. Найб. пашыраная неапалітанская М. мае моцна пукаты склеены з асобных сегментаў корпус авальнай формы, плоскую дэку з круглай рэзанатарнай адтулінай, кароткую шыйку з метал. ладамі і галоўку з калкамі для замацавання 4 парных струн. Строй М. квінтавы, як у скрыпкі (g—d1—a1—e2). Чысты звонкі гук здабываецца з дапамогай плектра (медыятара). Сфарміравалася ў Італіі каля 1700, з 18 ст. вядома і ў краінах Еўропы. У 19 ст. адзін з найб. папулярных аматарскіх муз. інструментаў, выкарыстоўвалася як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент, служыла асновай т.зв. неапалітанскага аркестра, часам уводзілася і ў оперна-сімфанічны. Для М. пісалі Л.Бетховен, А.Вівальдзі і інш. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку ў муз. побыце гарадоў і мястэчак, на мяжы 19—20 ст. і вёсак (асабліва папулярная ў 1920—30-я г.). У нар. практыцы — сольны і ансамблевы інструмент. Рэпертуарнар. мандаліністаў уключае танцы і песні пераважна гар. паходжання.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,
самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.А.Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.К.Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.
Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛРАДЫЁЦЭ́НТРА, Сімфанічны аркестр Белрадыёкамітэта. Існаваў у 1928—37 у Мінску. Створаны на аснове сімф. аркестраў БДТ-1 (гл. Сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага тэатра першага) і Бел.дзярж.муз. тэхнікума. У 1928 налічваў 50 чал. У розныя часы ў склад аркестра ўваходзілі музыканты С.Жыў (1-я скрыпка), Ю.Дрэйзін (2-я скрыпка), К.Бянеўскі (альт), М.Арлоў (віяланчэль), М.Славачэўскі (кантрабас), Б.Трызна (флейта), Б.Паграбняк (габой), Г.Эльтэрман (кларнет), М.Паграбняк (фагот), Я.Сцягенны (валторна), М.Штэйман (труба), І.Рыбкін (трамбон), М.Казакоў (туба), С.Маркоўскі (літаўры); дырыжоры А.Бяссмертны, І.Гітгарц, М.Міхайлаў (выпускнік Ленінградскай кансерваторыі па кл. Э.Купера), А.Арлоў, Л.Штэйнберг. Рэпертуар складалі творы кампазітараў розных эпох і кірункаў. Быў папулярызатарам бел.муз. мастацтва: праводзіў творчыя радыёвечары, справаздачныя канцэрты бел. кампазітараў. У яго выкананні гучалі творы М.Аладава, В.Залатарова, Р.Пукста, А.Туранкова, М.Чуркіна, А.Багатырова, М.Крошнера, Р.Самохіна, П.Падкавырава. З 1937 у складзе Беларускай філармоніі.
Літ.:
Загородний Г.Н. Музыки высокое призвание. 2 изд. Мн., 1988;
Яго ж. Белорусская государственная филармония. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ЖЫН (сапр.Сумбатаў) Аляксандр Іванавіч
(16.9.1857, с. Кукуеўка Яфрэмаўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 17.9.1927),
рускі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Рэспублікі (1922). Ганаровы акад.Рас.АН (1917). У 1877—81 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. На сцэне з 1876. З 1882 акцёр Малога т-ра ў Маскве (з 1909 кіраўнік трупы, з 1918 старшыня савета, старшыня дырэкцыі, з 1923 дырэктар, з 1926 ганаровы дырэктар). Дабіўся ўздыму Малога т-ра, адрадзіў у ім рамант.рэпертуар. Акцёр шырокага дыяпазону, яму ўласцівы высакародны пафас, арыгінальнасць у інтэрпрэтацыі вобразаў, мастацтва сцэн. мовы. Найб. значныя ролі: Рэпецілаў, Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Цяляцеў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Дзюнуа, Мортымер, маркіз Поза («Арлеанская дзева», «Марыя Сцюарт», «Дон Карлас» Ф.Шылера), Карл V, Руі Блаз («Эрнані», «Руі Блаз» В.Гюго), Дон Санча («Зорка Севільі» Лопэ дэ Вэгі), Макбет, Рычард III («Макбет», «Рычард III» У.Шэкспіра) і інш. Аўтар п’ес «Ланцугі» (1888), «Захад» (1899), «Здрада» (1903), «Начны туман» (1916) і інш.
Тв.:
Записки. Статьи. Письма. 2 изд. М., 1951;
Пьесы. М., 1961.
Літ.:
Чхиквишвили Д.И. А.И.Сумбатов-Южин: Жизнь и творчество. Тбилиси;