НЯЎВА́ЖНЫ ((Nieuważny) Фларыян) (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),
польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд.філал.н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.Цютчава, А.Чэхава, У.Маякоўскага, І.Эрэнбурга, Р.Скаварады, Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі і інш.усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Брыля, В.Быкава, У.Караткевіча, І.Мележа, М.Танка, І.Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.Купалы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, Брыля, Н.Гілевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, В.Іпатавай, Караткевіча, У.Някляева, А.Кудраўца, А.Разанава, М.Стральцова і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў
(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар.к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.В.Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.Скарыны» (кн. 1, 1993),
«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРЫ́Т,
запаленне плеўры. Бывае першасны і другасны, серозна-фібрынозны і гнойны з пераходнымі формамі. Да першаснага адносяць запаленчыя працэсы ў плеўры ў выніку сэпсісу, міграцыі мікробнай флоры ў лімфатычныя залозы, калі ўтвараюцца гнойныя ачагі. Другасныя П. — вынік мігрыравання асн. працэсу ў выглядзе абсцэсу ў лёгкіх, пярэдняй сценцы грудной клеткі, таксама раневыя П. Першасныя і другасныя П. бываюць неспецыфічныя (узбуджальнікі стафілакок, стрэптакок) і спецыфічныя (туберкулёзная палачка); паводле клінічнага цячэння — вострыя і хранічныя. Пры адсутнасці інтэнсіўнага лячэння востры П. пераходзіць у хранічны. П. адрозніваюць таксама па ступені пашыранасці — лакалізаваныя і дыфузныя (па ўсёй поласці грудной клеткі). Пры эксудатыўным П. (пераходная форма да гнойнага) у плеўральнай поласці назапашваецца запаленчая вадкасць, у хворых павышаецца т-ра цела да 40 °C, задышка, боль у баку, кашаль. Гнойны П. (плеўральная вадкасць уяўляе сабой гнойнае змесціва) у вострай форме працякае з высокай т-рай, агульнай інтаксікацыяй. Асн. метады дыягностыкі — рэнтген, камп’ютэрная тамаграфія, пункцыя поласцей. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33∙10−1 — 1,33∙10−5 Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.Гаўрук, У.Жылка, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;
Рус.пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.
Літ.:
Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ,
працэс вызвалення вял. колькасці энергіі ў абмежаваным аб’ёме за кароткі прамежак часу. У выніку выбуху выбуховае рэчыва ператвараецца ў газ з высокім ціскам і т-рай, які з вял. сілай уздзейнічае на навакольнае асяроддзе і прыводзіць яго ў рух (гл.Ударная хваля).
Бывае выбух хім. выбуховых рэчываў у выніку ланцуговай хімічнай рэакцыі, ядзерны выбух у выніку рэакцый дзялення або сінтэзу атамных ядраў (гл.Ланцуговыя ядзерныя рэакцыі, Тэрмаядзерныя рэакцыі). Выбух можа адбывацца таксама за кошт энергіі вонкавых крыніц, калі яе дастаткова для выпарэння рэчыва: праходжанне магутных эл. токаў праз рэчыва; імпульснае ўздзеянне лазернага выпрамянення (гл.Лазер), многія прыродныя з’явы (напр., маланка, раптоўнае вывяржэнне вулкана, падзенне буйных метэарытаў). У космасе адбываюцца выбухі каласальных маштабаў: храмасферныя ўспышкі на Сонцы, успышкі новых і звышновых зорак, выбухі ядраў галактык.
Выбух выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях, даследаваннях атмасферы і ўнутранай будовы Зямлі, у тэхніцы, нар. гаспадарцы і ваен. тэхніцы. Гл. таксама Вакуумная зброя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл.Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.
Цеплавыя К.с. — полымя, эл.лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл.Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ДЛІЦКІ ((Židlicky) Вацлаў) (н. 16.4.1931, в. Купічаў Валынскай вобл., Украіна),
чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1967). Ганаровы д-рБДУ (1996). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1955), з 1976 праф. гэтага ун-та. Даследуе гісторыю бел. і ўкр. л-р, іх сувязі з чэш. л-рай. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах» (1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменнікаў. Ч. 2. Украінскія і беларускія пісьменнікі» (1959, 2-е выд. 1966), «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці» (1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972); сааўтар «Слоўніка пісьменнікаў. Савецкі Саюз» (т. 1—2, 1978, арт. пра бел. і ўкр. пісьменнікаў), «Нарысаў па гісторыі літаратур народаў СССР» (1982, з Р.Паралекам) і інш. На чэш. мову пераклаў кнігі А.Адамовіча, В.Быкава, Я.Брыля, У.Караткевіча, А.Карпюка, У.Калесніка, І.Пташнікава, І.Шамякіна, асобныя творы Ц.Гартнага, К.Чорнага і інш. Укладальнік «Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікаў Я.Купалы, М.Танка і інш.
Літ.:
Гардзіцкі А. Размова з Вацлавам Жыдліцкім // Далягляды. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́ЦКІ (Аляксей Аляксандравіч) (22.3.1911, г.п. Хоцімск Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1987),
бел.паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т замежных моў (1936). Першы зб. вершаў «Эпічныя фрагменты» (1932). Апавядальнасць, стрыманасць пачуццяў, лірызм, уменне раскрыць філас. сэнс у звычайных з’явах — асн. рысы яго паэзіі.’Найб. уласцівыя яму жанры эпічнай паэзіі — сюжэтна-лірычны верш, блізкі да балады (зб-кі вершаў і паэм «Дняпроўскае рэха», 1946, «Размова з сэрцам», 1961, «Мая асяніна», 1973, «Каля вячэрняга кастра», 1979, і інш.). У многіх вершах і паэмах адлюстраваны падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар паэм «Аповесць пра залатое дно» (1954), «Марыля» (1965), «На волю» (1969) і інш. У паэме «Вяртанне на Зямлю» (1964) паказаў імкненне чалавека да ведаў, да пазнання таямніц сусвету. Гумарыстычныя і сатыр. творы ў зб-ках «Пасылка ў рай» (1960), «Талоны на бяссмерце» (1974). Пераклаў на бел. мову паэму К.Данелайціса «Чатыры пары года» (1961), аповесці Г.Зэгерс «Чалавек і яго імя» (1958), Ю.Брэзана «Крыста» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),
англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб.апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.Г.Лорэнса, Р.Л.Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.