МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,

адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл. Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл. Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл. Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл. Логіка класаў).

Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст. ісп. філосаф Р.​Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.​Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.​Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш. Рас. вучоны П.​С.​Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.​Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.​Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.​Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.​Расела і А.​Н.​Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.​Лукасевіч, А.​Гейцінг, А.​М.​Калмагораў, В.​І.​Шастакоў, С.​К.​Кліні, А.​А.​Маркаў і інш.).

Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл. Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.

Літ.:

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1975;

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. Л., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),

сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.​Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.

У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.​Абеляра. У творах У.​Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.​Окама, Ж.​Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.​Бэкан, Р.​Дэкарт). І.​Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц. Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.​Гегель на ідэаліст., а К.​Маркс і Ф.​Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.

На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг па Л., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.​Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.

З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.​Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.​Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл. Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.​Буль, У.​Джэванс, Ф.​Морган, Ч.​Пірс, Э.​Шродэр, П.​С.​Парэцкі, Дж.​Пеана, Б.​Расел, А.​Уайтхед). Г.​Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.​Лукасевіч, Э.​Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.​Льюіс, В.​Гліванг, А.​Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.​Акерман, К.​Гёдэль, Ж.​Эрбран, Д.​Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.​Тарскі, Л.​Лёвенгайм, Т.​Сколен, Гёдэль, А.​І.​Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.​Кліні, А.​Чорч, А.​А.​Маркаў, А.​М.​Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш.). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш. Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.

Літ.:

Маковельский А.О. История логики. М., 1967;

Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;

Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;

Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч. М., 1978. Т. 2;

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить...: Пер. с фр. М., 1991;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995;

Leibniz G.W. Fragmente zur Logik. Berlin, 1960.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭОРЫЯ ФУНКЦЫЙ І ІНТЭГРАЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕННІ

Даследаванні па тэорыі функцый на Беларусі пачаліся ў даваенныя гады. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. А.​Х.​Турэцкі апублікаваў цыкл работ па класічнай канструктыўнай тэорыі функцый і з 1944 у БДУ вёў інтэнсіўныя даследаванні па трыганаметрычнай апраксімацыі і інтэрпаляцыі розных класаў функцый. У далейшым гэты кірунак інтэнсіўна развіваўся (В.​М.​Русак, А.​А.​Пякарскі, Я.​А.​Роўба, А.​П.​Старавойтаў).

Істотная інтэнсіфікацыя даследаванняў па тэорыі функцый адбылася ў 2-й пал. 20 ст. і звязана з імем Ф.​Дз.​Гахава. Значнае развіццё атрымалі тэорыі краявых задач для аналіт. функцый, інтэгральных ураўненняў, інтэгральных пераўтварэнняў і дробавае злічэнне. Атрыманы шэраг важных вынікаў для краявых задач тэорыі аналіт. функцый з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, С.​В.​Рагозін, М.​Э.​Талочка). Даследаваліся вектарна-матрычныя краявыя задачы (Н.​У.​Броўка, Л.​П.​Прымачук), краявыя задачы для поліаналітычных функцый (У.​А.​Габрыновіч, І.​А.​Сакалоў), шматмерныя краявыя задачы (І.​І.​Камяк, А.​Ц.​Ус). Развіта тэорыя нелінейных краявых задач і нелінейных сінгулярных інтэгральных ураўненняў (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​І.​Камяк, Н.​А.​Рысюк), якая шырока выкарыстоўвалася пры даследаванні задач механікі (У.​В.​Міцюшаў, І.​А.​Прусаў, С.​В.​Рагозін).

З сярэдзіны 1970-х г. Э.​І.​Зваровічам даследавалася тэорыя аналіт. функцый на рыманавых паверхнях: вырашана ў замкнёнай форме задача лінейнага спалучэння на замкнёнай рыманавай паверхні, атрыманы новы метад рашэння класічнай праблемы абарачэння Якобі, канструктыўнае рашэнне праблемы пра глабальную уніфармізацыю і інш.; гэты кірунак развіваўся ў даследаваннях Т.​М.​Жаровінай, В.​А.​Кашэўскага, Г.​Г.​Чаеўскага і інш.

Кірункі развіцця тэорыі асаблівых інтэгральных ураўненняў: сінгулярныя інтэгральныя ўраўненні з ядром Кашы (Ф.​Дз.​Гахаў, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), інтэгральныя ўраўненні з бясконцым індэксам (А.​Р.​Аляхно, М.​В.​Дубатоўская), ураўненні тыпу згорткі (В.​І.​Азаматава, А.​І.​Тузік, А.​П.​Шылін), аднамерныя лінейныя ўраўненні 1-га і 2-га роду са слабымі асаблівасцямі (Ф.​Дз.​Гахаў, І.​Л.​Васільеў, А.​А.​Кілбас, Ф.​В.​Чумакоў), двухмерныя асаблівыя інтэгральныя ўраўненні (І.​І.​Камяк), шматмерныя інтэгральныя ўраўненні 1-га роду са слабымі асаблівасцямі (С.​І.​Васілец, А.​А.​Кілбас), нелінейныя інтэгральныя ўраўненні (А.​А.​Кілбас, С.​В.​Рагозін).

З пач. 1970-х г. па ініцыятыве Ф.​Дз.​Гахава пачаліся даследаванні інтэгральных пераўтварэнняў і спец. функцый і іх дастасаванняў (А.​А.​Кілбас, Ю.​Ф.​Лучко, А.​І.​Марычаў, С.​Б.​Якубовіч). Пабудавана тэорыя інтэгральных пераўтварэнняў са спец. функцыямі ў ядрах і атрыманы рашэнні ў замкнёнай форме новых класаў аднамерных і шматмерных інтэгральных ураўненняў са спец. функцыямі ў ядрах (А.​А.​Кілбас). Пад уплывам Ф.​Дз.​Гахава пачаў развівацца кірунак, звязаны з інтэграламі і вытворнымі дробавага парадку і іх дастасаваннямі (А.​П.​Грынько, А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў), што з’явілася асновай даследаванняў краявых задач для звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў і ўраўненняў у частковых вытворных, якія маюць вытворныя дробавага парадку (А.​А.​Кілбас); сістэматызаваны вынікі тэорыі дробавых вытворных і інтэгралаў і іх дастасаванні да дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў (А.​А.​Кілбас, А.​І.​Марычаў, С.​Р.​Самко).

З пункту погляду функцыянальнага аналізу А.​Б.​Антаневічам і яго вучнямі (М.​В.​Белавусаў, В.​У.​Брэнер, А.​У.​Лебедзеў) даследаваліся розныя класы сінгулярных інтэгральных і функцыянальных ураўненняў. Прапанаваны прынцыпова новы падыход у тэорыі сінгулярных інтэгральных і функцыянальна-дыферэнцыяльных ураўненняў, заснаваны на вывучэнні спароджаных імі аператарных C​*-алгебраў (А.​Б.​Антаневіч). Пабудавана тэорыя, якая аб’яднала некалькі навук, кірункаў — тэорыю сінгулярных інтэгральных ураўненняў, ураўненні з аператарамі Цёпліца, дыскрэтныя аналагі інтэгральных ураўненняў, тэорыю дынамічных сістэм (А.​Б.​Антаневіч, А.​У.​Лебедзеў і інш.); атрыманы агульная схема пабудовы сімвала і формула для індэкса функцыянальна-дыферэнцыяльнага аператара, формула для спектральнага радыуса аператара ўзважанага зруху; умовы абарачальнасці функцыянальнага аператара ў тэрмінах гіпербалічнасці асацыіраванага лінейнага расшырэння; умовы нармальнай і фрэдгальмавай вырашальнасці нелакальных краявых задач і ўраўненняў з асцыліруючымі каэфіцыентамі.

Метадамі функцыянальнага аналізу П.​П.​Забрэйкам атрыманы істотныя вынікі па тэорыі лінейных і нелінейных інтэгральных ураўненняў, у т. л. аналагі класічных тэарэм Вальтэра і Фрэдгальма толькі пры дапушчэнні кампактнасці адпаведных інтэгральных аператараў. Пабудавана сістэматычная тэорыя ўраўненняў з частковымі інтэграламі, атрыманы важныя вынікі пра вырашальнасць нелінейных інтэгральных улучэнняў Гамерштэйна (П.​П.​Забрэйка разам з замежнымі вучонымі). Даследаваліся гранічныя ўласцівасці функцый многіх рэчаісных і камплексных пераменных, вызначаных на абласцях, межы якіх з’яўляюцца прасторамі аднароднага тыпу; найб. значныя вынікі адносяцца да аналагаў прастор Хардзі такіх функцый і краявых задач для ўраўненняў эліптычнага і парабалічнага тыпу ў ліпшыцавых абласцях (В.​Р.​Кротаў).

Літ.:

Антоневич А.Б. Линейные функциональные уравнения: операторный подход. Мн., 1988;

Antonevich A., Lebedev A. Functional differential equations: 1. C -theory. London; New York, 1994; Antonevich A., Belousov M., Lebedev A. Functional difïerential equations: 2. C​*-applications. Pt. 1—2. London; New York, 1998; Appell Ju., Kalitvin A S., Zabreiko P.P. Partial Integral Operators and Integro-Differential Equations. New York etc., 2000; Bonilla B., Kilbas A.A., Trujill s T.J. Càlculo Fraccionario y Ecuaciones Differenciales Fraccionaries. Madrid, 2003; Гахов Ф.Д. Краевые задачи. М., 1977; Гахов Ф.Д., Черский Ю.И. Уравнения типа свертки. М., 1978; Забрейко П.П. C-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1991. Вып. 3; Яго ж. L2-теория линейных интегральных уравнений Фредгольма второго рода // Дифференциальные уравнения. 1995. Т. 31, №9; Kilbas A.A., Saigo M. H-Transforms. Theory and Applications. Boca Raton, 2004; Kilbas A.A., Trujills T.J. Differential equations of fractional order: methods, results and problems. Pt. 1—2 // Applicable Analysis. 2001—02. Vol. 78—81; Кротов В.Г. Касательное граничное поведение функций многих переменных // Матем. заметки. 2000. Т. 68, вып. 2; Маричев О.И. Метод вычисления интегралов от специальных функций. Мн., 1978; Mityushov V.V., Rogosin S.V. Constructive Methods for Linear and Nonlinear Boundary Problems for Analytic Functions. Boca Raton, 1999; Nguyen Thenh Hai, Yakubovich S.B. The double Mellin-Barnes integrals and their applications to convolution theory. Singapore etc., 1992; Прудников А.П., Брычков Ю.А., Маричев О.И. Интегралы и ряды. Ч. 1—3. М., 1981—86; Самко С.Г., Килбас А.А., Маричев О.И. Интегралы и производные дробного порядка и некоторые их приложения. Мн., 1987; Yakubovich S.B. Index transforms. Singapore etc., 1996; Yakubovich S.B., Luchko Yu.F. The hypergeometric approach to integral transforms and convolutions. Dordrecht etc., 1994.

П.​П.​Забрэйка.

т. 18, кн. 2, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)