чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс.г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.
Л.І.Цягака.
Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),
род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).
Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),
захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТРЫХО́З [ад гіпер... + грэч. (thrix) thrichos волас + ...оз],
валасатасць, празмернае развіццё ў чалавека валасянога покрыва. Праяўляецца празмернай колькасцю, даўжынёй і таўшчынёй валасоў, што не ўласціва дадзенаму ўчастку скуры, полу ці ўзросту чалавека. Бывае прыроджаны і набыты. У прыроджаным адрозніваецца зародкавы (захаванне зародкавых пушковых валасоў на ўсім скурным покрыве) і мясцовы (на абмежаваным участку доўгія і густыя валасы рознага колеру). Да набытага адносяцца траўматычны (рост валасоў на месцах працяглага раздражнення скуры), пубертатны (валасы растуць на твары і вакол саскоў малочных залоз), клімактэрычны (у жанчын ў перыяд клімаксу развіваецца звычайна на твары), неўрагенны (узнікае на ўчастках, якія інервуюцца, часткова пашкоджаных нервам). Лячэнне накіравана на нармалізацыю функцый залоз унутр. сакрэцыі і нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКАЯ (Галіна Апанасаўна) (н. 7.4.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гідрабіялогіі, заалогіі і папуляцыйнай экалогіі. Д-рбіял.н. (1989), праф. (1990). Чл.-кар. Пятроўскай АН (С.-Пецярбург; 1994). Скончыла БДУ (1959). З 1962 у Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1971 у Ін-це заалогіі АН Беларусі. Навук. працы па папуляцыйнай экалогіі і экалаг. фізіялогіі беспазваночных, структуры і функцыянаванні згуртаванняў водных жывёл.
Тв.:
Рост водных животных при переменных температурах. Мн., 1978 (разам з Л.М.Сушчэнем);
Эколого-биологические основы массового культивирования коловраток. Мн., 1988 (разам з І.Ф.Міцянінай, В.А.Галоўчыцам);
Planktonic rotifers and temperature // Hydrobiologia. 1987. № 147;
Oxygen consumption rate in rotifers // Там жа. 1995. № 313—314.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІ́ЧНАЯ ШКО́ЛАпалітэканоміі,
кірунак эканам. думкі, прадстаўнікі якога лічылі рынак самарэгулявальнай сістэмай, здольнай без дзярж. ўмяшання забяспечыць эканам.рост і поўную занятасць. Узнікла ў канцы 17 ст. ў мануфактурны перыяд. Яе заснавальнікі У.Пеці ў Вялікабрытаніі і П.Буагільбер у Францыі, якія паклалі пачатак прац. тэорыі вартасці; далей развіта ў творах фізіякратаў (Ф.Кенэ, А.Р.Ж.Цюрго і інш.) і дасягнула вяршыні ў вучэннях А.Сміта і Д.Рыкарда. Найб. вядомыя прадстаўнікі К.ш.: Ж.Б.Сей, Ф.Бастыя, Т.Р.Мальтус, Г.Ч.Кэры, Дж.С.Міль і К.Маркс (увёў тэрмін «класічная палітычная эканомія») і інш. Яны перанеслі прадмет эканам. тэорыі ў сферу вытв-сці, паставілі праблему эканам. законаў і велічыні вартасці тавару. К.ш. зрабіла значны ўплыў на развіццё эканам. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г.Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш.хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К.х.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ РАБО́ЧЫ ЧАС,
частка рабочага часу, на працягу якога ў сферы матэрыяльнай вытв-сці ствараецца неабходны прадукт, што выкарыстоўваецца для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей работніка і членаў яго сям’і. Прац. дзень падзяляецца на 2 часткі. Адна з іх складае час, за які рабочы стварае эквівалент вартасці сваёй рабочай сілы (Н.р.ч.), а праца, затрачаная на яго, — неабходную працу. Другая частка прац. дня па-за межамі Н.р.ч. складае прыбавачны рабочы час, а затрачаная ў гэты час праца — прыбавачную працу. Н.р.ч. ствараецца эквівалент аплаты працы і частка грамадскіх фондаў спажывання (напр., затраты на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.). Развіццё грамадскай вытв-сці, рост прадукцыйнасці працы вядзе да скарачэння Н.р.ч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎМЕТА́ЛЫ,
крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.
Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн.фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, ростэл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́ННЫЯ СТЫМУЛЯ́ТАРЫ,
рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, якія стымулююць і паскараюць працэсы рэгенерацыі тканак пры ўвядзенні іх у арганізм. Вучэнне пра біягенныя стымулятары распрацавана У.П.Філатавым (1933). Прэпараты, што маюць біягенныя стымулятары, рыхтуюць з тканак раслін (экстракт алоэ, кансерваваная трава расходніку — біясед, сок каланхоэ), жывёл і чалавека пасля знаходжання іх у неспрыяльных умовах (цемра, ахаладжэнне), ліманных (ФіБС) і глеевых гразяў, торфу, дзе колькасць біягенных стымулятараў абумоўлена вымерлай мікрафлорай, мікрафаунай і інш. Механізм дзеяння біягенных стымулятараў вывучаны недастаткова. Біягенныя стымулятары выкарыстоўваюць на лячэнне пры запаленчых, дэгенератыўных і атрафічных працэсах, доўга незагойвальных ранах, язвах, хваробах вачэй, экзэмах, трэшчынах і пераломах касцей, эндаметрытах, пры затрымцы паследу, бясплоднасці і інш. У жывёлагадоўлі з іх дапамогай стымулююць рост маладняку, мнагаплоднасць с.-г. жывёл, павелічэнне іх прадукцыйнасці.