дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял.кн.ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІТА́ЎРАС»,
«Гіпацэнтаўр», прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш як 30 родаў Беларусі і Літвы, у т. л. Дуброўніцкія, Гальшанскія, Гарнастаі, Стравінскія. На сярэбраным полі выява сярэбранага кентаўра, які страляе з лука, замест хваста ў яго змяя. Клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. У ВКЛ выявы кентаўра вядомы на пячатках князя С.І.Гальшанскага пры дакументах 1388, 1431, 1433. З гэтага часу выява кентаўра ператварылася ў герб «К.» спачатку роду Гальшанскіх, потым і інш. Паводле легенды 16 ст., герб належаў Даўспрунку, які ў часы рымскага імператара Нерона разам з Палемонам і інш. перасяліўся з Італіі ў Літву. Нашчадкамі Даўспрунка лічыліся вял. князь ВКЛТрайдзень і яго нашчадкі, т. зв. дынастыя Кітаўрасаў. Паводле летапісаў, князь Нарымонт з роду Кітаўрасаў, калі быў вял. князем ВКЛ, адмовіўся ад уласнага герба «К.» і прыняў «Пагоню», якая стала гербам дзяржавы. Як геральдычная фігура кентаўр сустракаецца на стараж.-рус. пячатках і манетах 14—16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕКСІ́Я,
моўная з’ява, якая выяўляецца пры папарным супастаўленні лексічных адзінак дзвюх блізкароднасных моў — паралексаў. Словы-паралексы маюць нерэгулярныя адрозненні ў некат. дэталях формы: грамат. родзе, ліку, націску, словаўтваральных элементах. Вылучаюць паралексы акцэнталагічныя (бел. «крапіва» — рус. «крапива»), словаўтваральныя (бел. «пакупнік» — рус. «покупатель»), граматычныя (бел. «боль» м.р. — рус. «боль» ж.р., «каноплі» мн.л. — «конопля» адз.л.), марфалагічныя (бел. «віск» — рус. «визг»). Існуе група П. змешанага тыпу, якія адрозніваюцца словаўтварэннем і націскам (бел. «радзімка» — рус. «родинка»), словаўтварэннем і прыналежнасцю да грамат.роду (бел. «цяля» — рус. «теленок»), націскам і прыналежнасцю да грамат.роду (бел. «селядзец» — рус. «селедка») і інш. Даследаванне бел.-рус. П. мае асабліва важнае значэнне для распрацоўкі пытанняў культуры бел. мовы ў аспекце двухмоўя. Створаны «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985), які адлюстроўвае разыходжанні ў парадыгмах паралекс.
Літ.:
Михневич А.Е. Паралексы // Русский язык. Мн., 1981. Вып. 1;
Кунцэвіч Л.П. Да характарыстыкі беларуска-рускай паралексіі // Беларуская лінгвістыка. Мн., 1987. Вып. 31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),
трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З родуАмеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПАКА́,
млекакормячае з роду ламаў, сям. вярблюдавых. Свойская жывёла высакагорнай (4200 м над узр. м.) зоны Цэнтр. Андаў Паўд. Амерыкі (мяжа Перу і Балівіі); цэнтр альпакаводства каля воз. Тытыкака. Паходжанне дакладна невядома.
Афарбоўка бурая або чорная. Галава кароткая. Корміцца расліннасцю. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Гадуюць дзеля каштоўнай шэрсці (1,1—1,25 кг раз у 2 гады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСАН (Мікалай Іванавіч) (24.9.1845, Эстляндская губ. — 1907),
вучоны-мовазнавец, гісторык навукі. Чл.-супрацоўнік Рас.геагр.т-ва (з 1889). Скончыў Тартускі ун-т (1870). У 1872—94 выкладаў стараж. мовы ў Мінскай гімназіі, у 1894—97 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па гісторыі фін. мовы. Аўтар кн. «Аб найстаражытнейшых школах чалавечага роду» (Мн., 1886).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТА́НЫ,
поліцукрыды матрыкса сценкі расліннай клеткі. Належаць да падгрупы геміцэлюлоз. Пры гідролізе к-тамі ўтвараюць галактозу. Вельмі пашыраны ў раслінах, асабліва ў драўніне і насенні. Уключаюць пераважна арабінагалактан, малекула якога складаецца з асн. ланцуга, злучаных гліказіднымі сувязямі β-галактапіранозных рэшткаў. Сульфатаваныя галактаны трапляюцца ў некат. водарасцей (напр., у відаў з роду Cladophora, Caulepra, Codium).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКСТРА́Н,
высокапалімерны поліцукрыд, які сінтэзуецца бактэрыямі роду Leuconostoc і блізкароднымі да іх з глюкозы ў асяроддзі з цукрозай. Мал. маса да 1∙106а.а.м. і больш. Структура малекулы лінейная або разгалінаваная. Сухі Д. набракае ў вадзе і электралітах (у малекуле шмат гідраксільных груп ОН-) з утварэннем вязкіх раствораў. Часткова гідралізаваны Д. ужываецца як кровазаменнік, папярочнасшыты — у гель-фільтрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНО́К (Brachymystax lenok),
рыба сям. ласасёвых. 1 від роду лянкоў. Пашыраны ў рэках і горных азёрах Сібіры і Д. Усходу.
Даўж. да 70 см, маса да 8 кг. Цела цёмна-бурае або чарнаватае з залацістым адценнем. Бакі і плаўнікі ў чорных плямках. Луска дробная. Корміцца дробнай рыбай, лічынкамі насякомых, малюскамі. Пасля нерасту гіне. Аб’ект промыслу.