антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс.чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.
Літ.:
Буганов В. Булавин. М., 1988;
Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СЫ АБАРО́НА 1941,
вялася войскамі Асобнай Прыморскай арміі (ген.-лейт. Г.П.Сафронаў, з 5 кастр.ген.-м. І.Я.Пятроў), сіламі Адэскай ваенна-марской базы (контр-адм. Г.В.Жукаў) і Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі) пры актыўным удзеле насельніцтва горада супраць войск 4-й рум. арміі (ген. Н.Чуперка) 5 жн. — 16 кастр. ў Вял. Айч вайну. З 5 жн. адрэзаная ад гал. сіл Паўд. фронту Асобная Прыморская армія (2 стралк. і кав. дывізіі) стрымлівала націск 5 пях., 2 кав. дывізій і матарызаванай брыгады 4-й рум. арміі на подступах да Адэсы. 13 жн. вораг выйшаў да ўзбярэжжа і поўнасцю блакіраваў горад з сушы. 19 жн. створаны Адэскі абарончы раён (узначаліў контр-адм. Жукаў), які меў 4 дывізіі супраць 14 (у вер. 17) дывізій і 2 брыгад праціўніка. З 20 жн. вяліся актыўныя баявыя дзеянні на апорных рубяжах шматпалоснай абарончай сістэмы, створанай насельніцтвам горада і войскамі, якія падтрымліваліся артыл. агнём караблёў Чарнаморскага флоту, 8 берагавых батарэй і авіяцыяй. 22 вер. 2 рум. дывізіі былі разбіты і праціўнік адкінуты на 5—8 км. 30 вер. ў сувязі з пагрозай прарыву ням. войскаў у Крым была арганізавана эвакуацыя войск Адэскага р-на на Крымскі п-аў. Адэсы абарона 1941 скавала 18 дывізій праціўніка, было выведзена са строю 20 самалётаў і каля 100 танкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж.бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКІЯ ВО́ЙСКІ 1812,
узброеныя сілы, якія былі сфарміраваны Камісіяй Часовага ўрада ВКЛ на тэр. яго 4 дэпартаментаў у час вайны 1812 і прымалі ў ёй удзел на баку Францыі. 6 жн. ваенны к-т Часовага ўрада прыняў пастанову пра набор на 6-гадовую службу ў пяхоту 10 тыс. рэкрутаў з мужчын 17—34 гадоў, а 13 жн. — пастанову пра набор 4 тыс.чал. у кавалерыю. Былі створаны 4 уланскія палкі, арганізаваны 3-і гвардз. легкаконны полк і татарскі эскадрон, 3 егерскія батальёны з паляўнічых і палясоўшчыкаў, 24.10.1812 Камісія Часовага ўрада аб’явіла аб стварэнні нар. гвардыі (старо́жы) у дэпартаменцкіх цэнтрах і ў нас. пунктах, якія мелі магдэбургскае права. Асобныя прадстаўнікі шляхты (І.Манюшка, Л.Пац, Д.Радзівіл, М.Абрамовіч, Любаўскі, Р.Тызенгаўз) арганізавалі палкі за свой кошт. У пач.кастр. Л.в. мелі каля 20 тыс.чал. Ген.-інспектарам арміі быў дывізіённы генерал кн. Р.Гедройц, інспектарам пяхоты — брыгадны ген. Несялоўскі, інспектарам кавалерыі — Ю.Ваўржэцкі. З Л.в. першым прыняў бой 3-і гвардз. легкаконны полк пад Слонімам (1.11.1812), дзе быў разбіты. Войскі ВКЛ удзельнічалі ў Бярэзінскай аперацыі 1812. Пакінуўшы Вільню, яны адышлі да Варшавы і Кёнігсберга; далей адступалі разам з напалеонаўскай арміяй праз Польшчу і Германію да Францыі, страцілі забітымі і палоннымі пераважную большасць асабовага саставу. Пасля Парыжскага міру 1815 рэшткі Л.в. у складзе польскага корпуса былі ўключаны ў армію Царства Польскага (у Рас. імперыі). У 1818, калі скончыўся тэрмін службы, вайскоўцы Л.в. былі дэмабілізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСАВА ПО́ЛЕў С.-Пецярбургу,
плошча, адзін з найб.манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л.ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.А.Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.Ф.Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.В.Сувораву (1799—1801, скульпт. М.І.Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.У.Руднеў, аўтар надпісаў А.В.Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.П.Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.І.Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.К.Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.П.Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.А.Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЦКА-ПРУ́СКАЯ ВАЙНА́ 1848—50,
вайна Прусіі супраць Даніі за валоданне герцагствамі Шлезвіг і Гольштэйн, звязанымі з Даніяй асабістай уніяй. У насельніцтве герцагстваў пераважалі немцы, таму пад уплывам рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў герцагствах 21.3.1848 адбылося антыдацкае паўстанне, 23 сак. створаны часовы ўрад, які абвясціў іх незалежнасць і вайну Даніі. Шлезвіг-гальштэйнскія апалчэнцы на чале з ген. А.Кронам занялі крэпасці Рэндсбург і Фленсбург, аднак 9 крас.разбіты дацкімі войскамі каля Бау і адкінуты за р. Айдэр. 6 крас. на дапамогу паўстанцам прыйшлі прускія і саксонска-гановерскія войскі (каля 35 тыс.чал.) на чале з прускім ген. Ф.Урангелем, якія 23 крас. перамаглі 30-тысячную дацкую армію ген. Ф.Бюлава каля г. Шлезвіг і ў пач. мая занялі крэпасць Фрэдэрысія на п-ве Ютландыя. Баі на сушы прыпынены 26 жн., калі Прусія ва ўмовах блакады яе гаваней дацкім ВМФ і дыпламат. націску з боку Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі, Расіі (апошняя ў ліп. дэманстратыўна прыслала эскадру ў дацкія воды) падпісала ў г. Мальмё (Швецыя) перамір’е, паводле якога герцагствы вернуты Даніі, а іх урад распушчаны. 3.4.1849 Прусія аднавіла ваен. дзеянні, у ходзе якіх яе войскі (каля 40 тыс.чал.) зноў занялі герцагствы і ў канцы крас. ўступілі ў Ютландыю. Дыпламат. дэмаршы Вялікабрытаніі і Францыі, паўторны выхад у мора рас. эскадры і паражэнне шлезвіг-гольштэйнскіх паўстанцаў 6 ліп. каля Фрэдэрысіі прымусілі Прусію заключыць 10.7.1849 другое перамір’е. 2.7.1850 у Берліне падпісаны мірны дагавор, паводле якога адноўлены даваен. межы Даніі і былы статус герцагстваў; іх апалчэнне на чале з ген. В.Вілізенам спрабавала працягваць вайну, аднак 25.7.1850 разбіта датчанамі і расфарміравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.Пуласкага, А. і М.Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл.Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.Пац і камандуючы войскамі Ю.Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.К.Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.В.Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.
Літ.:
Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ РАТУША.
Існавала ў 16—19 ст. у Мінску. Пра буд-ва ратушы ў Мінску ў 1499 прыведзены звесткі ў прывілеях па арг-цыі кіраўніцтва ў горадзе паводле магдэбургскага права (апісаны яе часткі і іх прызначэнне, але месца пабудовы невядома). Упершыню пра ратушу як існуючую ўстанову ўпамінаецца ў 1582. У 1591—1600 пастаўлены новы мураваны будынак ратушы на Высокім рынку (у 1600 на вежы ўстаноўлены першы гар. гадзіннік). У 1640 будынак моцна пашкоджаны пажарам, у 1656 часткова разбураны. Рэканструяваўся ў 2-й пал. 17 і 2-й пал. 18 ст., у 1744 адноўлены па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам войта С.Буржынскага. У канцы 18 ст. перабудавана ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер). 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтр. частка сіметрычна па кампазіцыі гал. фасада вылучана рызалітам з 3-маршавай лесвіцай, акцэнтавана чацверыковай вежай, завершанай купалам са шпілем з флюгерам. Рызаліт і тарцы аформлены 4-калоннымі порцікамі іанічнага ордэра. Дэкар. вырашэнне будынка дапаўнялася каванымі агароджамі балконаў у порціках і на вежы. У 1819 ратуша зноў рэканструявана. Да яе фасада з ПдУ прыбудавана мураваная агароджа, упрыгожаная стукавым дэкорам і жывапіснымі кампазіцыямі. Побач з ратушай разбіты невял. рэгулярны сквер. У 1825—35 бакавыя порцікі былі завершаны франтонамі. У будынку знаходзіліся магістрат, суд, гаўптвахта, паліцыя, архіў, у 1830-я г. — муз. школа. У 1847 зала на 2-м паверсе прыстасавана пад т-р (афармленне інтэр’ераў маст. Я.Кураткевіча; гл.Мінскі ратушны тэатр). У 1857 будынак ратушы і сквер знішчаны. У канцы 19 ст. сквер адноўлены. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні ратушы.