горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч.прам-сць. Краязнаўчы музей.
Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.
Да арт.Вялікі Усцюг. Царква Ушэсця. 1648.Да арт.Вялікі Усцюг. Спаса-Праабражэнская царква. 1689—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРАДЗІ́ШЧА»
(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),
рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МНА,
горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., на р. Ака пры ўпадзенні р. Масква. Вядома з 12 ст., горад з 1781. 153 тыс.ж. (1997). Рачны порт, чыг. станцыя. Заводы цеплавозабуд., цяжкага станкабудавання, тэкст. машынабудавання, гумава-тэхн. вырабаў, цэментны; домабуд. камбінат і інш.Пед.ін-т. Краязнаўчы музей.
Часткова захаваўся крэмль (1525—31) — цагляныя сцены і 6 вежаў, Успенскі сабор (1672—82), архірэйскі дом у псеўдагатычным стылі (18 ст., арх. М.Ф.Казакоў), званіца (1825). Сярод інш. помнікаў: цэрквы Іаана Прадцечы (пач. 16 ст.), Брусенскага (1522) і Спаскага манастыроў (14 ст., перабудавана ў 17—18 ст.), Ушэсця (1799, праект Казакова), Міхаіла Архангела (1833, арх. Ф.М.Шастакоў), «дом ваяводы», жылыя дамы ў стылі барока, комплекс будынкаў пажарнай часці з каланчой.
Да арт.Каломна. Фрагмент крамлёўскай сцяны з Каломенскай (Марынкінай) вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННЫ ЗАГАРАДЖА́ЛЬНІК,
1) баявы карабель, прызначаны для пастаноўкі мінных загарод. Падзяляюцца на надводныя і падводныя. Надводныя бываюць марскія, рачныя, спец. пабудовы і пераабсталяваныя з караблёў, трансп. і дапаможных суднаў. Водазмяшчэнне да 3200 т, скорасць да 20 вузлоў (37 км/гадз). Узбраенне — марскія (рачныя) міны, для самаабароны — зенітна-артыл. зброя. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
На Беларусі ў 1940—41 у складзе Пінскай ваеннай флатыліі быў рачны М.з. «Піна» (б. колавы буксірны параход), які ў пач.Вял.Айч. вайны ўдзельнічаў у баях на Дняпроўска-Бугскім канале і Прыпяці. Патануў 28.8.1941.
2) Сродак інж. ўзбраення для хуткай мех. устаноўкі мін у грунт.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения: С древнейших времен до наших дней. СПб., 1994;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НЬ,
горад, сталіца Татарстана, у Расійскай Федэрацыі, на левым беразе р. Волга, каля ўпадзення р. Казанка. 1085 тыс.ж. (1996). Вузел чыгунак, рачны порт, аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды авіяц., маторабуд., ЭВМ, медыка-інструментальны, газавай апаратуры і інш.), хім. і нафтахім. (каўчук, кінафотаплёнка), лёгкая (футравая, гарбарная і інш.), харчовая; вытв-сць будматэрыялаў. 11 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1804), кансерваторыя.
Засн. ў 1177 волжскімі балгарамі. З канца 13 ст.пагран. крэпасць (наз. Булгараль-Джадзід ці Новы Булгар) на ПнЗБалгарыі Волжска-Камскай. У 13—14 ст. сталіца Казанскага княства. У 1399 зруйнавана войскам маск. князя Юрыя Дзмітрыевіча. З 15 ст.эканам. і ганда. цэнтр Сярэдняга Паволжа, сталіца Казанскага ханства. У 1552 заваявана войскам Івана IV Грознага і далучана да Расіі. З 1708 губ. горад. У 1714 узнікла першая мануфактура (суконная), у 1718 — адміралцейства (дзейнічала да 1827). У ліп. 1774 горад узяты штурмам атрадамі Е.І.Пугачова і спалены. У Вял.Айч. вайну ў горадзе размяшчаліся эвакуіраваныя з зах. раёнаў СССР прадпрыемствы, установы, людзі, у т. л. з Беларусі.
У цэнтры горада — крэмль са сценамі і вежамі (16 ст., рэканструяваны ў 17 і 19 ст), Благавешчанскім саборам (1562, дойліды Поснік Якаўлеў, І.Шырай), дазорнай вежай Сююмбекі (канец 17—1-я пал. 18 ст., падмурак, магчыма, 16 ст.; выш. 58 м), губернатарскім палацам (сярэдзіна 19 ст., арх. К.А.Тон і В.Морган; цяпер будынак Вярх. Савета Татарстана). Сярод інш.арх. помнікаў: Петрапаўлаўскі сабор (1723—26 з 6-яруснай званіцай; цяпер планетарый), дом Міхляева (пач. 18 ст.), мячэць Марджані (1766; элементы рус. барока, матывы тат. арнаменту); у стылі класіцызму — Казанскі ун-т (гал. будынак 1825, арх. П.Г.Пятніцкі; б-ка, анатамічны т-р, абсерваторыя, 1830-я г., арх. М.П.Карынфскі). Пасля 1960-х г. створана пл. Свабоды з будынкам т-ра оперы і балета імя М.Джаліля; пабудаваны стадыён, рачны вакзал, цырк, канцэртная зала кансерваторыі, гасцініца «Татарстан», Музей выяўл. мастацтваў Татарстана і інш. На берагах рэк Казанка і Волга развіваецца адм. і грамадскі цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г. дзейнасці і інш.
Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.
Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́М,
буйнейшы штат на ПнУ Індыі, каля падножжа Усх. Гімалаяў, амаль цалкам аддзелены ад Індыі краінай Бангладэш. Пл. 78,5 тыс.км². Нас. 22,4 млн.ч. (1991), гарадскога 8,4%. Адм. цэнтр — г. Дыспур. Найб. гарады Гувахаты, Дыбругарх, Тынсукія, Дыгбой. Займае акаймаваныя падножжам Усх. Гімалаяў плато Шылонг і Асама-Бірманскімі гарамі даліну р. Брахмапутра, на якой знаходзіцца буйнейшы ў свеце рачныв-аў Маджулі — цэнтр рэлігійнага паломніцтва.
Клімат трапічны, мусонны, з вельмі вільготным летам. Ападкаў больш за 2000 мм за год (у Асамскіх гарах больш за 10 000 мм за год). Трапічныя вечназялёныя і мяшаныя лясы займаюць больш за ⅓ плошчы Асама. Вядучыя галіны гаспадаркі — вытворчасць чаю і джуту, а таксама рысу, бавоўны, алейных культур. Нафтаздабыча (амаль 50% сырой нафты Індыі) і нафтаперапрацоўка; прадпрыемствы па вытв-сці фанеры, паперы, тары, запалак, мінер. угнаенняў. На ўсх. беразе р. Брахмапутра — нац. парк Казіранга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗАВІ́ЛЬ (Brazzaville),
горад, сталіца Конга. Размешчаны на правым беразе р. Конга, насупраць г. Кіншаса (Заір). Вылучаны ў асобную адм. акругу. 760,3 тыс.ж. (1990). Рачны порт. Чыгункай і шашой злучаны з марскім портам Пуэнт-Нуар. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. і фін. цэнтр краіны. Тэкст., швейная, запалкавая, тытунёвая, харчасмакавая (алейная, піваварная, рыбаперапр.), дрэваапр., папяровая, абутковая, металаапр., хім.прам-сць. Суднарамонт. Саматужныя разьбярства па дрэве, выраб маст. керамікі. Ун-т. Пастэраўскі ін-т. Нац. музей.
Засн. ў 1880 франц. даследчыкам і падарожнікам П.С. дэ Браза на месцы стараж. негрыцянскага паселішча. Паліт. і гандл. значэнне набыў на мяжы 19 і 20 ст. У 1905—10 адм. ц.Франц. Конга, у 1910—58 — Франц. Экватарыяльнай Афрыкі і Сярэдняга Конга. У 2-ю сусв. вайну адзін з асн. апорных пунктаў руху «Свабодная Францыя» (з 1942 «Змагарная Францыя»), які ўзначальваў Ш. дэ Голь. З 1960 сталіца Конга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),
атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.
Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.